Калі кормяць — не ноты...

№ 30 (1156) 26.07.2014 - 01.08.2014 г

Алег КЛІМАЎ, спецыяльны карэспандэнт газеты “Культура”
Не толькі пра Шцірліца і Чапаева ходзіць мноства анекдотаў. Маса выдатных баек прысвечана музыкантам. Асабліва мяне замілоўваюць смешныя гiсторыйкi пра бас-гітарыстаў. Але вам я распавяду парачку менавіта пра музыкантаў наогул. Вось скажам... Сустракаюцца два колішнія аднакласнікі праз шмат гадоў. Адзін пытаецца: “Ты чым займаешся?” — “Я — музыкант”. — “Ну, не хочаш — не кажы...” І варыяцыя з тымі ж героямі: “Ты чым займаешся?” — “Я — піяніст у аркестры”. — “Зразумела. А працуеш кім?..”

/i/content/pi/cult/491/10488/4-3.jpgНе ведаю, як у іншых шыротах, але ў нашых “палесцінах” гэтыя аповеды нясуць у сабе сэнс глыбокі і актуальны. Бо не сакрэт, што нават тыя выканаўцы, якія служаць у дзяржаўных канцэртных арганізацыях, шукаюць дадатковы заробак. І не заўсёды ён звязаны з артыстычнай дзейнасцю. Што ўжо тады казаць пра тых, хто знаходзіцца ў андэграўндзе: ну не кормяць рокера так, каб “ад пуза” і дзеткам рэгулярна на малачко, выступленні ў клубах ды іншыя сэйшны. Зрэшты, маюць месца і факты, калі выканаўцы, што называецца, заняты на якую чвэрць стаўкі ў той або іншай установе: па факце ж, прыстроена працоўная кніжка.

Карцінка, якой я вас, спадзяюся, заінтрыгаваў, вымалёўваецца стракатая. Напрыклад, рамёствы артыста музычнага і драматычнага, а то і аб’ядноўваючы іх, сумяшчаюць акцёры Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы Ганна Хiтрык (гурт “Sоunduk”) i яе муж Сяргей Рудэня (панк-ансамбль “9-ы міліметр”). Працаўладкаваны ў якасці акцёра Беларускага дзяржаўнага маладзёжнага тэатра Ілья Чарапко-Самахвалаў (каманды “Касіяпея” і “Петля пристрастия”). Як дацэнт кафедры тэорыі і методыкі выкладання мастацтва Беларускага дзяржаўнага педагагічнага універсітэта імя Максіма Танка вядомы Іван Кірчук (“Троіца”), а як выкладчык на кафедры "Водазабеспячэнне і водаадвядзенне" БНТУ — Іван Вабішчэвіч (Дзядзька Ваня). У Юрыя Несцярэнкі (“White Night Blues” з Бялынічаў) за апошняе дзесяцігоддзе працоўная кніжка пабывала ў музычнай школе, у мiнскай краме “Музыка” (кансультант па гітарным абсталяванні), у прыватнай студыі, дзе музыкант навучае ігры, натуральна, на гітары.

А вось як цікава лёс усміхнуўся артыстам, якія выступаюць у адных гуртах. Бас-гітарыст “N.R.M.” Юрась Ляўкоў — тэхнік у НДІ Інстытут ядзерных праблем БДУ, а бубнач Алезiс Дземідовіч — дырэктар мастацка-будаўнічай фірмы. Чатырнаццаць гадоў развозіць людзей на таксі бубнач “Нейра дзюбеля” Андрэй Сцепанюк, фронтмен гурта Аляксандр Кулінковіч — пазаштатны аўтар газеты “СБ — Беларусь сёння”, а другі вакаліст, Юрый Навумаў, працуе на “Беларусьфільме” на самых розных пасадах: зараз ён — асвятляльнік і спецыяліст па відэакантролі.

Ці такі калейдаскоп. Спявачка Ларыса Грыбалёва валодае “Святочным бюро Ларысы Грыбалёвай”. Будзеце паліць камп’ютарныя фашысцкія танкі — згадвайце Уладзіслава Наважылава (Лэслі Найф), вакаліста гомельскага метал-гурта “Gods Tower” ды супрацоўніка беларускага прадстаўніцтва кампаніі-вытворцы гульні. Алесь Таболіч (“Znich”) каля сямі гадоў працуе майстрам па перманентным макіяжы і, уласна, тату ў адпаведным салоне. (Паган-фольк-металіст ганарыцца тым, што стварыў, як ён сцвярджае, канцэпцыю нацыянальнай татуіроўкі, а канкрэтна — арнаментальнай). Зміцер Дольнік лічыць грошы, не адыходзячы ад касы: крэатар гурта “The UNB” — банкаўскі служачы…

У дадзенай калонцы мне хацелася б абысціся без залішняга пафасу і не скаціцца да стогнаў: маўляў, гэта што ж такое робіцца, калі таленавітыя людзі не могуць забяспечыць сябе правіянтам у дастатковай меры і “Лексусам” за кошт любімай музыкі?!. Я проста распавёў вам пра некаторых артыстаў, якія не належаць да датацыйных абласцей беларускай культуры, — гэта значыць, тут справа іх асабістая: хочуць яны несці смех, радасць і ўсе астатнія светлыя эмоцыі людзям, выкарыстоўваючы музыку, — хай плывуць і выплываюць самі. Нармальная сітуацыя для краіны з рыначнай эканомікай.

Як на Захадзе выплываюць, да прыкладу, рок-н-рольшчыкi з вядомага гурта “Rage”, у якiм грае выхадзец з Беларусі Віктар Смольскі: удзельнікі калектыву яшчэ некаторы час таму былі на пасадах ад прадаўца ў краме да настаўніка гітарнага майстэрства. Не думаю, што з тых часоў у іх жыцці нешта змянілася ў гэтым сэнсе. Таму гэта нармальна, калі ў тэкставіка каманды “Без білета” Таццяны Кушнер, якая выдала ў 2009 годзе і сольны альбом, апошні запіс у працоўнай кніжцы — “Перакладчык ва УКБ Мінгарвыканкама” (Таццяна на гэтай пасадзе працавала ў перыяд будаўніцтва Нацыянальнай бібліятэкі і Футбольнага манежа). Праўда, цяпер Кушнер усе сілы аддае толькі ансамблю. Як і спявачка Юлія Быкава (“Aura”), што шэсць гадоў адтрубіла лекарам-тэрапеўтам. Як і Раман Жыгараў з магілёўскай каманды “Akute” — яшчэ нядаўна мастак па святле ў прадзюсарскім цэнтры. Сёння ж ён —- мастак вольны. Як і...

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"