Этнадыскатэка з полькай-бабачкай

№ 29 (1155) 19.07.2014 - 25.07.2014 г

З 9 па 12 ліпеня ў вёсцы Шыпілавічы Любанскага раёна ў рамках рэгіянальнага Фестывалю традыцыйнай культуры “Пятроўскі фэст” ладзіліся разнастайныя мерапрыемствы, прысвечаныя старадаўнім танцам, абрадавым спевам, традыцыйнай кухні, нацыянальным строям у іх лакальных варыяцыях.

/i/content/pi/cult/490/10487/10-1.jpg

Танцавальная вечарына ў вёсцы Камуна.

Для гасцей фестывалю штодзень праводзіліся майстар-класы ў рамках школы побытавых танцаў “Пятровіца”. Мастацкі кіраўнік узорнага фальклорнага гурта “Верабейкі” Сяргей Выскварка дзяліўся вопытам з моладдзю, якая з’ехалася з розных куткоў Беларусі. Былі і госці з суседняй Расіі — цэлая танцавальная група пад кіраўніцтвам харэографа Ільі Ахрамеева. У гэтым годзе на “Пятровіцы” былі развучаны полька-бабачка, лявоніха, кадрыля з пяці каленаў і многія іншыя танцы.

Паміж танцавальнымі заняткамі ўдзельнікі наведвалі суседнія вёскі, дзе вывучалі мясцовыя формы традыцыйнай культуры, знаёміліся з носьбітамі фальклору, каштавалі беларускія прысмакі, спрабавалі свае сілы ў народных рамёствах. А пасля насычанага дня ладзілі для жыхароў вёскі сапраўдныя этнадыскатэкі з жывой музыкай і старадаўнімі беларускімі танцамі ды вясёлымі прыпеўкамі.

Ідэя такога фэсту нарадзілася на падставе Пятроўскага кірмашу, які праводзіўся ў вёсцы яшчэ колькі дзесяцігоддзяў таму. У памяць пра гэтае свята жыхары Шыпілавічаў віншуюць адно аднаго з Петраком, збіраюцца за агульным сталом. Як патлумачыла ініцыятар “Пятроўскага фэсту” Настасся Кухарэнка, ёй хацелася адрадзіць тую добрую традыцыю, павіншаваць сваіх аднавяскоўцаў, запрасіць гасцей. Тады яна і прапанавала Сяргею Выскварку, у калектыве якога займалася некалькі гадоў, стаць мастацкім кіраўніком фэсту, а бацькі дзяўчыны пагадзіліся размяшчаць прыезджых на сваім падворку, гатаваць для іх ежу… Вось так, за чатыры гады свайго існавання, Пятровіцкі фэст сабраў аматараў беларускага фальклору з Расіі, Украіны, Літвы…

На жаль, статус рэгіянальнага фестывалю не дазваляе разгарнуцца арганізатарам, запрасіць больш за трыццаць-сорак чалавек. Таму масавай рэкламы пра фэст вы не знойдзеце: звесткі пра ўмовы і тэрміны правядзення свята распаўсюджваліся праз сацыяльныя сеткі ды асабістыя кантакты з арганізатарамі. Але такая “камернасць” надае фэсту своеасаблівы шарм: адбываецца поўнае паглыбленне ў традыцыйную беларускую культуру. Удзельнікі начуюць на духмяным сене, абеды і вячэры праходзяць пад адкрытым небам, меню складаецца з простых і такіх “родных” кожнаму беларусу страў: бульба, расольнік…

Асабіста мяне ўразіў момант, які падкрэсліў кансалідуючую ролю такіх мерапрыемстваў: на вечарыне ў вёсцы Камуна беларускія аматары фальклору танчылі ўкраінскі народны танец, якому іх навучылі рускія харэографы…

Настасся КОМЛІК-ЯМАЦІНА, вядучы метадыст па фальклоры Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці