Уваход летам забаронены!, або Як не прайсці ў бібліятэку?

№ 29 (1155) 19.07.2014 - 25.07.2014 г

Сталічныя “кніжніцы”: інфармацыйны “вакуум”, японская мова і па сто чытачоў штодня
Неаднойчы мае мінскія сябры пыталіся ў мяне: “Чаму б табе не напісаць пра сталічныя бібліятэкі? А то ўсё ездзіш і ездзіш па вёсках ды гарадах! У Мінску ж столькі цікавага!” Праўда, колькі там таго цікавага, яны зазвычай не ўдакладнялі. Адно што называлі ўпадабаную імі бібліятэку ці тыя шыкоўныя ды новыя кнігі, якія давялося там пачытаць. З цягам часу тое пытанне пра магчымы “шпацыр” па сталічных бібліятэках сталася ў маіх сяброў рытарычным: я так і працягваў ездзіць у камандзіроўкі. Але гэтымі летнімі спякотнымі днямі мне самому закарцела даведацца, як жа і чым жывуць сталічныя бібліятэкары. Можа, яны маюць шмат цікавых праектаў, якія варта прадэманстраваць іхнім калегам з рэгіёнаў? Ці паспяхова супрацоўнічаюць са спонсарамі ды мецэнатамі, бо, што ні кажы, а ў Мінску магчымасцей для гэтага — больш чым дастаткова?

/i/content/pi/cult/490/10484/11-1.jpg

Атмасфера японскай культуры ў Дзіцячай бібліятэцы № 5.

/i/content/pi/cult/490/10484/11-2.jpg

Чытачы бібліятэкі № 22 у Брылевічах.

/i/content/pi/cult/490/10484/11-3.jpg

У Дзіцячай бібліятэцы № 15 у Малінаўцы.

/i/content/pi/cult/490/10484/11-4.jpg

Тое самае фота экстэр'еру бібліятэкі № 4 у Чырвоным Бары.

Акрамя таго, дадаўся і яшчэ адзін фактар — інфармацыйны. Дакладней кажучы, амаль адсутнасць гэтага фактара. Бо, на вялікі жаль, пра дзейнасць мінскіх бібліятэк на старонках “К” ды і ў іншых перыядычных выданнях, уключна з Інтэрнэтам, даведацца амаль немагчыма. Да прыкладу, асабіста я за некалькі гадоў працы ў газеце магу літаральна па пальцах пералічыць тыя публікацыі, дзе б згадвалася дзейнасць той або іншай “кніжнай” установы беларускай сталіцы, не лічачы, натуральна, Нацыянальную бібліятэку Беларусі, напісаную самімі работнікамі ўстаноў… Ну што ты зробіш, не пішуць ні нам, ні калегам-журналістам сталічныя бібліятэкары, не запрашаюць на свае мерапрыемствы (амаль: пару станоўчых прыкладаў усё ж маем, але гэта — кропля ў моры)! І вось для таго, каб запоўніць гэты, так бы мовіць, інфармацыйны “вакуум”, я і выправіўся ў сваю вандроўку па Мінску…

Японская мова ў бібліятэцы

Цалкам натуральна, што цягам некалькіх дзён, калі наведваў розныя раёны беларускай сталіцы, выраз “Як прайсці ў бібліятэку?” быў для мяне актуальны, як ніколі. Тым больш, шлях да сталічных “кніжніц” быў сапраўды нялёгкі, нягледзячы на наяўнасць метрапалітэну ды аўтобусна-тралейбусных маршрутаў. Справа ў тым, што для наведвання я абіраў толькі тыя ўстановы, што размешчаны ва ўскраінных раёнах Мінска.

Перш-наперш завітаў ва Уручча, у Дзіцячую бібліятэку № 5, куды мне вельмі раіў зайсці адзін мой мінскі сябра. Загадчыцы ўстановы на месцы не было (як-ніяк, пара летніх адпачынкаў!), але мяне сустрэла загадчык сектара абслугоўвання Вольга Адамовіч. Па яе словах, сёння бібліятэкары плённа супрацоўнічаюць з Домам міласэрнасці, што створаны пры храме Усіхсвяцкага прыхода, з Мінскім дзяржаўным мастацкім каледжам імя А.К. Глебава (малюнкі студэнтаў навучальнай установы пастаянна экспануюцца ў залах установы), а таксама — з Лагойскім домам-інтэрнатам, насельнікі якога часцяком завітваюць у бібліятэку, дзе для іх ладзяцца гутаркі са знакамітымі людзьмі, майстар-класы і многае іншае.

Яшчэ адна “фішка” бібліятэкі ў тым, што на яе базе працуе Інфармацыйны цэнтр японскай культуры, дзе можна не толькі навучыцца мове краіны Далёкага Усходу, але і паспрабаваць свае сілы ў арыгамі ды чайнай цырымоніі. Днямі загадчык Цэнтра Тацумі Масака з дапамогай запрошаных гасцей ладзіла для маленькіх і дарослых чытачоў паказ-дэманстрацыю ўсходняга баявога мастацтва кэнда. Калі хто не ведае, гэта двубой на драўляных мячах, ці, як іх правільна называюць спецыялісты, бакенах. Не трэба і казаць, што мерапрыемства тое прайшло “на ўра”. І самае галоўнае — як запэўніла мяне спадарыня Мацукі, ніхто з чытачоў пад час дэманстрацыі прыёмаў баявога мастацтва не пацярпеў…

Але вернемся да бібліятэчных спраў. Найбольш хвалюе кіраўніцтва кадравая праблема. Па словах Вольгі Адамовіч, зараз дзве супрацоўніцы знаходзяцца ў дэкрэтным адпачынку, і гэтых дзвюх адзінак бібліятэкараў у штаце катастрафічна не хапае. А на невялікі заробак — у сярэднім супрацоўнікі атрымліваюць прыкладна тры мільёны рублёў у месяц — ахвотных папрацаваць не знаходзіцца...

Што да спонсараў ды мецэнатаў, дык іх у бібліятэкі, на жаль, пакуль няма. Бо лічыць за мецэнацтва атрыманне ў дар кніг ад чытачоў наўрад ці будзе правільным. Хаця ўстанове культуры шмат чым дапамаглі фундатары з японскага дабрачыннага фонду “Чыра”, якія закупілі для Інфармацыйнага цэнтра японскай культуры мэблю, а для бібліятэкі - камп’ютарныя сталы ды выставачныя стэлажы. Праўда, тая дапамога аказвалася ўжо даўнавата, таму, як адзначыла Вольга Адамовіч, пошук мецэнатаў працягваецца…

Пісьменнікі старыя ды маладыя

Шукаюць сваіх спонсараў і ў яшчэ адной дзіцячай бібліятэцы Мінска — №15, што размешчана ў мікрараёне “Малінаўка”. Загадчык установы Ірына Дзевалтоўская ўжо неадночы хадзіла на прыём да дырэкцыі аднаго з беларускіх банкаў, шукала прыватных бізнесменаў ды проста неабыякавых людзей, якія фінансава дапамаглі б рэалізаваць шэраг цікавых бібліятэчных праектаў, ды пакуль што нікога не знайшла. “Але я не адчайваюся, — запэўніла мяне Ірына Анатольеўна. — Калі стукаць — заўсёды адчыняць…”

Але ж і без спонсарскай дапамогі працы ў бібліятэцы хапае. Акрамя звыклай — кнігавыдачы — тут шмат увагі надаюць многім кірункам дзейнасці. Да прыкладу, пры бібліятэцы створана літаратурная студыя “Малінаўскія галасы”, якую часцяком наведваюць знакамітыя беларускія літаратары. І вынік падобнага ўзаемадзеяння — даволі важкі: мне давялося пагартаць з дзясятак зборнікаў, выдадзеных у апошнія гады, дзе змяшчаліся вершаваныя спробы падлеткаў-“малінаўцаў”.

Яшчэ адзін кірунак працы звязаны са здаровым ладам жыцця. Гэта не толькі выстаўкі адпаведнай літаратуры, гутаркі ды лекцыі ад спецыялістаў, але і паказ лялечных спектакляў, пад час якіх маленькім чытачам распавядаюць пра шкоду курэння, пра неабходнасць займацца спортам… Пастаноўкі, дарэчы, ладзяцца супрацоўнікамі Міжнароднай дабрачыннай арганізацыі “Сафія”, што даўно сябруе з Дзіцячай бібліятэкай…

Па словах Ірыны Дзевалтоўскай, кадравае пытанне яе не надта хвалюе: штат — поўнасцю ўкамплектаваны, а ў дырэктарскім нататніку запісаны тэлефоны некалькіх людзей, якія маюць цікавасць да бібліятэчнай працы. Такі, так бы мовіць, кадравы міні-рэзерв, які дазваляе пачуваць сябе ўпэўнена ў любых абставінах, нават пад час летніх адпачынкаў. “Але галоўнае, на маю думку, — каб гэтыя людзі не проста прыходзілі да мяне на працу, а маглі тварыць, каб любілі сваю справу, — кажа Ірына Анатольеўна. — Бо, пагадзіцеся, з творчымі ды неабыякавымі людзьмі працаваць нашмат лягчэй”. Як па мне, дык цалкам слушны падыход да кадравай праблемы.

Напрыканцы — вось пра што. Бібліятэка месціцца ў будынку, дзе “кватаруюць” разнастайныя “жыхары”: аптэка, крамы гаспадарчых тавараў, адзення, абутку і гэтак далей. Але, як кажа Ірына Дзевалтоўская, такое “сужыццё” ў адным будынку, на яе погляд, — толькі карыснае: многія, ідучы ў краму або аптэку, завітваюць і ў бібліятэку. Іншая справа, што плошчы, на якіх месціцца ўстанова культуры, — не надта вялікія, і таму многія кнігі размяшчаюцца ў калідоры ды проста ля кабінета загадчыка…

“А кнігі — крадуць”

Пра такую ж самую, “плошчавую”, праблему казалі мне і ў іншай “кніжніцы”, што месціцца ў новым мікрараёне Мінска “Брылевічы”. Па словах загадчыка бібліятэкі № 22 Наталлі Ярашэвіч, пры пабудове іхняй установы культуры было спраектавана толькі адно невялікае кнігасховішча. Таму цяпер, улічваючы значнае павелічэнне фондаў, кнігі фактычна няма куды ставіць. Даводзіцца пакідаць іх на абанеменце, што, пагадзіцеся, не надта добра: бывае, выданні банальна крадуць несумленныя чытачы…

Але гэта, мабыць, адзіная праблема, якая паўстае перад новай установай культуры ў новым мікрараёне Мінска. Супрацоўнікаў тут хапае, усе яны — высокакваліфікаваныя. Матэрыяльная база, як кажуць, — таксама “на ўзроўні”: утульныя і светлыя памяшканні, у якіх ёсць і камп’ютары, і новыя стэлажы, і навюткія сталы ды крэслы, ксеракс, прынтар, мультыпраектар і тэлевізар. Словам, усё, што патрэбна для паспяховай працы чытачоў.

А іх тут, гэтых чытачоў — прычым як школьнікаў, так і дарослых, — даволі шмат. Кожны дзень сюды завітваюць звыш сотні чалавек, прычым дзесяць-дванаццаць з іх — новыя чытачы. Попытам карыстаюцца і платныя паслугі, таму за мінулы год бібліятэкары зарабілі на іх больш чым 25 мільёнаў рублёў. Акром ксеракопіі і раздрукоўкі, няблага запатрабаваны прыём заказу на канкрэтнае выданне з фондаў бібліятэкі: усяго за тысячу рублёў любы ахвотны можа замовіць сабе ўпадабаную кніжку па тэлефоне, не баючыся, што яе не будзе ў наяўнасці, калі ён завітае ў бібліятэку. Па словах бібліятэкара Вольгі Зуевай, асаблівым попытам з беларускіх аўтараў карыстаюцца кнігі Васіля Быкава ды Івана Мележа, з замежных — Кліфарда Саймака, Рэя Брэдберы, Габрыэля Гарсія Маркеса. Ну і, зразумела, яшчэ адным лідарам па запытах з’яўляюцца творы Аляксандры Марынінай.

На базе бібліятэкі ладзіць свае пасяджэнні літаратурны клуб “Шчырасць”, адбываюцца шматлікія мерапрыемствы, адно з якіх, прысвечанае 45-годдзю з часу адкрыцця Мемарыяльнага комплексу “Хатынь”, заспеў і я. У лекцыйнай зале ўстановы культуры, як кажуць, і яблыку не было дзе ўпасці, але ж, як зазначыла Наталля Ярашэвіч, такое ў іх бывае часта…

Без дазволу — нельга!

Далей мой шлях ляжаў у мікрараён “Чырвоны Бор”, у якім, дарэчы, жыве адзін з супрацоўнікаў “К”. Пасля наведання бібліятэкі № 4 імя М.В. Гогаля, планаваў скіравацца на Лагойскі тракт, у бібліятэку № 17, а таксама — у бібліятэку № 11, якая ў мікрараёне “Чыжоўка”… Думалася, што такім чынам інфармацыйны “вакуум” у адносінах да мінскіх бібліятэк будзе збольшага запоўнены. Але мае планы былі раптоўна перакрэслены.

Не, на мяне не абрынуўся дождж з градам, не атрымаў я і сонечнага ўдару ці ўдару ад вулічнага злодзея, які перахапіў з маіх рук дыктафон ды фотаапарат... Справа ў тым, што ў бібліятэцы № 4 мне банальна… не далі дазволу літаральна на ўсё: ні на тое, каб паздымаць, ні на тое, каб пагутарыць з чытачамі, ні на тое, каб напісаць пра дзейнасць бібліятэкі… Сітуацыя, пагадзіцеся, вельмі дзіўная. І нават смешная, як быццам бібліятэка — гэта сакрэтны аб’ект, у які можна зайсці толькі “абраным”.

Паспрабую распавесці ўсё так, як было. Зайшоўшы ў бібліятэку, пастукаў у дзверы загадчыка. Але, як патлумачылі супрацоўнікі ўстановы культуры, кіраўніца знаходзілася ў адпачынку, а без яе ці без ейнага дазволу паказваць або нешта расказваць пра дзейнасць бібліятэкі яны не будуць.

Спачатку здзівіўся: а навошта патрэбен дазвол, каб распавесці пра сваю ж бібліятэку? Гэта ж такая ўдача: не трэба нічога пісаць, самахоць прыйшоў журналіст рэспубліканскага выдання, які і напіша, і пагутарыць з усімі, і сфатаграфуе!… Да таго ж, у першай наведанай мной бібліятэцы ва Уруччы, дзе таксама загадчык быў у адпачынку, ніякіх пытанняў увогуле не ўзнікла — мне ўсё адразу паказалі ды распавялі.

Але ж прадоўжу свой расповед. Праз некаторы час, з дапамогай мабільнага, здолеў усталяваць кантакт з Аленай Курбатавай, загадчыкам бібліятэкі. Яна вельмі абрадавалася майму званку, сцвярджаючы, што шмат цікавага магла б распавесці пра дзейнасць сваёй установы (на жаль, толькі па тэлефоне, бо знаходзілася, па яе словах, у іншым горадзе), пра супрацоўніцтва з малдаўскай (калі я правільна зразумеў) дыяспарай, пра шматлікія бібліятэчныя праекты. Але, зноў-такі, паўтарыла незразумелую для мяне просьбу атрымаць дазвол цяпер ужо ў яе кіраўніцтва — дырэктара Цэнтралізаванай сістэмы публічных бібліятэк Мінска Алены Кубышкінай. Маўляў, як дадуць дазвол — я і пагутару з вамі падрабязна, і скажу сваім супрацоўнікам, каб правялі вас па бібліятэцы ды паказалі ўсё, што хочаце.

Пасля падобнай размовы, прызнаюся шчыра, хацеў сысці з гэтай бібліятэкі адразу і ніколі сюды не вяртацца. Але ж нездарма многія кажуць, што я ўпарты. Таму, зрабіўшы пару ўздыхаў па сістэме індыйскіх ёгаў ды суняўшы крыху пульс у скронях, патэлефанаваў, як мяне і прасілі, Алене Кубышкінай.

Ізноў ветліва патлумачыў сітуацыю, спадзеючыся на яе хуткае вырашэнне. Але спадзяваўся дарэмна. Не перадаючы ўвесь змест сваёй гутаркі ў калідоры бібліятэкі № 4, скажу толькі адно: дазвол так і не быў атрыманы. Да таго ж, напрыканцы гутаркі шаноўная Алена Віктараўна сказала, што яна супраць таго, каб я ў ліпені і жніўні, пад час летніх адпачынкаў, хадзіў па бібліятэках. Вось восенню, зімой ці вясной — калі ласка.

Я ж, у сваю чаргу, спытаў толькі адно: ці можна будзе надрукаваць у газеце вось гэтыя ейныя словы. Алена Кубышкіна сказала: друкуйце. Што ж, друкуем.

Не трэба, мабыць, і тлумачыць, што мне як журналісту ад таго “недазволу” — як кажуць, ні холадна, ні спякотна. Выйшаў на вуліцу, сфатаграфаваў звонку будынак бібліятэкі (спадзяюся, на гэта пытаць згоды ў кіраўніцтва не трэба было), набыў халоднага квасу ды пашыбаваў у рэдакцыю. Так і не дазнаўшыся пра цікавыя бібліятэчныя праекты ды пра супрацоўніцтва з дыяспарай…

Не буду казаць пра тое, што, адмовіўшыся прадаставіць інфармацыю журналістам, сталічныя бібліятэкары парушылі Закон Рэспублікі Беларусь "Аб сродках масавай інфармацыі" Нагадаем, у прыватнасці, толькі адно з палажэнняў артыкула 34: “У сувязі з выкананнем прафесійных абавязкаў журналіст мае права: збіраць, запытваць і атрымліваць інфармацыю ад дзяржаўных органаў […]". Засяроджуся вось на чым. Бібліятэка № 4, як і іншыя, якія планаваў наведаць, але так і не наведаў у гэты дзень, адосяцца да Цэнтралізаванай сістэмы дзяржаўных публічных бібліятэк горада Мінска. Публічных — значыць, згодна са слоўнікамі, грамадскіх, тых, што знаходзяцца ў распараджэнні грамадства, усталяваны дзеля грамадства, не прыватных. Але ж, прабачце, у чым праявілася гэтая публічнасць у апісаным мной выпадку? У забароне журналісту профільнага дзяржаўнага выдання выканаць заданне рэдакцыі ды распавесці чытачам газеты пра дзейнасць установы культуры?

...Ішоў у рэдакцыю і шкадаваў толькі аб тым, што той інфармацыйны “вакуум”, пра які я пісаў на пачатку артыкула, запоўніць мне давялося не напоўніцу. Але непакоіць не толькі гэта. Вельмі хвалююся, ці не атрымае якое-небудзь пакаранне Наталля Ярашэвіч, загадчык бібліятэкі ў Брылевічах, якая пусціла мяне ў сваю ўстанову культуры, не пытаючыся дазволу ў свайго кіраўніцтва, у той жа Алены Кубышкінай, бо, як вядома, бібліятэка № 22 — гэта таксама яе “парафія”. Шчыра кажучы, спадзяюся, што ўсё для Наталлі Ярашэвіч абыдзецца добра, без санкцый ды пакаранняў.

І апошняе. Шчыра кажучы, пасля такога “прыёму” наўрад ці захочацца яшчэ раз калі-небудзь напісаць пра дзейнасць мінскіх публічных бібліятэк. Што ж, буду хадзіць па дзіцячых. Балазе там і без загадчыка могуць распавесці пра дзейнасць сваіх устаноў, не баючыся, што журналіст напіша нешта “не тое” ці “не так” альбо не ў той час… А яшчэ лепш — буду працягваць свае камандзіровачныя выезды ў розныя рэгіёны Беларусі, дзе бібліятэкары заўсёды вітаюць мяне з цеплынёй і радасцю, прычым — у любую пару года, і дзе такіх сітуацый, падобных да апісанай, мне, за ўсе гады сваёй журналісцкай працы, сустракаць не даводзілася… Спадзяюся, і не давядзецца.

Каментарыі з нагоды

— Журналістаў мы гатовы вітаць іх у сваіх бібліятэках у любую пару года, — пракаментавала мае высновы па выніках наведвання сталічных "кніжніц" дырэктар Цэнтралізаванай сістэмы дзіцячых бібліятэк горада Мінска Таццяна ШВЕД. — Бо разумеем, што ў наш час нават бібліятэкам патрэбна рэклама, патрэбна, каб са старонак друкаваных і электронных СМІ гучала інфармацыя пра нашу дзейнасць. Да прыкладу, штогод 1 чэрвеня, у Міжнародны дзень абароны дзяцей, мы ладзім у парку Горкага акцыю "Чытай-сталіца", пад час якой робім прэзентацыі ўсіх сваіх бібліятэк, раздаём улёткі дзецям ды іх бацькам пра тое, дзе ў іхнім раёне знаходзіцца дзіцячая бібліятэка, у якія часы яна працуе, і гэтак далей. А яшчэ нашы бібліятэкары выпраўляюцца ў новыя ці пабудаваныя нядаўна дамы Мінска, каб данесці інфармацыю пра ўласную дзейнасць.

Што да кадраў, дык касцяк высокакваліфікаваных спецыялістаў у нашай сістэме на сёння існуе, і ён даволі неблагі. Мы пастаянна адпраўляем супрацоўнікаў на курсы павышэння кваліфікацыі альбо прапануем атрымаць вышэйшую адукацыю, няхай сабе і завочную. А яшчэ напрыканцы кожнага навучальнага года прысутнічаю на размеркаванні выпускнікоў з Універсітэта культуры і мастацтваў. Да прыкладу, сёлета, з 1 жніўня, да нас прыйдзе восем маладых спецыялістаў. А ўсяго ў сістэме працуе 180 бібліятэкараў.

Плошчаў у нас сапраўды бракуе. Вось і вы заўважылі, што бібліятэка ва Уруччы нашмат больш прасторная, чым у Малінаўцы. На жаль, падобных сітуацый па сістэме хапае. Але, нягледзячы на гэта, кожная з 18 бібліятэк мае сваё аблічча, свае праекты. Напрыклад, мне падабаецца праект бібліятэкі № 5 ва Уруччы пад назвай "Лепшая жанчына Першамайскага раёна", а ў бібліятэкараў з Малінаўкі — тое, як яны ладзяць спектаклі для маленькіх чытачоў, прапагандуючы здаровы лад жыцця. Так што прыходзьце ў нашы бібліятэкі! Напісаць будзе пра што!..

Зразумела, распавесці пра ўсё ў невялікім каментарыі немагчыма, таму дамовіліся з дырэктарам Цэнтралізаванай сістэмы дзіцячых бібліятэк сустрэцца яшчэ раз і пагутарыць больш падрабязна. Чакайце інтэрв’ю з Таццянай Швед у наступных нумарах "К".

І апошняе. Літаральна перад выхадам артыкула перастрэўся ў Міністэрстве культуры з начальнікам упраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Наталляй ЗАДЗЯРКОЎСКАЙ. І, натуральна, не мог не распавесці ёй пра апісаную вышэй сітуацыю.

Як адзначыла суразмоўца, такога, канешне ж, быць не павінна. Тым больш, бібліятэка № 4 — публічная. Але, мяркуе начальнік упраўлення, дадзены выпадак — адзінкавы: зазвычай бібліятэкары з прыязнасцю ставяцца да журналістаў, асабліва — з галіновага выдання Міністэрства культуры Беларусі. Напрыканцы нашай гутаркі Наталля Іванаўна паабяцала пагаварыць на гэтую тэму з кіраўніцтвам бібліятэчнай сферы Мінска, і запэўніла, што такіх праблем не ўзнікне.

Што ж, будзем на гэта спадзявацца.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"