Эцюд эцюдаў Аляксандра Грышкевіча

№ 29 (1155) 19.07.2014 - 25.07.2014 г

Андрэй ДУБІНІН, мастак
Заход студзеньскага сонца — памяранцам праз ўсю вуліцу Карла Маркса. Выпадковая сустрэча на ганку кнігарні, што насупраць Купалаўскага тэатра. Прывітальныя дробязі, між словамі Аляксандр павёў прыжмурам у бок дзяўчыны, якая ідзе на сонца: “Якія аранжавыя шчокі…” Але так было заўважана гэтае колеравае здарэнне (каларыстычная аварыя!), што адчулася: той памяранец стаўся субстанцыяй — да гэтых шчочкавых мандарынак была прымацавана астатняя дзяўчына. Праз гэты аранжавы на шчоках невядомай толькі і памятаю той выпадак. Здаецца, пашанцавала падгледзець творчы метад Грышкевіча. Патлумачу.

/i/content/pi/cult/490/10482/2-115.jpgДа гэтага вобраза ўвесь час устойліва прыгадваю… Ван Вэя, а менавіта — ягоны верш “В оленнике”. Дзве рэчы зрыфмаваліся-звязаліся ў мяне па прынцыпе структурнага падабенства, нават каларыстычна выглядаюць палярна-дапаўняльна. У свой час выпісаў усе даступныя пераклады гэтага верша на рускую мову. Вось яны:

В оленнике.

Я не вижу людей

В опустевших горах —

Только эхо речей

Раздаётся в ушах.

Пронизал глубь леска

Свет обратный опять,

И над зеленью мха

Стал он снова сиять.

(Пераклад Ю.Шчуцкага з маскоўскай “Анталогіі кітайскай лірыкі VII — IX стст.” 1923 года.)

В оленьем загоне.

Пустынны горы,

в них людей не видно,

Но голоса звучат их отдалённо.

Заката отблеск в лес

проник глубоко,

Сияет луч на мху

тёмно-зелёном.

(Пераклад А.Гітовіча, апублікаваны ў маскоўскай “Анталогіі кітайскай паэзіі” 1957 года.)

Оленья засека.

Горы пустынны.

Не видно души ни одной.

Лишь вдалеке

Голоса людские слышны.

Вечерний луч

Протянулся в сумрак лесной,

Зелёные мхи

Озарил, сверкнув с вышины.

(Вершаванае пералажэнне А.Штэйнберга 1979 года.)

Оленья тропа.

Пустынны горы —

нигде не видно ни души,

Лишь слышны где-то

голоса людей.

Солнца блики на лес легли —

И вдруг, лучи его вернулись

и осветили мох зелёный.

(Пераклад Г.Дагданава ў кнізе “Чань-будызм у творчасці Ван-Вэя” ў 1984-м.)

Не абавязкова ведаць кітайскую мову — дастаткова валодаць мастацкай. Лепшы для мяне пераклад — першы, Шчуцкага, 1923 года (і час які таленавіты!). У астатніх адбываецца вонкавае апісанне падзеі. Як апісальна і добрасумленна перакладаюць астатнія: “Сияет луч на мху тёмно-зелёном…”; “вечерний луч <…> зелёные мхи озарил…”, “Солнца <…> лучи <…> осветили мох зелёный…” . Аднак кропка адліку верша — тое, што зачапіла Ван Вэя (як бачыцца праз 1200 гадоў). Гэта аптычны цуд пераўтварэння свету ў аксаміт-смарагд, яго матэрыялізацыя, і толькі ў Шчуцкага колеравы прыметнік стаў назоўнікам, субстантывам “зеленью мха”, а мох ператварыўся ў дадатак. Шчуцкі адчуў апрадмечванне прыметніка: ператварэнне прыкладной, дадатковай якасці ў самастойную прадметнасць. Уявіце прыцемкі гушчара, і раптам — арганнае гудзенне светлавых труб сонца… Як гарыць... не, не мох — зелень, зеляніна. І дакладней — гэта згушчанае да прадмета святло, якое знайшло сваю кропку расы над гэтым мохам…

Менавіта такі строй бачання ёсць у Аляксандра Грышкевіча — у гэтым сутнасць жывапіснага дару. Цікава, але і эцюд са зваротным вечаровым святлом ёсць у Грышкевіча, нават не адзін. Аляксандр — тонкі, вышуканы мадэрніст, з-пад яго пэндзля выходзяць абсалютна мастацкія рэчы. У гэтую вясну хто не захапляўся ягонымі эцюдамі з цёмнай, сцюдзёнай струмяністай вадой, глыбокім ультрамарынам вясновых ценяў, тактыльна шурпатым маладым волавам вясновага лісця і травы… Па-дызайнерску апрацаваны матэрыял Грышкевіч кампануе парцыяльна (ад лац. “pars pro toto” - “частка замест цэлага”), з першага погляду часам на мяжы ідэнтыфікацыі, пазнавання. Тэхніка пісьма ў эцюдах — адкрытая, нават фарсіраванна непрыхаваная, супраць выяўляемай формы.

Часам тэхнічна Грышкевіч дамагаецца ператварэння прыметніка ў колеравы назоўнік характэрным прыёмам “тупоўка”, дасягаючы асаблівай “мохавай” фактуры паверхні. Колеравыя ласкуты маюць такое аўтаномнае гучанне, што выглядаюць свядома складзенымі крыптаграмамі. Гэта спрашчае задачу субстантывацыі колеру. Але галоўнае — мастацкае пачуццё, мастацкае бачанне. Здаецца, удалося паказаць работу аптычнага апарата мастака Грышкевіча, які вокам мастака Ван Вэя угледзеў “свет обратный” у аранжавых шчочках дзяўчыны. А для мяне аксамітная зеляніна і памяранец шчочкаў утварылі абсалютную цэласнасць творчага метаду — і філасофскую, і каларыстычную…