171: многа ці мала?

№ 29 (1155) 19.07.2014 - 25.07.2014 г

Стэрэатыпы і ўзровень: конкурсы-2014 на "Славянскім базары..."
Конкурс — такая рэч, што, як кажуць, год на год не прыпадае. Таму наўрад ці трэба біць трывогу, што сёлетні Міжнародны конкурс выканаўцаў эстраднай песні ў межах “Славянскага базару ў Віцебску” аказаўся, у параўнанні з мінулымі, не самым высокім па ўзроўні. Але прааналізаваць вынікі было б карысна — тым больш, што сёлета крыху змяніліся ўмовы конкурсу. Ці апраўдаў сябе новы фармат — не толькі агульнафестывальны, але і ўласна конкурсны?

/i/content/pi/cult/490/10480/2-113.jpg

Сёлета яшчэ больш узрос прызавы фонд. Некалькі гадоў запар той жа Гран-пры складаў 10 тысяч долараў, летась — 15, а сёлета — усе 20. Для параўнання, Гран-пры Першага міжнароднага Каляднага конкурсу, што пройдзе ў тры туры ў снежні ў межах Мінскага каляднага опернага форуму, — 10 тысяч еўра. А на міжнародных конкурсах вакалістаў імя Л.Александроўскай, што ладзяцца ў Белдзяржфілармоніі, — і ўвогуле 5 тысяч долараў. Пры гэтым два апошнія конкурсы патрабуюць вельмі разгорнутай, рознастылёвай праграмы, а першы — выканання трох песень працягласцю не больш за чатыры хвіліны. Зразумела, у такіх умовах конкурс “Славянскага базару...” будзе ўяўляцца спевакам, у тым ліку оперным, даволі прыцягальным. І колькасць удзельнікаў непазбежна ўзрасце.

Так і адбылося. Таму было вырашана вярнуцца да паўфіналу, які калісьці ўжо быў. Гэтым разам з 21 удзельніка трэба было пакінуць 15. Што ж, такі падыход можна толькі вітаць. Бо іначай атрымлівалася, што ўсе, хто патрапіў на віцебскае спаборніцтва, станавіліся не менш, як дыпламантамі.

Што да ўзроўню, дык на яго ўплывае мноае. Скажам, падбор удзельнікаў самімі арганізатарамі, чым на “Славянскім базары...” і займаюцца, супрацоўнічаючы з замежнымі імпрэсарыа і прадзюсарамі. Другая прычына — асаблівасці судзейства. Трэцяя — конкурсныя ўмовы, абавязковы рэпертуар. Нарэшце, прэстыж самога конкурсу.

Што да падбору ўдзельнікаў, дык па некаторых пазіцыях тут усё сапраўды зрушылася наперад. Краін стала больш. З некаторых пачалі прыязджаць больш моцныя, лепш падрыхтаваныя канкурсанты. І гэта павінна было б неяк адбіцца на выніках. Што ж атрымалася насамрэч? З той жа Кубы некалькі гадоў запар прыязджалі спевакі добрага, але ўсё ж сярэдняга ўзроўню. Сёлетняя тамтэйшая канкурсантка Шарлот была нашмат цікавейшая, а паводле балаў (152) апынулася на перадапошнім месцы — як і эпатажная Мілда з Літвы, якой у першы дзень не хапіла густу. Апошнім па балах (150), што таксама дзіўнавата, аказаўся эстонскі спявак Томас Кольк — уладальнік шыкоўнага, рэдкага па тэмбры бас-барытона. Праўда, ён спявак больш оперны, і гэта магло паўплываць на вынікі. Але ўладальнік Гран-пры Радрыга дэ ла Кадэна з Мексікі (186 балаў) — таксама зусім не самы “эстрадны” з выканаўцаў, што відавочна ўжо па самім яго рэпертуары фіналу: “Калінка-малінка” і “Бесамэ муча”. Наадварот, Віталь Негруца з Малдовы, гэткі стыльны рок-спявак з далёка не самым прыгожым голасам, прайграваў некаторым сваім суайчыннікам ранейшых гадоў. Тыя, здаралася, заставаліся без узнагарод, ён жа — заняў першае месца (179 балаў).

Дзе ж логіка? Прызнацца, шукаць яе было дарма. Бо калі за адное і тое ж выкананне адзін з членаў журы ставіў 10 балаў, а другі — усяго 5 (пры магчымай ніжэйшай адзнацы “4”), гэта вымушала гледачоў ацэньваць не толькі канкурсантаў, але і некаторых найбольш парадаксальных членаў журы. Справа тут не толькі ў балах, але і ў тым, што рашэнне “судзейскай калегіі” заўсёды ўплывае на далейшы лёс конкурсу, на тое, спевакі якога рангу і стылёвых кірункаў будуць імкнуцца ў Віцебск у будучым. Так склалася, што некаторы час таму конкурс узяў незразумелую для спаборніцтваў такога кшталту арыентацыю на сумнеўныя дасягненні расійскай папсы не лепшага гатунку: перамагалі выканаўцы з простымі песнямі, даволі прымітыўнымі аранжыроўкамі, без аніякіх джазавых уплываў ці нават украпванняў. У сёлетнім выстаўленні балаў і размеркаванні прэмій (а яшчэ раней — у самім складзе ўдзельнікаў) таксама сказаліся наступствы таго кроку. Бо тая ж “Калінка-малінка” з вытрыманым паўторам куплетаў наўрад ці адпавядала патрабаванням конкурснай эстраднай песні. А вось другая фінальная кампазіцыя зорнага мексіканца — “Бесамэ муча” — сталася ў ягоным выкананні сапраўдным адкрыццём, прагучаўшы вельмі вольна, раскавана, з нечаканымі рытміка-меладычнымі імправізацыямі.

Прызнацца шчыра, на сёлетнім конкурсе Гран-пры папросту не было. Бо гэта ўзнагарода, калі разабрацца, павінна быць не проста верхняй прыступкай для ўдзельнікаў, а прызнаннем чагосьці неардынарнага, звышталенавітага — таго, што не ўкладаецца ў звычайную шкалу. Менавіта такімі ўладальнікамі Гран-пры былі ў свой час Жэлька Йаксімавіч, Руслана Лыжэчка, Максім Сапацькоў і асабліва Пётр Ялфімаў. Летась, здавалася, конкурс усё ж узяў кірунак на еўрапейскую стыльнасць, пошук новых гучанняў і фарбаў. Сёлета — зноў вярнуўся на пазіцыі традыцыяналізму.

Як ні дзіўна, але больш за ўсё расчараваў паўфінал, дзе патрабавалася “эстрадная песня кампазітара краіны і на мове краіны, якую прадстаўляе канкурсант”. За рэдкім выключэннем, песні былі пераважна “фонавымі”, ніякаватымі, нічым не адметнымі, ніяк не раскрывалі магчымасці спевакоў — нават іх дыяпазон, дэманструючы хіба сам тэмбр голасу. На фоне дзіцячага конкурсу, дзе менавіта разнастайны нацыянальны рэпертуар стаўся “фішкай” удзельнікаў, гэта не магло не насцярожыць: няўжо ва ўсіх краінах творчыя сілы працуюць адно на “Еўрабачанне” і выканаўцам няма чаго выбіраць? Хутчэй, іншае: спевакі не надта схільныя шукаць штосьці новае. А яшчэ гэта паказальнік таго, што да паўфіналу многія паставіліся не надта сур’ёзна: маўляў, у эфіры яго не паказваюць, выстаўленыя балы да агульнай сумы надалей не прылічваюцца — дык чаго намагацца? Месца ў фінале хай гарантуе сама наяўнасць добрага голасу.

Шмат нечаканасцей узнікла і ў сувязі з іншымі змяненнямі конкурсных умоў. Выступленне з аркестрам, дзе патрабавалася “песня кампазітара славянскай краіны на адной са славянскіх моў”, перанеслася з другога дня фіналу на першы. А ў другі дзень маладыя эстрадныя выканаўцы павінны былі спяваць сусветны хіт. Раней на “Славянскім базары…” такой умовы — абсалютна натуральнай, агульнапрынятай на большасці міжнародных конкурсаў, не было. Дык што ж абіралі канкурсанты? Даволі часта — зусім не тыя кампазіцыі, якія былі б для іх выйгрышнымі. А між тым, рэпертуар — адзін з асноўных паказальнікаў і мастацкага густу выканаўцы, і яго ўяўлення пра свае магчымасці.

Як жа пачуваў сябе сярод іншых наш Артур Міхайлаў? Можна колькі заўгодна спачуваць, што менавіта на ягонай кандыдатуры скончыліся прэміі: другую падзялілі паміж украінкай Веранікай Дораш (177 балаў) і харватам Дзіна (175), трэцюю — паміж Дзіянай Голбі з Ізраіля (174) і Мархабой Сабіевай з Казахстана (173). Артур жа набраў — 171…

За яго не было сорамна — гэта галоўнае. Яшчэ больш важна тое, што за адведзены яму падрыхтоўчы перыяд ён, прыслухаўшыся да парад народнага артыста Беларусі, прафесара Міхаіла Фінберга і знакамітага Пятра Ялфімава, зрабіў усё магчымае і нават больш за тое. Дастаткова параўнаць, як праставата-ніякавата гучала ў яго беларуская народная “… Вуціца” менш як месяц таму на Нацыянальным конкурсе ў Маладзечне — і якімі фарбамі зазіхацела яна ў Віцебску. З’явіліся сольныя кадэнцыі з высокімі нотамі, у тым ліку ўзятымі фальцэтам, песня ператварылася ў своеасаблівы “дыялог” вуціцы і селязня — у сапраўдны тэатр аднаго акцёра, вырашаны не візуальнымі, а выключна музычнымі, тэмбравымі выразнымі сродкамі. Гэтак жа харызматычна, з імправізацыйнымі ўстаўкамі, прагучала “Чырвоная ружа” Уладзіміра Мулявіна на паўфінале.

Не пашчасціла Артуру тое, што паводле лёсавання для фіналу ён выцягнуў першы нумар. А на першых, як вядома, журы яшчэ толькі “прымервае” адзнакі, баіцца ставіць высокія балы, каб потым была магчымасць адзначыць, можа, кагосьці яшчэ больш адметнага. У такіх выпадках рэванш у балах бярэцца на наступным этапе. Але выкананне сусветнага хіта на другі дзень фіналу аказалася не такім удалым. Артур відавочна хваляваўся, і гэта было вельмі заўважна. Кампазіцыя з рэпертуару Элвіса Прэслі была папросту не давучана да той ступені, каб спяваць яе вольна, упэўнена, ні за што не хвалюючыся — сабе ў радасць, што называецца. Але ні спявак, ні яго педагог у тым не вінаватыя. Наадварот, мы павінны быць ім удзячнымі за ўсё зробленае!

Цяперашняя сітуацыя — “падказка”, што абіраць прэтэндэнтаў на “Славянскі базар…” трэба куды раней. І, магчыма, крыху іначай, чым гэта робіцца пакуль. Бо разлік на тое, што жадаючыя будуць самі падаваць заяўкі, апраўдвае сябе, як паказала практыка, не заўсёды. Сёлета абіраць, па вялікім рахунку, не было з каго. Аб’явілі дадатковы тур — з запрашэннем на яго, акрамя ранейшых, новых удзельнікаў. Тады і з’явіўся на гарызонце “Славянскага базару…” Артур Міхайлаў, на той час яшчэ не падрыхтаваўшы цяперашні конкурсны рэпертуар. Пры такіх экстрэмальных умовах, вынік трэба лічыць больш чым паспяховым. І пачынаць рыхтаваць магчымых далейшых канкурсантаў ужо сёння.

 

Без скідак

Дзіцячы рэпертуар “Славянскага базару...” — гэта ўжо не салодкія інтанацыі, трывіяльна спрошчаныя ды памножаныя на школьна-дашкольныя стэрэатыпы тэм.

Да таго, што дзіцячыя эстрадныя конкурсы апошнім часам лепшыя за дарослыя, мы ўжо прызвычаіліся. Нават знайшлі таму апраўданне: маўляў, дзеці больш шчырыя, дый настаўнікі з бацькамі дапамагаюць. Але такога высокага ўзроўню, якім вызначаўся сёлета Міжнародны дзіцячы музычны конкурс на “Славянскім базары...”, не было ніколі: не толькі на лаўрэацтва — на Гран-пры прэтэндавалі ледзь не ўсе ўдзельнікі.

Журы прышлося складана, але ў выніку Гран-пры атрымала ўкраінка Настасся Багінская. Не засталіся без узнагарод і нашы юныя спявачкі: Зінаіда Купрыяновіч заваявала І месца, Мілана Рэдчанка была адзначана спецыяльным прызам Парламенцкага сходу Саюзнай дзяржавы. Другую прэмію падзялілі Лізі Шаўгулідзэ з Грузіі і Андрэй Бойка з Украіны. Трэцюю — павёз у Арменію Міка.

— Я нават спонсараў абзвоньвала, каб знайсці дадатковыя прызы, — прызналася старшыня журы, заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Ірына Дарафеева. — Пэўна, трэба прадугледжваць магчымасць адзначаць столькі канкурсантаў, колькі з іх таго заслугоўвае. Дзецям вельмі важна адчуваць, што іх заўважылі, ацанілі. Ды і памяць на ўсё жыццё. А галоўнае — вера ў свае сілы, стымул для натхнення і далейшых упартых заняткаў!..

Дзіцячы конкурс стаў сапраўды прафесійным — без усякіх скідак на ўзрост. Сведчаннем гэтаму працэсу стала тое, што ў другі дзень фіналу, калі патрабавалася “вольная праграма” (у Палажэнні аб конкурсе — “песня па выбары канкурсанта, якая найбольш ярка адлюстроўвае выканальніцкае майстэрства і артыстычныя здольнасці”), многія спявалі сусветны хіт, як таго патрабавала дарослае спаборніцтва. Узніклі паралелі са шматлікімі конкурсамі акадэмічнай музыкі: там дзеці спрадвек выконваюць сусветную класіку, хіба адпаведнай ступені складанасці. Тыя ж творы можна пачуць і ў дарослым выкананні — зразумела, з іншым напаўненнем.

А як узрадаваў першы дзень фіналу! Не толькі спевамі, але і песнямі: на гэтым этапе патрабавалася “эстрадная песня кампазітара краіны і на мове краіны, якую прадстаўляе канкурсант”. Удзел у конкурсе не толькі постсавецкіх рэспублік, але і розных краін свету змянілі наша ўяўленне пра тое, якой павінна быць дзіцячая песенька. За некалькі апошніх гадоў сітуацыя пачала карэнна змяняцца і ў так званым блізкім замежжы. Дзіцячы рэпертуар “Славянскага базару...” — гэта ўжо не салодкія інтанацыі, трывіяльна спрошчаныя ды памножаныя на школьна-дашкольныя стэрэатыпы тэм: мама, радзіма, прырода, жывёлы, каханне. Сучасныя песні для дзяцей ахопліваюць бязмежжа стыляў, уключаючы рок, блюз, джаз, этна, не кажучы ўжо пра хіп-хоп, і іх самыя розныя адгалінаванні. Яны стыльныя, модныя, папраўдзе новыя і свежыя. Такія ж размаітыя па жанрах (ад прыпевак да балад), па драматургіі (ад звыклых куплетаў да вольнай кампазіцыі). А галоўнае — прывабныя не толькі для дарослых, але і для саміх дзяцей.

Сёлетні конкурс — ад лёсавання да праслухоўванняў і гала-канцэрта — яднаўся тэмай пошуку. Дзея, паводле сцэнарыя, адбывалася на музычным Востраве скарбаў (рэжысёр — Ірына Коўлева), дзе каштоўнасцю быў нават не Гран-пры, пра які ўвесь час гаварылі, а сам стан гульні. Кожнае выступленне суправаджалася падтанцоўкай, дзе былі закрануты, зноў-такі, усе харэаграфічныя кірункі. “Карцінка” дапаўнялася ўдалай сцэнаграфіяй, відэа.

Вядома, сцэна КЗ “Віцебск” не прыдатная да ўсіх тых тэхнічных "фішак", якімі штогод здзіўляе нас дзіцячае і дарослае “Еўрабачанне”. Але па мастацкім узроўні, па тым, якія песні былі прадстаўлены, як яны гучалі і як “абтанцоўваліся”, дзіцячы конкурс “Віцебск-2014” далёка пераўзышоў “Еўрабачанне”!..

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"