А бібліятэка будучыні вам не патрэбная?

№ 29 (1155) 19.07.2014 - 25.07.2014 г

Працяг дыскусіі
Пачатак дыскусіі паклаў артыкул у № 24, дзе журналісты "К" падзяліліся сваім бачаннем будучыні бібліятэк. А ўжо ў № 26 былі апублікаваны першыя меркаванні чытачоў. Сёння — працяг гаворкі на актуальную тэму.

/i/content/pi/cult/490/10478/12-5.jpgПётр ЛАПО, дырэктар Фундаментальнай бібліятэкі БДУ:

— Тэме будучыні бібліятэкі прысвечана большая частка прафесійных дыскусій як у друкаваных прафесійных бібліятэчных выданнях, так і ў сацыяльных сетках. І, безумоўна, адказ на пытанне “Ці патрэбна перафарматаваць бібліятэчную справу?” толькі адзін: “Трэба”. Больш за тое, гэта ўжо робіцца, у тым ліку і ў Беларусі. Ёсць і пэўныя тэарэтычныя напрацоўкі і даволі шматлікія практычныя прыклады. Усе выказаныя аўтарамі артыкула ідэі ды пажаданні наконт форм абслугоўвання будучай бібліятэкі ўжо рэалізаваны, але, на жаль, недастаткова відавочна ў нашай беларускай рэчаіснасці. Чаму так? Таму што, як агульнавядома, ёсць два ключавыя фактары вырашэння любой праблемы: грошы і кадры. Прычым грошы вызначаюць і кадры. Калі паглядзець на сусветную “карту” бібліятэчнай справы, то мы ўбачым, што найбольшага росквіту бібліятэчныя сеткі дасягнулі ў эканамічна багатых краінах. Будуць грошы — будуць бібліятэкі-“мары” і ў Беларусі. Чым, напрыклад, горшая за замежныя Нацыянальная бібліятэка Беларусі ў плане памяшканняў, абсталявання ці прапанаваных ёю інфармацыйна-бібліятэчных паслуг? Нічым.

Я згодзен з Інай Юрык наконт таго, што павінен быць сацзаказ да бібліятэк з боку грамадства, ці, больш дакладна, — з боку дзяржавы. І перш за ўсё не дзеля таго, каб бібліятэкі ў Беларусі сталі лепшымі, а дзеля таго, каб сацыяльнае, эканамічнае і духоўнае жыццё ў краіне пастаянна паляпшалася. Лагічны ланцуг абгрунтавання гэтага меркавання вельмі просты. Усімі сваімі дасягненнямі чалавецтва абавязана свайму інтэлекту. І каб яго захоўваць, падтрымліваць ды развіваць, і былі створаны бібліятэкі. Звычайна кажуць, што бібліятэкі з’явіліся тысячагоддзі таму як следства вынаходніцтва чалавецтвам пісьменства, але пісьменства было толькі сродкам фіксавання, захавання і перадачы ідэй, інфармацыі ды ведаў — інтэлектуальнага патэнцыялу грамадства. Сродкі гэтыя рабіліся ўсё больш эфектыўнымі (кнігадрукаванне, камп’ютарныя сеткі), а бібліятэкі ў залежнасці ад іх трансфармаваліся. Але іх сацыяльная сутнасць заўсёды заставалася нязменнай: нарошчванне інтэлектуальнага патэнцыялу краіны. Цяжка ўявіць сабе з’яўленне якіх-небудзь карысных для грамадства
інавацый без выкарыстання інтэлекту. Таксама паколькі бібліятэка — дзяржаўная ўстанова (а не бывае дзяржавы без ідэалогіі), то бібліятэка з’яўляецца і ідэалагічнай установай грамадства. Пра гэтыя адметныя сацыяльныя функцыі бібліятэк добра ведалі, і таму развіццё апошніх актыўна падтрымлівалі і фараоны ў старажытным Егіпце, і цары ды імператары ў старажытных грэчаскай айкумене і Рыме, і каралі ў еўрапейскіх дзяржавах у часы Рэфармацыі, і езуіты, пачынаючы з часу стварэння свайго ордэна ў XVI стагоддзі, і дзяржаўныя ўлады ў Вялікабрытаніі ды ЗША, пачынаючы з сярэдзіны XIX стагоддзя, а ў Савецкай Расіі — з 1920 года…

Бібліятэка — гэта таксама і ўстанова культуры, установа, якая павінна садзейнічаць пастаяннаму павышэнню ўзроўню культуры (і, адпаведна, якасці) ва ўсіх кірунках жыцця і дзейнасці (у тым ліку вытворчай) грамадзяніна.

На мой погляд, адэкватнае разуменне пералічаных сацыяльных функцый бібліятэкі дзяржаўнымі ўладамі дапамагло б апошнім правільна расставіць прыярытэты і вызначыць тэрміны пры фарміраванні сацыяльнага заказу да бібліятэкі ды знайсці патрэбныя фінансавыя сродкі для яго выканання. А ўсё астатняе, як кажуць, “справа тэхнікі”, тым больш, што прыкладаў таго, якой павінна быць бібліятэка будучага, хапае.

/i/content/pi/cult/490/10478/12-6.jpgІна ЮРЫК, намеснік дырэктара Навуковай бібліятэкі БНТУ, намеснік старшыні Беларускай бібліятэчнай асацыяцыі:

— Усе гэтыя праблемы вельмі актыўна абмяркоўваюцца на бібліятэчных форумах. Вось ужо амаль дзесяць гадоў як Беларуская бібліятэчная асацыяцыя ладзіць для бібліятэкараў паездкі ў бібліятэкі Еўропы з мэтай вывучэння іх досведу працы. Але, на вялікі жаль, немагчыма гэты досвед цалкам адаптаваць да нашых умоў. І, як правільна адзначыла Наталля Свірыда ў № 26, многія нашы праблемы не ў тым, што мы не ведаем, якой павінна быць сучасная бібліятэка, а ў тым, што бібліятэка, з’яўляючыся некамерцыйнай арганізацыяй, вельмі моцна залежыць ад знешняга фінансавання. Гэта адбіваецца на фондах, памяшканнях, тэрмінах укаранення інавацый, кваліфікацыі кадравага складу і г.д. Ёсць яшчэ і іншая праблема — камунікацыі. Бо місія бібліятэкі ў інфармацыйным грамадстве не змяняецца. Яна, як і раней, паклікана задавальняць інфармацыйныя патрэбы і забяспечваць сацыяльныя камунікацыі. Але варта ўлічваць, што ў эпоху інфармацыйных тэхналогій бібліятэка перастала быць адзіным інфармацыйным цэнтрам і цэнтрам прасоўвання ды падтрымкі чытання. У яе з’явілася шмат канкурэнтаў, якія прадастаўляюць падобныя бібліятэчныя паслугі. Акрамя таго, са з’яўленнем сацыяльных медыя чытачы сышлі туды для абмеркавання чытання, кніг і г.д. Праблема “нечытання” перабольшана. Існуе дастаткова даследаванняў, якія пацвярджаюць, што людзі як чыталі, так і чытаюць, у тым ліку і моладзь. Доказам таму — велізарная колькасць груп і старонак у сацыяльных сетках, звязаных з чытаннем і кнігай, якія налічваюць сотні тысяч актыўных удзельнікаў; запатрабаванасць электронных тэкстаў і іншае. Змяняць трэба камунікацыю з чытачамі, са СМІ, з грамадствам у цэлым. У сваю чаргу, і ў грамадства павінен быць сацзаказ на бібліятэкі. Здаецца, з гэтым у нас праблемы...

/i/content/pi/cult/490/10478/12-7.jpgАлена РЫБЧЫНСКАЯ, старшы навуковы супрацоўнік аддзела сацыяльнай сферы НДЭІ Міністэрства эканомікі Рэспублікі Беларусь:

— Ёсць пра што казаць з нагоды артыкулаў. Шматпластавы матэрыял, але вельмі спадабалася меркаванне Наталлі Свірыда. Яе пытанні вельмі актуальныя. Чаму ж гэтыя праблемы не выказваюцца на прамежкавых атэстацыях або справаздачах ва ўпраўленнях, нарэшце, прэтэнзіі не адрасуюцца Міністэрству культуры? Пытанняў шмат, але хто здольны не, не вырашаць, а хаця б абмяркоўваць, каб праз спрэчкі дайсці да праўды?.. Ці гэтыя меркаванні засакрэчваюцца? Калі я праглядаю газету “Культура”, складваецца ўражанне, што шэраг праблем ёсць толькі ў журналістаў. Ім не абыякавыя і сама культура, і яе работнікі... Вось толькі няма ніякай рэакцыі ад тых, ад каго ўсе гэтыя пытанні залежаць… Ау! Навука, кіраўнікі, уключыцеся ў размову, бо гэта — ваша рэпутацыя, ваш аўтарытэт пастаўлены на кон.


Чытайце таксама:

"А бібліятэка будучыні вам не патрэбная?"

"А бібліятэка будучыні вам не патрэбная-2?"

Аўтар: Алена РЫБЧЫНСКАЯ
харэограф, выкладчык, старшы навуковы супрацоўнік аддзела сацыяльнай сферы Навукова-даследчага эканамічнага інстытута Міністэрства эканомікі Рэспублікі Беларусь: