Сацыялізацыя праз інклюзіў

№ 29 (1155) 19.07.2014 - 25.07.2014 г

Сёння сарыентуемся на канкрэтную дэталізацыю і распавядзём пра тактыку раённага аддзела, а дакладней — аб практыцы ажыццяўлення асобна ўзятых творчых праектаў. У дадзеным выпадку сацыялізацыя падлеткаў з абмежаванымі магчымасцямі праз інклюзіўную творчасць — стратэгія. Тактыка — правядзенне Міжнароднага фестывалю-конкурсу інклюзіўнай творчасці дзяцей і моладзі “Пад крыламі Арыёна”, што пройдзе ў Кобрыне з 31 ліпеня па 6 жніўня.

Што такое інклюзіўная творчасць? Тая, у працэсе якой чалавек, незалежна ад таго, падобны ён па здольнасцях на іншых ці не, можа гарантавана праявіць свой талент. Пагадзіцеся, стварэнне ўмоў для гэтага — задача не для пачаткоўца ў культуры. Больш за тое: без шчырасці і далікатнасці нічога апрача шкоды тут не атрымаецца. Ці не таму аналагічных мерапрыемстваў у нас — да крыўднага мала? Прынамсі, “К” пра іх піша прыкладна раз на год — з нагоды.

— Будзем спадзявацца, перыядычнасць гэтая будзе больш частай, — кажа начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Кобрынскага райвыканкама Надзея Жук.

У чым складанасць правядзення канкрэтна ўзятага фестывалю-конкурсу? У тым, што ладзіцца ён у два этапы. Першы адбыўся летась у Лідзе і меў статус рэспубліканскага. Ініцыятыва правядзення належыла прадпрымальнікам і мамам дзяцей з фізічнымі недахопамі. На фінальныя мерапрыемствы дзякуючы знаёмству з арганізатарамі трапіла і Надзея Жук. Акцыя мела розгалас. Другі яе этап было вырашана правесці ў Кобрыне ў новым — міжнародным — фестывальным статусе.

Наколькі гэта было “проста” зрабіць, ведаюць толькі ў аддзеле, якім кіруе Надзея Жук. Па яе словах, дадатную ролю ў выбары месца правядзення Першага Міжнароднага фэсту інклюзіўнай творчасці адыграла спрыяльная інфраструктура горада. Палац культуры, гарадскі парк, школа мастацтваў (менавіта тут пройдуць конкурсныя выступленні) абсталяваны як мае быць для таго, каб дзеці і моладзь з абмежаванымі магчымасцямі пачувалі сябе максімальна камфортна. Далей гаворка пойдзе пра тэхналогію “фестываляўтварэння”, якую мы распачалі ў мінулым нумары “К” пад рубрыкай “Форум”…

Кобрынскі райвыканкам выступіў сузаснавальнікам акцыі. Для інфармацыйнага яе забеспячэння, як распавядае Надзея Жук, напоўніцу была выкарыстана інтэрнэт-прастора. Яе асваенне на аддзелаўскіх узроўнях, дарэчы, становіцца ўсё больш выніковым. Дзякуючы інфармацыйным старанням работнікаў культуры Кобрына на фэсце збяруцца 67 удзельнікаў ва ўзросце ад 7 да 23 гадоў з Літвы, Расіі, Чэхіі, Казахстана, Польшчы, Эстоніі, Украіны, Расіі і Беларусі.

Надзея Жук сцвярджае, што на фестывалі-конкурсе “Пад крыламі Арыёна” будзе створаны аптымальны сацыяльна-маральны клімат для абмену творчым досведам і ўстанаўлення цесных стасункаў паміж дзецьмі і моладдзю розных краін, незалежна ад іх веравызнання, сацстатуса і стану здароўя.

Жыць удзельнікі фэсту будуць у інтэрнатах трох кобрынскіх каледжаў. Паслуга — безахвярная. Спонсары забяспечваюць бясплатнае харчаванне. Аналагічным чынам мясцовыя ўлады вырашылі і пытанне з транспартам… Мерапрыемства падаецца ўнікальным яшчэ і таму, што праблемы развіцця інклюзіўнай творчасці, сацыялізацыі часткі грамадства будуць агучваць, у тым ліку, і самі ўдзельнікі фэсту — дзеці і моладзь з абмежаванымі магчымасцямі. Яны па вартасці лічаць сябе крэатыўнай часткай соцыуму і не жадаюць абмяжоўвацца ў натуральных для паўнацэннага грамадства правах…

Вось і ўся канкрэтыка пра канкрэтны фестываль у Кобрыне. Але ж варта падумаць пра тое, што людзі з абмежаванымі магчымасцямі ёсць ці не ў кожным раёне Беларусі. А вось наколькі паўнацэннае іх уцягненне ў культурны кантэнт аграгарадкоў, мястэчак і райцэнтраў? Тут нават пандусы да бібліятэчных ды клубных устаноў створаны далёка не паўсюль… На ўласныя вочы бачыў, як у адной з вёсак маладзёны неслі на руках у клуб свайго таварыша разам з інваліднай каляскай… Інакш кажучы, прастора для развіцця аддзелаўскай стратэгіі і тактыкі — самая неабмежаваная. А па парады звяртайцеся ў Кобрын!..

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"