Выхад у кейпе адгукнецца?

№ 29 (1155) 19.07.2014 - 25.07.2014 г

Прынцып традыцыі vs. прынцып трэнда
Пабывала на абароне дыпломных праектаў выпускнікоў кафедры касцюма і тэкстылю Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Выпуск — адметны. Перад мадэльерамі паўстала цікавая і складаная задача: распрацоўка тэмы “Беларусь”, пераасэнсаванне гістарычнай спадчыны і спроба стварыць сучаснае адзенне па традыцыйных прынцыпах. Гэта першы год на факультэце, калі ўвесь курс працаваў над адной тэмай — нацыянальнага касцюма. Акрамя таго, за мэту было пастаўлена зрабіць адзенне насібельным і трэндавым, каб яно было здольнае выйсці з подыума ў жыццё. Часткі камплектаў павінны быць замяняльнымі. Па словах выкладчыкаў, гэтыя мэты былі дасягнуты.

/i/content/pi/cult/490/10473/8-1.jpg

Работы Таццяны Сіняўскай.

/i/content/pi/cult/490/10473/8-3.jpg

Работы Ульяны Таўстовай.

/i/content/pi/cult/490/10473/8-4.jpg /i/content/pi/cult/490/10473/8-7.jpg

 

Мадэлі з калекцыі "Рэха" Марыі Мароз.

/i/content/pi/cult/490/10473/8-5.jpg

Мадэль Юліі Леановіч.

/i/content/pi/cult/490/10473/8-6.jpg

"Калейдаскоп" Юліі Аляксандравай.

/i/content/pi/cult/490/10473/8-8.jpg

З фатаграфічнага матэрыялу даследаванняў.

/i/content/pi/cult/490/10473/8-9.jpg

Мадэль Аліны Зіновіч.

/i/content/pi/cult/490/10473/8-22.jpgВытокі

Вядома, у беларускім нацыянальным касцюме выкарыстоўваліся толькі натуральныя тканіны. Увесь працэс — ад апрацоўкі сыравіны да стварэння вырабаў — праходзіў у хатніх умовах. Ужывалі валокны лёну, канопляў, скуры і воўны жывёл. Для афарбоўкі пражы таксама ішлі натуральныя фарбавальнікі: настоі зёлак, лісце і кара дрэў, балотная руда. Лён стараліся не абразаць і шылі з палатна, памеры якога былі абмежаваны шырынёй ткацкага станка. З той прычыны касцюм характарызуецца цэласнасцю, маналітнасцю, а ўсялякія варыянты накладання частак атрымалі ўласны напрамак развіцця. Вялікая ўвага надавалася канструктыўным асаблівасцям пашыву, ну, і, зразумела, нашаму арнаменту.

Эксперыменты

Складана ўявіць, як сучаснае адзенне можа быць працягам гісторыі і як у такіх умовах пазбегнуць відавочных цытат у гісторыю. Студэнты БДАМ знайшлі і сфармулявалі свае выказванні.

Адна з калекцый пад назвай “Калейдаскоп” прадметам інспірацыі абрала беларускія даматканыя посцілкі. Гэта маладзёжная вопратка на кожны дзень. Аснова касцюма — форма кашулі, якая дазваляе стварыць досыць просты сілуэт, што змяняецца толькі дзякуючы прышчэпам. Каларыт практычна цалкам узяты з беларускіх даматканых дываноў. Пераважаюць яркія, даволі адкрытыя колеры, якія чорны колер, быццам урадлівая глеба пад кветкамі, збірае ў адзінае цэлае.

Нібы ў процівагу яскраваму каларыту і ў доказ шматграннасці беларускага касцюма адна з дыпломных работ была ўзорам манахромнасці і нюанснасці. Творца выкарыстоўвала для сваіх касцюмаў карункі з бабулінага куфра, некаторыя тканіны фарбавала ў сваёй уласнай, аўтарскай, тэхніцы.

Іншы праект быў рэалізацыяй пераасэнсавання эпохі Сярэднявечча, прычым як з’явы святочнай, а не больш звыклай нам — цёмнай ды змрочнай.

Наступныя вобразы нарадзіліся на мяжы беларускай і японскай культур. Дыплом, прысвечаны тканінам ручной работы, нечакана ператварыўся ў цэлую калекцыю адзення.Наступная, чорна-белая калекцыя прадэманстравала мноства метадаў аздаблення краю і апрацоўкі паверхні тканіны. Выкарыстаны модныя сёння перфарацыя і прынт. Перфарацыя на скуры адсылае нас да выцінанкі...

Завяршыла паказ дыпломных калекцый неверагодная па шчырасці работа Машы Мароз. Даследаванні першакрыніц аўтарка праводзіла паводле фотаспадчыны Міхася Раманюка, графа Бенедыкта Тышкевіча, Ісака Сербава, Яна Булгака. Якое ж было здзіўленне, калі выхад у сучасным клятчастым кейпе адгукнуўся недзе далёка ў гісторыі!..

Колеравае рашэнне калекцыі абумоўлена традыцыйнымі тканінамі, якімі карысталіся беларусы цягам стагоддзяў, строямі Палескага рэгіёна, Давыд-Гарадка, а таксама колерамі нашай восені. Збольшага гэта натуральныя адценні: шэры, малочны, балотны, шэра-блакітны, вохрысты, чорны, чырвоны, бэжавы…

У аснове формы і сілуэта калекцыі — чысціня, графічнасць і маналітнасць. Сілуэты пераважна прамыя, трапецыяпадобныя, абраныя пасля аналізу гістарычнага верхняга мужчынскага і жаночага адзення.

Прататыпам кейпу і паліто ў двух вобразах калекцыі стала ахінанка, вельмі распаўсюджаная на Палессі, а таксама ў іншых рэгіёнах краіны, якую насілі жанчыны. Ахінанка часта мела клятчасты арнамент. Выкладчыкі адзначылі ўдалы ход праектавання жаночага паліто “а-ля з мужчынскага пляча”: вобраз жанчыны падаецца больш пяшчотным і чуллівым.

Дэталі

Пра дэталі працэсу падрыхтоўкі да абароны ды перспектывы маладых талентаў удалося распытаць дацэнта кафедры і кіраўніка некаторых дыпломных праектаў Таццяну Злоцкую.

— Большасць студэнтаў ставіцца скептычна да тэмы “беларускі касцюм”, яны прыходзяць да нас такімі, — кажа выкладчык. — Гады ж навучання змяняюць іх стаўленне. Да таго ж яны бачаць, што праца з нацыянальным касцюмам мае высокі патэнцыял для ўдзелу ў міжнародных конкурсах. Журы заўсёды адзначае работы, якія маюць этнічны складнік. У нашага выпуску высокія творчыя і камерцыйныя перспектывы. Максімальна раскрыты кодавыя, знакавыя напрамкі беларускага касцюма, каларыстычны шэраг, пластычныя асаблівасці касцюма, атмасфера і канцэпцыя стылю…

Але важнае пытанне: куды ж пойдуць працаваць нашы таленавітыя юныя мадэльеры? Яно засталося без адказу. Па словах спадарыні Злоцкай, наша галоўная праблема сёння — адсутнасць сувязі дызайнераў адзення з вытворцамі. На абарону дыпломаў не прыходзяць зацікаўленыя ў свежых кадрах прадстаўнікі швейных фабрык. Прадпрыемствы не жадаюць бачыць студэнтаў нават на вытворчай практыцы. Веды ж апошніх уяўляюць з сябе вельмі сыры прадукт і патрабуюць тэхнічнай адаптацыі: у дапамогу студэнту трэба вылучыць канструктара і тэхнолага. Ніхто не хоча марнаваць час і, адпаведна, грошы на прадукт, які, магчыма, пойдзе ў вытворчасць, а магчыма, і не. Калі бяруць на працу маладога мадэльера, то патрабуюць ад яго, каб ён быў адразу і класным канструктарам, і тэхнолагам. І пры гэтым, каб ён быў мегакрэатыўны, каб генерыраваў ідэі, якія тут жа прынясуць камерцыйны вынік. А такое немагчыма. І пры гэтым спецыяліст павінен выкарыстоўваць тое, з чым прадпрыемства ўжо працуе. У выніку, яго работа зводзіцца да пераробак колеравай палітры і да працы з фурнітурай. А дзе крэатыў? Па вялікім рахунку, ад спецыяліста пачынаюць патрабаваць перапрафілявання…

Праблемы

Магчымасць эксперыментальнай працы мусіць быць. Нездарма ж раней на ўсіх дзяржаўных прадпрыемствах былі эксперыментальныя цэхі. Працу са студэнтамі і маладымі спецыялістамі трэба ўвесці ў план работы дзяржаўных вытворцаў. Без гэтага мы не прасунемся далей. У першыя гады працы пасля ўніверсітэта малады талент гарыць справай, яго перапаўняюць эмоцыі, натхненне б’е гаючай крыніцай, ёсць жаданне працаваць, ёсць высокія мэты і ідэалы. Гэты каштоўны час трэба ўкладаць у нашу будучыню.

Студэнты і маладыя спецыялісты добра справіліся б з праектаваннем касцюмаў для святочных мерапрыемстваў (амаль на кожным ёсць вядучыя ці асобы, якія, напрыклад, выходзяць на сцэну і дораць кветкі).

Яшчэ адна праблема палягае ў недасканалай апрацоўцы лёну для адзення. Лён — наш улюбёны матэрыял. Колеравая палітра айчынных камбінатаў уражвае разнастайнасцю, але як было б добра наладзіць вытворчасць лёну з дадаткамі сінтэтычных валокнаў! Праблема скамячанасці была б вырашана, што значна пашырыла б мадэльны шэраг адзення з лёну і яго якасць.

Перспектыва

Перспектывы прафесіі аказаліся не такімі вясёлымі. А так хочацца верыць, што энергія юнацтва, талент і прафесійныя навыкі разам з цікавасцю да гісторыі запоўняць нашы крамы сапраўды прыгожым сучасным адзеннем з нацыянальным характарам!..

Аляксандра БАЯРЫНА, архітэктурны антраполаг, сябра Беларускага саюза дызайнераў