Майстар-клас і тэатральны “веласіпед”

№ 7 (825) 16.02.2008 - 22.02.2008 г

13 лютага ў сценах Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў адбылася нешараговая падзея, знакавая для айчыннага тэатральнага мастацтва: Нацыянальны камітэт па грамадскіх узнагародах Расійскай Федэрацыі адзначыў рэжысёра, народнага артыста Рэспублікі Беларусь, акадэміка Міжнароднай акадэміі тэатра Барыса Луцэнку Ганаровай граматай і ордэнам Святога князя Аляксандра Неўскага І ступені “За выдатныя заслугі і вялікі асабісты ўнёсак у развіццё культуры і мастацтва”. Ордэн Барыс Іванавіч атрымаў з рук прэзідэнта Міжнароднай акадэміі тэатра, прафесара Дзмітрыя Уласава і віцэ-прэзідэнта акадэміі, мастацкага кіраўніка Маскоўскага драматычнага тэатра імя Гогаля народнага артыста Расіі Сяргея Яшына.

 /i/content/pi/cult/149/1047/Lucenka.jpg
— Я памятаю, — звярнуўся Барыс Луцэнка да студэнтаў, — словы выдатнага педагога Дзмітрыя Аляксеевіча Арлова, які аднойчы нам, маладым людзям, сказаў: “Сябры, ну зрабіце што-небудзь цікавае, сапраўднае і таленавітае!”. Шмат часу з той пары сплыло, не ведаю, ці спраўдзілі мы гэтыя спадзяванні Дзмітрыя Аляксеевіча, — стараліся. Але сёння ўжо я прашу вас, будучае нашага тэатра: зрабіце што-небудзь цікавае, сапраўднае і таленавітае!

Дзмітрый Уласаў распавёў будучым акцёрам і рэжысёрам пра Фонд імя Смактуноўскага, які існуе вось ужо 15 гадоў і шмат робіць для ўмацавання творчых стасункаў паміж нашымі дзяржавамі: Расіяй і Беларуссю. А таксама — пра Міжнародны тэлевізійна-тэатральны фестываль “Ажыўшая казка”, які неўзабаве адбудзецца ўжо дзесяты раз, гэтым разам у Мінску, і збярэ пад сваімі крыламі лепшыя тэатральныя работы на прасторы Саюзнай дзяржавы. “Я ўвогуле люблю прыязджаць на Беларусь і люблю беларусаў, яны — адкрытыя, шчырыя людзі і, што вельмі важна, пазітыўна нацэленыя,” — адзначыў ён, звяртаючыся да прысутных.

Дарэчы, сустрэча гэтая, у якой прыняла ўдзел яшчэ і галоўны мастак тэатра Гогаля, заслужаны дзеяч мастацтваў Расіі Алена Качалаева, прадоўжыла цудоўную традыцыю цёплых стасункаў беларускіх студэнтаў Акадэміі мастацтваў і знаных творцаў з краін-суседак, якія на сённяшні дзень “робяць надвор’е” ў тэатральнай прасторы сваіх краін. У бягучым навучальным годзе ў наш тэатральны “пітомнік” завітвалі ўжо Алег Табакоў, Багдан Ступка, Сяргей Жэнавач. І Сяргей Яшын прадоўжыў гэтую традыцыю, павёўшы гаворку з будучымі дзеячамі тэатра не столькі пра вузкаспецыяльныя “сакрэты” іх будучай прафесіі, а пра рэчы надчасавыя — прыроду тэатральнага мастацтва, яго аснову і сутнасць сцэнічнага дзейства. Маладыя акцёры жыва ўключыліся ў размову, задаючы гасцям пытанні аб “механізмах” існавання творцаў сёння, аб тым, як жа захаваць “чысціню” тэатральнага мастацтва ва ўмовах татальнай камерцыялізацыі. У адказ С.Яшын узгадаў словы знакамітага расійскага акцёра Міхаіла Кедрава пра тое, што тэатр вельмі падобны да язды на веласіпедзе: стаяць на месцы — нельга, назад — таксама, застаецца адно — наперад.

Наш кар.
На здымку: Дзмітрый Уласаў (справа)
і Сяргей Яшын (у цэнтры) уручаюць
ордэн і грамату Барысу Луцэнку.

Фота Юрыя ІВАНОВА