“Песняры” і Чэслаў Нэмэн

№ 29 (1155) 19.07.2014 - 25.07.2014 г

Невядомыя сустрэчы легенд
Да 75-годдзя з дня нараджэння славутага земляка — Чэслава Нэмэна, ураджэнца Старых Васілішак, што на Шчучыншчыне, — працягваем даследаванне кантактаў артыстаў ансамбля “Песняры”, найперш яго “залатога складу”, з гэтым рок-музыкантам, кампазітарам, паэтам, мастаком. Месцам першай сустрэчы ў 1971-м, нагадаем, стаў польскі горад Сопат, дзе і ладзіцца славуты фестываль песні. Але сёння працягваем друкаваць успаміны ўжо не ўдзельнікаў той сустрэчы. Так, “Песняры” розных скліканняў таксама мелі, хай часцяком і выпадковыя, стасункі з Нэмэнам.

/i/content/pi/cult/490/10464/14-1.jpg

"Песняры". / Фота Юрыя ІВАНОВА

/i/content/pi/cult/490/10464/14-2.jpg

Нэмэн пад час інтэрв'ю ў Палацы спорту ў 1976-м. / Фота Канстанціна НЕТЫЛЁВА

Што сказаў Дайнэка?

Аповед заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь Валерыя Дайнэкі (вакаліст, альтыст і аранжыроўшчык “Песняроў” у 1977-м — 1992-м) цікавы не толькі “калянэмэнаўскімі” ўспамінамі і згадкамі пра “музычную сітуацыю” 1970-х. Валерый Сяргеевіч даў цікавыя музыказнаўчыя ацэнкі творчасці Нэмэна, правёў шэраг адметных паралелей.

Дарэчы, сярод твораў, выкананых самім Валерыем Дайнэкам, ёсць і інтэрпрэтацыі песень Чэслава Нэмэна “Jednego serca” ды “Obok nas”, запісаныя для трыб’юта, падрыхтаванага эстрадным аркестрам “Капрыз” Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы (больш падрабязна пра запіс альбома — у аповедзе Уладзіміра Ткачэнкі). Прызнацца, пачуўшы першую з іх яшчэ ў дэма-фрагменце, чарговы раз пераканаўся: для гэтага беларускага спевака, падаецца, няма мяжы далікатнай дакладнасці ў выкананні як эксперыментальных рэчаў для ягонага спеўнага амплуа, так і, карыстаючыся музычнай тэрміналогіяй, “стандартаў”. Карацей, у выкананні “Jednego serca” ў пэўных фрагментах мне чуўся сам Нэмэн.

— Гісторыя з выкананнем “Jednego serca”, — кажа Дайнэка, — пачалася яшчэ за некалькі гадоў да прыходу ў “Песняры”, калі я выступаў у гурце пад кіраўніцтвам Валянціна Бадзьярава, а гэтая каманда сябравала з “Вясёлымі рабятамі”. Неяк у Гродне апынуліся два калектывы разам, і перад канцэртам я разгаварыўся ў калідорчыку з Аляксандрам Барыкіным пра польскую эстраду і Чэслава Нэмэна ў прыватнасці. У тым холе я праспяваў яму кавалачак “Jednego serca”. Барыкін кажа мне: “Слухай, у цябе так класна атрымалася Нэмэна заспяваць…” З таго часу карцела выканаць твор у сваёй манеры. Удалося гэта ажыццявіць у праекце “Капрызу”. Запісаў апроч “Jednego serca” яшчэ і “Obok nas”. Адносна першай работы скажу: мара здзейснілася, бо праспяваў менавіта з джазавым аркестрам. А вось “Obok nas” давялося вывучыць, хаця ў яе прыўнёс, лічу, больш яскрава выканальніцкае бачанне. Увогуле, аранжыроўкі праекта маглі быць нават больш свабоднымі, бо век названых твораў немалы. Але даводзілася спяваць часам “капейка ў капейку”, як Нэмэн. Паколькі кампазіцыі развучваў дома, то пэўныя моманты расчуў недакладна. Тады ў студыі гукарэжысёр Васіль Нікалаеня ставіў мне фрагмент фразы Чэслава, і я тут жа яе начыста выконваў… Найбольш жа шкадую, што альбом да гэтага часу так і не атрымаў масавы тыраж...

Цяпер жа — аповед Валерыя Дайнэкі пра “нэмэнаўскія” ўражанні 1970-х.

— “Песняры” часта, і не па адным дні, у тыя гады гастралявалі па паўднёвых кропках СССР, таму бралі з сабой сем’і і ладзілі адпачынак паміж канцэртамі. Мы хадзілі і на выступленні іншых артыстаў-гастралёраў. Тады, у 1979-м, працавалі на адной пляцоўцы з Чэславам Нэмэнам, і ведаю, што хтосьці з нашых хлопцаў падыходзіў да яго пасля выступлення, гутарыў з ім, паколькі яны былі знаёмыя. І вось што цікава: мне ўжо тады падавалася, нібыта Нэмэна я выдатна ведаў ды разумеў, хоць і не быў знаёмы з ім асабіста. Мяркую, мы ў нечым падобныя. Можа, калі б пазнаёміліся тады, у 1979-м, і далей кантактавалі-таварышавалі б. Усё ж жылі доўгі час у адной рэспубліцы...

Памятаю час феерычнага з’яўлення Нэмэна на небасхіле, насычаным выканаўцамі з сацкраін. І хаця я, мае сябры слухалі збольшага заходнікаў, ім былі ўражаны. Наогул, падавалася, што ў той невялікай, па сутнасці, Польшчы, музыкантаў больш, чым ва ўсёй Еўропе! І яму пашанцавала ў гэтай этнічна роднаснай яму краіне заняць выдатнае месца. На той час хадзіла “мулька”, нібыта яго запрашалі ў свой склад “Blood, Sweat & Tears”. І я верыў у гэта, а праз гады высветлілася, што так і было насамрэч!

Ведаючы негрыцянскую музыку, знайшоў падабенства ў галасах Чэслава Нэмэна і Отыса Рэдзінга: скажам, манера плаўнага правядзення, расцягвання на фарцісіма некаторых фраз… А пасля аказалася, што Нэмэн сапраўды спяваў “I’ve been loving you toо long”. Так што наш зямляк цалкам мог вывучыцца пэўным вакальным асаблівасцям у Рэдзінга. Я нават раней так і казаў камусьці: “А ты ведаеш, у каго ён вучыўся? У Отыса Рэдзінга!” І сапраўды, ну не могуць паралельна быць два вакалісты з такімі манерамі выканання. Але ж, вядома, я не кажу, што Чэслаў усё ў яго "перазняў". Да ўсяго, польская мова шмат “скрадвае” ў вакаліста праз свае фанетычныя асаблівасці, у адрозненне ад англійскай. Дарэчы, у свой час я і не ведаў, што Нэмэн спяваў па-англійску. Прынамсі, па тых пласцінках, што даходзілі да нас… Пазней стала зразумела, што і Маякоўскага, аказваецца, “Песняры” ўзялі не першымі!

Нэмэн, наколькі я ведаю, быў асобай даволі замкнёнай, чалавекам, які “варыцца” ў сваёй творчай кухні. Асабіста мне далёка не заўжды падабалася ягонае музіцыраванне на інструментах, якіх на сцэне аказвалася багата: тут “Hammond”, там — іншыя клавішы… Але як “тэхнар” ён сапраўды ўражваў, спалучаючы гукі і пераключаючы розныя педалі, магнітафоны. Мы чулі на тым сочынскім канцэрце значна больш інструментаў, чым бачылі на сцэне ва ўдзельнікаў ягонага ансамбля. А выконваў ён тады працяглыя кампазіцыі, дзе часцяком уступаў з вакальнай партыяй у поўнай цішыні. Мо шараговаму гледачу і было сумнавата пад час выступлення: ягоная музыка сапраўды даволі складаная. Мяркую, такая ж праграма была і ў Мінску пад час турнэ верасня 1979 года. Сочынскі ж канцэрт пачынаўся ўжо ў цемры на адкрытай пляцоўцы — пры святле аўтамабільных фар, сафітаў, лямпаў…

Яшчэ адзін момант. Мяркуючы па ігры Чэслава на фартэпіяна, можна і не здзіўляцца колішняму выключэнню з Гродзенскага музпедвучылішча. (Усміхаецца.) Зазначу, тыя ягоныя пасажы мне не зусім падабаліся, але калі ён пачынаў спяваць… Зачароўвала неверагодная экспрэсія, дыяпазон!.. Дарэчы, калі раней казалі “прафнепрыдатны” пра навучэнца музычнай установы, тое азначала, хутчэй за ўсё, што ён граў не тое і не так, як патрабавалі выкладчыкі. Урэшце, не выключаю захапленне Чэслава заходняй музыкай ужо ў часы яго прабывання ў Гродне… Так што маглі яго выключыць не за непаспяховасць, а, скажам так, за паводзіны.

У творчасці Нэмэна матывы беларускага меласу калі і ёсць, дык яны вельмі падобныя на польскія — і наадварот. Памежжа, што яшчэ сказаць… Палякі маглі размаўляць па-беларуску альбо па-руску, а беларусы, адпаведна, — па-польску. Так што тэрытарыяльная прыналежнасць мае свой адбітак: само паветра, моўная плынь уплываюць на чалавека, тым больш — у дзяцінстве…

Што сказаў бы Палівода?

Нагадаем, яшчэ ў першай частцы гэтага артыкула мы прыгадвалі першы буйны матэрыял пра Чэслава Нэмэна, напісаны музычным крытыкам Дзмітрыем Падбярэзскім у 2004 годзе, дзе, у прыватнасці, зазначалася пра кантакты Нэмэна, у прыватнасці, з Уладзімірам Мулявіным ды Ігарам Паліводам — удзельнікамі “Песняроў”. Брак гэтага сцвярджэння — адсутнасць рэальнай фактаграфіі.

Патэлефанаваў першай жонцы Ігара Паліводы Валянціне. Яна пра канкрэтныя стасункі паміж творцамі нічога не ведае, але тое, што ў фанатэцы Ігара Ігаравіча былі альбомы Чэслава Нэмэна, — факт, як і тое, што будучы кампазітар і яго першая жонка (аднакурснікі, дарэчы) слухалі музыку нашага земляка яшчэ на студэнцкай лаўцы. Праўда, спадарыня Валянціна выказала такую здагадку: маўляў, Палівода ў свой час наведваў Польшчу, дык хто выключае, што там магла быць сустрэча?

Каб высветліць, ці мелі ўсё ж месца кантакты Нэмэна і Паліводы, звязаўся і з удавой нашага славутага кампазітара Вольгай Пятроўнай — захавальніцай ягонай музычнай ды эпісталярнай спадчыны. “Паколькі падрабязна ведаю ягоныя дзённікі, то магу амаль упэўнена сказаць, што непасрэдных згадак пра Нэмэна там няма. Урэшце, і ў нашых размовах гэтае імя відавочна магло паўставаць, але наконт канкрэтыкі…” Тым не менш, Вольга Палівода занатавала цікавыя ў кантэксце тэмы даты і абяцала даць адказ праз колькі дзён. Так і адбылося. Але навін перагляд дзённіка не прынёс: “Скажам, у 1979-м Ігар сапраўды прыгадвае выезд “Песняроў” у Сочы, але пра сустрэчу з Нэмэнам не кажа нічога”, — паведаміла мне Вольга Палівода.

Што сказаў Ткачэнка?

Яшчэ адзін цікавы штрых да беларускай нэмэнаграфіі ўдалося атрымаць, пагутарыўшы з заслужаным артыстам Рэспублікі Беларусь, гітарыстам ансамбля “Песняры” ў 1978 — 1985 гг. Уладзімірам Ткачэнкам. Дарэчы, гледачом мінскага канцэрта нашага земляка ў 1976-м…

Аповед Уладзіміра Ткачэнкі — у наступнай частцы артыкула.

Пра творчыя сувязі Чэслава Нэмэна і “Песняроў” мы пісалі ў №№ 7, 9, 11 і 27 за 2014 год, паабяцаўшы чытачам новыя адкрыцці. Нагадаем, ужо вядомы дэталі сустрэчы артыстаў у Сопаце і факт існавання версіі песні "Бродяга" ў нэмэнаўскай манеры, але — з аранжыроўкай Мулявіна.

Аўтар: Сяргей ТРАФІЛАЎ
галоўны рэдактар газеты "Культура" у 2012 - 2017 гадах