Брама неўміручасці, або Прыгоды гарынскай цэглы

№ 28 (1154) 12.07.2014 - 18.07.2014 г

Бярозаўскі раён: аптымізацыя, памяць, рэстаўрацыя…
Апошні дзень нашай аўтакамандзіроўкі, так ужо атрымалася, быў прысвечаны культуры Бярозаўшчыны і ўласна Бярозы. На старадаўнім гербе яе красуецца брама кляштара ордэна картэзіянцаў. Наяве яна пакуль не такая прыгожая. Тым не менш, па-ранейшаму сімвалізуе заможнасць кляштара, што дасягнуў у XVII стагоддзі не толькі духоўных, але і эканамічных вышынь — за кошт развіцця крэдытавання, гандлю ды рамёстваў. А сімвал, звернуты да нашчадкаў, павінен існаваць вечна, нагадваць, абуджаць, клікаць… З дадзенай нагоды ўхвальна, што мясцовыя ўлады вырашылі аднавіць адмысловую пабудову і пераўтварыць яе ў гэткую Браму неўміручасці, што адкрывае нам выбітнасць тутэйшай гісторыі і культуры. Вось да той Брамы мы і імкнуліся цягам усяго дня. На шляху, трэба сказаць, сустрэлі безліч цікавага і карыснага для нас ды чытачоў.

/i/content/pi/cult/489/10463/10-1.jpg

Бярозаўская брама.

/i/content/pi/cult/489/10463/10-3.jpg

На пытанні адказвае прараб "Брэстрэстаўрацыі" Вячаслаў Кучаравы.

/i/content/pi/cult/489/10463/10-4.jpg

Дырэктар Бярозаўскага музея Любоў Ківатыцкая.

/i/content/pi/cult/489/10463/10-5.jpg

Бібліятэкар са Стрыгіні Святлана Пунько.

Закрываць ці не?

Ранак пачалі, натуральна, з візіту да начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Бярозаўскага райвыканкама Таццяны Кавалёк. Знаходзіцца аддзел у будынку ДШМ, які актыўна рамантуецца. Гаварылі пра набалелае: пра аптымізацыю. Па словах Таццяны Кавалёк, цягам мінулага года ў раёне былі закрыты тры бібліятэкі. Адна з іх месцілася ў вёсцы Горск, дзе засталося менш за шэсцьдзясят жыхароў. Неўзабаве там будзе скасаваны і сельскі клуб… Працягваецца інтэграцыя бібліятэк. Так, школьная ўстанова ў вёсцы Падкраічы далучылася да публічнай. Па такім жа прынцыпе будуць інтэграваны яшчэ сем бібліятэк.

Словам, гучала ўжо звычайная для нас фактура. Установы закрываюць, інтэгруюць, але працэс ідзе павольна ды стрымана. І гэта таксама добра зразумела: справа — новая, і пры паспешлівасці тут можна і дроў наламаць. Тым больш, што відавочнай грашовай эканоміі, як ні падлічвай, працэс пакуль не дае. А бібліобус з аўтаклубам, як перакананы кіраўнікі бярозаўскай культуры, усе пытанні якаснага абслугоўвання насельніцтва ну ніяк не закрыюць. Дык, урэшце, адкажыце, каму выгадна нявыгадная аптымізацыя? У нас у 118 раёнах Беларусі — 118 "рэцэптаў" аптымізацыі, інтэграцыі і мінімізацыі. Кепска тое ці добра? Вельмі не хацелася б, каб на гэтае пытанне адказвалі не спрактыкаваныя спецыялісты, а час. Ён, як вядома, не зважае на патрэбы культуры, а проста беззваротна мінае…

Закранулі і яшчэ адну “болевую кропку” — магчымасць павелічэння заробкаў работнікаў культуры, якія па максімуме выкладваюцца на працы. Нам патлумачылі, магчымасці гэтыя ёсць і актыўна выкарыстоўваюцца. Акрамя даплат з пазабюджэтных сродкаў, згодна з Дэкрэтам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 29 ад 26.07.1999 года, у якасці заахвочвання работнік можа атрымаць да кантракту да 50 працэнтаў ад акладу. Пагадзіцеся, добрая дабаўка, улічваючы, што сярэдні заробак работніка культуры ў Бярозаўскім раёне складае тры з паловай мільёны рублёў. Цікава іншае: бібліятэкар з вышэйшай адукацыяй атрымлівае, вядома ж, больш, чым яго менш адукаваны калега. А вось сярод работнікаў клубных устаноў узровень адукацыі не адбіваецца на заробку…

Лячыцца ад стрэсаў

Даўно не закраналі тэму развіцця школ мастацтваў. Таму сустрэча з кіраўніком Бярозаўскай ДШМ Ірынай Шуляк была прадвызначана. Ірына Рыгораўна трымаецца спакойна і з гонарам. Словам, нават знешнім выглядам ды паводзінамі абвяргае думку, што ў мясцовай школы мастацтваў могуць быць праблемы. "Ёсць толькі пытанні, якія мы вырашаем!" Так. Яшчэ тры гады таму ва ўстановы быў недабор вучняў, бралі кожнага, сёлета ж — ужо конкурс. Як усё атрымалася? Ды проста! За кошт рэкламных абыходаў, ад якіх баляць ногі, і дзякуючы асабістаму прафесіяналізму, ад якога баліць галава. Нармальныя выдаткі любога творчага працэсу...

Памяшканняў хапае, каб працавалі музычнае, харэаграфічнае, мастацкае аддзяленні. Маюцца камп’ютары, мультымедыйная ўстаноўка для віртуальных вандровак па тэатрах і галерэях свету. Ёсць дванаццаць педагагічных музкалектываў (!) самых розных жанравых кірункаў і тры дзіцячыя ўзорныя ансамблі. І гэтыя ансамблі пастаянна займаюць па Беларусі лідзіруючыя месцы. Прыкладна з дзесяці дзяцей восем вяртаюцца з лаўрэацкімі дыпломамі. Кіраўнік установы лічыць, што гэты паказчык і адлюстроўвае эфектыўнасць працы ДШМ.

Транспарт для таго, каб трапіць на конкурс, забяспечвае аддзел. Дзеці абавязкова заахвочваюцца. Летам па нядзелях у Бярозе ладзіцца культурна-асветніцкая акцыя "Летнія вечары на плошчы". Кожны калектыў (па плане, распрацаваным з зімы) абавязкова "засвечваецца" на гарадской плошчы.

У раёне — пяць школ мастацтваў. У бярозаўскай — два сельскія філіялы. А ёсць жа яшчэ і Белаазёрск, які таксама мае права называцца раённай культурнай сталіцай. Там таксама ёсць школа мастацтваў са сваімі філіяламі. Шкада, але да Белаазёрска тым днём мы так і не дабраліся. Але, па словах начальніка аддзела Таццяны Кавалёк, там таксама — поўны ажур.

Выснова — наступная. Школы мастацтваў, як і музычныя школы, — па нашым меркаванні, найбольш, так бы мовіць, стрэсаўстойлівая структура культурнай сферы. І заробкі тут вышэйшыя, і з кадрамі праблем няма, і ананімкі на начальства — справа рэдкая… А ўсё чаму? Ды таму, што ДШМ — навучальная ўстанова і па ранжыры стаіць бліжэй да сферы адукацыі, чым да культуры. А там, у адукацыі, і прававая база — належная, і перспектывы — вядомыя, і прэстыж прафесіі — хоць у нейкай ды наяўнасці. Мы разумеем, што параўноўваць адукацыю і культуру — што ставіць побач двух жабракоў. Але большы жаль выклікае ўсё ж культура. Хто памятае, калі апошнім разам павышаліся заробкі яе работнікам?..

Радыстка Кэт і іншыя…

Чарговы "гід" па культуры райцэнтра — дырэктар Бярозаўскага гісторыка-краязнаўчага музея Любоў Ківатыцкая. На тэхнічным узбраенні ўстановы — шэсць камп’ютараў і дзве мультымедыйныя ўстаноўкі. Але, як высветлілася, не гэтае начынне адыгрывае галоўную ролю ў справе прыцягнення шматлікіх турыстаў, а сучасны падыход да экскурсійна-асветніцкай дзейнасці ўстановы. Цяпер пад час экскурсій у музеі не засумуеш: сур’ёзная гістарычная інфармацыя “разбаўляецца” адметнымі ролевымі гульнямі, прадугледжанымі ў рамках новых праектаў “Бярозаўскі кірмаш” (праз гульню госці музея знаёмяцца з народнымі рамёствамі) і “З глыбінь народнай спадчыны”. Апошні прысвечаны адметнасцям народнага календара, абярэгам і мясцовай гаворцы. Надаецца ў музеі ўвага і рыцарскай культуры. І хоць рэканструкцыі рыцарскіх турніраў тут пакуль не ажыццяўляюцца, але, прынамсі, праверыць сваю трапнасць можа кожны ахвотны — страляючы з лука па мішэнях у філіяле ўстановы: Галерэі мастацтваў. Нарэшце, самы папулярны праект музея — “Лясная партызанская школа”. Праект, пра які ў свой час пісала “К”, з’явіўся ў 2006 годзе і дзейнічаў пэўны час. Цяпер “Лясная партызанская школа” адраджаецца ў новай выставачнай зале — 20 ліпеня чакаецца яе адкрыццё.

Прыемна адзначыць, што музей для папаўнення экспанатаў не абмяжоўваецца дапамогай
Міністэрства культуры і Дзяржаўнага мытнага камітэта (усяго ў музей трапілі 48 ікон, канфіскаваных на дзяржаўнай мяжы). Працягваецца супрацоўніцтва з мясцовым краязнаўцам, які зараз жыве ў Чэхіі. У архівах даследчык робіць пошукі, плённыя вынікі якіх выкарыстоўваюцца ў навукова-экспазіцыйнай рабоце музея. Дзякуючы апошняй сёлетняй канферэнцыі наладжана супрацоўніцтва і з польскім навукоўцам. Ён займаецца вывучэннем мінулага Бярозы. Словам, музей жыве, папаўняецца цікавымі прадметамі, сярод якіх уражваюць паўкілаграмовы кавалак бурштыну, знойдзены ў адных з крэйдавых кар’ераў раёна, багаты скарб XVI стагоддзя, скульптуры з колішняга кляштара, трафеі, вывезеныя ўдзельнікамі Вялікай Айчыннай вайны з Рэйхстага.

Адно шкада: пакуль у новых экспазіцыйных залах анатацыі аформлены выключна на рускай мове…

(Не)лірычнае адступленне Яўгена Рагіна

Мне ў Бярозаўскім музеі спадабалася. Шчыра скажу, да аналагічных раённых устаноў стаўлюся трохі скептычна. Цудоўна ведаю, што многім з іх хранічна бракуе арыгінальнай канцэпцыі, прадуманай музейнай "драматургіі". У такіх музеях, як мы пісалі ўжо, рэй вядуць пабіты моллю воўк ды набыты па бартары "карыесны" мамантавы бівень. Бяроза ж сябе паважае. І справа не толькі ў тым, што на шляху ад ДШМ да музея не было мінака, які не павітаўся б з Любоўю Ківатыцкай… Справа — у з’яднанасці музейнай каманды, дзе нават прыбіральшчыца пад час тэатралізацый — Радыстка Кэт. А ў выніку новая экспазіцыя ўражвае ўнікальнасцю экспанатаў, звязаных са старадаўняй гісторыяй, з мінулай вайной. Мяне, да прыкладу, кранулі баявыя ўзнагароды і савецкая зброя, асобныя мадэлі якой у іншых музеях бачыць не давялося. Кожная рэч — на сваім месцы, а музейная лагістыка выверана да драбніц. Не лічу сябе вялікім музейным крытыкам, але ўсё ж нарадзіўся і вырас у Ветцы, музейная традыцыя якой дапамагла зрабіць выснову: установа Бярозы шмат каго можа павучыць...

"Новае" жыццё "старога" будматэрыялу

Цвёрда вырашылі: калі не здолеем сустрэцца з рэстаўратарамі, матэрыял пра культурны клопат Бярозы будзе непаўнацэнным. Тым больш, гаворка вядзецца пра аднаўленне гербавага сімвала — кляштарнай брамы, узвядзенне якой ініцыяваў сам Леў Сапега.

Аб’ект знайшлі хутка і пераканаліся, што работы на ім вядуцца самыя актыўныя. Як распавёў прараб “Брэстрэстаўрацыі” Вячаслаў Кучаравы, да зімы рэстаўратарам неабходна завяршыць працу на браме манастыра, а гэта вельмі няпроста з улікам таго, што першасны праект рэстаўрацыі рабіўся ажно ў 2007 годзе, — за гэты час стан аб’екта заўважна пагоршыўся. У выніку, сёлета экспертам давялося працаваць паралельна з рэстаўратарамі.

У час размовы закранулі і тэму будаўнічых матэрыялаў, якія выкарыстоўваюцца пры рэстаўрацыі. Здавалася, у краіне толькі адзін завод вырабляе рэстаўрацыйную цэглу. Яе і варта выкарыстоўваць. Але ж не: “Брэстрэстаўрацыя” столінскую цэглу не выкарыстоўвае, абгрунтоўваючы гэта неналежнай якасцю апошняй. Справа ў тым, што пятнаццаць гадоў таму цэгла з пасёлка Рэчыца, што пад Столінам, выкарыстоўвалася пры рэстаўрацыі Ружанскага палаца — за дзесяцігоддзе яна літаральна развалілася… Таму ўзамен яе цяпер выкарыстоўваецца звычайная цэгла, якая адпавядае пэўным крытэрыям.

Па прыездзе ў Мінск датэлефанаваліся да Гарынскага камбіната будаўнічых матэрыялаў. Начальнік аддзела маркетынгу прадпрыемства Дзмітрый Вабішчэвіч патлумачыў, што ўзровень якасці цэглы пятнаццацігадовай даўніны і сённяшні — непараўнальны: у 2009 — 2010 гадах на прадпрыемстве адбылася мадэрнізацыя вытворчасці з устаноўкай новай тэхналагічнай лініі. На яе базе пасля навуковых эксперыментаў і была створана лінія па вытворчасці рэстаўрацыйнай цэглы, што прадугледжвае зусім іншы рэжым абпальвання і сушкі. Вядома, пры вытворчасці сустракаецца і бракаваная прадукцыя, якая ідзе не на рэстаўрацыю замкаў, а на другасную перапрацоўку.

Чаму ж тады ўзніклі такія перасцярогі ў брэсцкіх рэстаўратараў? Няўжо яны не чулі пра новую цэглу? Дзмітрый Вабішчэвіч пагадзіўся, што рэкламы новай прадукцыі Гарынскага КБМа практычна нідзе не сустрэнеш. Прычына адна: усе замовы на пастаўкі рэстаўрацыйнай цэглы на гістарычныя аб’екты ідуць не праз “Белрэстаўрацыю”, а праз Міністэрства культуры, якое, між іншым, і падштурхнула прадпрыемства вырабляць унікальны будаўнічы матэрыял. Калі ж рэстаўрацыйная цэгла прайшла ўсе неабходныя выпрабаванні і экспертызы, то чаму яе не выкарыстоўваць на большасці аб’ектах нашай архітэктурнай спадчыны? На жаль, пытанне гэтае застаецца адкрытым…

(Не)лірычнае адступленне Кастуся Антановіча

Пабываўшы ў Бярозе, пераканаўся: турыстычная прывабнасць горада ствараецца не толькі праз гістарычныя аб’екты, але і праз стаўленне мясцовай улады да культуры. Ці часта, скажам, на мінскіх плошчах гучыць жывая класічная музыка ў выкананні калектываў з музычных школ, вышэйшых і сярэдніх спецыяльных устаноў? А ў Бярозе гучыць! І збірае вакол сябе багата неабыякавых гараджан, таксама як і турыстаў…

Выканкамаўскі "філіял"

У аддзеле нам параілі па дарозе на Мінск заехаць у вёску Стрыгінь. Маўляў, там вельмі неблагая бібліятэка. Мы заехалі — і не пашкадавалі. Гаспадыня ўстановы Святлана Пунько распавяла нам пра прыярытэтны краязнаўчы кірунак. Мы спачатку былі засумавалі: гэты кірунак ці не ў кожнай сельскай бібліятэцы — прыярытэтны. А потым на ўласныя вочы пераканаліся, што да справы Святлана Мікалаеўна ставіцца з выключнай адказнасцю.

Пры ўстанове існуе клуб "Вытокі", да членаў якога смела можна аднесці ці не ўсё насельніцтва вёскі: настаўнікаў, рабочых, механізатараў, школьнікаў… Усе разам яны даследуюць гісторыю Вялікай Айчыннай вайны, лёсы загінулых землякоў. На паліцах, прысвечаных дзейнасці "Вытокаў", — каля тысячы фотаздымкаў, 254 рэчы: узнагароды ветэранаў, каскі, пісьмовыя ўспаміны, салдацкае ліставанне — знакамітыя трохкутнічкі, змест якіх проста разрывае душу… Такія ж трохкутнічкі вучацца рабіць школьнікі малодшых класаў. Пра што яны думаюць пры гэтым?..

І рарытэты і наватворы аб’яднаны адзінай летапіснай прасторай: гэта бясконцыя аркушы паперы, дзе мінуўшчына і сучаснасць мудрагеліста пераплецены, як і ў сапраўдным жыцці. Пачынаеш на стале чытальні разгортваць гэтае жыццё — і літаральна патанаеш у эмоцыях… Святлана Пунько перажывае, што ўвесь матэрыял яшчэ не пераведзены на "лічбу". Але ж у такім выпадку можна згубіць шчымлівы дотык да сапраўднага франтавога ліста, пракаментаванага сённяшнімі спадкаемцамі вызваліцеляў…

Яшчэ адзін бібліятэчны эксклюзіў, з якім раней не сутыкаліся. Да Святланы Пунько завітала кіраўнік справамі сельвыканкама Жанна Вакуліна. Завітала планава, бо назвала бібліятэку — выканкамаўскім філіялам. Пунько, маўляў, і кніжныя выстаўкі пад час сельсаветаўскіх сесій ладзіць, і сустрэчы з ветэранамі вайны арганізоўвае. Словам, як можа пашырае межы бібліятэчнага ўплыву. Больш чым ухвальна…

З кіраўніцтвам сельскага клуба не давялося пабачыцца (кіраўніца была на вучобе), а вось з этнамузейчыкам, размешчаным у клубным фае, пазнаёміліся. Ён таксама ўражвае разнастайнасцю рэчаў сялянскага побыту. Адзіная заўвага: пэўныя найменні экспанатаў напісаны беларускімі літарамі па-руску. Можна было б і ўзгадніць правапіс з "Вытокамі", сярод членаў якіх ёсць і настаўнікі роднай мовы. Але гэты недахоп, як кажуць, з ліку хуткавыпраўляемых…

Пад спякотным майскім небам рушым дахаты і слухаем Паліну Рэспубліку…

Агульнае (не)лірычнае заканчэнне

Кожны аўтатур мы называем чатырохдзённымі курсамі павышэння ўласнай кваліфікацыі. Наш чарговы аўтаваяж завершаны. Пасля яго, як і заўжды, адчуваем тое, што ведаем яшчэ мала. Таму зноў цягне павучыцца. На крэатыўным досведзе, на чужых памылках. Паверце, вельмі хочацца, каб першага было больш, а другіх — не існавала б увогуле. Гэтая вера і штурхае штораз у дарогу. Таму ў бліжэйшы час маем намер ізноў выправіцца ў вандроўку. Сустрэнемся!

Фота аўтараў

 

Чытайце пачатак аўтапрабегу па Міншчыне, Гродзеншчыне і Брэстчыне ў № 22, № 23, № 25 і № 27.

Чытайце ранейшыя аўтападарожжы журналістаў "К":
Магілёўшчына і Гомельшчына;

Міншчына, Брэстчына, Гродзеншчына
;

Віцебшчына, Магілёўшчына;

Гродзеншчына, Віцебшчына і Міншчына
;
Міншчына, Віцебшчына, Магілёўшчына.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"
Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"