Каму пасля дыплома камфортна?

№ 28 (1154) 12.07.2014 - 18.07.2014 г

Сцісла пра работы дызайнераў-2014 у нашых ВНУ
Летась “К” даволі падрабязна распавядала пра абароны дыпломаў у Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, а таксама ў сталічных ВНУ, якія маюць факультэты дызайну (гл. “К” № 34 за 2013 г.). Уласная інфармацыя суправаджалася каментарыямі спецыялістаў. Калі памятаеце, нашы суразмоўцы, увогуле станоўча характарызуючы стан падрыхтоўкі дызайнераў, не абмінулі, аднак, і наяўнасці праблем у гэтай сферы. Водгукі ж на тую публікацыю аказаліся неадназначнымі: нехта палічыў за станоўчую з’яву такі разбор, іншыя, наадварот, не жадалі б выносіць справу па-за межы аўдыторыі.

/i/content/pi/cult/489/10460/2-1.jpg

/i/content/pi/cult/489/10460/2-3.jpg

Дызайн-праект культурна-сацыяльнай акцыі "Ведай сваё" Лізаветы Емільянавай (БДАМ).

/i/content/pi/cult/489/10460/2-4.jpg

Фірменны стыль беларускай чыгункі, распрацаваны Алесяй Дэр (БДАМ).

Амбіцыі і… эканоміка

А праблемы ж тыя наўпрост звязаны з сітуацыяй у эканоміцы. Напрыклад, прывабнасць такой спецыяльнасці, як “Дызайн сродкаў транспарту”, сярод абітурыентаў не надта высокая. Дызайн як з’ява даўно пазбавіўся рамантычнага флёру — сёння ў ім дарэчны творчы прагматызм. І прагматычная моладзь добра дасведчаная адносна запатрабаванасці грамадствам тых або іншых прафесій. А тое, што сёння ў беларускім машынабудаванні не надта спрыяльныя ўмовы для рэалізацыі дызайнерскіх амбіцый, для спецыялістаў не сакрэт. Гэтак мы паступова можам і школу праектавання страціць…

Сёлетнія дыпломы дызайнераў БДАМ па транспартнай тэме былі даволі якасныя, але закладзеныя ў іх ідэі не будуць скарыстаны прамысловасцю. Гэта — выключна папяровы дызайн. Верагодна, што больш пашчасціць тым, хто абараняўся па тэматыцы “Дызайн быту”.

Віртуальных стала шмат

Дарэчы, невыпадкова ў недзяржаўных ВНУ, дзе ступень адаптаванасці працэсу навучання да патрэб рынку прафесій досыць высокая, дзе студэнты са сваёй кішэні плацяць за веды, з якіх потым збіраюцца бязбедна жыць, сярод гэтага кірунку спецыяльнасцей дамінуе “Дызайн віртуальнага асяроддзя”. Атрымаўшы такі дыплом, можна стаць праграмістам, распрацоўваць камп’ютарныя гульні, засяродзіцца на анімацыі, знайсці сябе ў рэкламнай сферы. Адна з недзяржаўных ВНУ сёлета выпусціла на рынак працы аж пяцьдзясят спецыялістаў у сферы віртуальнага дызайну, тым часам як у Акадэміі звыклая лічба па кожнай з дызайнерскіх спецыялізацый — да дзесяці дыпломнікаў. Складваецца ўражанне, што дызайн у нашай краіне са сферы рэальнай вытворчасці ўсё больш перасоўваецца ў віртуальную сферу, у яе забаўляльны сегмент.

Сёлета ў БДАМ я бачыў абарону згаданых “віртуальшчыкаў” і дызайнераў-графікаў. Па сэнсе гэта даволі блізкія прафесіі. Але першыя прэзентуюць нейкую з’яву, падзею або прадмет у дынамічнай форме — праз анімацыю ці нават пастановачнае відэа, — а другія малююць на паперы. Праўда, “малююць” таксама з дапамогай камп’ютара. Адных камп’ютар у пэўным сэнсе разбэшчвае, бо стварае ілюзію, што тэхніка заўжды вывязе, што з дапамогай камп’ютарных праграм можна зрабіць/скампанаваць/ скампіляваць нешта вартае ці, самае малое, — вонкава прывабнае, не прыкладаючы разумовых намаганняў. Летась мне давялося быць кіраўніком дызайнерскага дыплома ў адной з мінскіх ВНУ. На маю заўвагу “У вас па дыпломе нічога не зроблена, а да абароны засталося ўсяго два месяцы”, мой падапечны адказаў: “У мяне яшчэ цэлыя два месяцы!” Каментарыі тут залішнія. Ад знаёмых выкладчыкаў я ведаю, што падобныя настроі сярод дыпломнікаў — не такая ўжо рэдкасць.

Анімацыя для…

Але, у іншым выпадку, калі чалавек ведае, чаго хоча, камп’ютар — гэта цудоўны інструмент, які дазваляе істотна скараціць марудную падрыхтоўчую стадыю, сэканоміць каштоўны час для працы творчай. У гэтым я пераканаўся на прыкладзе абароны дыпломаў “віртуальшчыкамі” па тэме “Спадчына Беларусі”. Такіх дыпломаў было два: анімацыйныя ролікі “Палац у Белавежы” і “Быхаўскі замак”. У некалькі хвілін анімацыі былі ўціснуты асноўныя гістарычныя падзеі, што паўплывалі на лёс і аблічча згаданых помнікаў архітэктуры. Цудоўна перададзена атмасфера часу, які ўвасоблены ў архітэктуры палаца і замка. Лёгка ўявіць, што згаданыя дыпломы знойдуць месца ў інтэрактыве музейных экспазіцый.

Спрыяць засваенню падлеткамі ведаў па геаметрыі мог бы прадстаўлены на абароне анімацыйны ролік па гэтым прадмеце. Пры наяўнасці адукацыйнай функцыі дадзеная работа можа ўспрымацца як узор чыстай, абстрагаванай эстэтыкі, гэткага “мастацтва дзеля мастацтва”.

Анімацыя паводле традыцыйнай беларускай харэаграфіі даводзіць, што нашы танцы такія ж прывабныя, як і раскручаныя сусветныя брэнды ў гэтай галіне.

Запомніўся таксама адзін з дыпломаў дызайн-графікі пад назвай “Ведай сваё”. Гэта серыя паштовак, на якіх у дасціпнай форме праілюстраваны цікавыя факты з гісторыі Беларусі ды яе рэчаіснасці. Прадстаўленае на дыплом датычылася Мінска і Беларусі ўвогуле, але падобны праект можна рэалізаваць у кожнай вобласці, раёне, у кожнай вартай увагі кропцы на карце нашай краіны. Каб дасылаў турыст дадому паштоўку не з краявідам мясцін, а з графічным адлюстраваннем факта, які робіць гэтыя мясціны адметнымі…

Сваё і “сваё”

Дыпломная работа “Фірменны стыль Беларускай чыгункі” наўрад ці будзе ў бліжэйшы час рэалізавана, тым больш, што сённяшні знак-лагатып БЧ (яго, дарэчы, у 1990-х стварыла мая аднакурсніца Тамара Жаркевіч) добра выконвае сваю функцыю. Але на некаторыя закладзеныя ў ім ідэі варта звярнуць пільную ўвагу. У прыватнасці, нацыянальны каларыт установам і структурам Беларускай чыгункі надалі б прапанаваныя аўтарам піктаграмы, выкананыя на падставе стылістыкі нацыянальнага ткацтва.

Як бачыце, арыентацыя на нацыянальную эстэтыку, на беларускія рэаліі трывала замацавана ў праграме навучання дызайнераў у БДАМ.

Як і ва ўсіх мінскіх ВНУ, вучацца ў Акадэміі студэнты з Кітая. У тым ліку — на факультэце дызайну і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Быў сёлета на дызайн-графіцы і кітайскі дыплом. Уражвае тое, што кітайцы, засвойваючы беларускую школу дызайну і выяўленчага мастацтва, тэматычна застаюцца вернымі сваёй радзіме. Вось і згаданы дыплом зместам і стылістыкай прапагандаваў кітайскую культуру. Гэта была візуальная канцэпцыя кнігі па гісторыі развіццыя і трансфармацыі стрыжнявых іерогліфаў кітайскай мовы.

Сёлетнія дыпломы спецыялізацыі “Фотаграфіка” мне запомніліся падкрэсленай функцыянальнасцю і тэхналагічнасцю. Яны зроблены так, што іх можна адразу несці ў друкарню ды тыражаваць.

Эфект прэзентацыі

Бачыў я сёлета і дыпломы адной з недзяржаўных ВНУ. У мяне склалася ўражанне, што, пры падабенстве навучальных праграм і методык, недзяржаўныя ВНУ, у адрозненне ад БДАМ, больш увагі надаюць не матывацыі, не лагічнаму абгрунтаванню таго або іншага дызайн-праекта, а тэхнічнаму выкананню і эфектнаму прадстаўленню работы. Калі-нікалі гэта спрацоўвае, а бывае, што адсутнасць канцэптуальнага грунту надта ж муляе вока…

Але яшчэ невядома, каму пасля дыплома ў рэальным жыцці будзе больш зручна і камфортна: таму, хто задае шмат пытанняў, перш чым распачаць працу, ці таму, хто, маючы ў творчым арсенале два-тры эфектныя прыёмы, дзве-тры канструктыўныя схемы, проста падладжваецца пад не заўжды выхаваны густ замоўцы. Зрэшты, пры тым велізарным матэрыяльным абшары, які дызайнерам належыць акультурыць, справа знойдзецца спецыялістам рознага менталітэту, таленту і творчых схільнасцей.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"