Вяртанне Суціна на Радзіму, або Як парыжская “Rotonde” прапісалася ў Смілавічах

№ 7 (825) 16.02.2008 - 22.02.2008 г

Так, вялікі французскі жывапісец, яркі прадстаўнік “Парыжскай школы” Хаім Суцін вярнуўся на радзіму. 12 лютага ў г. п. Смілавічы Чэрвеньскага раёна, дзе ён нарадзіўся 115 гадоў таму, у памяшканні Дома дзіцячай творчасці адкрылася экспазіцыя, прысвечаная жыццю і творчасці Суціна.

Газета “Культура” адной з першых СМІ ў краіне, яшчэ ў 1994 годзе, падрабязна распавяла пра земляка, у той час практычна невядомага нашай культурнай грамадскасці. З тых часоў “Культура”, а таксама часопіс “Мастацтва” не раз вярталіся да гэтай тэмы, акцэнтуючы ўвагу на адраджэнні памяці пра выдатнага мастака, каб ён быў увекавечаны не толькі на малой радзіме, але і на правядзенні міжнародных пленэраў яго імя, як гэта адбываецца з рэгулярнымі пленэрамі М.Шагала, В.Бялыніцкага-Бірулі, І.Хруцкага, Н.Орды, Я.Майсеенкі і інш.
 /i/content/pi/cult/149/1046/Sutin1.jpg

У.Шчасны абвяшчае пра адкрыццё музея.

І вось, нарэшце, першая суцінская “ластаўка” прыляцела. Ідэя стварэння канцэпцыі экспазіцыі належыць Уладзіміру Шчаснаму — Паслу па асобых даручэннях МЗС, старшыні Нацыянальнай камісіі па справах ЮНЕСКО ў РБ, знаўцы французскага авангарда пачатку ХХ стагоддзя. Гэты праект, размешчаны ў дзвюх залах, здзейснены з дапамогай Нацыянальнага мастацкага музея і дызайнерскага бюро ТДА “Ладзес”, уключыў у сябе экспазіцыю “Прастора Хаіма Суціна”. У першай зале “На Радзіме: Смілавічы — Мінск — Вільня”— інсталяцыя са старой мэблі ды інфармацыйных стэндаў, якія апавядаюць пра радавод Суціных, яго родныя мясціны, вучобу ў Мінску — у Я.Кругера і ў Вільні — у І.Трутнева. У другой зале — рол-шторы з відарысамі вуліц Парыжа, стылізаваная абстаноўка характэрнай парыжскай кавярні, на сценах — рэпрадукцыі карцін Суціна і яго сяброў — выхадцаў з Беларусі: Шагала, Кікоіна, Крэменя, Мешчанінава, Цадкіна і інш. Тут, за кубачкам кавы для наведвальнікаў, будзе дэманстравацца 17-хвілінны варыянт французскага відэафільма “У пошуках Суціна” Жан-Мары Дро з жывымі ўспамінамі яго сяброў і сябровак.
Зараз вырашаецца пытанне аб наведванні экспазіцыі турыстамі, для чаго, зразумела, неабходна выпрацаваць не толькі маршрут вандровак па памятных “суцінскіх” мясцінах Чэрвеньскага раёна, але і добраўпарадкаваць адпаведныя вуліцы і плошчу.Тым больш, што зацікаўленасць раённых улад і гатоўнасць паспрыяць ва ўсіх гэтых справах ёсць!
Не марыла, напэўна, Ніна Аляксандраўна Ферапонтава — пляменніца знакамітага мастака-авангардыста Хаіма Суціна, выстаўка карцін якога зараз з вялізным поспехам праходзіць у Парыжы, што калі-небудзь адкрыецца ў родных Смілавічах “куточак”,
 /i/content/pi/cult/149/1046/Sutin2.jpg

 Дызайнеры экспазіцыі Вераніка Міхеенка
і Надзея Кухарэнка.

прысвечаны яе сваяку, вядомаму ва ўсім свеце. Нават не ўяўляла, што гэта можа быць рэальнасцю і што сама яна стане ганаровай госцяй урачыстай імпрэзы-прэзентацыі разам са сваёй дарослай унучкай.
Пра пляменніцу Суціна даведаліся валанцёры міжнароднага маладзёжнага лагера, арганізаванага Беларускай асацыяцыяй клубаў ЮНЕСКО, якія працавалі ў Смілавічах улетку два гады запар.Яе знайшлі ў Мінску. У Ніны Аляксандраўны — вялікая і дружная сям’я, ёсць унукі і нават праўнукі. Падчас імпрэзы яна прызналася: “Я вельмі шчаслівая, што такое адбылося”. Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны дванаццацігадовая Ніна пакінула Смілавічы. У яе памяці мястэчка засталося маляўнічым, утульным, з велічнымі касцёлам, царквой, мячэццю, сінагогай. Бацька яе быў дэпутатам мясцовага Савета. Ён шмат расказваў дзяўчынцы пра “дзядзьку”.
Падлеткам Хаім Суцін шмат маляваў, блукаў па наваколлі, шукаючы натуру для сваіх замалёвак. Часта зазіраў у парк Ваньковічаў, каб палюбавацца іх палацам. Гаспадары сядзібы прыкмецілі таленавітага хлопца, палюбілі Хаіма і дапамагалі яму. Н.Ферапонтава згадала бацькаў аповед аб тым, што Суцін у падлеткавым узросце напісаў тры карціны, аднак яны не захаваліся. Дзякуючы яе ўспамінам мастацтвазнаўцы і гісторыкі здолеюць цяпер раскрыць нямала “белых плям” у біяграфіі слыннага мастака, устанавіць дату яго нараджэння. Да нядаўняга часу лічылася, што Смілавічы былі занядбаным мястэчкам. Аднак, прадстаўляючы залу, прысвечаную смілавіцкаму перыяду жыцця Хаіма Суціна,
 /i/content/pi/cult/149/1046/Sutin3.jpg
 Партрэт Х.Суціна ў выкананні мастака Кікоіна.
Надзея Усава— адна з аўтараў канцэпцыі музейнай экспазіцыі “Прастора Хаіма Суціна”— зазначыла: задача стваральнікаў — паказаць, якімі былі Смілавічы на той час і развеяць колішнія міфы.
Славілася мястэчка сядзібай, якая ў розны час належала знакамітым шляхецкім родам — Агінскіх, Ваньковічаў. На шчасце, яна захавалася, але патрабуе сур’ёзнай рэстаўрацыі. Ацалеў і стары парк.Суцін жыў у Смілавічах да 1909 года. Старадаўнія і даваенныя фота мястэчка ўдалося знайсці з дапамогай калекцыянера У.Ліхадзедава. Высветлілася, што Смілавічы малявалі многія вядомыя мастакі, у тым ліку Шыдлоўскі і Орда. Дасюль у гарадку знаходзяцца чатыры дамыдоўгажыхары, аднаму з іх 100 гадоў.
Як узгадвае Н.Ферапонтава, гарадок быў сялянска-рамесніцкі, ціхі, каля іх дома ішла брукаванка. Бацька Суціна працаваў краўцом, шыў строі для шляхетных дам. На жаль, ніводнай карціны мастака няма не толькі на радзіме, але і на ўсёй прасторы былога СССР. Кажуць, што адзіная яго работа захоўваецца ў прыватнай калекцыі ў Маскве.
У адной французскай кнізе быў знойдзены ліст са Смілавічаў 1936 года да Хаіма Суціна ад яго сястры, маці Ніны Аляксандраўны Ферапонтавай, якая пісала аб сваіх праблемах, хваробах і прасіла брата даслаць грошы. Ён адгукнуўся на просьбу; зрэшты, мастак дапамагаў сям’і, хаця раней лічылася, што зусім спыніў з ёй кантакты. Архівіст Ігар Жарняркевіч склаў радавод Суціных, пачатак якога — у ХVІІІ стагоддзі.
Мастацтвазнаўцы не ведалі імёнаў бацькоў Суціна і толькі дзякуючы пляменніцы даведаліся аб іх. Дапамагалі пры стварэнні музейных пакояў мясцовыя краязнаўцы, а таксама прадстаўнікі роду Ваньковічаў. Пол Ваньковіч, які зараз жыве ў ЗША, даслаў фота перыяду жыцця Суціна ў Смілавічах...
Перайшоўшы ў другую музейную залу, са старых Смілавічаў госці імпрэзы патрапілі ў Парыж пачатку ХХ стагоддзя, кавярню “Rotonde” (“Ратонда”), дзе збіралася мастацкая
 /i/content/pi/cult/149/1046/Sutin4.jpg
Першыя госці “Rоtonde”. На пярэднім плане
Жан-Луі Пелетэн і Жазэта Міра.
багема. Седзячы за ўтульнымі столікамі на крэслах, падобных да тых, якія былі ў модзе ў тую пару, папіваючы каву з вытанчаных белых кубачкаў з надпісам “L’espace de Sutine” (у перакладзе — “Прастора Суціна”), удзельнікі імпрэзы з цікавасцю слухалі расповед Уладзіміра Шчаснага пра французскі перыяд жыцця мастака. У Парыж Суцін прыехаў у 1913 годзе. “Вулей” — гэтак зваўся дом, які сабраў пад дахам плеяду мастакоў, што зрабілі значны ўнёсак у развіццё мастацтва пачатку ХХ стагоддзя і дасюль застаюцца найвядомымі ў свеце. Гэта Шагал, Кікоін, Крэмень, Ліпшыц, Лежэ, Цадкін і Мешчанінаў — вучні Пэна. У Парыжы Суцін пазнаёміўся з італьянскім мастаком Амадэа Мадзільяні, які стаў самым блізкім сябрам колішняга смілаўчаніна. Пэндзлю Мадзільяні належыць партрэт Суціна, намаляваны на дзвярах кватэры тагачаснага мецэната Леапольда Збароўскага.
Памяць аб Суціне паступова прыходзіць на радзіму. У віцебскім тэатры імя Якуба Коласа ў 2002 годзе быў пастаўлены спектакль “Мадам Боншанс”, прысвечаны Хаіму Суціну. Адкрыццё экспазіцыі ў Смілавічах — яшчэ адзін важны крок у справе вяртання Суціна на Беларусь. Дызайнеры Вераніка Міхеенка і Надзея Кухарэнка адзначылі, што ім было надзвычай цікава працаваць. Афармленне залаў яны, з аднаго боку, імкнуліся наблізіць да часоў пачатку ХХ стагоддзя, а з другога — зрабіць сучасным. І гэта, трэба зазначыць, у іх атрымалася. Рэпрадукцыі карцін Суціна браліся з кніг па мастацтве, некаторыя прывезены з Францыі. Шафа і камод, якія стаяць у першай зале, — унікальныя, сапраўды старажытныя, знойдзеныя ў Смілавічах валанцёрамі. Яны адшукалі і месца, дзе калісьці стаяў дом сям’і Хаіма Суціна, шмат іншых каштоўных рэчаў, інфармацыі.Прадстаўнікі Пасольства Францыі ў Беларусі, якое дапамагала ў ажыццяўленні суцінскага праекта, — саветнік па пытаннях культуры Жан-Луі Пелетэн і консул Жазэта Міра падкрэслілі: Суцін — адзін з ланцужкоў, які з’ядноўвае французскі і беларускі народы, іх культуры.

Наталля КІРПІЧЭНКАВА
Фота Юрыя ІВАНОВА