Генадзь Бураўкін

№ 28 (1154) 12.07.2014 - 18.07.2014 г

Сяргей ЧЫГРЫН, загадчык літаратурнай часткі Слонімскага драматычнага тэатра
Не стала Генадзя Бураўкіна. Не стала народнага паэта, якога мы моцна любілі. Любілі яго як чалавека, як паэта, як грамадскага дзеяча, любілі яго як старэйшага сябра і дарадчыка. А ён любіў нас, маладых хлопцаў і дзяўчат, асабліва тых, хто жыве ў рэгіёнах Беларусі, хто піша па-беларуску, хто працуе на Беларусь, ганарыўся намі, паважаў нас.

/i/content/pi/cult/489/10457/2-22.jpgКалі ён са мной сустракаўся, шчыра абдымаў мяне, ціснуў руку і казаў вельмі шчырыя словы падзякі за ўсё і за ўсіх, бо хто цябе пахваліць у правінцыі?.. Ды ніхто. А Генадзь Мікалаевіч рабіў гэта ад сэрца, па-бацькоўску цёпла, і адчувалася ў яго вачах радасць за нас. Ён ніколі не пытаўся ў мяне: над чым ты цяпер працуеш? Ён радасна казаў: “Чытаў твой матэрыял, чытаў! Маладзец!..” І гэтых слоў мне хапала да наступнай сустрэчы…

І хоць сустрэч з Генадзем Мікалаевічам у мяне было менш, чым у тых, хто з ім жыў у Мінску, мне адчувалася, што ён больш хіліўся да тых, хто жыў далёка ад сталіцы, хто за некалькі соцень кіламетраў прыязджаў сюды не так часта. “Ты, Сяргей, са Слонімскага раёна, а я — з Расонскага. Але памятай, што ёсць прыгожае слова “правінцыя”, дзе можна тварыць лепш, чым у сталіцы”, — казаў Генадзь Мікалаевіч. Гаворачы пра Слонімскі і Расонскі раёны, ён чамусьці пры вымаўленні вылучаў літару “С”. А сам усміхаўся і пачынаў распавядаць пра ўсе навіны літаратурнага жыцця ў беларускай сталіцы. На пытанні мае адказваў хутка і сам адразу свае адказы каментаваў. І яго было слухаць вельмі цікава. Таму пасля сустрэч з ім я вяртаўся дамоў нейкім натхнёным, творча і духоўна ўзбагачаным, што хацелася жыць і працаваць, працаваць!..

Яго сябра — прафесар Алег Лойка (1931 — 2008) апошнія гады жыцця пражыў у Слоніме. Я часта з ім сустракаўся, шмат гутарыў, шмат у нас было творчых планаў ды мар. І калі мы нешта задумвалі з Алегам Антонавічам, ён папярэджваў: “Трэба параіцца з Генадзем”. З Генадзем Бураўкіным яны былі добрыя сябры. Таму Алег Лойка шмат пра яго ведаў, распавядаў, асабліва пра той час, калі ён з’яўляўся старшынёй Дзяржтэлерадыё БССР і пастаянным прадстаўніком Беларусі ў ААН.

Цяпер ужо няма гэтых вялікіх людзей нашай Бацькаўшчыны. Адыходзяць беларускія аксакалы — паважаныя, таленавітыя, умудроныя жыццём людзі. Адным з такіх быў і Генадзь Бураўкін — найвыдатнейшая АСОБА зямлі беларускай. Дзякуй Вам за ўсё, дарагі Генадзь Мікалаевіч!..