Масты дружбы

№ 28 (1154) 12.07.2014 - 18.07.2014 г

На думку Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, якую ён выказаў пад час адкрыцця форуму, Міжнародны фестываль мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” не страчвае стрыжань і ядро — мастацтва брацкіх народаў Расіі, Беларусі і Украіны, якія стаялі ля яго вытокаў, і адну з галоўных ідэй: з дапамогай мастацтва наводзіць масты дружбы паміж людзьмі і садзейнічаць захаванню нацыянальнай разнастайнасці.

Нагадаўшы пра тое, што форум праходзіць дваццаць трэці раз, Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што за гэтыя гады ў свеце не раз мянялася мода на мастацкія напрамкі і стылі: “Сцерліся з памяці нямала праектаў, якія спачатку гучна заявілі аб сабе. А наш “Славянскі базар”, што пачынаўся са сціплага песеннага конкурсу, вырас у сапраўдную творчую Алімпіяду, дзе дэманструюць свае дасягненні прадстаўнікі розных відаў мастацтва”.

На думку беларускага Лідара, крыніцай сілы і энергіі фестывалю з’яўляецца славянская культура — адна з самых старажытных, самабытных і багатых на Зямлі, якая ўвабрала ў сябе традыцыі Усходу і Захаду, захавала інтэлектуальную і духоўную спадчыну пакаленняў.

“Група славянскіх народаў — самая вялікая ў Еўропе. І, як бы ні складваўся лёс канкрэтных этнасаў, у крытычныя моманты гісторыі адзінства славян заўсёды праяўлялася. Гэта актуальна сёння. І я ўпэўнены, што трэба дастаць гэтыя струны душы і праявіць гэта славянскае адзінства, — падкрэсліў Лукашэнка. — Нашы продкі не бачылі сябе паасобку, не шукалі варожасці, а вышэй за ўсё цанілі верную дружбу”.

“Славянскі базар” — адно з тых месцаў, дзе мы можам яшчэ раз пацвердзіць сваё імкненне быць разам. Свята берагчы шматвяковыя вузы, якія звязваюць нас, заснаваныя на агульнасці гістарычных шляхоў, блізкасці моў і культур”, — лічыць Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што на фестывалі рады бачыць прадстаўнікоў розных кантынентаў, краін і народаў. Праект даўно выйшаў за рамкі толькі славянскага форуму. З кожным годам ён пашырае мастацкія і, што немалаважна, геаграфічныя межы. Гэтымі днямі на фестывальных пляцоўках выступяць прадстаўнікі 29 краін, з’явіцца нямала маладых талентаў, прэм’ерных праектаў і новых праграм.

“Уласцівыя славянам ветлівасць і гасціннасць у многім вызначаюць непаўторнае аблічча фестывалю і садзейнічаюць росту яго папулярнасці ў свеце. Гэта свята для ўсіх, хто сваёй творчасцю робіць жыццё прыгажэйшым і дабрэйшым. Для ўсіх, хто ўмее цаніць прыгажосць, талент і арыгінальнасць”, — падкрэсліў беларускі Лідар.

Уручаючы спецыяльную ўзнагароду “Праз мастацтва — да міру і ўзаемаразумення” народнай артыстцы Расіі Надзеі Бабкінай Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што гэта ўзнагарода дастаецца лепшым. Надзея Бабкіна падзякавала за аказаны давер, адзначыўшы, што вельмі рада ўзнагародзе. Аляксандр Лукашэнка таксама ўручыў прэміі Саюзнай дзяржавы, якой удастоены выдатны скульптар Іван Міско і вядомы даследчык архітэктуры Інэса Слюнькова.

У час наведвання фестывалю Прэзідэнт адзначыў шэраг кірункаў для працы Міністэрству культуры. “Калі ў нас робіцца нумар, ён павінен быць не горшым, чым аналагічны ў свеце, і па харэаграфіі, і па вакале, і па музыцы, і па аранжыроўцы. У адваротным выпадку, навошта рабіць?” — лічыць Кіраўнік дзяржавы. “У нас што, няма экспертаў, якія скажуць: не, не пойдзе, гэта не сусветны ўзровень? Ёсць. А адносіны — добра, пойдзе”, — сказаў Прэзідэнт. Аляксандр Лукашэнка лічыць, што любы канцэрт павінна аб’ядноўваць цэласная канцэпцыя, ён не павінен уяўляць сабой выступленне асобных артыстаў.

Прэзідэнт закрануў і такі аспект, як выступленне артыстаў пад фанаграму. “Добра, ты даеш канцэрт дзве з паловай гадзіны, скачаш, трэба недзе перадыхнуць — нешта паставіш пад фанаграму. Але калі ты спяваеш толькі дзве песні, то можна выйсці, калі ты сапраўды артыст, і спець ужывую”, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт лічыць, што ў краіне гэтымі пытаннямі займаюцца ад выпадку да выпадку, падкрэсліўшы, што павінна быць пастаянная планамерная работа па павышэнні майстэрства артыстаў.

Паводле паведамленняў Прэс-службы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь