Імправізацыі і школьны хор

№ 28 (1154) 12.07.2014 - 18.07.2014 г

Леанід НАРУШЭВІЧ, музыкант, лідар гурта "Князь Мышкін"
Па шчырасці, з культурай у мяне не заладзілася з самага пачатку. А вось з музыкай…

/i/content/pi/cult/489/10454/13-13.jpgХросны падарыў мне маленькі дзіцячы баянчык, калі мне было гады тры. Я спрабаваў нешта з яго “выняць”, мабыць, нават нешта спяваў, таму што да гэтага часу памятаю пах яго мяхоў і зялёную перламутравую абіўку. Затым у другім класе мінскай СШ № 123 мяне не ўзялі пасля папярэдняга праслухоўвання ў музычную школу. Мабыць, чагосьці дзесьці не дацягнуў, не змог, не зразумеў. Але ў трэцім класе, дзякуючы настаўніку спеваў Руслану Беламу (ён, дарэчы, быў кампазітарам, пісаў музыку для дзяцей), спяваў у школьным хоры да таго часу, пакуль не зламаўся мой высокі голас. Але ўжо тады больш за патрыятычныя піянерскія песні, якія я выконваў з дзяўчатамі-харавiчкамi, мне падабаліся выступленні школьнага ВІА на тамтэйшых святах. Яго ўдзельнікі падаваліся проста нейкімі суперлюдзьмі! Яны выконвалі, як цяпер прынята казаць, каверы на “Песняроў”, “Beatles” і песні ўласнага сачынення.

А ўлетку 1975-га ў Ракаве я выпадкова пачуў, як мясцовы віртуоз Юхавіч грае на мандаліне польскія ды беларускія мелодыі. І вось тут я ўжо “захварэў” па-сапраўднаму. Бабуля выкупіла ў яго за дваццаць рублёў маленькую мандаліну, а далей я набыў у краме “Музыка” сямiструнную гітару і пачаў складаць уласныя немудрагелістыя песенькі. У 1979-м у вучылішчы кінамеханікаў паспрабаваў стварыць свой першы ансамбль, а ў 1983 годзе, сумесна з Сяргеем Дуднiцкiм, сабралі першы рок-склад і назвалі яго “Інтэр”.

У 1989 годзе я нейкім чынам апынуўся ў гурце “Зарцiпо”, дзе мы пачалі замест песень запісваць свае імправізацыйныя рэпетыцыі. І так мне гэта спадабалася — імправізаваць, — што з 1991 года ўжо ў створаным мной калектыве “Князь Мышкін” шчасна займаюся такой справай да сённяшняга часу.

Нельга сказаць, што калектыў прымаюць і разумеюць на нашых прасторах. Але дзякуючы Інтэрнэту ды настойлівасці “Князь Мышкін” гастралюе і запісвае свае, па большай частцы — канцэртныя, выступленні. Атрымалася выступіць на фестывалях у Чэхіі і Польшчы, Літве і Латвіі, Украіне і Расіі. Дый на перспектыву “планаў громадьё”. Было б цікава пайграць яшчэ і ў мясцовых “філармоніях”, але ўжо, мабыць, не задалося з самага пачатку…

Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"