Тры кірмашы на адным свяце

№ 28 (1154) 12.07.2014 - 18.07.2014 г

Як Александрыя сабрала сяброў
5 — 6 ліпеня ў вёсцы Александрыя Шклоўскага раёна чарговы раз прайшло рэспубліканскае свята “Купалле” (“Александрыя збірае сяброў”).

/i/content/pi/cult/489/10450/12-2.jpg

/i/content/pi/cult/489/10450/12-4.jpg /i/content/pi/cult/489/10450/12-5.jpg

/i/content/pi/cult/489/10450/12-7.jpg

/i/content/pi/cult/489/10450/12-9.jpg /i/content/pi/cult/489/10450/12-10.jpg

Купалле — чароўнае і, безумоўна, самае прыгожае свята беларускага народнага календара. Гэта час найбольшага росквіту прыроды, калі зямля дыхае сілай, перадаючы сваю энергію ўсяму жывому. Менавіта на Купалле зёлкі маюць асаблівыя гаючыя ўласцівасці, вада ператвараецца ў цудоўны эліксір маладосці, агонь атрымлівае вялікую ахоўную і ачышчальную моц, а кожнае слова, прамоўленае ўслых, робіцца замовай… Яшчэ адна рыса, уласцівая Купаллю: яно ніколі не адзначаецца ў адзіноце. Вось і свята ў Александрыі, па задуме арганізатараў, праходзіла пад дэвізам “Днепр — рака сяброўства!”. Для гэтага ёсць падстава: з даўніх часоў Днепр звязвае тры славянскія народы — беларускі, рускі і ўкраінскі, таму па традыцыі ў свяце прымалі ўдзел майстры і творчыя калектывы з Расіі і Украіны.

Адной з галоўных дзей свята стаў Александрыйскі кірмаш, на якім адбылася шумная, пярэстая “сустрэча трох…”: Сарочынскага кірмашу, што аб’яднаў пад святочным небам вытворцаў з Украіны (Чарнігаў, Чарнаўцы і Цярнопаль), Ніжагародскага кірмашу, які з’яўляецца своеасаблівай “візітоўкай” Расіі (майстры з Ніжагародскай, Калінінградскай, Смаленскай абласцей), і беларускага — Александрыйскага.

Беларускі кірмаш, паводле задумы арганізатараў, меў на мэце найперш паказаць вялікае багацце беларускай дэкаратыўна-прыкладной і фальклорна-абрадавай культуры. Пры ўваходзе гасцей па традыцыі чакалі хлеб ды соль. Кожнаму, хто набываў духмяны купальскі каравай, хлебапёкі абяцалі здароўе, шчасце і багацце на цэлы год!..

Калі пшанічны і жытнёвы хлеб заўсёды вяршэнстваваў на беларускім стале, то другое пачэснае месца ўжо даўно замацавалася за бульбай. На творчай пляцоўцы “Гасцёўня бульбаша” клубнымі ўстановамі Шклоўскага, Хоцімскага, Краснапольскага і Глускага раёнаў ладзілася свята беларускай бульбы. Тут прайшлі конкурсы па намінацыях “Арыгінальная страва”, “Лепшы аб’ёмны тэатральны касцюм”, “Лепшая гульнёвая праграма на тэму “Беларуская бульба”, “Лепшая прыпеўка, прысвечаная беларускай бульбе”.

Міні-свята “Чароўныя карункі” прадставіла для гасцей “Купалля” экспазіцыю работ майстроў па вышыўцы, ткацтве, карункапляценні, вырабе тэкстыльнай лялькі. Выстаўка майстроў вобласці знаёміла гледачоў з беларускім ручніком і рэгіянальнымі строямі Магілёўшчыны. А ў тэматычнай экспазіцыі “Залатая саломка” дэманстраваліся вырабы з “сялянскага золата” — саломкі: саламяныя цацкі, дэкаратыўныя пано, а таксама прадметы побыту ды інтэр’ерныя аб’екты, вырабленыя з саломкі або аздобленыя ёй.

На міні-свяце “Глушанскі хутарок” увазе наведвальнікаў быў прадстаўлены багаты асартымент вырабаў керамістаў Бабруйскага, Клімавіцкага, Чавускага, Крычаўскага раёнаў: сталовы посуд, а таксама сувеніры з гліны, сярод якіх значнае месца займалі свістулькі — старадаўні славянскі абярэг. Часцей за ўсё на кірмашы сустракаліся гліняныя коні і птушкі, бо, як вядома, конь здаўна лічыцца сімвалам шчасця, сонца, а фігуркі птушак з’яўляюцца сімвалам хатняга агменю і дабрабыту.

Пляцоўка “Сялянскі двор” клубных устаноў Касцюковіцкага, Слаўгарадскага, Дрыбінскага, Магілёўскага раёнаў уяўляла з сябе рэканструкцыю вялікага сялянскага двара. Тут можна было пазнаёміцца з побытам беларускай хаты, атрымаць майстар-клас па вырабе кошыкаў, сурвэтак, лыжак. Наведвальнікам “Сялянскага двара” сваё ўнікальнае майстэрства дэманстравалі шапавалы з Дрыбіншчыны. Сыравары са Слаўгарадскага раёна ад душы частавалі гасцей, а побач разгарнулі гандаль разьбяры па дрэве. Шчыравала і “Гусінае свята”, а непадалёк арганізавалі выстаўку-продаж жывой прадукцыі жывёлагадоўчых, птушкагадоўчых і рыбных гаспадарак краіны. Тут жа госці свята маглі набыць купальскі вянок з жывых кветак, прадэгуставаць беларускія стравы, прыняць удзел у фальклорных гульнёва-забаўляльных праграмах.

У канцэртнай праграме “Александрыя гасцінна вітае сяброў”, якая прайшла на Малой святочнай сцэне, прынялі ўдзел творчыя калектывы “Родники” (горад Сямёнаў на Ніжагародчыне), “Червона калина” (украінскі Чарнігаў), “Дюз-ава” (малдаўская Гагаузія) і фальклорныя калектывы Магілёўшчыны.

На другі дзень свята адбыўся тэматычны канцэрт “Купальскі карагод”, дзе свае праграмы прадставілі творчыя калектывы Расіі, Украіны і нашай Магілёўшчыны. Таксама ў канцэрце прымалі ўдзел актыўныя ды таленавітыя сем’і вобласці — удзельнікі абласнога агляду-конкурсу сямейнай творчасці “Жывіце ў радасці!” (у яго рамках радзіны спаборнічалі не толькі ў сцэнічным майстэрстве, але і ў намінацыях “Сям’я-рукатворніца”, “Гасцінны каравай”, “Хай льецца песня і прыпеўка!” і “Музычная скарбонка”).

Алена БЕЛАНОЖКА, вядучы метадыст Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветніцкай работы

Фота аўтара