Стаў народным і рок-гурт

№ 28 (1154) 12.07.2014 - 18.07.2014 г

Алег МАЦВЯЙЧУК, Шумілінскі райвыканкам
Шуміліншчына — край шматлікіх самадзейных калектываў, няўрымслівых бібліятэкараў, што шануюць чытача і вырошчваюць побач з кніжнымі паліцамі зімовы сад, край адмысловых рамеснікаў, якія славяцца не толькі задымленым гліняным посудам…

/i/content/pi/cult/489/10449/12-1.jpgШтосьці новае заўжды нараджаецца на стыку агульных інтарэсаў. Прыклад: капітальны рамонт з карэннай мадэрнізацыяй Шумілінскай школы мастацтваў. Менавіта на ёй сышліся інтарэсы нашага аддзела, абласнога ўпраўлення і Шумілінскага райвыканкама. У выніку на аб’екце асвоена ўжо дзесьці чатыры з паловай мільярды рублёў. Здача запланавана на пачатак новага навучальнага года. Ужо цяпер добра бачна, што аналагічнага па прыгажосці будынка на Віцебшчыне пакуль няма. І наша ДШМ таго вартая: тут працуюць пяць аддзяленняў, вучацца 375 дзяцей, для якіх неўзабаве адкрыюцца якасна новыя магчымасці творчай самарэалізацыі…

Асноўная задача аддзела — задавальненне культурных патрэб усіх без выключэння ўзроставых катэгорый. Займаемся гэтым планамерна, з года ў год. Менавіта таму ў раёне — 145 аматарскіх фарміраванняў, дзе заняты 1 560 удзельнікаў; 15 народных і 5 узорных самадзейных калектываў. Летась народным у нас стаў нават рок-гурт “Эксперымент 12”. Словам, імкнёмся крочыць у нагу з часам. Моладзь задаволена.

Не ходзім з працягнутай рукой. 80 мільёнаў рублёў выдаткавалі вобласць і раён на набыццё касцюмаў ды інструментаў для барабаншчыц: іх урачыстае шэсце ўпрыгожвае выступленні нашага духавога аркестра. Ён нядаўна прывёз з Лепеля, дзе праходзіў абласны конкурс “духавікоў”, аж пяць лаўрэацкіх дыпломаў...

Часта задумваюся над тым, а хто ўносіць большы ўклад у развіццё раённай культуры: бібліятэкары ці клубныя работнікі. Але зноў і зноў прыходжу да высновы: іх дзейнасць варта разглядаць толькі ва ўзаемадзеянні. Маю на ўвазе згаданы ўжо стык агульных інтарэсаў, адкуль і бярэ адлік наша творчая дзейнасць. Для мяне вёска толькі тады жывая, калі апрача крамы мае клуб і бібліятэку. Таму не спяшаемся з аптымізацыяй. Так, на 15-20 працэнтаў там-сям зніжаецца працоўная нагрузка, але імкнёмся пакінуць ранейшую сетку нашых устаноў. Тым больш, што кадраў у нас хапае. Прынамсі, вакансій не маем.

Тут вялікую справу робіць наша ДШМ. Менавіта адсюль пасля выпуску прыходзяць да нас музыканты-выкладчыкі, мастацкія кіраўнікі харавых, танцавальных ды інструментальных калектываў… Пастаянна кантактуем з музычнымі каледжамі Віцебска і Наваполацка. Сёлета да нас прыязджаюць дзевяць спецыялістаў: духавікі, цымбалісты, акардэаністы, дамбрысты і піяністы.

Калектыў у нас — высокапрафесійны, умовы працы — спрыяльныя. Як правіла, юнакі і дзяўчаты ў нас застаюцца. Прыкладна палова кадраў — свае, дамарослыя, астатнія — прыезджыя. Да прыкладу, летась прынялі пяць такіх работнікаў. Яны на сёння — у ліку лепшых і яркіх нашых спецыялістаў, якія задаюць тон, не даюць нікому супакоіцца, здзіўляюць ідэямі як сцэнарысты ды як рэжысёры. І ўвогуле пераконваюся, што апошнім часам у сферу рэгіянальнай культуры прыходзяць абсалютна невыпадковыя людзі. Заслуга ў гэтым належыць вышэйназваным сярэднім спецыяльным установам, якія нястомна адшукваюць таленавітых абітурыентаў…

Інакш кажучы, ведаем, куды нам рухацца. Пры гэтым мы не прывыклі скардзіцца на нейкія праблемы. Па маім цвёрдым перакананні, прафесіяналы павінны ўсведамляць, што праблемы — неад’емная частка любой працоўнай дзейнасці. А вось іх аператыўнае і выніковае рашэнне — неад’емны складнік любой творчай натуры.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"