Пад назвай "Фестываль"

№ 28 (1154) 12.07.2014 - 18.07.2014 г

Ці сапраўды святы ў райцэнтрах “нахабна сядзяць на бюджэце”?
Сёння мы вырашылі пагаварыць пра фестывальную “кухню”. Дакладней — пра тое, якіх высілкаў, маральных і эканамічных, патрабуе не толькі стварэнне фэсту, але і лагічнае развіццё апошняга. Жыццё пераконвае, што гэты рух — непазбежны. Ужо цяпер можна смела згадаць з дзясятак праектаў, якія нарадзіліся ў раённых цэнтрах ды за пэўны час паспелі займець брэндавы статус. І гэтымі фэстамі пачалі цікавіцца турысты, майстры традыцыйнай творчасці, аматары нацыянальнага мастацтва. Скасаваць такі рух — значыць загарнуць адну з яркіх старонак самабытнай беларускай культуры. Усё большая яе запатрабаванасць нараджае новыя фэсты. Працэс іх станаўлення залежыць ад самых розных фактараў. Маю на ўвазе арыгінальнасць ідэі і важкасць мэты, прывабнасць для фундатара-мецэната, яркасць і даходлівасць рэжысуры, зручнасць побытавых і транспартных умоў… Ды ці мала яшчэ ў маштабнага ды перспектыўнага фестывалю складнікаў? Акурат столькі, колькі і праблем. Вось пра гэта мы і пагаворым. Натуральна, што слова вырашылі даць прафесіяналам — дырэктарам фестываляў (яны ж у нашым выпадку — начальнікі аддзелаў ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкамаў), якія даказалі сваю патрэбнасць. А раптам тэхналогія "фестываляўтварэння" падкажа, у якім кірунку трэба рухацца іншым аддзелам, што яшчэ не займелі пераканаўчых і шырока вядомых святаў?..

Бюракратыі б паменш!

/i/content/pi/cult/489/10448/7-1.jpgВасіль КАТКАВЕЦ, дырэктар Адкрытага Абласнога фестывалю дзіцячай тэатральнай творчасці "Чароўны куфэрак" (Любань):

— У наступным годзе будзем праводзіць юбілейны — дзясяты — фэст. Такім чынам, яму ўжо дваццаць гадоў. Пачыналі з маленькай райцэнтраўскай акцыі — сёння ж у мерапрыемстве ўдзельнічаюць украінскія, польскія, расійскія калектывы…

А пачынаецца ўсё з рэкламнай кампаніі: у СМІ, на сайтах, форумах ды ў сацыяльных сетках. Потым адглядаем відэаматэрыялы тых спектакляў, якія прэтэндуюць на ўдзел у "Чароўным куфэрку". Так складаецца праграма чарговага мерапрыемства. Дарэчы, кожны раз яна скіравана на прапаганду творчасці таго або іншага беларускага пісьменніка. Ідэя — нязменная: ушанаванне роднай драматургіі. На гэта працуюць драматычныя, лялечныя спектаклі. А цягам апошніх гадоў мы даём магчымасць для прэзентацыі тэатральных эксперыментаў: пластычных пастановак, мюзіклаў. Запрашаем да ўдзелу беларускіх драматургаў… Карацей, развіваемся.

Раней крыніцай фінансавання былі толькі абласныя і раённыя грошы. Цяпер выкарыстоўваем і спонсарскую дапамогу, а таксама — уласны пазабюджэт. Спонсары: мясцовыя прадпрымальнікі, кіраўніцтва камбіната будаўнічых матэрыялаў, ільнозавода...

Кошт мінулага фестывалю — каля 80 мільёнаў рублёў. Дзесяць-дванаццаць працэнтаў ад гэтай сумы — пазабюджэт і спонсарскія грошы. Падтрымлівае нас і абкам прафсаюза работнікаў культуры. Астатнія сродкі — абласныя… Так, існуе меркаванне, што фестывалі, якія ладзяцца ў правінцыйных гарадах, "нахабна сядзяць на бюджэце". Скажу ў адказ вось што. Раённы бюджэт, згодна з Палажэннем фінансавання абласных фестываляў, можна выкарыстаць толькі для наладжвання, скажам, святла ды гуку на тэатральных пляцоўках. Дарэчы, а спонсарская дапамога ідзе толькі на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы. Нельга прасіць, скажам, у прадпрымальніка грошы на харчаванне ды пражыванне гасцей фэсту, бо фінансісты кажуць, што гэта — не мэтавае выкарыстанне спонсарскай дапамогі, не ўмацаванне тэхнічнай базы. Але выкручваемся. Лясгас, да прыкладу, бярэ на сябе выдаткі на пражыванне артыстаў у Паляўнічым дамку…

Ці трэба пераконваць, што быць арганізатарам фэсту — справа не з лёгкіх? Тым больш сёння. І не толькі эканамічны крызіс маю на ўвазе. Шмат бюракратычных перашкод на стыку розных ведамстваў ды арганізацый, якія займелі статус дзяржаўных устаноў. Я запрашаю, да прыкладу, калектыў з пэўнай гімназіі. Гэта — сфера адукацыі, таму трэба паблукаць ці не па пяці інстанцыях — ад абласных, раённых да гарадскіх. Як прыехаць, як аплаціць камандзіровачныя выдаткі?

Раней пры агульных каштарысах такіх пытанняў ды праблем увогуле не існавала. Цяпер для ўзгаднення таго, што харчаванне і праезд школьнага калектыву бярэ на сябе навучальная ўстанова, недаравальна марнуецца час і нервы. Варта, на мой погляд, наладзіць тут сістэму цэнтралізаванага фінансавання…

Напярэдадні фэсту мы ладзім онлайн-канферэнцыю, пад час якой тлумачым кожнай дэлегацыі, калі і як прыязджаць, дзе жыць і харчавацца.

Ці задаволены я фестывальным вынікам? Задаволены! Праблем з гледачом няма. Ёсць пытанне з дадатковымі сцэнамі. Спектаклі для моладзі заўжды носяць праблемны характар. Пэўную колькасць білетаў мы безахвярна перадаём для тых падлеткаў, што знаходзяцца на ўліку ў камісіі па справах непаўналетніх. Ёсць спектаклі для дарослых. Фестывальнымі днямі Любань жыве ў атмасферы тэатральнага свята і абсалютна не пачувае сябе правінцыяй. Але беларускае тэлебачанне нашы спектаклі чамусьці пастаянна ігнаруе…

У мяне ў аддзеле працуюць пяць чалавек, якія прайшлі праз школу "Чароўнага куфэрка", а трое — вучацца ва ўстановах сферы культуры, столькі ж — рыхтуюцца да паступлення. Мой сын, таксама студэнт, зладзіў фестывальны форум, дзе цяпер актыўна абмяркоўваюцца ўсе нашы праблемныя пытанні. Кожную заўвагу ўлічваем…

Навука пераканання

/i/content/pi/cult/489/10448/7-2.jpgМікалай ГРОМІК, дырэктар маладзёжнага  праекта "Камянецкі драйв" (Камянец):

— Калі чалавек штосьці хоча зрабіць, дык ён гэта абавязкова зробіць. Тупіковых сітуацый не бывае. Я знайшоў спонсараў, не прасіў грошай у вобласці. І мара здзейснілася: 5 — 6 ліпеня на гарадской плошчы і на фоне Камянецкай вежы прайшоў першы рок-канцэрт з удзелам гуртоў "Beliya" (Камянец), "Садъ", "Драмрокстудыа", "Сьцяна", "Ландау" (Брэст), "Skaynet" (Бабруйск), "J-МОРС", "Дразды" (Мінск).

Ёсць такая навука: пераконваць. На жаль, няма яе ў нашых навучальных праграмах. А ў сферы культуры без такога навыку проста не абысціся. Дык вось, людзей трэба пераканаць у карыснасці справы, якую робіш. А калісьці ж і такое было: у 1960-х арганізатар першага расійскага рок-фестывалю сеў у турму… Сёння там-сям таксама баяцца слова "рок": вакол яго, маўляў, толькі наркотыкі ды разбэшчанасць. Я супраць такога прымітывізму. Сённяшнюю моладзь трэба выхоўваць, у тым ліку — і на добрай музыцы…

Дык вось, наконт пераканання. Я знайшоў спонсара і пераканаў яго, што моладзі патрэбны не піва і долары, давёў, якія гурты прыедуць і з якой мэтай. Пераканаў. Сваіх сродкаў уклалі больш за 30 мільёнаў рублёў, спонсар даў звыш 20 мільёнаў.

Праблем, натуральна, шмат. Паколькі глядацкая аўдыторыя не абмяжоўвалася Камянцом, трэба было думаць, як гасцям дабрацца ўночы дахаты. Усе гэтыя транспартныя пытанні трэба надалей нейкім чынам узгадняць, вырашаць і ўдасканальваць...

Агароджа глядзельнай зоны была нескладанай: сігнальная стужка па перыметры, які ахоўвала міліцыя. Ніхто праз стужку нават і не спрабаваў лезці. Білет на адзін канцэрт каштаваў 50 тысяч рублёў. Хтосьці казаў: "Дорага!" Я адказваў, што ўпакоўка пап-корна каштуе 20 тысяч… Мерапрыемства не стала самаакупным. Для гэтага трэба адпрацоўваць і ўдасканальваць праект не адзін год. Дый ці варта мераць культуру рублём? Яна павінна выхоўваць, у тым ліку — і якаснай рок-музыкай. І старт ужо дадзены. У наступным годзе праект займее працяг. Абяцалі быць каманды з Украіны...

Цудоўна разумею, якая адказнасць на маіх плячах. Але добра ведаю, што калі ўзяўся за справу, дык трэба даводзіць яе да ладу…

Можна абысціся і без спонсара

/i/content/pi/cult/489/10448/7-3.jpgІрына МІРОНЫЧАВА, дырэктар Міжнароднага фестывалю юных талентаў "Зямля пад белымі крыламі" (Мазыр):

— Чарговы, дзевяты, фестываль адбудзецца ў красавіку 2015-га. Ладзім яго раз у два гады. На шчасце, рэжысёрска-пастановачная група, што распачала дзейнасць у 1998-м, збольшага захавалася. Мы вучыліся на памылках, што і дало магчымасць для пастаяннага ўдасканалення. Рэжысура свята не паўтараецца.

Методыка фэсту цалкам прыстасавана для ўмоў Мазыра. Прымаем 600 удзельнікаў з 15 краін свету і маем магчымасць з пэўным камфортам іх размясціць, ладзіць для іх паўнацэнныя экскурсіі, арганізоўваць умовы для рэпетыцый. Так што госці не толькі спаборнічаюць, але і адпачываюць на нашай гасціннай зямлі. Адмоўных водгукаў не было.

Праблема адна: вялікі аб’ём працы. Але гэта — дадзенасць, звычайны будзень нашай працы. Імкнёмся рацыянальна размеркаваць сілы. З калектывамі цягам фестывальных дзён працуюць куратары-валанцёры. Адпрацаваны і спрыяльны рэпетыцыйны графік…

Схема фінансавання — наступная: бюджэтныя грошы (абласныя і раённыя) і даходная частка "Зямлі пад белымі крыламі" (узносы ўдзельнікаў, за пяць дзён — 20 еўра з кожнага). Пэўныя фестывальныя сродкі закладзены і ў Комплексную праграму развіцця Прыпяцкага рэгіёна. Адкрыццё і закрыццё фэсту, а таксама гасцявы канцэрт — платныя. У фестывалю вельмі неблагая даходная частка. Яна акупляе пражыванне, харчаванне, выкарыстанне абсталявання. Абыходзімся без спонсараў. Менавіта пры спонсарскай дапамозе ў нас будуюцца спартыўныя комплексы, добраўпарадкоўваецца раён…

Вы ведаеце, што наш фэст спачатку прыцягваў увагу да постчарнобыльскага Палесся. Цяпер ідэя мерапрыемства іншая: "Я люблю цябе, жыццё!". І буслы вярнуліся, і само стаўленне да праблемы крыху змянілася ў бок больш пазітыўны. Не, слёзы ёсць. Але ўзнікаюць яны на вачах членаў журы ад радасці за нашы юныя таленты. І слёзы гэтыя — таксама ацэнка нашых фестывальных старанняў…

Ад рэдакцыі

Цяпер зразумела, чаму далёка не кожны раён мае сваю выразную фестывальную візітоўку. Яе стварэнне — заўжды самаахвярнасць, заўжды неўнармаваная і выключна напружаная праца па перакананні апанентаў, па пераадоленні бюракратычных стэрэатыпаў і адшукванні аднадумцаў ды спонсараў. А на такое пойдзе толькі прафесіянал высокага кшталту, якога яшчэ трэба адшукаць…

Мы паспрабавалі заглыбіцца толькі ў тры творчыя лабараторыі. А ёсць жа яшчэ і знакамітыя "Берагіня", "Дняпроўскія галасы ў Дуброўне", "Гучаць цымбалы і гармонік"… Рубрыка "Форум" паспрабуе адшукаць алгарытмы і гэтых удалых творчых знаходак фестывальнай "кулінарыі". Як вядома, любую складаную страву гаспадыня гатуе спачатку па чужых рэцэптах, і толькі праз час з’яўляецца аўтарскі "навадзел". “Гатуйце” і запрашайце “да стала”!..

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"