Артур Міхайлаў.
— Усе гэтыя песні, пэўна, будуць у апрацоўцы-аранжыроўцы Пятра Ялфімава? Вы ў яго вучыліся, але падтрымліваеце добрыя стасункі і зараз...
— Насамрэч, пасля заканчэння навучання мы амаль год не бачыліся. А цяпер, пры падрыхтоўцы да конкурсу, заняткі ўзнавіліся, за што я яму вельмі ўдзячны. Яшчэ на першым курсе ён мяне заўважыў, узяў у свой клас, і цягам пяці гадоў навучыў многім прафесійным вакальным “фішкам”. Дарагога каштуе і тое, што Пётр калісьці сам быў удзельнікам конкурсу “Славянскага базару...”, атрымаў “абсалютны”, я нават сказаў бы — “эталонны”, Гран-пры. Магчымасць выкарыстоўваць яго аранжыроўкі і карыстацца ягонымі парадамі — сапраўдны падарунак лёсу!..
— А што дала праца ў “Алюры”?
— Найперш — вялікі сцэнічны досвед, які стаў для мяне новай прыступкай у творчасці. Я прыйшоў у ансамбль паўтара года таму, калі заканчваў навучанне. Калі на занятках асноўная ўвага скіроўвалася на вакал, дык тут мяне навучылі вольна трымацца на сцэне, адчуваць сцэнічную прастору, энергетыку залы, бо трэба было не толькі спяваць, але і рухацца, танцаваць, размаўляць — быць у поўным сэнсе слова артыстам. Я літаральна “паміраў” у харэаграфічным класе, але гэта дало свае вынікі. Тое, чым я сёння валодаю, — заслуга ўсіх маіх выкладчыкаў, пачынаючы з Дзмітрыя Сушко, які кіраваў эстраднай студыяй “Жывы гук” у Маладзечанскім палацы культуры. Зараз ён там не працуе, у яго свая творчая лабараторыя ў Мінску. А пазнаёміліся мы з ім, калі мне было сем гадоў. На той час я ўжо вучыўся ў музычнай школе, але мама прывяла мяне яшчэ і да Дзмітрыя Іосіфавіча. Тады тая студыя знаходзілася побач з 10-й школай, гэта была зусім маленькая каморка, але справа не ў сценах, а ў тым, што займаючыся ў студыі, я пачаў выходзіць на сцэну, удзельнічаць у сваіх першых конкурсах…
— І што, так у дзяцінстве і вырашылі стаць музыкантам ?..
— Са спортам я і зараз сябрую, рэгулярна хаджу ў трэнажорную залу. Дый адпачынак люблю актыўны... А ў дзяцінстве любіў глядзець на цягнікі. На чыгунку мяне прыводзіў дзядуля, распавядаў пра майго прадзеда, якога я не ведаў. Я пра гэта потым вершы напісаў — у рытміцы “Тараса на Парнасе”: “Прадзед мой машыністам быў, / Не ведаў лепшага стасунку. / З юнацтва да старых гадоў / Яго жыццём была чыгунка. / І я, як трошачкі падрос, / Душой да цягнікоў прырос”.
— Мяркую, гэта далёка не адзіныя радкі, вамі напісаныя? Можа, ёсць і песні?
— Будуць. Пакуль я проста занатоўваю вершы ў сшытак, не паспяваю нават іх як след адрэдагаваць. Але мелодыі да некаторых з іх у галаве “круцяцца”.
— Разам з аранжыроўкамі-“мінусоўкамі” ці з аркестрам?
— Аранжыроўкай я ніколі не займаўся. На гэта ёсць добрыя спецыялісты, у тым ліку сярод маіх сяброў. А спяваць з аркестрам — ні з чым не параўнальная асалода! Аркестр — гэта жывая душа, якую трэба разумець, і тады яна зразумее цябе…
— Упершыню з аркестрам, здаецца, вы заспявалі на конкурсе ў Маладзечне? Не на сёлетнім, а два гады таму…
— Так. Мне вельмі пашанцавала, што гэта быў калектыў народнага артыста Беларусі, прафесара Міхаіла Фінберга. Ён вельмі патрабавальны дырыжор і музыкант, і я ўдзячны яму за ўсе заўвагі ды падказкі, асабліва на цяперашнім этапе. Дый са многімі аркестрантамі ўжо паспеў пасябраваць. Асобная падзяка — стылісту Валянціне Цімафеевай з Нацыянальнай школы прыгажосці, з якой мы “складаем” мой знешні вобраз.
— Такая мэтанакіраванасць на “Славянскі базар...” з’явілася толькі цяпер? Спачатку вы не падавалі заяўку на ўдзел — ваша кандыдатура ўзнікла тады, калі быў аб’яўлены другі тур адбору з прыцягненнем дадатковых удзельнікаў. Толькі не кажыце: маўляў, я і не думаў, а тут мяне, як у кіно, заўважылі “на вуліцы”, запрасілі...
— Ды я штогод сачу за фестывалем і конкурсам у Віцебску! Але сёлета вырашыў удзельнічаць у Нацыянальным конкурсе ў Маладзечне, усю ўвагу скіраваў туды. Калі ж мне параілі далучыцца да другога адборачнага тура на Віцебск, адмовіцца я не мог, бо заўсёды марыў пра гэтую сцэну. “Славянскі базар ...” — гэта новая прыступка ў маім жыцці.
— Калі вы так марыце пра сольную кар’еру, дык ці не думалі пра псеўданім? Справа ж не толькі ў Стасе Міхайлаве. У Запарожжы, калі меркаваць па запісах, выкладзеных у Інтэрнэце, ёсць ваш поўны цёзка — спявак Артур Міхайлаў…
— Хай бяруць псеўданім іншыя, калі ім такое “суседства” нязручнае. І хай параўноўваюць мяне, калі хочуць, з тым жа Стасам Міхайлавым. Улічваючы ўзровень яго папулярнасці, гэта не так ужо і блага. Я ж, у сваю чаргу, паспрабую зрабіць усё, каб унесці ў нашу эстраду сваю “нотку”, каб мяне немагчыма было ні з кім параўноўваць і, тым больш, блытаць. А ад прозвішча свайго бацькі адмаўляцца не збіраюся. Для мяне гонар насіць гэтае імя!..
— Тады можна больш падрабязна пра сям’ю? Вашы бацькі часам не музыканты?
— Не, але ўсе цікавяцца музыкай ды іншымі мастацтвамі. Бацька заканчваў політэхнічны інстытут, ён у мяне — майстар на ўсе рукі, асабліва ў аўтамабільнай справе. Маці ў свой час скончыла музычную школу, працавала ў Палацы культуры чыгуначнікаў у Маладзечне, праводзіла конкурсы, вяла канцэрты, спявала сама — была звязана з артыстамі. Сёння для яе галоўным артыстам стаў я. Як і бацька, яна ва ўсім мне дапамагае, хвалюецца за мяне часам больш, чым я сам…
— А каханая?
— У мяне няма знешняга ідэалу, як яна павінна выглядаць. Галоўнае, каб была добрай, вернай, пачуццёвай, бачыла ўва мне тонкую душэўную асобу, разумела, што з артыстам бывае складана, але цікава. Я ўмею кахаць — і спадзяюся на ўзаемнасць.
— Значыць, у Віцебск з вамі паедуць сябры?
— Так. Але ў мяне будзе і моцная сямейная падтрымка. Гэта не толькі бацькі, але і шматлікія сваякі, уключаючы двухгадовага стрыечнага брата Ваню, які быў у мяне за кулісамі ў Маладзечне (ён, між іншым, туды сам папрасіўся). Так што яго таксама рыхтуюць да конкурсу — каб уседзеў увесь канцэрт, бо невядома, які нумар я выцягну. Кожныя выхадныя мы ўсёй сям’ёй збіраемся ў Маладзечне ў маёй бабулі, якой споўнілася 65. Яна добра гатуе грэчаскія стравы, яе кулінарныя шэдэўры неаднойчы адзначаліся на Фестывалі нацыянальных культур у Гродне. Усё вельмі проста. Мой прадзед быў грэкам. У час вайны лёс закінуў яго сюды, і ён застаўся ў Беларусі. Тут нарадзілася ў яго дачка — мая бабуля, маці майго бацькі. Ведаючы маю любоў да ўпрыгожванняў, неяк яна падарыла мне завушніцы — на ўдачу. І тыя сталі для мяне чымсьці накшталт “фамільнай каштоўнасці”: я іх ніколі не здымаю, яны — як сувязь з усёй маёй сям’ёй, маімі продкамі. Грэцыя шмат значыць у маім жыцці. З дзяцінства я жыў у асяроддзі грэкаў, слухаў грэчаскую музыку, размаўляў на грэчаскай мове. У мяне шмат кніг пра гэтую краіну, яе багатую гісторыю і культуру, я заўсёды сачу за тамтэйшымі падзеямі.
— У Грэцыі часта бываеце?
— Будзеце смяяцца, але я ніколі там не быў. Можна сказаць, шавец без ботаў. Але вельмі хачу там пабываць, і, думаю, мая мара хутка ажыццявіцца — можа, нават гэтым летам, пасля “Славянскага базару ў Віцебску”…
— Што яшчэ плануеце на “пасля фестывалю”?
— Хачу асвоіць ігру на гітары. Калісьці ў дзіцячай музычнай школе я навучаўся граць на фартэпіяна, гэтыя заняткі прадоўжыліся і ў інстытуце, але ніякім іншым інструментам я так больш і не авалодаў. Трэба, нарэшце, ліквідаваць гэты прагал! Ну, і, вядома, буду працягваць пашыраць рэпертуар. У тым ліку — на розных мовах.
— Руская, беларуская — зразумела. Англійская — таксама, бо дрэнны той спявак, да каго не прыходзіць прывід “Еўрабачання”. Няцяжка зразумець, навошта вам, можа, у хуткім часе спатрэбіцца цыганская. Нічога дзіўнага няма і ў тым, што вы сталі першым выканаўцам грэчаскіх песень у Беларусі. А іншыя мовы?
— Мне ўвогуле цікавая сучасная музычная культура, манера эстраднага выканання розных краін. У кожнага народа — свой характар. Іспанцы — палкія, тэмпераментныя, і мова ў іх такая ж. У французаў — больш стрыманая, але вельмі рамантычная, пяшчотная лірыка. І такая ж мова! Французскую я вывучаў, дарэчы, у школе. Ведаючы мае музычныя захапленні, настаўніца часта прыносіла мне касеты з запісамі французскай эстрады. Першая з іх была — Джо Дасэна. Спрабую я спяваць і на сербскай мове — эксперыментую. “Здымаю” тэкст, пераводжу, каб разумець дакладны сэнс кожнай фразы і слова. Завучваю, знаходжу вобраз, спяваю. Спецыяльных выкладчыкаў, коўчараў, якія біліся б са мной над вымаўленнем, у мяне няма. Усё раблю сам. Але ж якую асалоду ад усяго гэтага атрымліваю! Цікава шукаць штосьці новае — гэта першы (і, мабыць, адзіны) шлях да ўдасканалення…