“Дуброўскі” вяртаецца ў Віцебск

№ 28 (1154) 12.07.2014 - 18.07.2014 г

Такога на “Славянскім базары ў Віцебску” яшчэ не было! У сапраўдны прайм-тайм фестывалю — у нядзелю ўвечары — у Канцэртнай зале “Віцебск” будзе паказаны мюзікл Кіма Брэйтбурга “Дуброўскі” ў выкананні... абітурыентаў, студэнтаў і выпускнікоў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў.

/i/content/pi/cult/489/10443/8-1.jpg

Сцэна з мюзікла "Дуброўскі". / Фота Аляксандра ДЗМІТРЫЕВА

Ініцыятарам пастаноўкі выступіла заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Ірына Дарафеева, якая ўзначальвае кафедру мастацтва эстрады БДУКіМ (яна сёлета стала старшынёй журы Міжнароднага конкурсу ў фестывальным Віцебску). Прэм’ера ладзілася на сцэне Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра напрыканцы навучальнага года. У цэхах тэатра вырабляліся дэкарацыі, бутафорыя і сцэнічныя строі. У рэпертуары спектакль, як плануецца, захаваецца на некалькі гадоў. Тым больш, што ўвага публікі да пастаноўкі — вялікая. І не толькі ў сталіцы! Днямі “Дуброўскі” з вялікім поспехам прэзентаваўся ў Бабруйску, ёсць прапановы паказваць яго ў іншых гарадах Беларусі, вывозіць у Расію. І гэта цудоўна! Галоўнае — няма сумневу, што ўсё запланаванае абавязкова ажыццявіцца. Залогам таму — на здзіўленне высокія, цягам трох з паловай гадоў пасля прэм’еры, рэйтынгі мюзікла “Блакітная камея” тых жа аўтараў на той жа сцэне. І гэта пры тым, што спектакль ідзе пад фанаграму, пра што тэатр сумленна паведамляе ў афішы. Ну а пра тое, што крытыкі паставіліся да шчаслівай гісторыі князёўны Тараканавай, мякка кажучы, крытычна, няма чаго і казаць, — у адрозненне ад публікі, якая прагне відовішча.

“Дуброўскі” не падаўся мне гэткім “зуброўскім заказнікам”, хаця стваралі яго ўсё тыя ж самыя “зубры” расійскай поп-культуры: кампазітар Кім Брэйтбург (дарэчы, старшыня журы сёлетняга Міжнароднага конкурсу маладых выканаўцаў на “Славянскім базары...”), лібрэтыст Карэн Кавалеран, рэжысёр і балетмайстар Мікалай Андросаў.

Пры ўсёй запамінальнасці мелодый (а тыя папраўдзе асядаюць у галаве), паводле драматургіі “Дуброўскі” ўяўляе з сябе “канцэрт у касцюмах”, з чым той жа оперны жанр змагаўся яшчэ ў ХVIII стагоддзі. Адасобленасць музычных нумароў падкрэслена і тэкстам п’есы, і пастаноўкай. Літаральна кожны нумар аздабляецца відэакліпам на экране, а завяршаецца гэткім сцэнічным стоп-кадрам, як эстрадная песня з падтанцоўкай. У параўнанні з ранейшай версіяй, увасобленай у Новасібірскім тэатры музычнай камедыі, у нас у дзеянне ўведзены Апавядальнік, які і рухае сюжэт. Музычныя ж нумары “прыпыняюць”, “ілюструюць” апошні, што тыпова для расійскіх музычных спектакляў, названых мюзікламі, у адрозненне ад амерыканскай ды еўрапейскай класікі жанру, дзе менавіта разгорнутыя музычныя сцэны становяцца вузлавымі момантамі дзеяння.

Сюжэт пазіцыянаваўся як “беларускі”, што адпавядае ісціне: падзеі ў рамане А.Пушкіна непарэдна закранаюць Віцебшчыну, бо ў аснову была пакладзена рэальная гісторыя тутэйшага шляхціча Астроўскага. Дарэчы, падобныя выпадкі былі не адзінкавымі: пасля падзелу Рэчы Паспалітай беларуская шляхта пазбавілася былых прывілей і павінна была дакументальна пацвярджаць свае правы на землі ды маёмасць, якія ў адваротным выпадку папросту адбіралі. Але ўсведамлення гэтай, зусім не выпадковай, трагедыі ў спектаклі няма: нам проста пераказваюць сюжэт — з некаторымі “папраўкамі” на музычна-забаўляльны жанр.

У любоўнай гісторыі таксама няма асаблівых глыбінь. Больш за тое: у ёй хапае недарэчнасцей. Цяперашняя Маша — зусім не кісейная паненка. Калі меркаваць па музыцы ды пастаноўцы, яна вельмі тэмпераментная, ініцыятыўная, — дык чаму ж застаецца з князем Вярэйскім? Таму, што той на ейных вачах забівае (а не раніць, як у рамане) Дуброўскага? Тым больш, што Вярэйскі паказаны... блакітным, з-за чаго, кажуць, адзін са студэнтаў, паспяхова прайшоўшы кастынг, адмовіўся ад удзелу. Дадамо, што тую ж арыентацыю маюць практычна ўсе “адмоўныя” персанажы спектакля, намаляваныя выключна парадыйна (за выключэннем адно Траякурава). Ці не зашмат? Такая расстаноўка сіл, можа, і адпавядае расійскай эстраднай рэчаіснасці, але ў гістарычным спектаклі, хай і набліжаным да сучаснай моладзі (той жа “Раманс Машы” — зусім не стылізацыя, а сучасная эстрадная песня), выклікае, па меншай меры, здзіўленне.

Увогуле, акцэнты перамяшчаюцца з дваранскага саслоўя на сялянскае, якое, праўда, атрымліваецца не зусім станоўчым. Галоўнымі дзеючымі асобамі ў спектаклі становяцца Архіп і Ягораўна: менавіта з закліку апошняй і судовых засядацеляў падпальваюць, і... Дуброўскага з Машай разлучаюць (Ягораўна баіцца, што ажаніўшыся, Дуброўскі не захоча разбойнічаць, таму падманвае яго, кажучы, па якой дарозе маладыя будуць ехаць у царкву). Дый масавыя народныя сцэны з адценнем фольку ўражваюць больш, чым лірычныя: лепшыя музычныя фрагменты — этна-рок. Ну а самі сяляне намаляваны як гэткі натоўп лайдакоў, якім лепш у лес сысці, абы не працаваць.

Тое, што зрабілі ў “Дуброўскім” нашы выкладчыкі і студэнты, выклікае сапраўдны гонар. Паглядзеўшы, з якой самааддачай, маладой энергетыкай ды бляскам у вачах яны спяваюць і танчаць, у некалькі разоў пераўзыходзячы новасібірскіх прафесійных артыстаў (фрагменты таго спектакля выкладзены ў Інтэрнэце), можна зразумець, чаму Брэйтбург зрабіў нам такі падарунак, неаднаразова паўтараючы: “Мы працавалі не дзеля грошай, а дзеля людзей”.

Артысты хору перакваліфікаваліся ў танцораў: танчаць яны — нароўні з выхаванцамі харэаграфічнага аддзялення, а спяваюць — “пад плюс”, зроблены са сваімі “нябачнымі” аднакурснікамі, беручы прыклад не з заходніх мюзіклаў, а з расійскай эстрады. Салісты працуюць “жыўцом” — і вельмі добра (літаральна некалькі “няўстойлівых” нот, што былі на прэм’еры, тлумачацца хваляваннем пачаткоўцаў і стомленасцю на фінішы марафону). Эстрадна-сімфанічны аркестр на чале з Анатолем Кудзіным размешчаны на сцэне і выконвае ролю “дадатковай сцэнаграфіі”. Струннікаў — безліч, і граюць яны надзвычай заўзята. Духавікі сядзяць “лесвічкай” на станках, бы ў амфітэатры, раз-пораз эмацыйна ўзнімаючы інструменты ўгару. А чуем мы — пераважна электроніку, што ідзе ў запісе. Але сама па сабе аранжыроўка — на парадак вышэшая за тую, што ў “... Камеі”.

Спектакль — папраўдзе “драйвавы”, але яго экспрэсіянізм, асабліва ў сцэнічным маўленні, — патыхае “жарсцямі” 1950-х: усё — у састарэлай, надта “тэатралізаванай” манеры, без “кіношнай” натуральнасці, уласцівай сучаснасці. Але студэнтам такі сцэнічны вопыт — што называецца, “у кайф”, публіка — у экстазе. Кіраўнік праекта, рэктар БДУКіМ Юрый Бондар, — задаволены: студэнтам — практыка (у тым ліку і будучым менеджарам, прадзюсарам ды ўсім, хто правёў “раскрутку”), сумесны маладзёжны беларуска-расійскі праект — на самаакупнасці, як паведамілі на прэс-канферэнцыі. Больш нічога і не трэба?..

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"