Якога гледача хоча тэатр?

№ 28 (1154) 12.07.2014 - 18.07.2014 г

Дар’я КУЛЬША, тэатральны глядач
У працэсе абмеркавання спектакля “По имени Господин”, паказанага днямі ў рамках II Лабараторыі рэжысёрскіх праектаў Цэнтра эксперыментальнай рэжысуры, у мяне склалася ўражанне, што нашы глядач і тэатр не вельмі добра знаёмыя. У акцёраў-рэжысёраў-крытыкаў свае ўяўленні пра гледача, у гледача — свае пра тэатр. Прычым і першыя, і другі недаацэньваюць адно аднаго.

/i/content/pi/cult/489/10438/4-4.jpgІ ім трэба часцей сустракацца па-за фарматам “сцэна — глядзельная зала”, больш мець зносін, размаўляць, знаёміцца бліжэй, даведвацца пра інтарэсы, жаданні, патрэбы кожнага з бакоў, дзяліцца сваімі ўражаннямі і назіраннямі, аналізаваць і рабіць высновы, каб і тэатр, і глядач маглі рушыць наперад і насустрач адзін аднаму.

Глядач — розны. Ёсць тыя, хто можа ўспрымаць толькі “класіку”: тэатр у касцюмах і парыках, з дэманстратыўна тэатралізаванай прамовай і фіналам з кропкамі над “i” ды над “ё”. Ёсць глядач, які ходзіць у тэатр, таму што “трэба”, дзеля “птушачкі” (“Культурныя людзі ходзяць у тэатр”; білеты распаўсюджваў прафсаюз БРСМ ...); звычайна такі глядач успрымае ўсё на ўзроўні “падабаецца — не падабаецца” (калі наогул успрымае), і добра, калі ён праз тыдзень успомніць, пра што быў спектакль і што наогул адбывалася… А ёсць глядач, згаладалы па свежым у тэатры, які прагне складаных, глыбокіх пастановак, гатовы да новых форм ды смелых праяў. І так будзе заўжды. Заўжды зноўдуцца і першыя, і другія, і трэція. Глядач будзе розны. І тэатр будзе розны. Павінен быць, прынамсі.

І можа, усё ж варта глядзець крыху наперад і думаць пра таго гледача, якога тэатр хоча бачыць? А не арыентавацца толькі на сённяшняга сярэднестатыстычнага: маўляў, да чаго ён прывык, да чаго гатовы, што можа “пераварыць”. Гледача можна выхоўваць, гадаваць, прывучаць да новага. Інакш не будзе прагрэсу. А заўсёды ж варта аказвацца хоць на паўкрока наперадзе, выходзіць з зоны камфорту... Каб глядач развіваўся і больш з’яўлялася думаючых, гатовых успрымаць няпростае і небанальнае на сцэне, тэатру трэба даваць людзям у зале нагоду і спажыву. Спрабаваць быць смелым, эксперыментаваць. Не баяцца прапаноўваць новыя формы, узнімаць новыя тэмы... Менавіта тэатр павінен стаць ініцыятарам гэтых змен, ён мусіць расці крыху хутчэй за гледача. А апошні падцягнецца... Калі б у свой час карыфеі рускага тэатра не адвучылі гледача есці ды размаўляць пад час прадстаўлення, то так было б і да гэтага часу...

І ў нас, без сумневаў, ёсць глядач, гатовы ўспрымаць і па вартасці ацэньваць інтэлектуальны тэатр. Гэта я да заўвагі Вадзіма Салеева пад час абмеркавання, што выбіраючы матэрыял ды беручыся за яго пастаноўку, трэба арыентавацца на сённяшняга беларускага гледача, разумець яго ўзровень і тое, што ён можа ці не можа ўспрыняць; і што прапаноўваць складаны інтэлектуальны тэатр —небяспечна: наш глядач не гатовы да такога матэрыялу. Мы жывём у эпоху, калі людзі ўсё менш адчуваюць і ўсё больш думаюць, калі на тое, што адбываецца з імі ў жыцці (і ў тэатры як частцы жыцця), схільныя больш “уключацца” галавой, чым сэрцам. Інтэлектуальны тэатр у гэтым сэнсе вельмі запатрабаваны. Ён мае вялікую патэнцыйную аўдыторыю. Прычым гэта часцей за ўсё не заўзятыя тэатралы, а, хутчэй, людзі, якія нават не глядзяць у бок тэатра. І прапаноўваючы такі кірунак, можна пашыраць гарызонты ды прыцягваць у тэатр новых людзей.

А я асабіста ўсё ж за тэатр, які выклікае эмоцыі, пачуцці, перажыванні, тэатр, нацэлены на душу і сэрца гледача, каб хаця б такім шляхам ўскалыхнуць тое, што многія баяцца прымаць у сабе, ці не ўмеюць, ці развучыліся...