Глянцавы Макс: вымавіць какетлівае “сэксі”...

№ 28 (1154) 12.07.2014 - 18.07.2014 г

Ганна КІСЛІЦЫНА, літаратурны крытык, супрацоўнік Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі
Постмадэрнізм прынёс на Беларусь не толькі новыя мастацкія формы ды жанры, але і, перш за ўсё, ідэю разумення літаратуры як тавару, што трэба прадаваць, рэкламаваць, прасоўваць на рынку.

/i/content/pi/cult/489/10434/5-333.jpgТут жа знайшліся ахвотнікі, якія сталі вымяраць якасць мастацкага тэксту колькасцю прададзеных асобнікаў. Журналісты пачалі складаць рэйтынгі, у каго з аўтараў найбольшыя наклады. Быццам бы і правільна ўсё: а як яшчэ вызначыць якасць, калі не колькасцю? Вось толькі трапляюць у падобныя рэйтынгі пераважна тыя, чыя творчасць можа быць агулам акрэслена як кансьюмерычны рэалізм. Гаворка ідзе пра тэксты, якія адпачатку не разлічаны на адлюстраванне рэчаіснасці з яе сапраўднымі праблемамі, а ствараюцца ў разліку на спажыўца, здатнага выдаткоўваць грошы на культуру толькі ў тым выпадку, калі справа датычыцца забавы і адпачынку.

Але як быць з інтэлектуальнымі прозай, паэзіяй, эсэ? Прызнаць іх няякаснымі з прычыны малой колькасці чытачоў? Колькасць чытачоў-інтэлектуалаў заўсёды была невялікай, але цяпер, у эпоху татальнага спрашчэння чытацкіх густаў, выкліканых безліччу прычын, адукаванага чытача з разуменнем таго, “што такое добра, а што такое дрэнна” знайсці наогул цяжка. Школа, тэлебачанне і другія медыя нават не спрабуюць тлумачыць, як адрозніць якаснае ад няякаснага, сапраўднае ад падробкі. Пра нацыянальную літаратуру тут цяпер гавораць спехам, яшчэ і “дзякуй” чакаюць, што наогул выкладаюць і згадваюць.

Крытэрыі “мастацкага” яшчэ неяк памятаюць філолагі, але дастаткова завітаць на прэзентацыю больш-менш складанай кнігі, каб пераканацца: без масіраванай рэкламы пісьменніку няма чаго чакаць у літаратуры. Не магу не згадаць выпадак, калі на прэзентацыю слыннай кнігі Казіса Сая, якую перакладаў з літоўскай мовы Алесь Разанаў, завітала сем чалавек. З іншага ж боку, вельмі пасрэдная пісьменніца з раніцы збірае залу ўніверсітэта, а вечарам — бібліятэкі. Лагічна, у такім выпадку, думаць, што яна піша, прынамсі, лепш за Разанава! Але насамрэч поспехам яна абавязана жаданню мільгацець паўсюль. Апошняе адкрывае для яе ўсе дзверы — ад тэлестудый да раённых бібліятэк. Але што рабіць чалавеку глыбокаму, не мітусліваму і не публічнаму? Змяняць сваю сутнасць, наймаць літагента? Але ж іх і няма ў нас…

Як чалавек, які хвалюецца за аблічча нацыянальнай літаратуры, моцна перажываю за адсутнасць рэкламы беларускіх і, у першую чаргу, беларускамоўных твораў. З іншага боку, мяне бянтэжаць спробы раскруткі аўтараў праз штучнае наданне ім моднасці. Так, нядаўна паглядзела перадачу пра Музей Максіма Багдановіча, дзе супрацоўнік рэкламнага агенцтва прапанаваў музею пераакцэнтаваць увагу з экспазіцый на стварэнне вобраза самога паэта, “зрабіць яго больш папулярным для моладзі, культавым, сэксі”… Ідэя з захапленнем была падтрымана вядучай, якая радасна стала пытацца ў дырэктаркі ўстановы культуры: “Багдановіч жа сімпатычны? Можа, развіць яго вобраз у гэты бок, у сэксі? Працаваць на масы?” Тагачасная дырэктарка музея Таццяна Шэляговіч баранілася тым, што ў жыцці паэт ніколі не быў прыгажунчыкам. Але каму гэта цікава, калі ёсць нагода вымаўляць какетлівае “сэ-эксі…”

І вось праз нейкі час, быццам бы падвучаныя той перадачай, супрацоўнікі часопіса “Маладосць” ствараюць праект “Зачараваныя Максам” — такі сабе праект па “амадненні” постаці паэта. Шчыра скажу, гэтае панібрацкае “Макс” з вокладкі спачатку настолькі разанула па вачах, што доўгі час нумар нават не брала ў рукі! Разгарнула выпадкова. І высветлілася, што разам з папсовым — у духу танных паўгламурных часопісаў, дзе фальш гучыць у кожным слове — лістом да памерлага Багдановіча, у выданні процьма надзіва цікавых матэрыялаў! Нават навуковыя артыкулы, прысвечаныя невядомым ці малавядомым фактам і дакументам яго жыцця! Такое ўражанне, што стваральнікі праекта для заахвочвання пакупніка вырашылі загарнуць складанае ў простае. Зверху — Макс, а пад вокладкай — Максім. Нават захацелася спытаць у іх: а ці стаў плённым такі ход, ці павялічыліся продажы часопіса? Праўда, пасля згадала, што “Маладосці” ў вольным продажы практычна няма, таму і сэнсу пытанне не мае.

І ўсё ж гэты выпадак прамоцыі аказаўся карысным для мяне самой. Раздумваючы над ім, неяк вельмі ясна зразумела, што ўсё гэтае падфарбоўванне ды агламурванне мае вельмі другаснае значэнне. Бо, насамрэч, для сапраўднага чытача праўда заўсёды будзе больш прывабнай, чым мода.

Аўтар: Ганна КІСЛІЦЫНА
загадчык аддзела тэорыі і гісторыі літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктар філалагічных навук