“Фізікі” і “лірыкі”: “шпагі” ў ножнах?

№ 28 (1154) 12.07.2014 - 18.07.2014 г

Жарэс АЛФЁРАЎ, акадэмік Расійскай акадэміі навук, замежны член Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па фізіцы
Амаль пяцьдзясят пяць гадоў таму, у верасні 1959-га, у адной з галоўных савецкіх газет быў апублікаваны артыкул Ільі Эрэнбурга, якi паклаў пачатак дыскусіі паміж так званымі фізікамі і лірыкамі.

/i/content/pi/cult/489/10433/4-1.jpgНаогул, канец 1950-х — 1960-я гады тым і адрозніваліся, што бурныя публічныя дыскусіі ўзнікалі ў Савецкім Саюзе бадай з любой нагоды: такi быў час. Час, калі “фізікі”, прадстаўнікі навукова-тэхнічнай інтэлігенцыі, апынуліся сапраўды ў цэнтры ўвагі, у тым ліку — дзеячаў культуры і мастацтва, якія прысвячалі ім карціны, ставілі пра іх спектаклі, здымалі выдатнае кіно, такое, як “Дзевяць дзён аднаго года” або “Іду на навальніцу”. Прыгадваюцца радкі з верша Барыса Слуцкага: “Что-то физики в почете. / Что-то лирики в загоне”.

Фізіка як навука адыгрывала тады вызначальнае месца ў развіцці краіны. Але і “фізікі” заўсёды з вялікай павагай ставіліся да гуманітарных навук, і ўсе найслынныя фізікі СССР — Капіца, Курчатаў, Аляксандраў, Ландау — былі, у нейкім сэнсе, бліскучымі гуманітарыямi. Сам я не прымаў актыўнага ўдзелу ў спрэчках, хоць яны мяне і цікавілі. Я тады быў кандыдатам фізіка-матэматычных навук, паглыблены ў працу, займаючыся тым, за што ў 2000 годзе атрымаў Нобелеўскую прэмію.

Не думаю, што ўсе гэтыя слоўныя баталіі вяліся сур’ёзна, што называецца, “да крыві”. Верагодна, хтосьці крыўдзіўся, хтосьці надаваў занадта вялікае значэнне спрэчкам, але, збольшага, як мне падаецца, ва ўсіх дыскусіях проста адточваўся малады розум, дэманстраваўся малады запал, зухаватасць. Яны давалі імпульс для развіцця і фізікі, і лірыкі.

Сёння я не бачу падставы для аналагічных спрэчак з прыцягненнем да іх вялікіх мас людзей. Не ведаю, да лепшага гэта ці да горшага. Сёння праблема значна больш маштабная. Яна заключаецца ў тым, каб навука — я кажу пра постсавецкую прастору — была б наогул запатрабавана эканомікай і грамадствам! Як бачыцца мне, у Беларусі ў гэтым сэнсе сітуацыя для навуковых работнікаў больш спрыяльная. Хоць бы таму, што наша навука шмат у чым носіць прыкладны характар , калі дасягненні ўкараняюцца, выкарыстоўваюцца наўпрост у эканоміцы. А Расія жыве за кошт нафты і газу, таму і яе навуковы патэнцыял (хтосьці яго лічыць высокім, хтосьці — наадварот, не ў тым справа) не запатрабаваны ў краіне належным чынам. Гуманітарыі ж, на самым першым узроўні — настаўнікі, бібліятэкары, работнікі дамоў культуры і гэтак далей, — па-першае, таксама сябе адчуваюць не вельмі добра, калі гаворка ідзе пра аплату іх працы. Па-другое, у некаторых галінах, у расійскай адукацыі, напрыклад, адбыліся жахлівыя змены, якія нічога, акрамя шкоды, людзям не прынеслі. А, дапусцім, у гісторыі мае месца з’яўленне каласальнай колькасці фальшывак, якiя трактуюць мінулае аднабакова, заангажавана, неаб’ектыўна. Але... Як я жартую, “Расія — краіна аптымістаў, таму што песімісты ўсе з’ехалі”. Я — аптыміст. Ні навука, ні культура ў нашых славянскіх дзяржавах не загінулі і не загінуць, пакуль ёсць вялікая руская літаратура, пакуль жывуць творы Коласа, Купалы, Куляшова, Маўра…

А можа, цяпер няма той адной, скажам так, “новай праблемы”, вакол якой "скрыжавалі б шпагі” цяперашнія “фізікі” і “лірыкі”. Можа, у 1960-я ўсё было прагаворана, былі расстаўлены ўсе кропкі над “i”: і тэхнары, і гуманітарыі ў ходзе палемік прыйшлі да адзіна слушнай высновы: адно без другога немагчыма. І тыя, і іншыя навукі — калі гэта сапраўды навукі, а не iлжэпошукi, iлжэадкрыцці, iлжэкультура, iлжэмастацтва, — рухаюць прагрэс, аказваюць адно на аднаго ўплыў, дапаўняюць і ўзбагачаюць адно аднаго. І гэта выдатна! А што першасна ў дадзеным кантэксце — “яйка ці курыца” — пакінем гэтае пытанне адкрытым для тых тэарэтыкаў, каму няма чым больш заняцца! А мы, практыкі, будзем прыдумляць новыя тэхналогіі, патрэбныя людзям, і пісаць новыя карціны, якія ўплываюць на іх эстэтычнае развіццё. Сапраўдныя “фізікі” і “лірыкі” па-ранейшаму ў пашане!..

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"