Карэта для Сапегі, а ў кавярні абед — у абед

№ 27 (1153) 05.07.2014 - 11.07.2014 г

Ад Сынкавічаў праз Ружаны і да Косава…
Нам пашанцавала, бо канец мая быў не проста цёплы, а нават спякотны. Таму асноўнай ежай на дзённым маршруце было марожанае. А ваду, ад якой заходзіліся зубы, знаходзілі ў святых крыніцах. У Жылічы не трапілі, а вось Сынкавічы не абмінулі… Такім чынам, наш шлях 22 мая пралёг праз Зэльвенскі, Пружанскі ды Івацэвіцкі раёны. Натуральна, святымі мясцінамі не абмяжоўваліся. Словам, пабачылі шмат чаго, аднак ад пэўных уражанняў нават аскома з’явілася. Але хто сказаў, што журналіст змушаны пісаць толькі пра ўзнёслае, станоўчае ды прыемнае? Дый наша “аўтакрэда” засталося нязменным: “Што бачым, пра тое і пішам”. На тым, так бы мовіць, і стаім…

/i/content/pi/cult/488/10431/10-3.jpg

/i/content/pi/cult/488/10431/10-5.jpg

Турысты з Гомельшчыны ў Сынкавічах.

/i/content/pi/cult/488/10431/10-6.jpg

Гатовы фрагмент палаца Пуслоўскіх у Косаве.

/i/content/pi/cult/488/10431/10-7.jpg

Чаканне ў Квасевічах.

Узнаўляюць фрэскі мастакі…

Дык вось, Сынкавічы, Зэльвеншчына… Знакамітая і старадаўняя царква абарончага тыпу выплыла неўзабаве, нібы зялёная выспа з нядаўна засеянага палетка. І чвэрці гадзіны не прайшло, а да яе ўжо “прычальваў” турысцкі аўтобус. Падаецца, з Гомельшчыны… Экскурсанты — спрэс маладзёны. Прыклад, як сівая мінуўшчына старанна працуе на дзень заўтрашні, — навідавоку. Але, разам з тым, відавочна, што напачатку трэба дапамагчы гэтай мінуўшчыны ачысціцца, найперш, ад наслаенняў мінулага стагоддзя: сцены царквы-крэпасці да апошняга часу былі пафарбаваны савецкай блакітнай алейнай фарбай. Каб адкрыць схаваныя таямніцы, настаяцель храма, айцец Арсеній ініцыяваў правядзенне ўнутраных рэстаўрацыйных работ, навуковым кіраўніком якіх Міністэрствам культуры прызначаны архітэктар Генадзь Лаўрэцкі.

За тры гады працы (зняцце слаёў фарбы адбываецца толькі ўлетку) змянілася шмат рэстаўратараў, рабочых, адны з якіх, па словах настаяцеля храма, працавалі, каб набыць сабе алкагольныя напоі, іншыя — заробленыя за пару дзён карпатлівай і шкоднай для здароўя працы грошы кідалі ў царкоўную скарбонку ды з адчуваннем выкананага абавязку вярталіся дадому… Да слова, летась за расчыстку аднаго квадратнага метра сцен ад алейнай фарбы рабочы мог атрымаць 80 тысяч рублёў.

Цікава, што ўсе гэтыя гады нязменна працуюць хіба што чатыры студэнты — будучыя прафесійныя рэстаўратары. І, хто ведае, можа, менавіта гэтыя пачаткоўцы стануць адкрывальнікамі малавядомых старонак з гісторыі храма, а магчыма, і ўсёй краіны. Як нам паведамілі ў царкве, усе работы па зняцці фарбавых наслаенняў мусяць завяршыцца 31 жніўня — да свята ў гонар цудатворнай іконы “Усецарыца”, копію якой айцец Арсеній прывёз са святой гары Афон.

На гэты час знайшлі некалькі надпісаў па-стараславянску, на грэчаскай мове, латыні і нават на іўрыце, а таксама лічбы. Каля выхаду з храма мы пабачылі надпіс з указаннем 1596 года. Цікава, што надпісы былі зроблены як на тынкоўцы, так і на цэгле…

Такім чынам, аднаўленне інтэр'ера царквы вядзецца з удзелам грамадскасці. Усё правільна. Нашы велічныя храмы заўжды былі асяродкамі культуры і адукацыі. Так яно і павінна быць. Хочацца спадзявацца, што пасля рэстаўрацыі храма адбудзецца і добраўпарадкаванне тэрыторыі вакол старажытнай фартэцыі. Маем на ўвазе кароўнік, пахі ад жыццядзейнасці якога добра адчуваюць шматлікія госці старажытнага храма, у тым ліку замежныя…

У нас не атрымалася гэтым разам наведаць хоць нейкую ўстанову культуры Зэльвеншчыны. Праўда, адчулі плён яе працы ў старажытным храме — сярод разнастайнай праваслаўнай літаратуры, свечак, царкоўнага начыння пабачылі выдатныя ўзоры задымленай керамікі — гаршчкі, гарлачыкі, вазы, — якія пастаўляюцца на продаж, відавочна, мясцовымі рамеснікамі. Добрае сведчанне таму, што мясцовы Раённы дом рамёстваў удала захоўвае ды выкарыстоўвае і старажытныя тэхнікі, і маркетынг. Прынамсі, хочацца ў гэта верыць.

І ўжо напрыканцы агляду царкоўнага будынка, заўважылі, што фрагмент свежай цаглянай кладкі пакрысе развальваецца-рассыпаецца. “Родная” цэгла, якой — стагоддзі, трымаецца, а адрэстаўраваная і некалькіх гадоў не вытрымлівае. «К» у свой час пісала пра спецыяльную рэстаўрацыйную цэглу, што вырабляецца ў Століне і па сваіх якасных характарыстыках не саступае лепшым замежным узорам. Яна не выкарыстоўвалася пры аднаўленні царквы ў Сынкавічах? Вырашылі для сябе разабрацца ў гэтым пытанні. Нечаканыя вынікі нашага невялікага расследавання — у наступным выпуску нашага “Аўтатура...”.

На развітанне з Сынкавічамі, наталілі смагу ў акультуранай крыніцы (паводле даследаванняў экспертаў, вада ў крыніцы — непараўнальная па сваёй чысціні), што знаходзіцца непадалёк ад храма, і нават акунуліся ў святой купелі…

(Не)лірычнае адступленне Яўгена Рагіна

Пад час нашых вандровак радыё ў аўтасалоне слухаем рэдка. Тэматычныя перадачы нашаму інфармацыйна перагружанаму стану не пасуюць (толькі аднойчы ўвосень, калі за акном цямнела і дакучлівы дождж ніяк не мацаваў настрой, нечаканы голас Алега Вінярскага сагрэў салон і душы), папсовая музыка большасці FM-станцый таксама аптымізму не дадае. Таму перавагу аддаём прайгравальніку з рэпертуарам беларускамоўнага року. З “заходнікаў” вельмі падабаецца Creedence Clearwater Pevival. Што яшчэ трэба ад жыцця? Дарога, лета, рок-н-рол!

Ля Ружанскай брамы

Але “ежай” духоўнай доўга сыты не будзеш. Таму, як толькі трапілі ў Ружаны, адразу пачалі шукаць кавярню. Пабачылі шмат цікавага. Да прыкладу, сквер са скульптурнымі выявамі набліжаных для Льва Сапегі асоб. Сквер гэты, калі верыць знаўцам гісторыі, рэгулярна папаўняецца драўлянай разьбой за кошт частых скульптурных пленэраў. І вось такая канцлерава світа, паверце, — рэч для мястэчка брэндавая.

Шкада, але пра мясцовую кавярню такога не скажаш. Месціцца яна непадалёк ад сквера, але абед у яе, даруйце за таўталогію, — у абед. “Пацалавалі замок” і купілі… правільна, марожанае.

Між тым, Ружанам, як падаецца, даўно час падумаць пра тое, што гасціннасць найперш — гэта кавярня са зручным для госця графікам, гасцёўня з наборам мінімальных паслуг. Ля Ружанскага палаца рэкламны шчыт паведамляў, што менавіта такая гасцёўня і чакае любога ахвотнага вандроўніка. Але, як потым нам распавялі рэстаўратары з Брэста, гатэль у Ружанах мог бы быць, мякка кажучы, і крыху лепшым… Словам, мясцоваму кіраўніцтву ёсць над чым працаваць.

Дырэктар тутэйшага музея Руслан Кніга быў заняты з чарговай дэлегацыяй гасцей. Удалечыні, на адным з крылаў пакуль яшчэ неадноўленай забудовы, завіхаліся рэстаўратары. Гэтым часам ва ўнутраны двор палаца літаральна ўрываецца шыкоўны легкавік з расійскімі нумарамі. Нахабства! Вартаўнік спакойна, але катэгарычна даводзіць вадзіцелю, што парадак — адзіны для ўсіх, а стаянка — побач з галоўным уваходам. Аўтатурыст падпарадкоўваецца…

А мы тым часам завітваем да дырэктара музея. Установа працуе трэці год. За гэты час было прынята каля 60 тысяч турыстаў. Цікавая тэндэнцыя — пастаянна павялічваецца колькасць замежных гасцей.

Паколькі “К” неаднаразова пісала пра палац і яго экспазіцыі, адразу пераходзім да праектнай дзейнасці, якой, як высветлілася з размовы са спадаром Русланам, багата. Да прыкладу, цягам некалькіх апошніх гадоў музей плённа працуе з Асацыяцыяй клубаў UNESCO — у ліпені будзе арганізаваны валанцёрскі летнік, у якім прымуць удзел 25 юнакоў і дзяўчат з васьмі краін свету, у тым ліку Іспаніі, Швецыі і Чэхіі. Моладзь будзе дапамагаць у добраўпарадкаванні будынка былога кляштара базылянаў, цяпер Свята-Петрапаўлаўскай царквы, напаўзруйнаванага касцёла Святога Казіміра, на помніках археалогіі.

Пакуль пісаўся гэты матэрыял, у Ружанах ужо адбыўся Міжнародны мастацкі пленэр “Дыялогі”, ініцыятарам якога выступіў Мастацкі каледж імя А.Глебава ў Мінску. Паводле канцэпцыі праекта, навучэнцы мастацкіх школ з Беларусі, Расіі, а таксама Польшчы ўвасаблялі з дапамогай фарбаў нашу гісторыка-культурную спадчыну.

Адбыўся і традыцыйны фестываль “Ружанская брама”, што пакуль мае абласны статус. Якая ў яго будучыня? Як падаецца, пры належным піяры і прадуманай маркетынгавай стратэгіі фэст можа збіраць багата народу ды някепска зарабляць. Але сказаць, што кіраўніцтва музея не ўмее зарабляць, нельга. Факты сведчаць самі за сябе: агульная сума продажу сувенірнай прадукцыі за мінулы год склала 120 мільёнаў. Шмат прыбытку прыносіць музею і правядзенне вясельных абрадаў.

Па словах Руслана Кнігі, наспела пытанне выкарыстання ў музеі мультымедыйных тэхналогій. Напрыканцы гэтага года тое-сёе з сучаснага музейнага ноу-хау мусіць з’явіцца і ў Ружанах. Што гэта будзе — пакуль засакрэчаная інфармацыя.

І ўсё ж самыя каштоўныя музейныя прадметы — не інфакіёскі, а аўтэнтычныя артэфакты. Знайсці і набыць сёння прадметы, звязаныя з родам Сапегаў XVI — XVII стагоддзяў, — задача архіскладаная. Тым не менш, апошнім часам ідзе папаўненне калекцыі музея, найперш дзякуючы перададзеным рэчам, канфіскаваным пры спробе незаконнага вывазу за мяжу.

Мае музей і шэраг клопатаў. Па словах дырэктара ўстановы, сёння цяжка знайсці высокакваліфікаваныя кадры і яшчэ цяжэй іх утрымаць. На гэты момант практычна ўсе навуковыя супрацоўнікі музея працуюць па размеркаванні. Усім зразумела, чаму прафесійныя музейшчыкі і гісторыкі мяняюць музей на школу ці якое іншае прадпрыемства: фінансавае пытанне яшчэ ніхто не адмяняў.

Не радуе Руслана Кнігу і той факт, што 70 працэнтаў турыстаў прыязджае ў музей у летні час. Тым не менш, пасля рэстаўрацыі ўсходняга корпуса сітуацыя мусіць змяніцца. Да слова, рэстаўрацыя рэзідэнцыі Сапегаў унесена ў праграму “Замкі Беларусі”, а таму штогод, пачынаючы з 2012-га, на аднаўленне ўсходняга корпуса палаца выдаткоўваецца звыш мільярда рублёў з мясцовага бюджэту.

Спадзяёмся, што пад час наступнага візіту ў Ружаны мы зможам не толькі пабачыць вынікі працы рэстаўратараў, але і пракаціцца ў карэце, якой пакуль не хапае ў колішняй рэзідэнцыі Сапегаў.

З гэтымі думкамі выпраўляемся ў бок Косава, паралельна шукаючы на сваім шляху будынак якой-кольвечы сельскай бібліятэкі на Пружаншчыне…

Пару слоў пра...

Здавалася б, толькі перайшлі на чацвёртую перадачу, а перад намі ўжо Івацэвіцкі раён. У вёсцы Квасевічы СДК і сельская бібліятэка (філіял №15) працуюць у адзіным зграбным будынку. На гадзінніку — 16.00. Клубная ўстанова з 14.00 да 19.00 — на абедзенным перапынку. У бібліятэкі ён — з 14.00 да 15.00. Павінна працаваць, але дзверы — зачынены. Тлумачальных абвестак няма. Сітуацыя, на жаль, да болю знаёмая, таму вырашаем пачакаць. Схадзілі ў краму, купілі марожанае, пазнаёміліся з наваколлем. Установа культуры знаходзіцца паміж школай і дзіцячым садком. Месца люднае. Хтосьці ды паведаміць бібліятэкарцы, што побач з яе ўстановай бадзяюцца незнаёмыя. Практыка, як кажуць, правераная жыццём… Але дзесьці праз паўгадзіны з’явілася не бібліятэкарка, а чытачка са школы, трэцякласніца (як сама сказала) у панамцы і са стосікам кніжак пад пахай. Патрымалася за дзвярную ручку — і зноў пакрочыла ў школу. Шкада, мы фотаздымак не паспелі зрабіць. А папрасіць дзяўчо паўтарыць мізансцэну — не ў нашых правілах…

Што тут скажаш? Бібліятэку трэба навучыцца любіць. Насуперак любым жыццёвым абставінам. Тут, пад сотнямі вокладак, — сотні радасных адкрыццяў і шчырых шчаслівых прызнанняў. Без іх жыццё будзе іншым. Проста іншы бібліятэкар пра гэта не ведае. А ты — свята вер. Бібліятэкар — гэта не бібліятэка. Зачынена? Прыдзі пазней, пачакай, але не пазбаўляй сябе магчымасці парадавацца слову…

Паверыла нам трэцякласніца? Не ведаем. Але вельмі хочацца, каб паверыла…

А яшчэ хвілін праз колькі да нас падышла Ала Казімірчык — мастацкі кіраўнік СДК. Мы, натуральна, запыталіся ў Алы Віктараўны, з якой нагоды яна спяшаецца на працу, бо абед жа ў яе яшчэ не скончыўся. А Ала Віктараўна прыйшла па простай прычыне: патлумачыць нам, што бібліятэкарка адсутнічае па ўважлівых прычынах, маўляў у кагосьці адпрасілася. Праўда, з канкрэтыкай прычын мы так і не пазнаёміліся. Мы выказалі ўдзячнасць спадарыні Казімірчык за тлумачэнне і рушылі на Косава…

(Не)лірычнае адступленне Кастуся Антановіча

Ізноў знаёмая сітуацыя. Пад час нашага падарожжа сустракаемся з сумнай тэндэнцыяй, калі мясцовыя жыхары не ведаюць гісторыю сваёй малой радзімы — вёскі, мястэчка, горада… Чарговы прыклад — Квасевічы. Вёска мае даўнюю гісторыю, думаецца, насычаную на драматычныя легендарныя эпізоды. Для мясцовых жыхароў і заезджых турыстаў нават стварылі памятны знак. Ды вось толькі ў апытаных намі мясцовых жыхароў так і не даведаліся пра таямніцы мясцовай гісторыі. А шкада: як-ніяк вёска на шляху паміж Ружанамі і Косавам — цікавостак, хай і прыдуманых, павінна быць багата.

Палац адраджаецца…

Івацэвіччына таксама сустрэла Косаўскім палацавым цудам… Так ужо атрымалася, што адзін з нас ніколі не бачыў Сынкавіцкай царквы, а другі — толькі чуў пра Косаўскі палац. Гэтым днём мы цалкам ліквідавалі прабелы ў наглядным веданні гэтых двух адметных гісторыка-архітэктурных помнікаў…

Левае крыло палаца Пуслоўскіх радуе свежай тынкоўкай. Мы праз час звязаліся па тэлефоне з намеснікам начальніка ўпраўлення культуры Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Брэсцкага аблвыканкама Вячаславам Гарбузавым. Той паведаміў, што на рэстаўрацыйныя палацавыя работы сёлета выдаткавана восем з паловай мільярдаў рублёў: 3,5 мільярда — з рэспубліканскага бюджэту, пяць — з абласнога. Грошы паступова і мэтанакіравана асвойваюцца. Тынкоўка вядзецца і ўнутры памяшканняў. Распрацаваны інжынерны праект, у тым ліку і ацяпляльных сетак. Прадумана, як зменіцца прыпалацавы ландшафт. Словам, клопату яшчэ шмат. Увесь аб’ект, па словах Вячаслава Гарбузава, мяркуецца здаць у 2018 годзе. Гэта будзе ўнікальны культурны комплекс, аналагаў якому на Брэстчыне няма. У палацавых пакоях месца хопіць і для музейнай экспазіцыі, і для гасцёўні. Значыць, ахвотныя ў гэтых жывапісных мясцінах, што, да таго ж, далі свету легендарнага Тадэвуша Касцюшку (з палацавых вокнаў на ягоны Дом-музей — цудоўная перспектыва), могуць затрымацца на некалькі дзён.

Працоўны дзень завяршыўся, і нам не давялося пагутарыць з рэстаўратарамі з Брэста. Але мы ўжо ведалі, што працуюць яны і ў Ружанах, і ў Косаве, і ў Бярозе. І паколькі скіроўваліся мы гэтым вечарам менавіта ў Бярозу, дык цвёрда вырашылі абавязкова сустрэцца з тымі, хто ўзнаўляе на Брэстчыне сівую архітэктурную мінуўшчыну. Хаця б для таго, каб высветліць, а наколькі масава выкарыстоўваецца спецыяльная рэстаўрацыйная цэгла, што вырабляецца ў Століне. Але гэта — зусім іншая гісторыя…

Агульнае (не)лірычнае адступленне

Сынкавічы, Ружаны, Косава… Тры раёны — тры брэндавыя гісторыка-архітэктурныя аб’екты, якія не могуць не ўплываць на змест работы прылеглых культурных устаноў. Але гаворка, хутчэй, не пра сённяшні, а пра заўтрашні дзень. Бюджэтаўтваральны маршрут — гэта не толькі старадаўнія цікавосткі ў першародным выглядзе. Гэта і поўны набор самых розных, у тым ліку — культурных паслуг. І бібліятэкі з клубамі ад Сынкавічаў да Косава павінны весці тут галоўны асветніцкі рэй. Ці не так?...

Фота аўтараў

 

Чытайце пачатак аўтапрабегу па Міншчыне, Гродзеншчыне і Брэстчыне ў № 22, № 23 і № 25.

 

Чытайце ранейшыя аўтападарожжы журналістаў "К":
Магілёўшчына і Гомельшчына;

Міншчына, Брэстчына, Гродзеншчына
;

Віцебшчына, Магілёўшчына;

Гродзеншчына, Віцебшчына і Міншчына
;
Міншчына, Віцебшчына, Магілёўшчына.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"
Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"