Суб’ектыўнасць новага

№ 27 (1153) 05.07.2014 - 11.07.2014 г

“Манументалка”, што адпавядае рэчаіснасці
Паводле заведзенай традыцыі ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў выпускнікі кафедры манументальна-дэкаратыўнага мастацтва і кафедры скульптуры абараняюцца ў адзін дзень і на адной экспазіцыйнай пляцоўцы — у зале галерэі Акадэміі. Па-першае, гэта зручна. Курс на мастацкім факультэце звычайна складаецца з чатырох-шасці студэнтаў. Такім чынам, з дыпломных праектаў дзвюх кафедр атрымліваецца кампактная выстаўка, што адпавядае фармату гэтай невялікай, утульнай прасторы. Зручна для Дзяржаўнай камісіі, прывабна для гледачоў, якіх на абарону прыходзіць нямала. Па-другое, і скульптары, і жывапісцы-манументалісты, хоць і карыстаюцца рознымі сродкамі, але робяць адну справу. Іх творчае прызначэнне — аздоба вуліц, плошчаў, грамадскіх інтэр’ераў. Скульптар і жывапісец-манументаліст нярэдка працуюць разам — у адным праекце, над адным аб’ектам. Сумесная “абарончая” экспазіцыя скульптуры і манументальнага мастацтва паказвае, як універсальныя эстэтычныя прынцыпы, адзіныя для ўсяго выяўленчага абшару, рэалізуюцца ў творчай практыцы функцыянальна роднасных спецыяльнасцей.

/i/content/pi/cult/488/10426/3-11.jpg

/i/content/pi/cult/488/10426/3-13.jpg

/i/content/pi/cult/488/10426/3-14.jpg

/i/content/pi/cult/488/10426/3-15.jpg

Прынцыповы чыннік

Першае, на што звярнуў бы ўвагу на абароне дасведчаны глядач, — гэта відавочны ўхіл у суб’ектыўнасць. Малады творца, маючы магчымасць выбіраць і тэму дыпломнай работы, і стылістыку выканання, часта пазбягае гістарычнай або побытавай канкрэтыкі, якая для папярэдніх пакаленняў выхаванцаў дзяржаўнай ВНУ была спачатку абавязковай, а пазней — пажаданай. Яму значна больш цікава заглыбіцца ў сферу ўласных пачуццяў, эмоцый, рэфлексій. Праз гэта на абаронах з’явілася сякая-такая інтрыга, дыпломныя работы сталі менш прагназуемымі, а значыць, сама дзея — больш відовішчнай. Але штосьці вартае, грунтоўнае, каштоўнае для аматараў мастацтва немаладога веку калі і не знікла цалкам, дык адышло на другі план…

Пры гэтым ніяк не абмінеш такі прынцыповы для творчасці чыннік, як ўласны прафесійны і сацыяльны досвед мастака. Калі ён адсутнічае ці яго бракуе, дык самая арыгінальная творчая задума так задумай і застанецца. Калі не маеш што сказаць гледачу, дык не выратуе ні веданне гісторыі мастацтва, ні арыентацыя ў модных стылявых напрамках ды кан’юнктуры мастацкага рынку. Захочаш сказаць новае слова, а атрымліваецца “вольны пераклад” з той або іншай класічнай выяўленчай мовы на “мясцовую гаворку”. Праўда, сама спроба далучыць да беларускага культурнага кантэксту які-небудзь экзатычны для нас “-ізм” можа аказацца плённай. Але гэта ўжо асобная тэма… Я ж вярнуся да сёлетніх дыпломаў.

Уласна кажучы, ад дыпломніка ніхто і не патрабуе таго самага новага слова ў мастацтве. Дастаткова таго, што яго работа будзе вонкава “чытэльнай” і адпаведнай крытэрыям прафіесійнага майстэрства. Аднак я добра разумею тых, хто хоча большага. Мне самому па маладых гадах была
вельмі даспадобы радыкальная тэза “Будзьце рэалістамі — патрабуйце немагчымага!”.

Куды “вецер дзьме”?

У гэтых нататках я не збіраюся рэцэнзаваць кожную дыпломную работу. Гаворка ідзе пра тыя творы, што, на маю думку, досыць выразна адлюстроўваюць стан нашага выяўленчага мастацтва і дазваляюць зразумець, куды ў гэтай сферы “вецер дзьме” — інакш кажучы, які вектар маем.

Дыпломная работа скульптара Юрыя Бірына-Паўлава “Цяжар” была прыхільна прынята Дзяржаўнай камісіяй. Сам жа працэс прадстаўлення дыплома выглядаў як трыумф маладога творцы, прытым што сэнсавы вузел кампазіцыі — фігура чалавека, прыціснутага ім жа створанай цывілізацыяй. Работа вельмі нагадвае класічную скульптуру Маёля “Міжземнамор’е”. Дый сам вобраз Атланта, сваю версію якога прапаноўвае малады скульптар, арыгінальным назваць нельга. На маю думку, у гэтай рабоце спалучыліся творчая прэтэнцыёзнасць і відавочная залежнасць ад кананізаваных стэрэатыпаў.

Скульптурная кампазіцыя “Сэрца” для РНПЦ “Кардыялогія” Аляксандра Сакалова выклікала захапленне Канстанціна Селіханава — творцы, які шмат зрабіў для ўсталявання ў нашай скульптуры сучаснай пластычнай мовы. Ён назваў станоўчым той факт, што абстрактная пластыка нарэшце прадстаўлена на абароне дыплома. Але ж відавочна, што аўтар гэтай скульптуры натхняўся і творамі Генры Мура.

Кампазіцыя Лайме Мірончык “Тэатр лялек” рабілася для аздобы фае навучальнага тэатра Акадэміі. Яе вобразны лад нібыта запрашае дарослых успомніць сваё дзяцінства і прыняць тэатральную дзею з усёй яе ўмоўнасцю як адбітак рэчаіснасці. Дый глядзіцца сама скульптура як тэатральная дзея з інтрыгай: пры кругавым аглядзе адкрываюцца нечаканыя ракурсы, узнікае непрадказальны асацыятыўны шэраг. На такім прынцыпе грунтуецца мастацтва барока, сучасным увасабленнем якога з’яўляецца стыль хайтэк. Для сучаснай пластыкі гэтая ідэя можа быць вельмі плённай. Пры пэўнай стылявой незавершанасці, з прадстаўленых на абароне гэтая скульптура запомнілася найбольш.

Васіль Цімашоў, скульптура “Цунамі”. Твор прысвечаны трагедыі Факусімы. Мяркуючы па архітэктурнай прывязцы, прадстаўленай на планшэце, гэта не што іншае, як макет пабудовы немалых памераў; яна можа існаваць і як манумент, адзіная функцыя якога — чыстая эстэтыка, і мець практычнае прызначэнне — быць будынкам музея “японскага Чарнобыля”. На маю думку, дадзеную скульптуру не варта разглядаць як завершаную работу — гэта, хутчэй, эскіз. Аднак каштоўнасць “Цунамі” ў тым, што для балючай тэмы, якую, бадай, немагчыма выявіць рэалістычнымі сродкамі, не збіўшыся на жахлівы натуралізм, знойдзены адэкватны мастацкі ход — абстракцыя. “Нават адлюстроўваючы жах, музыка не павінна абражаць слых”, — казаў Бетховен. Тое ж датычыцца і выяўленчага мастацтва.

Тэндэнцыя манументальнага

Манументальны жывапіс на сёлетняй абароне быў прадстаўлены работамі невялікага памеру, якія адпавядалі, хутчэй, жывапісу станковаму. У сувязі з гэтым мне згадаліся некаторыя развагі Аляксандра Кішчанкі. Пра такіх творцаў кажуць, што ў сваёй справе яны — прафесіяналы ад Бога. Аляксандр Міхайлавіч насамрэч валодаў рэдкім талентам эстэтычна арганізоўваць велізарную прастору, і мысліў у творчасці ён адпаведнымі маштабамі. Дык вось, пабачыўшы на свае вочы мастацтва Захаду, ён са здзіўленнем потым казаў, што там манументальным мастацтвам лічыцца тое, што ў нас называлася б афарміцельствам. Пры гэтым ён не хацеў абразіць афарміцеляў, не лічыў іх мастакамі другога гатунку — проста, канстатаваў, што ў нас і на Захадзе розныя крытэрыі для класіфікацыі відаў мастацтва. Мяркую, калі б Кішчанка быў жывы і пабачыў сёлетнюю абарону, ён сказаў бы, што гэтая тэндэнцыя дакацілася і да нас.

Надзея Чумакова і Ірына Юдзянкова прадставілі роспіс “Гісторыя горада” ў інтэр’еры гасцініцы “Мінск”, раскручаны праз публікацыі ў Інтэрнэце. Паводле фармальных крытэрыяў, гэты немалых памераў жывапіс на ляўкасе, створаны для канкрэтнага архітэктурнага асяроддзя, з’яўляецца манументальна-дэкаратыўным. Але зместам перад намі — станковая работа, разлічаная на тое, каб наведвальнік спыніўся ля яе і доўга разглядаў.

Той жа прынцып закладзены і ў роспісе Аляксандра Войшаля “Міфы Беларусі” для кавярні “Нёман” у Гродне. Я нават назваў бы дзве апошнія работы неймаверна вялікіх памераў кніжнай ілюстрацыяй: настолькі дробны маштаб змешчаных на іх выяў, настолькі яны дэталізаваныя. І галоўнае — у адрозненне ад манументальнай аздобы, якую немагчыма без страты выразнасці адарваць ад асяроддзя, для якога яна створана, дадзеныя эстэцкія опусы можна лёгка зняць з гэтых сцен і павесіць на іншыя. Як станковую карціну.

Загадчык кафедры манументальна-дэкаратыўнага мастацтва, прафесар Уладзімір Зінкевіч лічыць, што пераход “манументалкі” ў іншы, камерны, маштаб — гэта не страта якасці, а пошук новай выразнасці ў сінтэзе з новай архітэктурай, дый увогуле з новым матэрыяльным асяроддзем. Ад сябе дадам: змяніўся і менталітэт нашых людзей. У адрозненне ад пакаленняў савецкага часу, яны ў большай ступені прыватныя асобы, і, адпаведна, іх больш цікавіць уласны камфорт, матэрыяльны і псіхалагічны, чым глабальныя праблемы. Попыт спараджае прапановы: мастацтва дае людзям тое, што іх прываблівае…

Дыпломная работа — гэта і экзамен на прафесійнае майстэрства, і першы крок у рэальнае жыццё. У дадзеным выпадку абарона дыпломаў на згаданых кафедрах засведчыла, што выхаванцы Акадэміі някепска ўяўляюць, якое жыццё чакае іх за дзвярамі ВНУ…

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"