“Маленькая Мельпамена” з “Сакрэтам”

№ 27 (1153) 05.07.2014 - 11.07.2014 г

Спектакль “Сакрэт” паводле “Пунсовых ветразяў” А.Грына, пастаўлены тэатральным аддзяленнем ДШМ № 2 г. Мінска на Малой сцэне Новага драматычнага тэатра, быў запрошаны на Міжнародны фестываль “Маленькая Мельпамена” ў Плунге (Літва).

/i/content/pi/cult/488/10425/9-6.jpg

Сцэна са спектакля "Сакрэт". / Фота Аляксандра ДЗМІТРЫЕВА

Малая сцэна — насамрэч, проста закуліссе. Прычым літаральна на другі дзень пасля мінскага паказу ў гэтым закуточку тэатральнай прасторы Новага драматычнага пачаўся рамонт. Але такая “прапіска” дзіцячага спектакля, які рыхтаваўся як выпускны іспыт па асновах тэатральнага майстэрства, тлумачыцца проста: да нядаўняга часу гэты калектыў лічыўся Тэатральнай школай самога тэатра — школай № 1 ва ўсіх сэнсах гэтай лічбы. І тое, што спектакль горача віталі ў замежжы, зусім не нонсэнс для тых, хто паспеў пабачыць яго ў нас.

Інсцэніроўку і пастаноўку ажыццявіла Віргілія Тарнаўскайтэ. Замест салодкай рамантычнай казкі “па-за часам і прасторай”, як мы прызвычаіліся ўспрымаць гэтую гісторыю кахання, яна зрабіла рэалістычна-алегарычны аповед, шчыльна населены дзеючымі асобамі (усяго іх каля дваццаці, у тым ліку — два розных па ўзросце Грэя, тры Асолі: дзяўчынка, падлетак, дзяўчына). Дакладнае прытрымліванне аўтарскага празаічнага тэксту ніяк не перашкодзіла тэатральнасці. Мы ўбачылі не “гаворачыя галовы”, а жывыя, псіхалагічна трапныя характары, дзе ігра дзяцей ніколькі не бянтэжыла няшчырасцю — наадварот, яна была надзвычай натуральнай, быццам уся гісторыя разгортвалася на нашых вачах у рэжыме онлайн, у адпаведнасці з сучаснай тэатральнай дакументалістыкай. Фанасфера спектакля ўзбагацілася шэптавымі паўторамі асобных фраз, што ў пэўных момантах стваралі атмасферу таямнічасці, рабілі прыроднае рэха яшчэ адной дзеючай асобай. Пастаноўка насыцілася пластычнымі нумарамі, нават з адценнем “этна”, бо аповед пра пунсовыя ветразі Асоль чула не ад фалькларыста Эгля, а быццам ад нейкіх ці то калядоўшчыкаў, ці то лясных духаў. Сэнсавая канцэпцыя спектакля — трэба рабіць цуды сваімі рукамі — засталася “ад Грына”. Спектакль быццам “ачысціў” яе і ад залішняй ідэалізаванасці, адарванасці ад жорсткіх рэалій жыцця, і ад збліжэнняў з неверагоднай гісторыяй “Папялушкі”, дзе цуд звальваецца на галаву нечакана, сам па сабе ці з нябёсаў.

Сцэнаграфію часткова “пазычылі” з будучай пастаноўкі Новага драматычнага: подыум з нацягнутымі канатамі. Усё астатняе рабілі самі, сабраўшы частку грошай сіламі бацькоў. Сцэнічныя строі былі пашыты аднагодкамі артыстаў — на вучэбна-вытворчым камбінаце. Школьнікі не толькі атрымалі невялікае грашовае ўзнагароджанне за сваю працу, але і ўбачылі яе вынікі. Запрошаныя на спектакль, яны з гонарам паказвалі адно аднаму, на кім з юных артыстаў лепш сядзяць пашытыя імі сукенкі ды фракі.

— У Плунге нас уразіў маёнтак Агінскага, іншыя экскурсіі, — расказала пра паездку Людміла Семіжон — дырэктар “першай тэатральнай школы”, як працягваюць называць гэтую ўстанову і пасля перападначалення. — У прафесійным плане — цікавыя, насычаныя майстар-класы. У арганізацыйным — тое, што мастацкі кіраўнік фэсту Рымас Матуліс прыцягнуў да працы студэнтаў тамтэйшага ўніверсітэта, дзе ён выкладае, сумясціўшы тэорыю з практыкай.

І ўсё было б добра, каб не было так шкада. Няўжо “Сакрэт” так і застанецца ў сакрэце на радзіме? Гэты спектакль (найперш, па сваіх мастацкіх якасцях) варты аднаўлення на сцэне таго ж Новага драматычнага. Прычым не толькі для школьнікаў. Вельмі хацелася б убачыць у зале і прафесійных артыстаў, і выкладчыкаў дзіцячых тэатральных студый, і, нарэшце, прафесуру нашай Акадэміі мастацтваў. Бо сярод удзельнікаў ёсць падлеткі, папраўдзе пацалаваныя Мельпаменай — і ніколькі не сапсаваныя тэатральным “муштраваннем”, чужымі найгранымі эмоцыямі: у гэтай школе ведаюць сапраўдныя сакрэты…

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"