Як працуюць ДШМ?

№ 27 (1153) 05.07.2014 - 11.07.2014 г

У рамках адзінага дня інфармавання насельніцтва Століншчыну наведаў намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Васіль Чэрнік. У рабочай паездцы яго суправаджаў намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, начальнік упраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама Сяргей Панасюк.

/i/content/pi/cult/488/10424/10-1.jpg

Дырэктар музея Святлана Вярэніч, Сяргей Панасюк, Васіль Чэрнік, Васіль Заруба

Напачатку намеснік міністра культуры і начальнік упраўлення культуры прынялі ўдзел у пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта, дзе разглядалася пытанне аб рабоце дзіцячых школ мастацтваў і дзіцячых музычных школ раёна па музычным, мастацкім, харэаграфічным развіцці і эстэтычным выхаванні навучэнцаў. Пра гэта распавялі начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Столінскага райвыканкама Васіль Заруба і дырэктар Столінскай ДШМ Мікалай Вайцяхоўскі.

Сёлета лаўрэатам рэспубліканскіх конкурсаў харэаграфічнага мастацтва стаў ансамбль “Карамель”, лаўрэатамі міжнародных конкурсаў — Мілена Бруцкая, Таццяна Бабіч і Дар’я Гізун з Рэчыцкай школы мастацтваў. Заслужанай папулярнасцю карыстаецца народны ансамбль інструментальнай музыкі “Брыз” Столінскай дзіцячай школы мастацтваў… Тым не менш, навучальны працэс неабходна пастаянна ўдасканальваць.

Васіль Чэрнік адзначыў, што на Століншчыне пакуль мала дзяцей ахоплена эстэтычным выхаваннем. Актуальнай і характэрнай у цэлым для рэспублікі з’яўляецца праблема матэрыяльнага забеспячэння школ мастацтваў і музычных школ — абнаўленне музычных інструментаў. Сталая прафарыентацыйная работа па выяўленні таленавітых дзяцей і моладзі будзе спрыяць дасягненню значных канкрэтных вынікаў на абласных і рэспубліканскіх аглядах-конкурсах ды фестывалях.

Васіль Чэрнік і Сяргей Панасюк пабывалі ў выставачнай зале на ўваходзе ў парк “Манькавічы” і ў Фядорскім сельскім доме культуры. Сустрэліся з працоўнымі калектывамі дзіцячага аддзялення Столінскай цэнтральнай раённай бібліятэкі, Дзіцячай школы мастацтваў і Раённага краязнаўчага музея. У парку прыроды рэспубліканскага значэння “Манькавічы”, дзе размяшчаюцца названыя ўстановы, выступіў народны ансамбль інструментальнай музыкі “Брыз” Столінскай ДШМ пад кіраўніцтвам Фёдара Вайцяхоўскага. Васіль Чэрнік даў высокую ацэнку творчасці калектыву і нагадаў пра магчымасць выкарыстання Прэзідэнцкага фонду па падтрымцы таленавітай моладзі ў нашым раёне.

Галіна ГАШЧУК

Столін

Фота аўтара