Спявалі салаўі...

№ 27 (1153) 05.07.2014 - 11.07.2014 г

І спонсары знайшліся: пра фестываль у Дуброўне
На аршанскім аўтавакзале я пазнаёміўся з Галінай і Вадзімам Гаўрылавымі — майстрамі з Мінска. Яны таксама ехалі ў Дуброўна, везлі свае работы (разьба па дрэве, роспіс па шкле) і пыталіся ў мяне, наколькі прадстаўнічы Фестываль песні і музыкі Падняпроўя. Я, згадваючы візіт у Дуброўна, пераконваў, што фэст — цікавы ды маштабны. А Гаўрылавы засмучаліся, што беларускім фестывальным рухам зацікавіліся толькі нядаўна. Чулі пра святы ў Паставах, Глуску і Бабруйску, пачалі намацваць кантакты з гаспадаром хутара Шаблі. Не толькі дзеля прыбыткаў ад рэалізацыі сувеніраў, але і з прычыны, што фестывальны вір — гэта і адпачынак. Таму даўняя рэдакцыйная ідэя выдаць фестывальны каляндар выглядае своечасовай і агульнакарыснай. Мода на рэгіянальныя святы становіцца ўсё больш пашыранай. А аўтарытэт ім мацуюць такія фэсты, як “Дняпроўскія галасы ў Дуброўне”.

/i/content/pi/cult/488/10421/13-2.jpg

Ансамбль народнай песні і музыкі “Крыніца” з Дуброўна.

/i/content/pi/cult/488/10421/12-5.jpg /i/content/pi/cult/488/10421/12-6.jpg

 

 

Балетмайстар ансамбля “Весніца” з Акцябрскага цэнтра адпачынку Аляксандр Сарнаўскі; ганчар з Дубровенскага РДР Кацярына Драгун.

/i/content/pi/cult/488/10421/12-8.jpg

Бараболя і яе аўтары — работнікі культуры з Бешанковіччыны.

/i/content/pi/cult/488/10421/12-9.jpg

"Дыван Сяброўства".

Арганізатары

Лёс у дубровенскага свята — шчаслівы. Калі ў пэўным месцы ў пэўны час збіраюцца неабыякавыя людзі, творчы вынік сустрэчы — прадвызначаны. Колішнія старшыня Дубровенскага райвыканкама Міхаіл Ляшчынскі і начальнік упраўлення культуры Мікалай Пашынскі вырашылі, што першы фэст павінен адбыцца ў 1993-м, пад час святкавання 600-годдзя Дуброўна. Вырашылі і не адступіліся ад свайго. Потым эстафету годна падхапіў сённяшні кіраўнік Дубровеншчыны Анатоль Лукашоў, актыўны прыхільнік любога творчага крэатыву. Сёлета, да прыкладу, на фестывальнай прэс-канферэнцыі ён замяніў частку ўласнай вітальнай прамовы да гасцей дэманстрацыяй прафесійна зробленай дакументальнай стужкі пра Дубровеншчыну, яе гісторыю і дзень сённяшні. І такіх фестывальных дэбютаў за тры святочныя дні набралася процьма…

Я і па сёння не дацямлю, як на сваіх далікатных плячах нясе нялёгкую фестывальную ношу начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Людміла Дударава. (Нездарма ў рэдакцыйных кабінетах з’явілася ідэя звесці ў адзін артыкул меркаванні дырэктараў знакавых фэстаў, што ладзяцца ў райцэнтрах. А гэтым шматпакутным дырэктарам ёсць пра што распавесці, і неўзабаве публікацыя будзе падрыхтавана пад рубрыкай “Форум”.) Дык вось, Людмілу Аляксееўну адначасова можна было бачыць у самых розных кропках шматпланавай і расцягнутай у прасторы фестывальнай дзеі. “Галоўная ідэя нашага фэсту, — не стамляецца паўтараць Дударава, — стварэнне атмасферы сапраўднага сяброўства, таму кожны госць павінен адчуць нашу шчырасць”. Гэтае адчуванне суправаджала на кожным кроку. І калі ля Кіраёўскай крыніцы дзясяткі замежных гасцей адначасова танцавалі беларускую польку, і калі адбывалася тэатралізаванае шэсце гасцей ды ўдзельнікаў фэсту. (А шэсце — надзвычай арыгінальнае, што не мае аналагаў на беларускай фестывальнай прасторы: мы вернемся да ягонага зместу ніжэй.)

Неабыякавасць Людмілы Дударавай — “спадчынная”, перададзеная ад яе папярэдніцы па кіраўніцтве аддзелам Кацярыны Лабука, якая цяпер узначальвае Абласны метадычны цэнтр народнай творчасці. Словам, фестывальная аргкаманда падабралася ў Дуброўне моцная. Адпаведныя знайшліся і фундатары.

Спонсары

Накарміць і прытуліць больш за дваццаць калектываў з Беларусі, Латвіі, Літвы, Эстоніі, Украіны, Славакіі, Малдовы, Расіі, кожнаму аддзячыць сувенірам — справа, пагадзіцеся, не з лёгкіх. Але развіццё фэсту гарантуюць спонсары. Галоўны з іх — генеральны дырэктар абутковай фірмы “Марко”, сенатар Мікалай Мартынаў, што нарадзіўся ў вёсцы Гудава Дубровенскага раёна. Такі фундатар не мог не падтрымаць фэст. Іншая справа, што далёка не кожны аддзел можа пахваліцца падобнага кшталту мецэнатам. Я ў фестывальных кулуарах неаднаразова пытаўся: “Чаму?” Адказ збольшага быў адзіным: “Шукаць не жадаюць. Пры правільнай пастаноўцы пытання спонсары самі прапануюць свае паслугі”. Прыйшла на дапамогу і буйная нафтавая кампанія. Як? Пра гэта ведае толькі старшыня райвыканкама.

Вечар другога фестывальнага дня прысвечаны паездкам замежных творчых калектываў па аграгарадках Дубровеншчыны. Вось у Паставах ад такой фестывальнай традыцыі часова адмовіліся па прычыне эканоміі сродкаў. Дуброўна на такі крок не пайшло па той прычыне, што ўсе выдаткі на правядзенне такіх вечароў узялі на сябе мясцовыя сельгаспрадпрыемствы.

Вось і атрымліваецца, што раённае ды спонсарскае грашовае падсілкаванне “Дняпроўскіх галасоў…” ці не ў два разы перавышае абласное . За будучыню традыцыйнага свята песні і музыкі Падняпроўя пры такім раскладзе можна не хвалявацца. Днепр паяднаў не толькі артыстаў, але і бізнесменаў. Грошай стае і на прэзентацыйна-творчыя акцыі, і на замову верталёта для палётаў ахвотных над Дубровеншчынай…

Праекты

Спачатку пра традыцыйныя акцыі, што сталі фестывальнымі брэндамі. Кацярына Лабука прыдумала калісьці праект “Дубравушка”. Была створана аднайменная лялька, да сямейства якой паступова далучаліся Дубравушкі, створаныя рукамі фестывальных гасцей. Цяпер у калекцыі — дзясяткі такіх лялек, у кожнай — сваё нацыянальнае аблічча. Чарговы праект — “Дняпроўскі салавей”. Да кожнага фэсту ягоны пявучы сімвал робіць майстар-кераміст Людміла Кавальчук. Падобных — няма. А “Дыван сяброўства”, сшыты з тканых работ фестывальных гасцей, ужо перасягнуў даўжыню ў восем метраў…

Упершыню фестывальныя падворкі мелі мэтанакіраваную жанравасць. Кожная сельская ўстанова культуры рыхтавала цягам года сваё свята. Лагічны вынік яго можна было ўбачыць (і пакаштаваць!) на галоўнай імпрэзе пад час фэсту. Інакш кажучы, былі падворкі ягадныя, бульбяныя (вы елі калі-небудзь бараболю?), малочныя… Упершыню было арыгінальна абыграна па змесце фестывальнае шэсце. У выніку мазгавога штурму работнікі культуры Дубровеншчыны вырашылі, што дваццаць першы фэст невыпадкова адбываецца ў дваццаць першым стагоддзі. Таму ў святочнай калоне ішоў дваццаць адзін лепшы: вучань раёна, выпускнік, спартсмен, жыхар, якому споўніўся сёлета дваццаць адзін год…

І менавіта чарговыя “Дняпроўскія галасы…” спарадзілі чарговы арыгінальны праект, што належыць крэатыўшчыкам аддзела. Гэтым разам іх узначаліла Клаўдзія Гарэлікава. Паколькі першы фестывальны дзень бавіцца ля Кіраёўскай крыніцы, дык і праект займеў назву “Жыватворная крыніца”. Ладзіцца ён у рамках акцыі “Жывая гісторыя майго краю”, а фінансуецца Еўрасаюзам. Сутнасць праекта вось у чым. Паколькі вада ў Кіраёўскім гаі мае павышаную мінералізацыю (навуковы факт!), дык прылеглая тэрыторыя належным чынам добраўпарадкавана, узведзены альтанкі, з’явілася зона адпачынку. Дарэчы, побач знаходзяцца і невядомага паходжання камяні. Легенды сцвярджаюць, што трапілі яны сюды з неба і менавіта гэтыя касмічныя “госці” “адчынілі” падземную гаючую рачулку…

Высновы

А яны надзвычай простыя: калі беззапаветна любіш родны край, ён табе абавязкова аддзячыць тым жа пачуццём. Ад такой шчаслівай любові і нараджаюцца праекты, што становяцца любімымі…

Фота аўтара

Мінск — Дуброўна — Мінск

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"