“Звязка” з бізнесам

№ 27 (1153) 05.07.2014 - 11.07.2014 г

Як дырэктар РДК стаў прадпрымальнікам
А я — ізноў пра Лельчыцы. Што ні кажы, а ўражанняў з трохдзённай камандзіроўкі ў гасцінны “край Леля” ў мяне засталося дастаткова. Чарговы матэрыял — пра супрацоўніцтва мясцовых культработнікаў з прыватнікамі.

/i/content/pi/cult/488/10420/12-2.jpg

У "Жаральцы" супрацоўнічаюць бізнес і культура.

Бізнес без адрозненняў

Пагаварыць пра гэта хочацца вось з якой нагоды: малы і сярэдні бізнес Лельчыцкага раёна фарміруе каля трыццаць працэнтаў мясцовага кансалідаванага бюджэту. Лічба, пагадзіцеся, дастаткова сур’ёзная. Асабліва калі ўлічыць, што ў сярэднім па Гомельскай вобласці гэты паказчык прыкладна ў два разы меншы…

У чым жа сакрэт паспяховасці тамтэйшых прадпрымальнікаў і бізнесменаў? На мой погляд, хутчэй за ўсё ў тым, што ўсе іхнія праекты заўсёды гатовы падтрымаць на раённым узроўні. Як патлумачыў мне пад час інтэрв’ю старшыня Лельчыцкага райвыканкама Аляксандр Капыткоў, галоўнае, на яго думку, — не перашкаджаць прадпрымальнікам рабіць тое, што ім падабаецца. “Мы зыходзім з таго, што забароны і перашкоды прыносяць толькі шкоду. Таму маем наступны прынцып: канкурэнцыя — усюды, дзе толькі магчыма, а дзяржаўнае рэгуляванне — там, дзе неабходна”, — адзначыў кіраўнік раёна.

Што ж, цалкам слушны і дарэчны падыход, варты пераймання і ў іншых рэгіёнах Беларусі. Але самае галоўнае, што словы кіраўніка раёна рэалізуюцца ў Лельчыцах на практыцы, а не застаюцца на паперы. Напрыклад, у райвыканкаме даўно не дзеляць людзей на “сваіх” ды “чужых”, на тых, хто працуе ў дзяржаўных або прыватных прадпрыемствах, а даюць “зялёнае святло” многім праектам, у тым ліку — прыватным. І гэта, натуральна, прыносіць карысць усяму раёну. У якасці прыкладу распавяду пра дзейнасць чалавека, якога ў Лельчыцах ведаюць, бадай, усе.

Прыбытковы сацыяльны праект

Паспяховымі бізнесменамі — як, дарэчы, і культработнікамі — не нараджаюцца, а становяцца. Гэтая, так бы мовіць, жыццёвая “аксіёма” цалкам пасуе мясцоваму прадпрымальніку Валянціну Буткоўскаму. Ён у свой час скончыў Мінскі інстытут культуры ды адпрацаваў некалькі гадоў на пасадзе дырэктара Лельчыцкага раённага дома культуры. А сёння Валянцін Буткоўскі — вядомы чалавек не толькі ў Гомельскай вобласці, але і ва ўсей Беларусі.

Праўда, знакамітым яго зрабіла не пасада кіраўніка ўстановы культуры. У пачатку 1990-х гадоў ён, пасля працы на кіраўнічых ды партыйных пасадах, вырашыў паспрабаваць свае сілы ў бізнесе. І не прагадаў. Цяпер Буткоўскі — уладальнік буйнога прадпрыемства, якое займаецца вырабам помнікаў з граніту і мае некалькі дзясяткаў гандлёвых кропак, што рэалізуюць ўласную прадукцыю па ўсёй Беларусі. Акрамя таго, ёсць у яго свае крамы, рэстаран, швейная і абутковая майстэрні, аб’екты прыдарожнага сэрвісу... У гарадскім пасёлку з гэтай нагоды жартуюць: маўляў, куды ні пойдзеш — усюды Буткоўскі. Словам, лягчэй назваць тое, чаго ў яго няма.

Але з сацыяльнай сферай колішні кіраўнік РДК не парывае. Я сказаў бы, нават дапамагае ёй. Якім чынам? Пра гэта спытаў у самога прадпрымальніка, завітаўшы на ягоную аграсядзібу “Жаралец”, што месціцца непадалёк ад Лельчыц.

“Пасля таго, як маё прадпрыемства выйшла на абласны, а пасля і на рэспубліканскі ўзровень, мне, так бы мовіць, зрабілася сумна. Мабыць, далася ў знакі мая культработніцкая “душа”, — пасміхаецца Валянцін Буткоўскі. — Таму вырашыў узяць на сябе яшчэ і ўвесь сектар побытавых паслуг як у гарадскім пасёлку Лельчыцы, так і ў раёне”.

У райвыканкаме за гэтую ідэю схапіліся, што называецца, абедзвюма рукамі: “бытоўка” ў сельскай мясцовасці ніколі вялікіх прыбыткаў не прыносіла. Таму і перадалі яе “ва ўладанне” прыватніку. Сёння ў раёне працуюць 15 цэхаў і падраздзяленняў, якія аказваюць больш чым 20 відаў паслуг. Па словах Валянціна Буткоўскага, “фантастычнага” прыбытку дадзеная дзейнасць яму сапраўды не прынесла. Але гэтага і не прадуглежвалася: названы праект з самога пачатку прагназаваўся хутчэй як сацыяльны, а не камерцыйны.

Культура і “капейчына”

Не парывае Буткоўскі, натуральна, і са сферай культуры раёна, бо, як ужо казаў, першапачаткова быў звязаны з ёй вельмі цесна. Так, цяпер ён заўсёды з’яўляецца мецэнатам ды спонсарам разнастайных раённых ды гарпасялковых мерапрыемстваў, а таксама раіць культработнікам, як лепш правесці тое або іншае свята: вопыт, што ні кажы, у Буткоўскага вялікі... А яшчэ бізнесмен заўсёды запрашае на сваю аграсядзібу “Жаралец” шматлікія фальклорныя калектывы з Лельчыц і бліжэйшых раёнаў Гомельскай вобласці... Адным словам, “культработніцкая душа” былога дырэктара РДК праяўляецца ў поўнай меры і тут…

Як лічыць прадпрымальнік, сфера культуры раёна заўсёды павінна працаваць у шчыльнай звязцы з бізнесам. Справа ў тым, што ў “Жаральцы” пастаянна ладзяцца вяселлі, банкеты, карпаратыўныя святы, Масленіца, Каляды, іншыя народныя гулянні. А яшчэ — свята Нептуна, на якое з’язджаецца з сотню гасцей з усіх наваколляў. Распрацоўваюць гэтыя мерапрыемствы мясцовыя культработнікі і ўдзельнічаюць у іх. Натуральна, не бясплатна: “капейчына”, заробленая ў “Жаральцы”, папаўняе скарбонку плана платных паслуг устаноў культуры раёна.

Мяркую, падобны вопыт узаемадзеняння прыватнікаў і ўладальнікаў аграсядзіб варты пераймання і распаўсюджання. У Беларусі сёння існуе звыш дзвюх тысяч аграсядзіб. Але ж пра цеснае супрацоўніцтва з уласнікамі “хатак у вёсцы”, упэўнены, могуць распавесці не ў кожным раёне Беларусі. А шкада… Бо эканамічны эфект ад “звязкі” бізнесу і культуры мог бы прынесці карысць абодвум бакам…

Дарэчы, у хуткім часе на базе сваёй аграсядзібы Валянцін Буткоўскі плануе зладзіць форум прадпрымальнікаў з усёй Гомельскай вобласці. “Усё дзеля таго, каб пазнаёміцца і завязаць кантакты”, — патлумачыў сваю ідэю бізнесмен з Лельчыц. На тую сустрэчу запрошаны і кіраўнікі сферы культуры раёна. Так што магчымасць пазнаёміцца з будучымі мецэнатамі і спонсарамі Гомельшчыны, а таксама абмеркаваць розныя сумесныя праекты ў мясцовых культработнікаў абавязкова з’явіцца…

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"