“Заміж персідскага ўзору...”

№ 6 (824) 09.02.2008 - 15.02.2008 г

Вядомыя радкі, якія Максім Багдановіч прысвяціў беларускім ткачыхам, былі напісаны ім пасля наведвання Беларускага музея Івана Луцкевіча ў Вільні ў 1911 г., дзе паэта ўразіла прыгажосць слуцкіх паясоў. Верш уяўляецца сімвалам повязі часоў: ад ХVІІІ ст., калі ткаліся на Радзівілаўскіх мануфактурах слуцкія паясы, карэліцкія шпалеры, калі славіліся сваімі кілімамі Гродзенскія мануфактуры, — да часоў Багдановіча і да сённяшняга дня, калі ў музеі М.Багдановіча ў Гродне праходзіць мастацкая выстаўка “Вакол мяне кветкі прыгожа красуюць”. Утульная зала музея ўмясціла работы вядомай сям’і Шунейкаў — гродзенскай дынастыі майстроў мастацкага ткацтва.

Усё пачыналася пасля вайны, калі галава сямейства Фелікс Шунейка сканструяваў кросны з 6-метровым бёрдам і на базе Гродзенскага абласнога дома народнай творчасці пачаў працаваць разам з жонкай Рэгінай і народнымі майстрыхамі над стварэннем дываноў, выконваючы дзяржаўныя заказы.

Гэта былі манументальныя вырабы з падрабязна распрацаванымі сюжэтамі, ідэйна-вобразнае гучанне якіх суадносілася з сацыялістычным светапоглядам. Сеня яны знаходзяцца ў розных рэспубліках былога Савецкага Саюза.

На выстаўцы прадстаўлены пераважна работы малодшага пакалення Шунейкаў — сына Яўгена і дачкі Алены. Часта зробленыя ў суаўтарстве з бацькам, творы ўжо адыходзяць ад рэалістычных прыёмаў адлюстравання і вылучаюцца сучасным светаўспрыманнем. Майстры самі распрацоўваюць эскізы, самі працуюць на станках.

На ўваходзе наведвальнікаў сустракае вялікі габелен, вытканы да 100-годдзя Максіма Багдановіча і падораны аўтарамі музею. Дамінуе ў кампазіцыі постаць паэта, а ўведзеныя ў архітэктоніку твора дэталі-сімвалы падкрэсліваюць духоўную вытанчанасць лірычнага героя.

Лагічным працягам гэтай работы выглядаюць міні-габелены, вышыўкі, дзе пышныя яркія макі і такія прыязныя душы Максіма васількі эстэтычна пераклікаюцца з умоўна-абагуленымі фігурамі жанчын-сялянак (“Жнеі”, “На сенажаці”). Лаканізм вобразнага ладу не дысаніруе з насычанасцю шматколеравай палітры спякотнага летняга дня.

Амаль жывапісны эфект у каларыстыцы твораў дасягаецца дзякуючы віртуознасці майстра і мадэрнізаванаму ў 80-я гады Феліксам Шунейкам ткацкаму станку. Апошні дазволіў удасканаліць тэхналогію вытворчасці габелена.

Ярка вызначаны ў работах матывы беларускай даўніны. Сюжэты твораў апелююць да падзей з гісторыі Гродзеншчыны: “Будаўнікі і абаронцы Гародні”, “Гродзенцы на Грунвальдзе”. Мастакі імкнуцца не толькі падкрэсліць дэкаратыўна-фактурныя ўласцівасці тканіны, а і ўскладніць выяўленчы вобраз габелена тонкай асацыятыўнасцю, надаць яму высокі ідэйны змест. У кампазіцыях “Бернардзінскі касцёл пад апекай Святога Духа”, “Фарны касцёл у ранішнім святле” помнікі сакральнай архітэктуры Гродна ўспрымаюцца эмацыянальна ўзвышана, бо прасякнуты моцным экспрэсіўным пачуццём.

Не губляючы сутнасную першааснову ткацтва, Шунейкі на сённяшнім этапе творча пераасэнсоўваюць спадчынныя традыцыі, арыентуючыся на еўрапейскую рознастылёвасць пластычных прыёмаў.

Але ўсё ж застаюцца глыбока нацыянальнымі ў гуманістычным асваенні мастацкай прасторы.


Марына ЗАГІДУЛІНА Гродна

“Жнейка”.“Валошкі”.“Ткачыха”.