Пра існаванне карцінных галерэй у вёсцы Мерал, што месціцца на паўднёвым захадзе Францыі, распавяла Карын Дэамброзіс — вядомы французскі фатограф, пазаштатны супрацоўнік аддзела Антычнасці Луўра, удзельнік шэрагу праектаў ды выставак не толькі ў сваёй краіне, але і ў Іспаніі, Бельгіі ды ЗША. Яна днямі прэзентавала ў Мінску, у Нацыянальным гістарычным музеі, сваю фотавыстаўку “Мерал: Французская глыбінка”, а таксама зладзіла ва ўстанове культуры майстар-клас па тэме музейнага фатаграфавання.
Дык вось, пра Мерал. Гэта невялікая вёска ў французскай Аквітаніі, дзе сёння пражывае прыкладна 600 жыхароў. Такі, так бы мовіць, французскі “аграгарадок”. Яскравых славутасцей, слынных архітэктурных помнікаў тут няма. Жыхары вёскі — пераважна сяляне, “знікаючы від”, як кажа сама Карын. Але жывуць тут таксама і гандляры, паліцэйскі, булачнік, мяснік, настаўнікі мясцовай школы, лекар, натарыус, некалькі мастакоў і музыкантаў.
Самае дзіўнае, што ўсе гэтыя людзі актыўна ўзаемадзейнічаюць паміж сабой і не стамляюцца прыдумляць разнастайныя цікавыя мерапрыемствы, якія прыцягваюць у паселішча шматлікіх турыстаў. Не маючы, натуральна, ні Дома культуры, ні аўтаклуба, жыхары Мерала самастойна арганізуюць розныя конкурсы, вясковыя святы, тэатральныя імпрэзы, шпацыры і паходы па наваколлях. Яшчэ тут ладзяць ужо традыцыйны фэст агародных пудзілаў, на які запрашаюць шматлікіх гасцей — як з Францыі, так і з замежжа. А тыя, пабываўшы на вясковым фэсце, абавязкова прыязджаюць сюды і ў наступным годзе.
Варта таксама згадаць і такі важны элемент сельскага жыцця, як рынак, на які ў Мерале адведзена раніца кожнага чацвярга. У гэты дзень у вёску з’язджаюцца людзі з усяго наваколля, как набыць тут свежую садавіну і гародніну, а таксама знакаміты хлеб мясцовага булачніка Жана Лавеска, які лічыцца адным з лепшых хлебапёкаў ва ўсёй Францыі. А яшчэ многія жыхары ды турысты абавязкова наведваюць тры карцінныя галерэі, што маюцца ў вёсцы. Іх адкрылі ў сельскім паселішчы некалькі мастакоў, што ўпадабалі гэты закінуты ў глыбінцы Аквітаніі куток.
Каб адчуць таемнае хараство Мерала, трэба, па словах Карын Дэамброзіс, проста прагуляцца па вясковых вулачках, прайсціся ўздоўж старой сажалкі, падняцца на навакольныя ўзгоркі, пагутарыць з сустрэчнымі. Менавіта гэтым яна і займалася цягам некалькіх месяцаў, здымаючы навакольныя краявіды ды мясцовых жыхароў. А пасля падзялілася сваім захапленнем ад Мерала не толькі з французамі, але і з еўрапейцамі, у тым ліку — і з беларусамі, прэзентуючы ў Мінску сваю фотавыстаўку. Думаю, не памылюся, калі скажу, што турыстаў у Мерале пасля такой “усееўрапейскай” рэкламы ад Карын Дэамброзіс значна паболее. Такую б фотамастачку — ды ў кожную вёску Беларусі! Глядзіш, і не з’язджалі б адтуль людзі…
Фота Яўгена КОЛЧАВА