“На біс” — і не зусім

№ 27 (1153) 05.07.2014 - 11.07.2014 г

Канец сезона з “візітоўкамі” ды…
Канец сезона вядучыя творчыя калектывы Беларускай дзяржаўнай філармоніі заўсёды адзначаюць адметнай праграмай, знакавымі імёнамі. Так было і гэтым разам. “Разыначкай” Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Беларусі на чале з Аляксандрам Анісімавым стала запрашэнне сусветна знакамітага англійскага піяніста Пітэра Данахоу. Дзяржаўны камерны аркестр Беларусі пад кіраўніцтвам Яўгена Бушкова, у сваю чаргу, запрасіў маладога лаўрэата шматлікіх міжнародных конкурсаў Вадзіма Халадэнку. Дый самі праграмы абодвух канцэртаў дэманстравалі творчыя крэда кожнага калектыву.

/i/content/pi/cult/488/10418/9-4.jpg

Галоўны дырыжор Дзяржаўнага камернага аркестра Беларусі Яўген Бушкоў.

Тры цуды Пітэра

Аляксандр Анісімаў зрабіў стаўку на папулярную рускую класіку: Рымскі-Корсакаў, Чайкоўскі, Рахманінаў. І хаця ў пачатку вечарыны дырыжор ва ўласцівай яму манеры распавёў пра званы ды званочкі, нават папрасіў музыкантаў асобна паказаць гучанне згаданых інструментаў (маўляў, ім прысвечана праграма), публіка мэтанакіравана ішла на Трэці фартэпіянны канцэрт С.Рахманінава.

Пітэр Данахоу, якому ўжо за 60, прадэманстраваў маладую віртуознасць і сталае майстэрства. Ён адразу павёў аркестр за сабой, дыктуючы тэмпы і драматургію. Аркестранты не зусім стройнымі шэрагамі рушылі за ім — хто як мог. Пітэр граў неяк вельмі “па-руску”, размоўна-пейзажна-душэўна, але без знешніх эфектаў. Галоўная тэма першай часткі штораз гучала інакш. У экспазіцыі — як расповед з нечаканай акцэнціроўкай. У распрацоўцы — больш аб’ектыўна, быццам ад трэцяй асобы. У рэпрызе — як успамін. Піяніст, бы кінарэжысёр, чаргаваў буйныя планы з панарамнымі, мантаж “усутыч” з размытымі пераходамі, а саступаючы “права голасу” аркестру, аплятаў яго канву неверагодна прыгожай вяззю ці атмасферай звонавасці. У другой частцы ў саліста з’явілася такая свабода выказвання (прычым у межах абсалютна дакладнага кампазітарскага тэксту), быццам ён выконваў джазавую імправізацыю. У бліскучым фінале раяль увогуле граў нібыта сам, без аніякага напружання музыканта, але з заразлівай энергетыкай, добрай артыкуляцыяй гулкага фартэпіяннага “шэпту” і нават... танцавальнасцю.

У рахманінаўскіх “Званах” да аркестра далучыліся оперныя салісты (лепшым з іх, безумоўна, быў Уладзімір Пятроў) і Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла імя Р.Шырмы. Самымі прыцягальнымі ў гэтым творы аказаліся моманты імпрэсіянізму. Там жа, дзе патрабаваўся экспрэсіянізм, узнікаў звычайны “крык-рык” замест моцных драматычных кульмінацый.

Астатнія два творы, прызнацца, падаліся залішнімі. Асабліва ўверцюра П.Чайкоўскага “1812 год”, якая за апошнія два гады паспела надакучыць і публіцы, і самім музыкантам. А “Тры цуды” з “Казкі пра цара Салтана” М.Рымскага-Корсакава атрымаліся крыху дзіўнаватымі. Смарагдава-залатых арэшкаў побач з патаўсцелай вавёркай заўважыць не ўдалося (мабыць, грызла-грызла дый з’ела), трыццаць тры волаты крочылі неяк мітусліва (здрабнелі героі, што тут зробіш), святочную коду псавала медзь. Хіба Царэўна Лебедзь з яе імпрэсіянісцкімі фарбамі не страціла прыгажосці…

Дайсці да Моцарта

Дзяржаўны камерны аркестр Беларусі, прапанаваўшы на закрыццё сезона праграму “Моцарт і...”, перакінуў масток да сезона наступнага, на які запланаваны новы цыкл, прысвечаны мацарціянству. Цяперашні вечар, як заўважыла яго вядучая — музыказнаўца Іна Зубрыч, можна было б назваць “Моцарт і Concerto grosso”, бо гучалі творы менавіта ў гэтым жанры. На маю думку, яшчэ больш важным аказалася правядзенне лініі мацарціянства не толькі наперад, у ХХ стагоддзе, але і назад, да пачатку ХVIII-га, сувязь з папярэднім барочным “шлейфам”, які таксама адгукнуўся ў нядаўнім мінулым. Да таго ж усе творы, акрамя Моцарта, гучалі ў нас упершыню: П.Лакатэлі, Э.Блоха, Н.Рота. Такія ж рэдкія на нашай канцэртнай эстрадзе кампазіцыі склалі і “дадатковую” праграму — выкананняў “на біс”. Арыгінальнасць самой праграмы, імкненне адкрываць новыя і забытыя імёны-творы (прычым усе — папраўдзе “найвышэйшага гатунку”) былі “візітоўкай” гэтага аркестра ў часы Алега Янчанкі і Юрыя Цырука, гэтую ж традыцыю працягвае Яўген Бушкоў.

На клавесіне граў наш Юрый Бліноў, якому даводзілася “прабівацца” скрозь яркае гучанне скрыпак. Фартэпіянную партыю — сольную ці не — цягам усяго вечара выконваў уладальнік Гран-пры Міжнароднага конкурсу імя Вана Кліберна ў Тэхасе (2013) Вадзім Халадэнка. Ён завітаў да нас упершыню — і з каштоўным падарункам: на наступны дзень даў бясплатны сольны канцэрт з твораў І.С. Баха ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі.

Як па-рознаму гучаў у яго раяль! У Канцэрце В.А. Моцарта больш “аб’ектыўнае” аблічча гэтага інструмента кантраставала з вельмі “душэўнымі” струннымі. Крыштальныя россыпы моцартаўскага бісера паўсталі самымі разнастайнымі ператварэннямі чысцюткай, празрыстай, папраўдзе “жывой” крынічнай вады: у першай частцы — журчаннем летняга ручая, у другой — дробным восеньскім дожджыкам, у трэцяй — сняжынкамі-льдзінкамі, што кружацца ў мяцеліцу… І ўвесь твор раптам наблізіўся да сучаснай экалагічнай тэматыкі ў музыцы.

Два познія Інтэрмеца І.Брамса, сыграныя В.Халадэнкам “на біс”, працягнулі нітачку ад рамантызму да пракоф’еўскай лірыкі, харальнасці ХХ стагоддзя. Магутна, бы аркестравае tutti з духавымі, гучаў раяль у час Concerto grosso швейцарска-амерыканскага кампазітара Эрнста Блоха, хаця быў пасунуты з авансцэны і выступаў усяго як дадатковая фарба сярод струнных. “На дэсерт”, як трэці аркестравы “біс”, была “Не зусім Месячная саната Л.Бетховена” саратаўскага кампазітара Уладзіміра Мішле, дзе піяніст са смакам (і адначасова не без густу) сыграў ролю акампаніятара-тапёра.

А назаўтра, ізноў з аншлагам, гучаў абяцаны Бах. Адмовіўшыся ад вядучага, Вадзім адразу стварыў камерную, абсалютна давяральную атмасферу. Такім жа “давяральным” было і выкананне, годнае элітных салонаў: стыльнае, знешне простае, стрыманае, без рамантычнага флёру, ідэальна роўным бахаўскім гукам — ад клавесіннага да клавікордавага і арганнага.

Ну а наш Камерны аркестр свае “дадаткова-падарункавыя” канцэрты правядзе на фестывалі ў Славеніі. Мяркуючы па добра адрэпеціраваным, вытанчаным цяперашнім выкананні, гастролі таксама павінны прайсці “на біс”.

Kultura logo-L.psd

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"