“…Перамяшчэнне” сваімі сіламі

№ 27 (1153) 05.07.2014 - 11.07.2014 г

З восені ў наш кінапракат збіраюцца запусціць новую айчынную стужку для дзяцей “Неверагоднае перамяшчэнне”, якая была завершана літаральна следам за яшчэ дзвюма — “Кіндарвілейскім прывідам” і “Цуд-востравам, або Палескімі рабінзонамі”. Такую раптоўную любоў “Беларусьфільма” да падрастаючага пакалення генеральны дырэктар Нацыянальнай кінастудыі Алег Сільвановіч тлумачыць не нейкімі спецыяльнымі намерамі, а ўсяго толькі збегам абставін. Як бы тое ні было, няўжо і сапраўды: колькасць дзіцячых фільмаў пераходзіць у іх якасць?

/i/content/pi/cult/488/10417/8-11.jpg

Кадр са здымак "Неверагоднага перамяшчэння". / Фота Аляксандра ДЗМІТРЫЕВА

Праўда, на творчым рахунку рэжысёра Аляксандра Анісімава той “колькасці” якраз і няма. Пры ўсім сваім творчым багажы, ён выступіў у новай стужцы... дэбютантам. Бо раней працаваў у дакументальным кіно, упершыню ўзяўшыся за мастацкае, ды яшчэ дзіцячае. Гэтае “перамяшчэнне” рэжысёра з дакументалістыкі ў мастацкае кіно наўрад ці можна назваць “неверагодным” — хутчэй, проста адбылося асваенне новай мастацкай прасторы. У чымсьці заканамернае: у рэжысёра, якому споўнілася 50, — пяцёра дзяцей. І калі яму прапанавалі здымаць гэтую стужку, ён не мог не пагадзіцца — тым больш, што яго зацікавіў сцэнарый: з-за збою ў камп’ютарнай праграме, распрацаванай лянівым школьнікам-вундэркіндам, з ХVI стагоддзя ў сучасны Мінск “перамяшчаюцца” медык і алхімік Парацэльс ды двое каларытных, але няўдалых прадстаўнікоў інквізіцыі. Тут і пачынаюцца іх прыгоды...

Нават па сціслым пераказе сюжэтнага рэчышча заўважна, што сцэнарый напісаны добрым знаўцам сусветнага кіно, якім аказалася рэдактар “Беларусьфільма” Рыта Шаграй. Бо стужка — ад агульнай задумы да найдрабнейшых дэталей і саміх тыпажоў — літаральна стракаціць “спасылкамі” на вядомыя кінаработы. Тут можна знайсці паралелі з “Прышэльцамі” і “Прышэльцамі-2”, “Госцяй з будучыні”, дый сама асоба Парацэльса неаднойчы ўвасаблялася на экране, у тым ліку і ў сувязі з сучаснасцю. Але ўсе гэтыя пазнавальныя рэчы спалучаюцца вельмі ўдала, без усякіх “швоў” паміж рознымі запазычаннямі. Насычанасць фільма смешнымі сітуацыямі, падобнымі да камедыі становішчаў, трапныя акцёрскія работы (усе артысты — беларускія!), добры мантаж з “перамяшчэннямі” гледача з адной эпохі ў другую спрыяюць тэмпарытму, не даюць засумаваць. Стужка пралятае літаральна за адно імгненне. Для дарослых яна становіцца своеасаблівай постмадэрнісцкай гульнёй у цытаты і алюзіі, для дзяцей — чарговымі прыгодамі, прычым не бессэнсоўнымі.

Што ні кажыце, а імя Парацэльса і ягоны ўнёсак у навуку запомняцца на ўсё жыццё. У тым ліку дзякуючы адметнаму вобразу, створанаму Аляксандрам Аўчыннікавым. Хтосьці нават зазірне ў Інтэрнэт, каб даведацца, што артыст насамрэч знешне зусім не падобны на свайго героя. І адначасова пераканацца, што Парацэльс сапраўды падарожнічаў па Вялікім Княстве Літоўскім, спыніў чуму, упершыню прыдумаў таблеткі замест парашкоў (паводле кінаверсіі, убачыўшы іх у сучасным шпіталі). Хтосьці яшчэ больш зацікавіцца хіміяй (не вывучэннем формул, зразумела, а ўсялякімі “вопытамі”). Хтосьці — перастане шкадаваць, што “не ў тую” эпоху жыве, бо тыя ж інквізітары, спазнаўшы славу рок-музыкантаў, не хочуць вяртацца назад…

Нягледзячы на выведзеных на экране някемлівых настаўнікаў і нягеглых бацькоў, якіх дзеці ўвесь час абводзяць вакол пальца, фільм падыходзіць і для культпаходаў (як-ніяк, ён усё ж такі пра школу), і для сямейнага прагляду. І — для далейшых сіквелаў! Бо заканчваецца ён, можна сказаць, адкрытым фіналам: разам з Парацэльсам у мінуўшчыну перамяшчаецца і закаханая ў яго школьная настаўніца — быццам бы выпадкова, але не без дапамогі дзяцей, якія былі б толькі рады яе знікненню: урокаў не будзе! Гэтую сітуацыю новых “перамяшчэнняў” давядзецца, пэўна, неяк выпраўляць. Ці хаця б растлумачыць, што здарылася з настаўніцай “там”, дзе яна ператварылася ў служанку…

Прэтэнзій да фільма можна прад’явіць шмат. Але на кожны такі довад “супраць” — адразу знаходзяцца контраргументы “за”. Дзеці на экране, шчыра кажучы, не заўсёды паводзяць сябе натуральна, затое настолькі падобныя адно да аднаго, што выглядаюць, бы сапраўдныя брат і сястра. А яркай Дзіяне Чыкранавай і ўвогуле можна даваць прыз за лепшую ролю другога плана, бо яна запамінаецца нават больш за галоўных герояў.

Фінальная песня, напісаная Алегам Гямбіцкім, нагадвае піянерскую лірыку пасляваеннай даўніны і звернута нават не да бацькоў, а да дзядуляў-бабуляў, якія хацелі б настальгічна ўзгадаць свае школьныя гады. Але іншая музыка таго ж аўтара спраўна стварае настрой, неабходны ў тых або іншых эпізодах. Ну а запрашэнне на здымкі гурта “Самада Брата” і выкарыстанне кампазіцыі, дзе рок сплятаецца са старадаўнімі песняспевамі, і ўвогуле прыводзіць не толькі да магутнай кульмінацыі, але і да роздуму пра непарыўную сувязь часоў — “праз эпоху”: калі рок цудоўна спалучаецца з ХVI стагоддзем, дык раманс “Чырвоны сарафан”, не ўспрыняты ў фільме старшакласнікамі, стылёва каардынуецца са згаданай фінальнай песняй.

Прыгоды інквізітараў адцягваюць на сябе надта многа ўвагі — здавалася б, частку іх можна было б і скараціць. Але — смешна! Без усялякіх “прыцягнутых” сітуацый ды “нацягнутых” усмешак. Камедыйны талент Генадзя Фаміна вядомы даўно, а Дзмітрый Есяневіч у гэтым амплуа для многіх, пэўна, стане прыемным адкрыццём.

Канешне, замест таго ж Парацэльса хацелася б бачыць кагосьці з беларускіх герояў. Але ж Мінск і нават старажытны Менск у стужцы ўзгадваюцца неаднойчы. Дый гарадскія краявіды пазнавальныя, асабліва шматлікія вулічныя скульптуры — і ў сцэнарыі абыграныя, і з новых ракурсаў паказаныя (аператар — Зміцер Рудзь).

Фільм пераконвае: зрабіць штосьці неблагое — не толькі “як усе”, але і, што важна, не горш за іншых, прычым цалкам сваімі сіламі, — мы можам. Значыць, ёсць спадзеў, што прыйдзе час не толькі школьнага “паўтарэння пройдзенага”, але і самастойных творчых адкрыццяў. Іншымі словамі, перыяд алхіміі, калі беларускае “кіназолата” спадзяваліся зрабіць, разлічваючы выключна на цуд, мінуў (ну вельмі ж хочацца ў гэта верыць!). Наступіў перыяд “побытавай хіміі”. А час сапраўдных беларускіх адкрыццяў у гэтай галіне — яшчэ наперадзе!..

Kultura logo-L.psd

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"