Калі помнік для Гродна, дык які?..

№ 27 (1153) 05.07.2014 - 11.07.2014 г

Уладзімір КАЧАН, мастак
Летась агучыў у гарадскім друку і на інтэрнэт-рэсурсах своеасаблівы “план манументальнай прапаганды” для сталіцы Панямоння. Гаворка ішла пра ўсталяванне ў Гродне бліжэйшым часам помнікаў асобам, якія, паводле вынікаў апытання сярод гродзенцаў, адыгралі найбольш істотную ролю ў гісторыі горада. Асобы выключна адметныя: князь Давыд Гарадзенскі, вялікі князь Вітаўт, кароль Стэфан Баторый, гарадзенскі стараста Антоній Тызенгаўз, навуковец Жан-Эмануэль Жылібер…

Пры гэтым маю на мэце, каб гарманізацыя гарадскога асяроддзя, наданне яму новых эстэтычных якасцей і сацыяльнай каштоўнасці не правакавала канфліктных сітуацый. Таму падобную справу трэба рабіць вельмі далікатна. Я ўвогуле не прыхільнік радыкалізму: мне бліжэй паступовы эвалюцыйны працэс. Тым больш, калі гаворка ідзе пра культурныя, духоўныя працэсы і, пры тым, пра памяць некалькіх пакаленняў.

Ствараючы новы культурны пласт, патрэбна клапаціца пра захаванне ўжо існуючага. Перакананы, у кантэксце горада знойдзецца месца і помнікам савецкай эпохі, і знакам беларускай нацыянальна-гістарычнай тоеснасці. Урэшце, некаторыя аб’екты, калі з’явіцца на тое патрэба, могуць быць перанесены на іншае месца. Даўно, скажам, ідзе гаворка пра неабходнасць ператварэння гродзенскага Кургана Славы ў буйны мемарыяльны комплекс, часткай якога мусіць стаць экспазіцыя баявой тэхнікі часоў Вялікай Айчыннай вайны. Той жа танк-помнік на Савецкай плошчы ў кантэксце такога мемарыяла будзе ўспрымацца, магчыма, нават больш ёмістым.

Да падарункаў таксама трэба ставіцца з пашанай і ўдзячнасцю, таму, мяркую, у горадзе знойдзецца добрае месца і колішняму літоўскаму дару — драўлянаму Вітаўту з надпісам на беларускай і літоўскай мовах. Для свайго часу, калі нічога не было, такая скульптура ўспрымалася натуральнай на месцы сваёй “дыслакацыі”, але сёння відавочна: на такой прэстыжнай пляцоўцы паміж Старым і Новым замкамі павінен з’явіцца манументальны твор работы прафесійнага скульптара, адпаведны па статусе каралеўскім замкам.

Грамадства можа аказаць ініцыятарам падобнага “плана манументальнай прапаганды” маральную падтрымку, а дзе ж рэальныя грошы ўзяць? Сапраўды, я не ведаю выпадкаў у нашай краіне, каб манументальныя аб’екты паўставалі на грошы прыватных асоб. Але ж паколькі гаворка ідзе пра дзяржаўную справу, дык лагічна, што і рабіцца яна мусіць дзяржавай. Быць ці не быць таму або іншаму помніку, вырашаюць на ўзроўні дзяржаўных устаноў, пры гэтым, зразумела, бярэцца да ўвагі і грамадская думка. Мы ж сёння маем на мэце запусціць працэс, разлічаны не на адзін год. Пяць гістарычных асоб, пра помнікі якім ідзе гаворка, — толькі частка спісу: гродзенцы называлі іх у першую чаргу. Усяго ж у спісе — два дзясяткі імёнаў з розных эпох. Не забыты, дарэчы, і Васіль Быкаў, чые жыццё і творчасць звязаны з горадам над Нёманам…

Варта спадзявацца на патрыятызм жыхароў горада і тых, хто жыве ў іншых гарадах Беларусі ды нават у замежжы, але памятае, любіць Гродна — сваю малую радзіму, хоча бачыць яе больш прыгожай. Натуральна, што гродзенцы выказваюць жаданне, каб манументальна-дэкаратыўнай аздобай наш родны горад не саступаў ні Віцебску, ні Магілёву, ні сталіцы краіны.

Да ўсяго, у Гродне ладзіцца Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур, і гэта спрыяе таму, што цэнтр горада падтрымліваецца ў добрым стане. Але ж помнік — справа іншая. Ён разлічаны на тое, каб несці памяць праз стагоддзі, і патрэбен не столькі гасцям горада, колькі яго жыхарам. Памятны знак, што з’явіўся нядаўна на месцы Фары Вітаўта, госцю горада скажа няшмат, а для нас, гродзенцаў, ён стаў сімвалам надзеі на тое, што храм будзе адроджаны. Ён неабходны ў гістарычным сілуэце Гродна. А для адраджэння святыні, магчыма, патрэбна паразуменне ў дасягненні мэты паміж гараджанамі каталіцкага і праваслаўнага веравызнанняў, паколькі ў розныя эпохі храм належыў дзвюм гэтым канфесіям. Магчымым выйсцем з сітуацыі магло б стаць існаванне яго як агульнагарадскога культурнага цэнтра, накшталт Сафіі ў Полацку.

Сярод тых асоб, каму варта паставіць помнікі ў першую чаргу, згадваю Жылібера і Тызенгаўза. Праўда, некаторыя гродзенцы вам, магчыма, скажуць, што бронзавыя постаці ў парку і на Гараднічанцы, якія з’явіліся нядаўна, — і ёсць Жылібер і Тызегнгаўз. Але афіцыйна гэта не помнікі, а паркавыя скульптуры, што ўвасабляюць вобразы гродзенцаў ХVІІІ стагоддзя. Аднак тое, што жыхары горада ўспрымаюць іх помнікамі канкрэтным асобам, сведчыць: такая пластыка насмрэч патрэбная…

Шкада, што гродзенская зямля, край каралеўскіх замкаў, не пакінула нам у спадчыну ад продкаў велічных прыкладаў візуалізацыі гісторыі праз творы манументалістыкі. А мінулае нашага старажытнага горада вартае ўшанавання ў скульптуры, дэкаратыўных насценных пано, манументальным жывапісе ды іншых формах, якія адлюструюць багацце і своеасаблівасць мінулага. Нам выпала ўнікальная магчымасць вярнуцца памяццю да постацей, што зрабілі найбольшы ўнёсак у абарону ды росквіт Панямоння раней. Як мастак і гродзенец адчуваю сваю місію ў гэтым…