32 гектары памяці. І праблем...

№ 27 (1153) 05.07.2014 - 11.07.2014 г

5 ліпеня спаўняецца 45 гадоў з дня адкрыцця Мемарыяльнага комплексу “Хатынь”. Пісаць пра тую ролю, якую адыграла гэтае месца памяці ў свядомасці некалькіх пакаленняў беларусаў, будзе, напэўна, проста залішнім. Тым больш, сам мемарыял настройвае менавіта на засяроджанае маўчанне, якое перапыняецца хіба гукам звону… Таму мы паспрабавалі адлюстраваць перадусім тыя будзённыя ды побытавыя аспекты жыцця “Хатыні”, якія звычайна застаюцца па-за ўвагай турыстаў. Але... без гэтага “адваротнага боку” не было б і таго кранальнага пафасу, якім прасякаецца кожны з наведвальнікаў. Папярэдзіўшы дырэктара ўстановы Артура Зельскага, што матэрыял будзе мець “непарадны” характар, я зусім яго не збянтэжыў. “Магу вам нават загаловак прапанаваць: “32 гектары праблем”, — ці то жартам, ці то ўсур’ёз адказаў ён. 32 га — гэта тэрыторыя музейнага комплексу.

/i/content/pi/cult/488/10413/3-1.jpg

/i/content/pi/cult/488/10413/3-2.jpg

/i/content/pi/cult/488/10413/3-3.jpg

У гэтыя дні ў Мемарыяльным комплексе пабываў і адзін з яго аўтараў — Валянцін Занковіч.

/i/content/pi/cult/488/10413/3-4.jpg

/i/content/pi/cult/488/10413/3-5.jpg

/i/content/pi/cult/488/10413/3-7.jpg

Пытанне ў літры саляркі?

Зрэшты, праблемы пачынаюцца задоўга да таго, як на даляглядзе з’яўляецца постаць Няскоранага. Да тых “32 га” яшчэ ж трэба неяк дабрацца. Гэта можна зрабіць толькі на сваім транспарце: рэйсавыя аўтобусы ў Хатынь не ходзяць. Для параўнання: маршруткі з Кракава ў музейны комплекс “Аўшвіц-Біркенау” зранку выпраўляюцца не радзей, чым раз на паўгадзіны.

Транспартная тэма вось ужо які год — “притча во языцех”. У Інтэрнэце знайшоў цікавую гісторыю масквічкі, якая прыехала на Беларусь спецыяльна (!) для наведання Хатыні. 65 кіламетраў, што аддзяляюць Мемарыяльны комплекс ад Мінска, пераадольваліся ёю з такімі прыгодамі, быццам шлях вядзе праз скалы або пустыню…

Насамрэч, гэта зусім не так. Усяго за пяць кіламетраў ад комплексу праходзіць буйная віцебская шаша, па якой пастаянна ходзяць аўтобусы. Бяда толькі ў тым, што ніводзін з іх у Хатынь не збочвае. І лішне нават казаць: вырашэнне гэтай транспартнай праблемы не знаходзіцца ў кампетэнцыі музея.

— Ужо і звярталіся, і пісалі, і прасілі... — уздыхае Артур Зельскі. — Адказ мы чуем адзін: “Нерэнтабельна”…

Музейшчыкі ўжо гатовы на любыя кампрамісныя рашэнні. Няхай сабе той аўтобус рушыў бы не з Мінска, а з Лагойска, які значна бліжэй, хай не штодня, а толькі па выхадных, — абы “безлошадный” індывідуальны турыст мог хоць неяк дабрацца ў "Хатынь". Хаця, зразумела ж, згаданы варыянт далёкі ад ідэалу.

Варта адзначыць, што падобныя праблемы ў нас зазвычай вырашаюцца куды больш прадуктыўна, але чамусьці не ў выпадку такога знакавага месца, як Хатынь. Прыкладам, у размешчаныя ў глухіх лясах санаторыі можна лёгка даехаць штодзённымі рэйсамі. Да “Радона” або “Свіцязі” аўтобусы падыходзяць ужо амаль пустымі, але затое расійскія турысты, якія любяць там адпачываць, могуць быць упэўнены, што іх давязуць “да дзвярэй”. Гарантаванасць у турызме — зарука поспеху.

Магчыма, спецыяльны рэйс “Мінск — Хатынь” і сапраўды быў бы для транспартнікаў стратным. Але што перашкаджае аднаму з добрага тузіна аўтобусаў, якія штодзённа рушаць са сталіцы на поўнач, ненадоўга збочыць з трасы? А другому, што кіруецца ўжо ў Мінск, — праз нейкі час забраць турыстаў? Ды і ўрэшце... Дадатковыя дзесяць кіламетраў — гэта ўсяго дзесяць хвілін лішняга часу і адзін-два літры саляркі. Хіба вялікая бяда, калі якая шклянка таго паліва ў выніку не акупіцца?..

Сценка, абабітая ватай

Між тым, наведвальнікаў даволі шмат, нават нягледзячы на будні дзень, прычым гэта не толькі арганізаваныя экскурсіі школьнікаў. Прыязджаюць і на машынах, і нават на веласіпедах. Агулам за год набіраецца каля 200 тысяч чалавек!

Назіраем за тым, як маладая пара актыўна фатаграфуецца на фоне мемарыяла. Нібыта "Хатынь" — гэта проста турыстычная адметнасць...

— На жаль, не ўсе людзі разумеюць, куды яны трапілі, — каментуе Артур Зельскі. — Бывае, шкаляры нават залазяць на скульптуру Няскоранага. Я не бачу нічога дрэннага ў “культпаходзе”, але ж папярэдне настаўнікі павінны падрыхтаваць сваіх вучняў…

Зрэшты, тут жа мой суразмоўца дадае:

— Але, вядома, анамальныя паводзіны наведвальнікаў — гэта толькі прыкрыя выключэнні. Звычайна тыя, хто прыязджае сюды, вяртаюцца ўжо іншымі. Нешта ў іх унутры абуджаецца...

Наведанне Мемарыяльнага комплексу — бясплатнае. Грошы трэба плаціць толькі за ўваход у фотадакументальную экспазіцыю і за экскурсійнае абслугоўванне. Цэны папраўдзе сімвалічныя, прычым дырэктар установы перакананы, што такімі яны і павінны быць. Ніякіх “крэатыўных” відаў платных паслуг няма і ніколі не будзе. “Хатынь” — увогуле не тое месца, дзе выпадае акцэнтаваць увагу на тэме платных паслуг.

І тым не менш... За год усё адно набягае неблагая сума. Але траціць яе на развіццё комплексу пакуль не атрымліваецца: па словах Артура Зельскага, да 70% сыходзіць на падаткі і аплату камунальных паслуг. На іншыя патрэбы амаль нічога не застаецца. А ў Мемарыяльнага комплексу іх, натуральна, вельмі шмат. Забеспячэнне мультымедыйным абсталяваннем пакуль толькі ў марах — хаця б падсветку замяніць на больш сучасную...

— Бюджэтнае фінансаванне выдаткоўваецца толькі на будзённыя патрэбы: цякучыя рамонты, выплату заробкаў, — кажа Артур Зельскі. — А калі гутарка заходзіць пра нешта большае, нам кажуць: шукайце спонсараў…

Са спонсарамі ў музейнага комплексу чамусьці зусім не не заладзілася, і апякунскі савет дагэтуль не сфарміраваны, нягледзячы на ўсе спробы кіраўніцтва ўстановы. Затое супрацоўнікі надоўга запомняць беспрэцэдэнтны выпадак: адзін з наведвальнікаў (ён застаўся інкогніта) быў настолькі ўражаны ўбачаным і адчутым, што кінуў у скрыню для ахвяраванняў ажно 500 долараў.

— І гэтая сума нас тады вельмі выручыла, бо акурат трэба было ўкладвацца ў нейкія тэрміновыя рамонты, — згадвае дырэктар.

Але, паўторымся, выпадак — беспрэцэдэнтны. Пакуль што адносіны гэтай музейнай установы з “прыватным сектарам” маюць дыяметральна супрацьлеглы ідэальнаму характар: замест бескарыслівай дапамогі прадпрымальнікі шукаюць тут сваю выгаду.

Прыкладам, не так даўно кіраўніцтва Мемарыяльнага комплексу вырашыла абнавіць афіцыйны сайт. Ён і сёння выгадна вылучаецца сярод музейных рэсурсаў сваёй густоўнасцю ды інфарматыўнасцю (між іншым, чатыры мовы, уключна, вядома, і з беларускай!), але, як кажуць, няма мяжы дасканаласці. Звярнуліся да фірмы, якая займаецца вэб-распрацоўкамі, там зрабілі калькуляцыю — і ацанілі свае паслугі… “усяго” ў 300 мільёнаў рублёў! Прыблізна такая ж самая сітуацыя нядаўна здарылася і з рамонтнікамі.

— Перакананы, што за мяжой любы прыватнік зрабіў бы нам максімальную зніжку, а потым дадаў бы гэты праект у сваё партфоліа, бо мець сярод кліентаў сусветна вядомую музейную ўстанову — як мінімум фактар прэстыжу, — кажа Артур Зельскі. — А тут з нас, наадварот, імкнуцца тры шкуры злупіць... На жаль, пад час стасункаў з такімі людзьмі часта з’яўляецца адчуванне, быццам грукаеш у сценку, абабітую ватай…

Што ж, хочацца верыць, некалі ўдасца “дагрукацца” ды ўсё ж знайсці менавіта “свайго” спонсара. І адмоўны досвед супрацоўніцтва з камерцыйнымі ўстановамі не стане прычынай адмаўлення ад згаданых спроб.

Пытанне статуса

Будзённыя клопаты музейнай установы праходзяць міма вачэй занураных у сябе турыстаў. Вось хлопцы ў рабочым адзенні абкошваюць схіл ля галоўнай алеі, вось недзе на ўскрайку конь вывозіць сена, вось нешта валачэ ў сваім прычэпе трактар... У выніку такіх няспынных шчыраванняў парадак захоўваецца бадай ідэальны, але дасягаецца ён няпроста. Бо тыя самыя 32 га абслугоўваюць усяго шаснаццаць “тэхнічных” супрацоўнікаў. А ёсць жа яшчэ два філіялы — Курган Славы і Мемарыяльны комплекс “Дальва”.

Нягледзячы на брак штатных адзінак, установа не супраць пашырэння колькасці ўласных гектараў. Літаральна ўсутыч з тэрыторыяй мемарыяла — стромкі схіл, парослы травой і кустоўем. У зарасцях сям-там праглядаюцца камяні і пліты. Гэта — стары вясковы пагост, адзіная аўтэнтычная памятка, якая засталася ад Хатыні. Некаторым пахаванням ужо яўна не адно стагоддзе — прыкладам, ператворанаму ў магільную пліту жорнаву, што ледзь праглядаецца праз зарасці.

Ідэя ўключыць гэтыя могілкі ў склад мемарыяла падаецца заканамернай, ды і лунае яна ў паветры даўно. Тым больш, як кажуць сведкі, там былі пахаваны і некаторыя ахвяры трагедыі. Але пакуль што ініцыятыва музейшчыкаў вынікаў не прынесла. Для гэтага патрэбны і сродкі, і высілкі: добраўпарадкаваць тэрыторыю, збудаваць лесвіцу, якая вяла б на той самы пагост… Аднак перадусім на гэты аб’ект павінны прыйсці сапёры: са слоў мясцовых жыхароў, ужо пасля свайго фактычнага знішчэння Хатынь немаведама з якой прычыны зведала нямецкую бамбардзіроўку, і нешта, па чутках, не ўзарвалася...

Вядомае і месца, дзе знаходзілася вясковая царква, датаваная XVIII стагоддзем ды знішчаная нямецкімі бомбамі. Артур Зельскі задаецца пытаннем: чаму б не маркіраваць тую пляцоўку, чаму б не стварыць на ёй сучасны культавы аб’ект — скажам, каплічку?

На сённяшні момант тэрыторыя могілак належыць Лагойскаму райвыканкаму. Музейныя супрацоўнікі могуць апекавацца ёю хіба на правах валанцёраў, што аднойчы ўжо і было зроблена сумесна з лагойскай парафіяй Святога Казіміра. Але з таго часу ўсё зноў зарасло, і сёлета на Дзяды Артур Зельскі ў чарговы раз плануе ініцыяваць талаку.

Знакамітая музейная ўстанова сёння мае сціплы абласны статус. Адсюль і штатны расклад, і заробкі... Запытаўшыся пра наяўнасць “незапаўняльных” вакансій, даведаўся ад дырэктара, што яны ёсць, і галоўная прычына — нават не “нязручна дабірацца”, а менавіта тыя сумы, што фігуруюць у разлікоўках. Прыкладам, ужо які месяц стаіць у гаражы музейная “газель”: кіроўцу, які пагадзіўся б працаваць за два з паловай мільёны, знайсці пакуль не ўдаецца. Экскурсавод жа атрымлівае яшчэ менш...

Таму наданне статуса Нацыянальнага, за які актыўна “змагаецца” Артур Зельскі, мае перад сабой не толькі іміджавую, але і чыста меркантыльную мэту: у выпадку поспеху матэрыяльнае ўзнагароджанне музейшчыкаў можна будзе хоць неяк павысіць. Аднак пакуль — безвынікова…

— Нам тлумачаць, што для надання такога пачэснага статуса трэба мець два прадметы першай катэгорыі, — распавядае Артур Зельскі. — Адзін з іх — сам Мемарыяльны коплекс. Але дзе ўзяць другі ў дашчэнту знішчанай вёсцы? Зрэшты, фактычна, гэтае месца і сёння з’яўляецца нацыянальным: тут распавядаецца не столькі пра нейкія канкрэтныя падзеі, колькі пра агульную трагедыю мірных жыхароў Беларусі. Таму ўсе высокія дэлегацыі, якія прыязджаюць у нашу краіну, абавязкова наведваюць Хатынь…

Архіў страт

Між тым, актуальная сёння тэндэнцыя гістарычнага рэвізіянізму дацягнулася і да "Хатыні". Маўляў, гэта нават і не карная аперацыя была, а звычайны бой паміж паліцаямі ды партызанамі, у якім выпадкова загінулі таксама і мірныя жыхары. Мараль зразумелая: не такія ўжо тыя нацысты былі нелюдзі.

Відавочцы тых падзей сведчылі зусім пра іншае, але... Пад сумнеў можна паставіць не раўнуючы ўсё — у тым ліку і тое, што яшчэ ўчора здавалася відавочным. Аднак “змагацца” з навукова даведзенымі фактамі, як ні круці, значна складаней, чым проста з эмоцыямі.

— Менавіта таму нашы суседзі стварылі свае Нацыянальныя інстытуты памяці, якія акумулююць інфармацыю пра кожную з ахвяр той вайны, — кажа Артур Зельскі. — У нас жа гэтая справа пакуль застаецца на ўзроўні небезвядомых кніг “Памяць”. Для таго часу праца была зроблена каласальная, але... Шаноўныя, трэба рухацца наперад. Ці можа сёння кожны ахвотны ўвесці прозвішча свайго дзядулі на адмысловым вэб-партале — і даведацца пра лёс апошняга? Дзе поўныя спісы беларусаў, якія загінулі? Бо пакуль іх няма, цалкам верагодна, што заўтра нехта будзе сцвярджаць, быццам ніякіх страт і ўвогуле не было…

Менавіта ў гэтым кірунку Артур Зельскі бачыць пашырэнне давераных пад яго кіраўніцтва 32 га. Паводле яго слоў, для стварэння такога архіва не патрэбны неверагодныя сродкі — адно сістэмная навуковая праца. Але, вядома, без дадатковага фінансавання ўсё адно не абысціся. Асабліва калі ўлічыць, што на сёння штатны расклад музейнай установы наогул не прадугледжвае пасад навуковых супрацоўнікаў. Дырэктар, намеснік, загадчык экскурсійнага бюро, два экскурсаводы — і ўсё.

5 ліпеня 1969-га пад час адкрыцця мемарыяла ў Хатыні выступаў і ацалелы сведка трагедыі — Іосіф Камінскі (між іншым, архіўнае відэа можна паглядзець на сайце музея). Яго запавет, прамоўлены са слязьмі на вачах, — каб такое больш ніколі не паўтарылася…

— А каб не паўтарылася, трэба на ўвесь голас нагадваць, да чаго прыводзяць войны, — кажа Артур Зельскі. — У апошнія гады стала відавочнай тэндэнцыя паказу вайны з гераічнага боку. Паглядзіце сучасныя фільмы — як моцна яны адрозніваюцца ад савецкай кінакласікі! Санітаркі ў кароткіх спаднічках, адпрасаваныя гімнасцёркі, паголеныя твары байцоў у акопах... Вайна выяўляецца не як трагедыя, а як нейкая цікавая прыгода…

Прыкладна тая ж самая тэндэнцыя назіраецца і ў музейнай сферы. Каб завабіць наведвальнікаў, многія захапляюцца забаўляльным інтэрактывам ды будуюць “партызанскія зямлянкі” з ацыліндраванага бярвення. Артур Зельскі такі падыход не ўхваляе:

 — Маё перакананне адназначнае: мы павінны выконваць не забаўляльную, а выхаваўчую функцыю. Вясёлы атракцыён, пазбаўлены сэнсавай нагрузкі, — гэта зусім не тое, што можа ў нечым пераканаць нашу моладзь. Трэба паказваць вайну з праўдзівага, страшнага боку: як трагедыю не толькі тых, хто бярэ ў рукі зброю, але і ні ў чым не вінаватых мірных жыхароў, уключна нават з немаўлятамі. Мая мама не па чутках зведала, што такое вайна: яна прайшла праз дзіцячы дом у Драздах, дзе акупанты бралі ў малых кроў для сваіх шпіталяў… І вельмі важна цяпер перадаць гэты досвед нашым дзецям…

Фота Юрыя ІВАНОВА