Палескі Эдэм, які сніцца і мне

№ 27 (1153) 05.07.2014 - 11.07.2014 г

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ, аглядальнік газеты “Культура”
Памятаю, у дзяцінстве я разам з бацькамі неаднойчы выпраўляўся па Прыпяці з Пінска ажно да Турава. Хуткасная “Ракета”, з маленькімі ілюмінатарамі, здавалася мне тады сапраўднай касмічнай ракетай, бо яе хуткасць сапраўды ўражвала. А хвалі, што яна ўздымала, можна было параўнаць з марскімі, ад якіх вельмі пакутавалі шматлікія рыбакі ў чоўнах ды “маторках”…

/i/content/pi/cult/488/10412/4-22.jpgТая “Ракета”, дарэчы, даходзіла з Пінска не толькі да Турава ды Гомеля, але ажно і да Кіева. На жаль, тыя дні даўно адышлі ў нябыт: сёння пра такі турыстычны маршрут застаецца адно марыць. Не так ужо і часта, як раней, можна ўбачыць на Прыпяці баржы з друзам або пасажырскія цеплаходы. Пра хуткасныя рачныя “Ракеты” ці “Зарніцы” і казаць не варта: амаль усе яны былі пасля распаду СССР за непатрэбнасцю разрэзаны на металалом. А ў Пінску мясцовы цеплаход “Віцебск” (які нядаўна перайменавалі ў “Пінск”) яшчэ доўгі час дастаўляў дачнікаў і турыстаў да навакольных вёсак, што раскінуліся ўздоўж Прыпяці… На жаль, летась і гэты рэйс адмянілі з-за нерэнтабельнасці…

І вось, нарэшце, добрая навіна: у Беларусі плануюць пабудаваць круізны цеплаход. Праект, як патлумачыў намеснік генеральнага дырэктара прадпрыемства “Днепрабугводшлях” Сяргей Зубко, мае быць рэалізаваны ў 2015 — 2016 гадах за кошт сродкаў Еўрасаюза. На гэтым караблі будуць ажыццяўляць круізныя перавозкі паміж Кіевам і Брэстам. Акрамя таго, пасля аднаўлення воднага шляху, які звязвае Чорнае і Балтыйскае моры, перавозкі плануецца рабіць ажно да Варшавы.

Дадаць да ўсяго гэтага можна толькі адно: галоўнае, каб планы ператварыліся ў справы. І каб нарэшце здзейснілася тое, пра што марыў Уладзімір Караткевіч у сваім эсэ “Званы з прадонняў азёр”, згадваючы пра вялікі турыстычны патэнцыял Палесся і называючы яго неацэнным скарбам, які беларусам трэба выкарыстоўваць напоўніцу.

Нагадаю толькі некалькі радкоў з гэтага эсэ, што былі напісаны ўжо больш за сорак гадоў таму і, на жаль, не страцілі сваёй актуальнасці да сёння: “…Дзясяткі тысяч людзей, замест Балатона ці Залатых пяскоў, праехаліся б на параходзе на ціхай яшчэ Прыпяці, пазагаралі б, палавілі рыбу, пакачаліся б на цвітучых яе паплавах. I пакінулі б тут грошы, якіх хапіла б на тое, каб аднавіць старыя будынкі, узбагаціць музеі і ператварыць усё гэта зноў у грошы, коштам якіх можна было зрабіць Палессе, — дый не толькі яго, — Эдэмам. Я сню Прыпяць з белымі параходамі Брэст — Гомель, з матэлямі і кэмпінгамі ў гушчары лесу, Прыпяць цвітучую, Прыпяць высакародную і чыстую, па берагах якой паўсюль можна прабегчы босым, не парэзаўшы пятаў. Прыпяць, на якой працуюць заводы рыбагадоўлі і адноўлены чароды дняпроўскай сцерлядзі і асятра. Я сню Прыпяць багацейшай ракою. Я сню яе прыўкраснай…”

Прыўкрасная Прыпяць сніцца і мне. Я таксама хачу бачыць турыстычныя караблі на сваёй роднай рацэ, хачу паказваць сваім мінскім, віцебскім ды польскім сябрам прыгажосць палескіх вёсак і краявідаў, некранутую і багатую прыроду поўдня Беларусі, разам з імі лавіць шматкілаграмовых самоў або глядзець у фотааб’ектыў на белых буслоў ды чорных чапляў…

Хачу плыць і плаваць у хуткаплыннай Прыпяці, загараць пад палескім сонцам, засыпаць у гасцявым доме каля самай вады ды прачынацца ад крыку качак ці брохкання шчупакоў. А днём, пасля рыбнай лоўлі, хачу завітваць у палескі музей-скансен, дзе бабуля-паляшучка паказвала б мне, як у даўніну ткалі, пралі, вышывалі, як пяклі хлеб на кляновых ці дубовых лістах, як рабілі юшку ці поліўку… І каб у гэтым скансене можна было не толькі пра ўсё гэта даведацца, але і набыць вышытую кашулю ці фартух, паласавацца столінскімі ці пінскімі гуркамі, заядаючы іх хлебам ды мёдам, пакаштаваць страў унікальнай палескай кухні ды адкусіць кавалак свежага бохана хлеба, толькі што вынутага з печы. А пасля прайсціся па гэтым музеі пад адкрытым небам ды паглядзець на старадаўнія прылады працы, рыбнай лоўлі, бондарства, цяслярства, завітаць у драўляную царкву, пабудаваную яшчэ два стагоддзі таму, адпачыць на лаве каля хаты, накрытай чаротам і паўзірацца ў прыгажосць навакольных краявідаў…

Усё гэта цалкам магчыма. Варта толькі верыць у гэта, як верыў Уладзімір Караткевіч. Бо мары збываюцца. Бо яны не могуць не збыцца, пакуль на гэтай зямлі жывуць людзі, якія вераць у прыўкраснае…

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"