Чаму “коўдру” на сябе не цягнем?

№ 27 (1153) 05.07.2014 - 11.07.2014 г

“Славянскі базар у Віцебску”: пра акцэнты і працэнты
Дырэкцыя Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”, у якой распрацоўваюць, удакладняюць, карэктуюць стратэгію і тактыку чарговага форуму, цягам года працуе як дзяржаўная ўстанова “Цэнтр культуры “Віцебск”. Тут у мяне прызначана сустрэча з яе кіраўніком Аляксандрам СІДАРЭНКАМ. Любы фестываль, калі гэта жывы творчы арганізм (а “Славянскі базар…”, безумоўна, такім і з’яўляецца), не можа не рэагаваць на тое, што адбываецца ў сферах мастацтва і культуры, якія ён прадстаўляе. З іншага боку, за ўвесь час існавання фэсту яго арганізатары вывучылі, разумеюць запыты як мясцовай публікі, так і гасцей горада над Заходняй Дзвіной і імкнуцца максімальна адпавядаць ім.

/i/content/pi/cult/488/10410/6-1.jpg

Аляксандр Сідарэнка. / Фота Юрыя ІВАНОВА

“Рэйтынг форуму па-ранейшаму вельмі высокі, і не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі”, — адзначыў на пачатку гутаркі генеральны дырэктар Цэнтра культуры “Віцебск”, дырэктар Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” Аляксандр Сідарэнка. Пра гэта сведчыць хоць бы той факт, што наша гутарка з ім праходзіла на наступны дзень пасля таго, як у расійскай сталіцы адбылася прэс-канферэнцыя, прысвечаная фэсту. Лагічна, што маё першае пытанне было звязана з ёй.

— Аляксандр Пятровіч, як маскоўскія журналісты сустрэлі вас? Ці не агаломшылі падступнымі пытаннямі?

— Не агаломшылі. Некаторых з іх я ведаю па папярэдніх “Славянскіх базарах…”. Нейкіх пытанняў “з падколам” ні мне, ні Кіму Брэйтбургу, які ўзначальвае сёлета журы Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні, ні Міхаілу Турэцкаму, ні спявачцы Зары, ні нашаму земляку, спеваку Сяргею Валчкову не задавалі. Я падрабязна спыніўся на праграме фестывалю, а сярод чаканых і прадказальных тэм былі ўдзел-няўдзел Канчыты Вурст ды прыезд украінскіх дзеячаў культуры і мастацтва.

— Канчыты, тое ўжо вядома, у Віцебску ў ліпені не будзе. А што з Украінай?

— Нягледзячы на ўсё тое, што там сёння адбываецца і за чым мы з болем назіраем, украінскія выканаўцы будуць прадстаўлены і на дарослым конкурсе, і на дзіцячым. Заяўлены яны ў розных праграмах.

— Вы другі год узначальваеце фестывальны рух “Славянскага…”. Якім выдаўся для вас дэбютны год?

— Ён быў збольшага замяшаны на эмоцыях. У нейкіх момантах я ішоў ужо па накатанай дарозе, недзе, шчыра прызнаюся, пашанцавала, што не дапусціў памылкі. У многіх аспектах калектыў Цэнтра культуры самастойна адпрацаваў на сто з лішнім працэнтаў. Сёлета я ставіў перад сабой задачу апярэдзіць верагодныя складанасці, нешта зрабіць загадзя. Ужо напрыканцы мінулага фэсту было разуменне таго, якім можа стаць форум 2014 года, у якім кірунку ён можа развівацца, што ў яго варта ўнесці новага. Так з’явілася лялечная частка тэатральнай праграмы фестывалю, джазавы праект, праект “Art-Sessio” — конкурс-выстаўка візуальных мастацтваў, які цяпер у структуры “Славянскага базару…”. Самі білеты на мерапрыемствы мы пачалі прадаваць на месяц раней, чым летась: з сярэдзіны красавіка. Так, на канец мая іх рэалізавана сорак з лішнім працэнтаў ад усяго аб’ёму.

— Што вы можаце сказаць тым, хто крытыкуе фестываль за тое, што на ім з года ў год выступаюць адны і тыя ж расійскія артысты: Газманаў, Кіркораў, Бабкіна?..

— Калі гэтыя артысты з года ў год збіраюць поўныя залы, значыць, яны — запатрабаваныя. Беларускі глядач у гэтым сэнсе па-добраму кансерватыўны. Але кожны год фестываль прадстаўляе і нават запальвае новыя імёны. Напрыклад, сёлета са сваім першым сольным канцэртам у Канцэртнай зале “Віцебск” выступіць наш суайчыннік Сяргей Валчкоў, пераможца расійскага тэлепраекта “Голас-2”. Мы працягваем традыцыю і запрашаем да ўдзелу ўладальнікаў Гран-пры і лаўрэатаў нашых конкурсаў, каб бачыць, як яны растуць, ды радавацца іх творчым поспехам. Выступаць у розных праектах і працаваць у складах журы міжнародных конкурсаў будуць Пламен Патаў (Балгарыя), Алішэр Карымаў (Казахстан), Міхал Качмарак (Польшча), Саманта Ціна (Латвія), Доні Монтэл (Літва).

Чамусьці многія забываюць пра тое, што, несучы культуралагічную місію, фестываль павінен і акупляць укладзеныя ў яго дзяржавай сродкі.

— Тая ж крытыка кажа, што, маўляў, хай бы ўжо і Міхайлаў, але чаму б не зрабіць большы акцэнт на беларускасці фестывалю, павялічыўшы колькасць нашых артыстаў, дадаўшы лік іх сольных выступленняў?

— Мне, наадварот, падаецца, што таго акцэнту, які ўжо ёсць, дастаткова. “Славянскі базар у Віцебску” — гэта фестываль славянскіх культур наогул, у які арганічна ўпісана і беларуская. Не думаю, што мы павінны цягнуць на сябе коўдру ў шкоду іншым краінам-удзельніцам. Вось сёлета ў нас будуць канцэрты майстроў мастацтваў Балгарыі, Ізраіля, Латвіі: у дзвюх апошніх дзяржавах таксама, як кажуць, хапае нашых людзей. Мы і далей збіраемся такім чынам чаргаваць краіны, прыцягваць іх да ўдзелу ў фестывалі ў яшчэ большым фармаце.

— Зараз вельмі папулярны Макс Корж, які збірае раз за разам аншлагі ў буйных залах Мінска...

— Мы хацелі, каб ён у нас выступіў. Аднак у ягонага менеджменту вельмі своеасаблівыя перавагі ў плане выбару пляцовак для канцэртаў. Але маладзёжная аўдыторыя ніколі не застаецца на фестывалі без сваёй музыкі. Для яе прыгатаваны шоу “Тэлеасарці”, дзе паўдзельнічаюць Глеб Мацвяйчук, Дзмітрый Бікбаеў, Зара, Марк Цішман, гурт “Дразды”, Іван Вабішчэвіч ды іншыя папулярныя выканаўцы. Згадаю з гэтай нагоды і канцэрт “Зоркі Еўропы”, у якім выступяць пераможцы і канкурсанты “Еўрабачання”. Моладзь “ва ўзросце” чакае сустрэча з кумірамі іх юнацтва: гаворка пра гурты “Secret Service”, “Arabesque”, “Dschinghis Khan”, “Ricchi e Poveri” ў праграме “Залаты хіт”.

— Разумею, што пад час фестывалю вы будзеце загружаны працай “па самае “не магу”, але ўсё ж на які канцэрт паспрабуеце вырвацца абавязкова?

— На праграму “Вярнуўся я на Радзіму…”, прысвечаную 100-годдзю з дня нараджэння Марка Фрадкіна — нашага славутага земляка. Хачу паглядзець джазавыя праграмы, хоць я і не спецыяліст у гэтым жанры, але музыканты, заяўленыя ў канцэртах, вартыя таго, каб іх паслухаць. Спадзяюся, атрымаецца схадзіць на выступленне аднаго з маіх любімых гуртоў — “Любэ”, якi адзначае ў нас сваё 25-годдзе.

— Аляксандр Пятровіч, дык чаму ж людзі з усёй Беларусі і замежжа павінны ў гэтыя ліпеньскія дні наведаць “Славянскі базар у Віцебску”?

— Далёка не любы фестываль у свеце можа пахваліцца гэткай разнастайнай праграмай, як наш. Тут сапраўды практычна кожны чалавек можа знайсці для сябе мерапрыемства, зыходзячы з асабістых прыхільнасцей. Гэта першае. Другое — непаўторная фестывальная атмасфера, як вакол форуму, так і ўнутры яго. У гэтыя некалькі дзён літаральна на кожным кроку можна сустрэць мастакоў, рамеснікаў, якія прадстаўляюць і якія прапануюць свае творы, творчыя калектывы, што запоўняць горад. Нават калі хтосьці не з’яўляецца прыхільнікам таго або іншага мастацтва, ён, упэўнены, не зможа ўстаяць перад гэтым святам, перад весялосцю, усмешкамі, прыязнасцю і сам увальецца ў дзейства. Урэшце, проста адпачне душой, удыхне спецыфічнага “шашлычнага” паветра, паблукае па вулачках, убачыць віцебскія цікавосткі. Горад гатовы да фестывалю і чакае гасцей!..

 

У тэму

Пра “свой” “Славянскі базар у Віцебску” мы папрасілі выказацца вядомых выканаўцаў, у якіх, вядома, маюцца ўспаміны пра фестываль.

Віталь АРТЫСТ, лідар гурта “Без білета”:

— Кранула фестывальная валюта, якой артыстаў, журналістаў, гасцей форуму забяспечваюць яго арганізатары, — “васількі”. Нам вельмі шкада было з імі расставацца, а таму расплачваліся звычайнымі грашыма, пакінуўшы “васількі” на памяць. А наогул, “Славянскі базар у Віцебску” для мяне — гэта, у добрым сэнсе, чад і туман, мора агню, мора эмоцый і выдатны настрой!..

Ядзвіга ПАПЛАЎСКАЯ,  народная артыстка Беларусі:

— Сёння “Славянскі базар у Віцебску” для нас з Аляксандрам Ціхановічам — гэта, у першую чаргу, месца сустрэчы са старымі сябрамі, шчырых, душэўных гутарак з калегамі, з якімі мы знаёмыя сто гадоў… І, вядома, такое вялікае месца сустрэчы з гледачамі!

Пацешных, а часам і не вельмі, гісторый, якія мне згадваюцца ў сувязі з фэстам, шмат. Цяжка выбраць адну. Хай будзе такая. Толькі пачалася перабудова Амфітэатра. На пляцоўцы ўсюды рыштаванні, дошкі замест прыступак, і мы, члены журы, як заўсёды, сядзім на верхатуры. І перад самымі нашымі радамі — дзірка, якую трэба было пераскочыць. Усе скакалі і пераступалі нармальна, акрамя Надзі Бабкінай. Вось яна ішла да нас — і вось яе ўжо няма. Усе літаральна анямелі — і журы, і публіка. І тут яна як закрычыць аднекуль знізу: “Ёсць тут сапраўдныя мужыкі? Хто дапаможа жанчыне выбрацца?!”, дадаўшы моцнае слоўца. І абстаноўка разрадзілася…

Павел ТАРАЙМОВІЧ, музыкант гурта  “Цягні-Штурхай”:

— На “Славянскім базары ў Віцебску” мне запомнілася грамадскае харчаванне. Аднойчы мы пасля свайго выступлення адправіліся паесці дранікі ў крытым кафэ, размешчаным недалёка ад Амфітэатра. Доўгая чарга нас насцярожыла, але мы ўсё супакойвалі сябе: вось цяпер яна будзе рухацца хутчэй, тыя, хто наперадзе стаяць, не вытрымаюць і пойдуць... Ані! Чарга літаральна спала, прадаўцы, мабыць, моцна стаміліся, таксама спалi, але людзі перад намі цярпліва чакалі. З гадзіну мы мужна прастаялі. Але дранікаў наеліся адразу на два дні з запасам! А раніцай у абавязковым парадку снедалі ў адкрытых міні-кафэ мясцовымі шашлыкамі. Нам як персонам досыць вядомым падавалі шашлыкі не ўчарашнія, а проста з мангала.

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"