Аб прэміі Беларускага прафсаюза работнікаў культуры

№ 6 (824) 09.02.2008 - 15.02.2008 г

Адпаведна пастановы Прэзідыума Цэнтральнага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў культуры ад 20.11.2007 г., пратакол № 14, зацверджана прэмія Беларускага прафсаюза работнікаў культуры ў сферы культуры і мастацтва (далей — прэмія), якая будзе прысуджацца работнікам культуры, дзеячам мастацтва, прафесійным і аматарскім калектывам мастацкай творчасці (далей — творчыя калектывы) і індывідуальным выканаўцам за заслугі і высокія дасягненні ў сферы культуры і мастацтва.

Кандыдаты на атрыманне прэміі павінны быць членамі Беларускага прафсаюза работнікаў культуры. Прэмія будзе прысуджацца штогод да Свята працы — 1 Мая ў наступных намінацыях:

а) у сферы літаратуры і журналістыкі — адна прэмія;

б) у сферы мастацтва (тэатральнае, цыркавое і кінамастацтва, канцэртна-вакальная дзейнасць) — адна прэмія;

в) творы жывапісу, скульптуры, графікі і прыкладнога мастацтва — адна прэмія;

г) за актыўную працу па развіцці народнага мастацтва і самадзейнай творчасці працоўных — адна прэмія.

Памер прэміі ўстанаўліваецца пры прыняцці рашэння аб яе прысуджэнні пастановай Прэзідыума Цэнтральнага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў культуры.

На атрыманне прэміі могуць вылучацца асобы, творчыя калектывы, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё культуры і мастацтва, сферу журналістыкі Рэспублікі Беларусь, а таксама тыя, хто вёў актыўную работу па развіцці народнага мастацтва і самадзейнай творчасці ў рэспубліцы на працягу года, што папярэднічаў году прысуджэння прэміі, але не менш чым за два месяцы да ўстаноўленага тэрміну вылучэння на атрыманне прэміі.

Не дапускаецца ўключэнне ў склад калектыву атрымальнікаў прэміі асоб, якія ажыццяўляюць у працэсе выканання работы толькі адміністратыўныя, кансультатыўныя ці арганізацыйныя функцыі. На атрыманне прэміі не могуць быць прадстаўлены асобы, творчыя калектывы, якія адначасова вылучаны на атрыманне Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, міжнародных прэмій іншых дзяржаў, ці атрымаўшыя такія прэміі раней. Прэмія Беларускага прафсаюза работнікаў культуры ў сферы культуры і мастацтва паўторна не прысуджаецца.

Дакументы і матэрыялы па вылучэнні асоб, творчых калектываў на атрыманне прэміі прымаюцца Камісіяй па прэміі Беларускага прафсаюза работнікаў культуры ў сферы культуры і мастацтва (далей — Камісія па прэміі) да 1 сакавіка года, у якім будзе прысуджана прэмія. Да 1 красавіка года, у які прысуджаецца прэмія, Камісія выносіць на разгляд Прэзідыума Цэнтральнага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў культуры праект аб прысуджэнні прэміі ці прапановы аб яе непрысуджэнні. Пры гэтым улічваецца ўдзел кандыдата ў рабоце прафсаюзнай арганізацыі, выбарных органах прафсаюзнай арганізацыі і мерапрыемствах, якія праводзяцца прафсаюзамі.

Для шырокага азнаямлення грамадскасці з кандыдатамі і іх дзейнасцю іх спіс, інфармацыя аб творчай дзейнасці будуць друкавацца ў газеце “Культура” да 1 красавіка года, у які прысуджаецца прэмія.

Асобам, якім будзе прысуджана прэмія, прысвойваецца званне “Лаўрэат прэміі Беларускага прафсаюза работнікаў культуры”, уручаецца дыплом лаўрэата і грашовае ўзнагароджанне. У тым выпадку, калі прэмія прысуджаецца творчаму калектыву, канкрэтны склад яго ўдзельнікаў не вызначаецца, грашовая частка прэміі накіроўваецца на ўзмацненне яго матэрыяльна-тэхнічнай базы. Калектыву ўручаецца дыплом.

У Камісію па прэміі Беларускага прафсаюза работнікаў культуры ў сферы культуры і мастацтва на кожнага кандыдата (асоба, творчы калектыў), вылучанага на атрыманне прэміі, прадстаўляюцца наступныя дакументы і матэрыялы:

1. Прадстаўленне аб вылучэнні кандыдата (асоба, творчы калектыў) на атрыманне прэміі, у якім указваюцца: прозвішча, імя, імя па бацьку кандыдата, пайменны спіс творчага калектыву, званні, узнагароды, гады іх прысваення. Прадстаўленне друкуецца на бланку, падпісваецца кіраўніком і старшынёй прафсаюзнага камітэта арганізацыі, якая вылучае на атрыманне прэміі, завяраецца пячаткай арганізацыі.

2. Выпіска з пратакола сходу працоўнага калектыву (прафсаюзнага сходу) прадпрыемства, арганізацыі, ці прэзідыума раённага, гарадскога, абласнога, Цэнтральнага камітэтаў прафсаюза, ці калегіі, прэзідыума, сакратарыята праўлення органа культуры, творчага саюза, міністэрства, ведамства, якія вылучылі кандыдата наатрыманне прэміі. Выпіска падпісваецца старшынёй сходу, прэзідыума, калегіі ці сакратарыята праўлення, завяраецца пячаткай арганізацыі.

3. Характарыстыка кандыдата і яго творчай дзейнасці (характарыстыка творчай дзейнасці калектыву), у якой абгрунтоўваецца яго (кандыдата, творчага калектыву) і яго творчай дзейнасці грамадскае прызнанне. У характарыстыцы павінны быць указаны: прозвішча, імя, імя па бацьку (дакладна па пашпарце на беларускай і рускай мовах), дата нараджэння, месца працы (поўная назва арганізацыі з указаннем ведамаснай прыналежнасці) і пасада, удзел кандыдата на атрыманне прэміі ў рабоце прафсаюзнай арганізацыі, выбарных органах прафсаюзаў, мерапрыемствах, якія праводзяцца прафсаюзамі.

Характарыстыка падпісваецца кіраўніком арганізацыі і старшынёй прафсаюзнага камітэта, якія вылучаюць асобу, творчы калектыў на атрыманне прэміі, завяраецца пячаткамі.

4. Фатаграфія кандыдата ці калектыву, прадстаўленага на атрыманне прэміі.

5. Водгукі ў сродках масавай інфармацыі (арыгіналы ці копіі), альбомы, афішы, праграмы, друкарская прадукцыя, іншыя дакументы, якія сведчаць аб шырокім грамадскім прызнанні вылучаных на атрыманне прэміі кандыдатаў (асоб, творчых калектываў).

6. Інфармацыя аб творчай дзейнасці кандыдата (асобы, творчага калектыву), якая сведчыць аб яго заслугах і высокіх дасягненнях у сферы культуры і мастацтва, журналістыцы, аб актыўнай працы па развіцці народнага мастацтва і самадзейнай творчасці ў Рэспубліцы Беларусь.