Да штыка пяро прыраўнаваць

№ 27 (1153) 05.07.2014 - 11.07.2014 г

З успамінаў партызана-мастака Мікалая Гуціева
— Узімку 1942 — 1943 гадоў быў прыдуманы адмысловы спосаб распаўсюджвання плакатаў і лістовак у варожых гарнізонах, — працягвае свой аповед Мікалай Гуціеў у захаваным машынапісе. — Для гэтага выкарыстоўваўся паветраны змей вялікіх памераў з рухомым парусам і заціскам з аўтаматычным абмежавальнікам. Цёмнай ноччу змей запускаўся ў бок гарнізона з падветранага боку. Пад парусам прымацоўваўся пачак плакатаў і лістовак. Парус пад ветрам уздымаўся да самага верху, стукаў па абмежавальніку, і груз адрываўся ад зямлі. Плакаты і лістоўкі рассыпаліся над гарнізонам, ляцелі на зямлю… Раніцай у гарнізоне пачыналася паніка: усё абматана калючым дротам, уначы не чуваць было ніводнага самалёта, а наваколле засыпана лістоўкамі, якія заклікалі нямецкіх салдатаў і паліцаяў павярнуць зброю супраць фашыстаў ды пераходзіць на бок партызанаў! Вынікі былі неблагія: да нас сталі перабягаць загнаныя сілай у фашысцкія фарміраванні або ашуканыя гітлераўскай прапагандай людзі…

/i/content/pi/cult/488/10409/15-1.jpgГэткіх плакатаў, якія спачатку маляваліся ад рукі, а пазней друкаваліся ў нашай падпольнай друкарні, было зроблена больш як сорак найменняў. Многія з іх цяпер знаходзяцца ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, у музеях Лепеля, Ушачаў, Полацка.

Аднак асаблівую ўвагу я надаваў партрэтам партызан, накідам і замалёўкам баявых эпізодаў, кампазіцыям будучых твораў. І калі ты ў мяне, Барыс, часта пытаўся: “Калі гэта зроблена?”, — мне часам цяжка было адказаць дакладна, і я звычайна казаў: “Пачата ў 1942-м, а скончана ў матэрыяле ў 1969-м, 1970-м, у 1980-х гадах”. За два гады знаходжання ў партызанскай брыгадзе я зрабіў больш як 70 аркушаў накідаў, замалёвак, партрэтаў, кампазіцый у розных тэхніках (акварэль, туш, пяро, аловак), без уліку беглых замалёвак — дакументаў памяці.

І калі цяпер гляджу на асобныя работы тых гадоў, міжволі апынаюся ў палоне ўспамінаў, якія звязаны з той або іншай сюжэтнай лініяй кампазіцыі. Часам ледзь разборлівы накід выклікае з далёкага мінулага мноства забытых і напаўзабытых з’яў.

Вось перад мной вялікая, па мерках тых часоў, акварэльная кампазіцыя: эшалон у агні, постаці пар-
тызанаў у руху, санір-развалкі, пар-
тызанская гармата з разікам, а на першым плане — камандзір брыгады, камісар ды іншыя кіраўнікі. Баявая аперацыя прайшла ўдала. Яна была загадзя старанна спланавана. Было вядома, што аб 11-й гадзіне дня з-за павароту павінен з’явіцца варожы эшалон. Каля чыгункі заняў пазіцыю разлік нашай 45-міліметровай гарматы, падрыхтаваўся, каб з першага стрэлу вывесці са строю паравозны кацёл. Наш дасведчаны артылерыст капітан Ярмаш загадзя навёў гармату на цэль, якая неўзабаве павінна была з’явіцца. Уздоўж чыгункі залеглі байцы і камандзіры, аўтаматчыкі і кулямётчыкі, занялі свае пазіцыі мінамётчыкі.

/i/content/pi/cult/488/10409/15-2.jpg /i/content/pi/cult/488/10409/15-3.jpg

М.Гуціеў. Сатырычныя плакаты "Планавае адступленне", "Будзеце памятаць, фашысцкія гады, хватку стальных савецкіх палкоў!".

Як і паведамляў наш разведчык-чыгуначнік Бульба, акурат аб 11-й гадзіне паказаўся эшалон. Ішоў ён без аварыйнай дрызіны і на сярэдняй хуткасці, бо ў гэтай зоне партызаны рэдка рабілі дыверсіі. Я глянуў на Ярмаша, які схіліўся ля гарматы. Вочы яго свяціліся нейкай асаблівай захопленасцю. Нягледзячы на моцны мароз, твар быў усеяны кроплямі поту, засяроджаны. Эшалон набліжаўся… Грымнула гармата, снарад трапіў у цэль — кацёл паравоза ахутаўся белай парай. Ярмаш паслаў другі снарад, які дашчэнту разбіў паравоз. Капітан устаў і выцер пот з твару, а ўжо на ўсім працягу засады загрымелі кулямётныя ды аўтаматныя чэргі, выбухі гармат і мін. Ахова эшалона, дакладней некалькі салдатаў, што ацалелі, уцякала на супрацьлеглы бок чыгункі…

Эшалон быў нагружаны боепрыпасамі і прадуктамі. Усё гэта перагружалася ў сані, якія адразу ж ад’язджалі ў лес. Пасля выгрузкі паспрабавалі спаліць вагоны з дапамогай запальных шашак. Але яны толькі прапальвалі падлогу ў вагонах і падалі ўніз, у снег. Тады давялося цягаць салому, сухое галлё. Неўзабаве эшалон быў у агні. З гарнізона бліжэйшай чыгуначнай станцыі фашысты ўсчалі страляніну, але яна была непрыцэльная, хаатычная і не пашкодзіла нам. Пасля вяртання ў лагер я зрабіў акварэльную кампазіцыю і шэраг замалёвак, у тым ліку і гарматы на пазіцыі нашай славутай “саракапяткі”.

Вось яшчэ адзін аркуш — вялікая лінагравюра, якую я зрабіў паводле партызанскіх накідаў: на фоне ахопленага агнём станцыйнага будынка ў Чашніках — конныя і пешыя пар-
тызаны на чале з камісарам брыгады Уладзімірам Елісеевічам Лабанком (з ліпеня 1943-га ён стаў камандзірам Лепельскай партызанскай брыгады імя Сталіна).

Памятаецца, яшчэ ў 50-х гадах, на пасяджэнні аднаго з выстаўкамаў, я паказваў эскіз гэтай кампазіцыі. Яго ўспрынялі скептычна: “Хіба маглі партызаны пасля толькі частковага разгрому варожага гарнізона гэтак спакойна адыходзіць? Мог жа быць і контрудар з боку праціўніка!” — казалі некаторыя члены выстаўкама. Мае пярэчанні, што ўсё было менавіта так — ніякага паспешлівага адыходу не было, — ні да чаго не прывялі. Выстаўкам — няўмольны. Толькі на пачатку 70-х гадоў я ажыццявіў гэтую тэму ў цыкле “Пар-
тызанскія будні”.

Я думаю, што гісторыя партызанскага руху ў Беларусі, між іншым, як і любая старонка нашай гісторыі, не мае патрэбы ні ў якіх выдумках, прычэсваннях, уціскваннях у пэўныя рамкі. У нашай беларускай партызанскай барацьбе было столькі сапраўднага гераізму, самаахвярнасці, бяспрыкладных подзвігаў, што якія-кольвечы дэфармацыі ды падтасоўкі выглядаюць недарэчна і зняважліва для ўсяго гэтага велічнага гістарычнага перыяду.

Прыгадваецца адзін момант, звязаны з інтэнсіўнай дзейнасцю нашага цэнтральнага партызанскага аэрадрома, які размяшчаўся побач з ушацкім ільнозаводам, дзе знаходзілася аператыўная група на чале з Героем Савецкага Саюза, палкоўнікам У.Лабанком. Пазней па сваіх накідах я стварыў вялікую акварэльную кампазіцыю на гэтую тэму.

Трэба сказаць, наш аэрадром, у адрозненне ад звычайных, дзе ноччу распальваліся вогнішчы, быў электрыфікаваны. Звычайна на ім не было ніводнага агеньчыка, але калі самалёт на падлёце пускаў тры ракеты загадзя ўзгодненых колераў, дзяжурны ўключаў рубільнік — і аэрадром асвятляўся яркімі пражэктарамі. Самалёт рабіў пасадку, і святло выключалася. Разам з тым, у розных мясцінах былі фальшывыя аэрадромы, дзе распальваліся вогнішчы ў розных канфігурацыях. Вось гэтым фальшывым аэрадромам і даводзілася прымаць удары варожай авіяцыі, а наш электрыфікаваны так і не быў выяўлены фашыстамі. Усёй гэтай гаспадаркай умела кіраваў Рыгор Маліноўскі.

Сюжэт маёй акварэлі на дадзеную тэму: досвітак, у яркіх промнях пражэктараў самалёт рыхтуецца да незвычайнага рэйса. Ён бярэ на борт скрынку супрацьтанкавых гармат, каб скінуць іх над нямецкімі гарнізонамі. Кіраўнікі брыгады і лётчык удакладняюць па карце аб’екты бамбардзіроўкі. Дзяжурны дае дазвол на ўзлёт. Кампазіцыя дакладна адлюстроўвае канкрэтную падзею з усімі яе дэталямі. Дакладнасць — мой прынцып. Яе я прытрымліваюся і ў вялікай карціне, намаляванай алеем, “З’езд камбрыгаў”, дзе пастараўся дакладна паказаць і месца дзеяння, і характары людзей.

…Кіраўнікі шаснаццаці партызанскіх брыгад — камандзіры, камісары, начальнікі штабаў — сабраліся на двары ля будынка аператыўнай групы штаба злучэння. Сярод іх — і два кінааператары, якія прыбылі з-за лініі фронту. Не толькі асноўныя, але і постаці другога плана — асобы канкрэтныя, з партрэтнымі рысамі. Урэшце, у мяне была мэта не толькі перадаць знешняе падабенства, але і асаблівую ўзнёсласць, упэўненасць у перамозе ўсенароднай барацьбы. Невялікая акварэль — папярэдніца гэтай карціны — знаходзіцца цяпер у пастаяннай экспазіцыі Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

Часам можна пачуць нічым не абгрунтаваныя меркаванні: партызанская тэма, маўляў, вычарпана, шмат ужо створана работ пра гэта, ці ж варта паўтараць адны і тыя самыя сюжэты… Мне думаецца, што сапраўды надакучваюць банальныя рашэнні, шабланізацыя гэтай, па сутнасці, невычэрпнай тэмы незвычайнага гераізму, бяспрыкладных подзвігаў і велічнасці чалавечага духу…

Каб не паддавацца банальнасці лёгкіх і прамалінейных рашэнняў, відавочцу тых падзей трэба беражліва ставіцца да сваёй памяці, шукаць у сваіх успамінах і перажываннях не ілюзіі, прапушчаныя праз нівелявальную вуаль абстрактнасці, а сапраўдныя перліны непаўторнай, арыгінальнай праўдзівасці. Гэта датычыцца не толькі выяўленчага мастацтва. Калі празаік, паэт, драматург, кінасцэнарыст пераадольваюць запруды схематызму, дык з-пад іх пяра выходзяць сапраўдныя шэдэўры, здольныя захапіць шырокае кола чытачоў і гледачоў. У кожнага з нас, незалежна ад узросту, свае шырокія ды цікавыя творчыя планы. Бо калі хочацца многае сказаць, рамкі звычнага робяцца цеснымі…

P.S. да машынапісу

Гэтыя ўспаміны былі напісаны Мікалаем Цімафеевічам Гуціевым шмат гадоў таму. Але многія яго думкі і сёння застаюцца актуальнымі, асабліва ў тым, што наша нацыянальная тэма — тэма партызанскага руху — застаецца па-ранейшаму галоўнай у кантэксце выяўленчага эпасу пра мінулую вайну, у выніку якой загінула трэць насельніцтва нашай Радзімы — Беларусі. Зараз мастакоў-ветэранаў засталося ў жывых усяго дзевяць чалавек. І ўсе яны, нягледзячы на сур’ёзны ўзрост, — у творчым страі. Пажадаем жа ім добрага здароўя! У сваю чаргу, мы, журналісты, ніколі не забываем і тых мастакоў, якія сёння няма з намі, хто ў цяжкія часы Вялікай Айчыннай прыраўнаваў да штыка пяро і аловак, хто і пасля Перамогі сваім талентам назаўсёды захаваў на палотнах, паперы і скульптурах народны Подзвіг, памяць пра які будзе жыць, пакуль будзе жыць чалавецтва…

Пачатак успамінаў Мікалая Гуціева, які быў надрукаваны ў № 26 за 2014 г., апавядаў пра тое, як мастак трапіў у партызанскую брыгаду на Віцебшчыне, і пра ягоныя плакатныя творы.

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"