“Песняры” і Чэслаў Нэмэн

№ 27 (1153) 05.07.2014 - 11.07.2014 г

Невядомыя сустрэчы легенд
Да 75-годдзя з дня нараджэння славутага земляка — Чэслава Нэмэна, ураджэнца Старых Васілішак, што на Шчучыншчыне, працягваем даследаванне кантактаў артыстаў ансамбля “Песняры” — найперш яго “залатога складу” — з гэтым рок-музыкантам, кампазітарам, паэтам, мастаком. Месцам першай сустрэчы ў 1971-м, нагадаем, стаў польскі горад Сопат, дзе і ладзіцца славуты фестываль песні. Але сёння друкуем успаміны ўжо не ўдзельнікаў той сустрэчы. Аказваецца, “Песняры” розных скліканняў таксама мелі, хай часцяком і выпадковыя, стасункі з Нэмэнам.

/i/content/pi/cult/488/10408/14-1.jpg

Чэслаў Нэмэн на канцэрце ў мінскім Палацы спорту. / Фота Аляксандра ДЗМІТРЫЕВА

/i/content/pi/cult/488/10408/14-3.jpg

На здымку ў адным з польскіх часопісаў Анатоль Кашапараў рэпеціруе песню. Мо якраз нэмэнаўскую? / Фота з сайта pesnyary.com

Што сказаў Бадзьяраў?

Пра тое, ці былі сустрэчы з Чэславам Нэмэнам у Валянціна Бадзьярава — яшчэ аднаго з музыкантаў першых складаў “Песняроў”, — не было вядома анічога. З іншага боку, ведаючы пра яго як пра музыканта-віртуоза і знакавасць ягонай постаці ў беларускім музычным асяродку як арганізатара ды кіраўніка шэрагу музычных калектываў, можна было на гэты конт выказваць, прынамсі, гіпотэзы.

І вось пацвярджэнне. Размясціўшы на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы фота Чэслава Нэмэна з нагоды ягонага 75-годдзя, атрымаў такі каментарый ад Валянціна Мікалаевіча: “Выбітны музыкант сусветнага маштабу! У 1976-м даводзілася з ім сустракацца ў Мінску пасля ягонага канцэрта. Я зайшоў за кулісы, з усімі перазнаёміўся, крыху пайграў на гітары яго гітарыста, які мне вельмі спадабаўся ў час выступлення. На жаль, больш не выпадала сустракацца з Чэславам. Калі я яго слухаю час ад часу, у такія моманты ён для мяне адназначна найлепшы вакаліст планеты! А знаёмы я з ягонай творчасцю яшчэ з часоў майго студэнцтва, а гэта — сярэдзіна 1960-х… Мае ж сябры па Кансерваторыі прагна слухалі яго запісы, асабліва — пласцінку “пры свячах”: “Niemen Enigmatic”. Усяго чатыры творы на кружэлцы, але якія: “Bema pamieci zalobny — rapsod”, “Jednego serca”, “Kwiaty ojczyste”, “Mow do mnie jeszcze”! Класіка! А слухалі мы тады выключна адну “фірму” і, бадай, толькі Чэсік ды “Чырвоныя гітары” былі для нас рэдкім выключэннем з яе…”

А пасля візавання гэтага тэксту Валянцін Мікалаевіч дадаў:

— Я думаю, дадаваць мне асабліва не выпадае — хіба маё асабістае стаўленне да творчасці вялікага музыканта. Толькі наўрад ці тое ўзмоцніць значнасць постаці Чэслава. Адзінае мне і сёння шкада, што яму праз розныя абставіны не выпала-такі паўдзельнічаць у гурце “Blood, Sweat and Tears”, куды ён, як вядома, быў запрошаны, але не паехаў. А гэта ж магла быць сапраўды выдатная супольнасць буйных музыкантаў. Але, на жаль…

Што сказаў Кашапараў?

Інфармацыі пра тое, што адзін з найзнакамітых салістаў ансамбля, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Анатоль Кашапараў меў хаця б выпадковыя сустрэчы з Чэславам Нэмэнам, мне, прызнацца, не траплялася. Але пад час сустрэчы ў Мінску летась наўдачу запытаўся, а мо быў які кантакт? Усё ж такі ў 1976-м, калі наш зямляк канцэртаваў у беларускай сталіцы, Анатоль Яфімавіч быў “песняром” са стажам, а тым больш — у 1979-м, калі Нэмэн выступаў не толькі ў Мінску, але і ў Сочы — на адной пляцоўцы з “Песнярамі”, аднак у розныя дні. Адказ Кашапарава стаўся здзіўленнем для мяне. Прывяду стэнаграму запісу на дыктафон.

— Хачу задаць пытанне крыху па-за тэмай гутаркі. Датычыцца яно Чэслава Нэмэна…

— З-пад Гродна ён, вёска Старыя Васілішкі… Шыкоўны чалавек…

— Калі “Песняры” ездзілі ў Сопат у 1971-м, вы яшчэ не былі ў складзе калектыву…

— …Але пазней мне давялося выканаць яго песню…

— Відаць, “Бродягу” ў апрацоўцы Мулявіна. Мне пра яе казалі вашы калегі па ансамблі…

— Не, на адным польскім фестывалі выконваў ягоны твор з такімі словамі: “Widzisz sam, ze nam z soba nie wyszlo, / Widzisz sam, ciemna chmura jest przyszlosc…”…

— Гэта песня “Sprzedaj mnie wiatrowi” з двайнога альбома “Niemen” 1970 — 1971 гадоў запісу, дзе ўсе знакавыя песні нашага земляка пачатку ягонага рок-перыяду.

— Так! Наогул, ён быў геніяльным чалавекам. Такіх вакалістаў у свеце — усяго некалькі на ўсё ХХ стагоддзе. Прыгадайце хаця б ягоны “Dziwny jest ten swiat”!.. А на тым фестывалі ў сярэдзіне 1970-х разам з “Песнярамі” перасёкся з Чэславам. Дарэчы, чым далей, тым менш ён выбіраўся на буйныя канцэртныя пляцоўкі, аддаючы перавагу студыйнай працы, але на фестывалях прысутнічаў. Шкада, апошні перыяд ягонай творчасці не такі зразумелы шырокаму слухачу…

Колькі слоў да сказанага Анатолем Кашапаравым дадаў і заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Уладзіслаў Місевіч:

— Выступалі на якаснай адкрытай пляцоўцы, па ўзроўні набліжанай да сцэны Сопата. Песню гэтую вырашылі рабіць, як кажуць, у апошні момант, таму часу мо крыху і не хапіла. Але Анатоль яе выканаў выдатна, бо, зразумела, асноўная роля тут адводзілася вакалісту. І памятаю, што публіка твор прыняла на ўра. А выбар песні Нэмэна для польскіх гастролей яшчэ раз пацвярджае: наш зямляк быў для нас тым артыстам, вышэй за якога мы ставілі хіба “The Beatles”…

Карыстаючыся храналогіяй выступленняў “Песняроў”, складзенай і выкладзенай у Сеціва Дзмітрыем Цярохіным, выкажам здагадку, што канцэрт з выкананнем “Sprzedaj mnie wiatrowi” мог адбыцца альбо ў пачатку 1974-га, альбо цягам 1975-га (у рамках Дзён культуры СССР). Дарэчы, памятае гэтую песню і наш наступны герой.

Што сказаў Пучынскі?

Першы гукарэжысёр “Песняроў” Мікалай Пучынскі быў мне цікавы не толькі ў кантэксце стасункаў ансамбля з Чэславам Нэмэнам. Але пра гэта праз дасціпныя гісторыі суразмоўцы — у наступных нумарах. Аказалася — не дарэмна. Маё першае тэлефанаванне, мяркую, крыху здзівіла Мікалая Дзмітрыевіча, які сёння працуе інжынерам па гукатэхніцы ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Але я адразу пачуў у ягоным голасе цеплыню ўспаміну пра Нэмэна. Хоць суразмоўца адразу ж і папярэдзіў: “Я валодаю той інфармацыяй, якая датычыцца больш тэхнічнай часткі, чым творчай…”, а затым узяў адтэрміноўку ў тыдзень — другі, маўляў, “было, сустракаліся, а больш і не памятаю”, трэба пазгадваць. Але, як я пісаў яшчэ на пачатку гэтага “серыяльнага” артыкула, такога кшталту фразы чуў ад многіх удзельнікаў “Песняроў” датычна перасячэнняў іх жыццёвых шляхоў з нашым земляком Нэмэнам. А ў выніку атрымліваліся дастаткова падрабязныя аповеды. Так сталася і цяпер, калі сустрэўся з Мікалаем Пучынскім.

— Паколькі мой інтарэс заўжды быў у сілу прафесіі скіраваны да апаратуры, інструментаў, то і звяртаў на іх увагу найперш, — кажа на пачатку сустрэчы Мікалай Дзмітрыевіч. — А ў Чэслава Нэмэна меўся найлепшы па тым часе апарат, паколькі, захапляючыся ўсё больш электроннай музыкай, ён імкнуўся набыць найноўшыя распрацоўкі. Я, бывае, пераглядаю яго старыя запісы з польскага тэлебачання і зноў ды зноў звяртаю ўвагу, што не адставаў Нэмэн па сцэнічным абсталяванні ад музыкантаў сусветнага класа, урэшце, ён і сам належыў да іх ліку.

Магу, як і артысты першага складу “Песняроў”, пахваліцца памятнай сустрэчай з Чэславам. Але, нягледзячы на тое, што я працаваў у ансамблі ў жніўні 1971-га не першы год, у Сопат, дзе артысты гутарылі з Нэмэнам, праз шэраг абставін Міністэрства культуры БССР мяне не выпусціла (але ўжо наступны выезд ансамбля за мяжу, у Чэхаславакію, быў і з маім удзелам у красавіку 1972 года). Адпаведна, спаткаўся з Нэмэнам пазней і вось якім чынам. Акурат у сакавіку 1972-га я па запрашэнні родных выправіўся ў польскі горад Познань. Наведаўшы свайго родзіча, пагасцяваў і ў сваякоў ягонай жонкі, а сярод іх аказаўся адным вялікім партыйным кіраўніком, і дзякуючы гэтаму я змог пабываць на шэрагу сеансаў недаступных у Саюзе фільмаў, як цяпер сказалі б, у V.I.P.-ложы, а таксама — на канцэрце Чэслава Нэмэна. (Зазначым, згодна з храналогіяй канцэртаў Нэмэна, складзенай Тадэвушам Скліньскім, тое быў канцэрт у рамках фестывалю “Міжнародная эстрадная вясна”. — С.Т.)

Пасля канцэрта падышоў пагутарыць з Нэмэнам, паколькі мы з ім амаль землякі: я нарадзіўся ў вёсцы Гарадзішча, непадалёк ад якой — Баранавічы і Навагрудак, а таксама, за шэсць кіламетраў, Завоссе — радзіма Адама Міцкевіча. Дарэчы, адной з тэм нашай даволі кароткай размовы і быў гэты паэт. Згадвалі і ягоныя мясціны — Старыя Васілішкі. Зразумела, Нэмэн тады быў занятым чалавекам і не надта, відаць, выдзяляў час на такія гутаркі, але паколькі амаль землякі — усё ж пагутарылі.

Што і казаць, канцэрт ягоны быў атамны! Па-першае, мы падобнага класа выступленняў папросту не бачылі. Па-другое, гэта ранні Чэслаў, калі ў яго быў песенны, а не інструментальны рэпертуар, праз які, як і праз імкненне ягонай музычнай думкі да касмічных сфер, ён згубіў мноства прыхільнікаў. Яшчэ з таго часу я запомніў, што палякам не падабаўся яго саюз з італьянскай спявачкай Фарыдой…

Такой сталася мая сустрэча з Нэмэнам. Распавядалі шмат пра свае ўражанні ад сопацкай гутаркі з ім і артысты “Песняроў”, што пабывалі там. Тое не дзіва: гэта быў улюбёнец у ансамблі, але, заўважу, што пад Чэслава нічога не рабілі, дый дасягнуць ягонага ўзроўню цяжка, амаль неверагодна.

У 1976 годзе, як я памятаю, мы не маглі быць на канцэрце Чэслава ў мінскім Палацы спорту праз іншыя выступленні. (Тая ж храналогія паведамляе, што ў лістападзе 1976-га, калі Нэмэн гастраляваў па Беларусі, “Песняры” былі ў Югаславіі і Харватыі. Праўда, канкрэтных дат у ёй няма. — С.Т.). Таму ўспаміны Уладзіслава Місевіча наконт таго, што я менавіта тады цікавіўся тэхнікай, прывезенай Чэславам, не магу пацвердзіць. Урэшце, не пацверджу звесткі з розных крыніц і пра тое, што “Песняры” нібыта нешта з апаратуры альбо інструментаў набывалі ў Нэмэна: такога не было.

А вось канцэрт у 1979-м я памятаю. Праўда, гэта быў іншы рэпертуар і іншы Нэмэн. У той другі прыезд, мяркую, ён быў цікавы блізкім па духу музыкантам і прыхільнікам. Мне ж бліжэй той Чэслаў, якога я пачуў у Познані. Наогул жа, на слыху ў Беларусі ён быў як праз музыку, так і праз тое, што ён наш!..

Успаміны і разгадка сакрэтаў Нэмэна ад Валерыя Дайнэкі і Уладзіміра Ткачэнкі — у наступных нумарах “К”.

 

Пра творчыя сувязі Чэслава Нэмэна і “Песняроў” мы пісалі ў №№ 7, 9, 11  за 2014 год, паабяцаўшы чытачам новыя адкрыцці. Нагадаем, ужо вядомы дэталі сустрэчы артыстаў у Сопаце і факт існавання версіі песні "Бродяга" ў нэмэнаўскай манеры, але — з аранжыроўкай Мулявіна.

Аўтар: Сяргей ТРАФІЛАЎ
галоўны рэдактар газеты "Культура" у 2012 - 2017 гадах