Некалькі дзён у XIX стагоддзі

№ 26 (1152) 28.06.2014 - 04.07.2014 г

“Берагіня”: турыстычны патэнцыял без... тэлевізійнай "карцінкі"
Цяпер я ведаю: машына часу дакладна існуе. І знаходзіцца яна не ў Лондане, дзе жыў Герберт Уэлс, а ў гарадскім пасёлку Акцябрскі — колішняй Рудабелцы. Менавіта ў гэтым мястэчку Гомельскай вобласці раз на два гады ладзяцца заключныя мерапрыемствы Рэспубліканскага фестывалю фальклорнага мастацтва “Берагіня”. Цягам амаль тыдня ў гарадскім пасёлку можна было ўбачыць, як па вуліцах шпацыруюць хлопцы і дзяўчаты ў нацыянальных строях ці спяваюць народныя песні бабулі ды дзядулі, наталіць сваю прагу да нацыянальных танцаў, а таксама паглядзець старажытны абрад “Купалле” і нават паўдзельнічаць у ім. Адным словам, уражанне такое, быццам ты знаходзішся не ў дваццаць першым стагоддзі, а дзевятнаццатае не адпускала ні на хвіліну… Праўда, раз-пораз, калі ў горадзе заўважаўся аўтамабіль, а ў руках маладых і сталых артыстаў у льняной вопратцы — смартфоны, пачуццё таго, што ты апынуўся ў “машыне часу”, знікала. Але, шчыра прызнаюся, ненадоўга.

/i/content/pi/cult/485/10406/13-1.jpg

/i/content/pi/cult/485/10406/13-4.jpg

Моманты свята. / Фота аўтара

/i/content/pi/cult/485/10406/13-3.jpg

Конкурс танцавальных пар у Цэнтры вольнага часу. / Фота аўтара

“Nirvana” пад дуду

За чатыры дні ў Акцябрскім можна было ўбачыць не толькі бабуль у андараках, вытканых і пашытых больш за стагоддзе таму, але і пачуць “галасы” старажытных музычных інструментаў. Напрыклад, валынку, якая сёння зазвычай асацыюецца з Шатландыяй. Але ж бытаваў гэты інструмент і на Беларусі. Прычым выкарыстоўвалі яго як на сярэднявечных балях ды танцах, так і на сялянскіх вячорках ды вяселлях. Таму ў Акцябрскім-Рудабелцы валынка цалкам натуральна гучала і пад час выступленняў знакамітага гурта “Стары Ольса”, і тады, калі на сцэне сваё майстэрства дэманстравалі фальклорныя ансамблі “Талака” ды “Страла” з Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. А яшчэ пад валынку можна, як аказалася, выконваць і хіты гурта “Nirvana”. У гэтым я пераканаўся на свае вочы — ці, дакладней, вушы: на канцэрце таго ж “Старога Ольсы”…

Танцы на “палянцы”

Але што ні кажы, а танцаў ды аўтэнтычных народных спеваў на “Берагіні” было больш за ўсё. На сцэне Цэнтра вольнага часу дзясяткі артыстаў з амаль усіх рэгіёнаў Беларусі не толькі дэманстравалі сваё філіграннае веданне аўтэнтычных танцавальных па, але і змагаліся за, так бы мовіць, “месца пад сонцам”. Інакш кажучы — за першыя, другія і трэція месцы.

Прычым барацьба ішла не толькі на падмостках, але адчувалася і ў зале. Гледачы апладысментамі, тупаннем ног, крыкамі падтрымлівалі ўлюбёныя пары. “Сорак пяць!”, “Сорак восем!”, “Пяцьдзясят восем!” — час ад часу крычала, здаецца, уся зала, выказваючы пашану ды задавальненне ад рухавасці і зухаватасці тых артыстаў, якія выступалі пад гэтымі нумарамі…

А калі пасля заканчэння конкурсу тыя ж хлопцы і дзяўчаты, што танцавалі на сцэне, зладзілі на цэнтральнай гарадской плошчы — своеасаблівай брукаванай “палянцы” — дыскатэку ў народным стылі, дык да яе далучыліся не толькі многія гледачы, але нават і журы фестывалю… Словам, танцавальная вечарына-майстар-клас, як назвалі гэтае начное дзейства арганізатары, прайшла, што называецца, на ўра.

Праца на імідж

На жаль, усіх уражанняў ад наведання Рудабельскай Фальклорнай Рэспублікі (параўнанне ад намесніка старшыні Беларускага фонду культуры Анатоля Бутэвіча) не перакажаш. Ды гэтага, мабыць, і не патрабуецца. На “Берагіні” варта пабываць, варта на свае ўласныя вочы пабачыць гэты цудоўны ды ўнікальны фестываль, аналагаў якому няма не толькі ў Беларусі, але і ў краінах СНД ды Еўропы…

Асаблівая заслуга ў правядзенні фэсту — не толькі міністэрстваў культуры ды адукацыі, Беларускага фонду культуры, але і мясцовых улад — як абласных, так і раённых. Менавіта яны сёлета прафінансавалі выдаткі, звязаныя з арганізацыяй фальклорнага форуму. Як паведаміла мне першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гомельскага аблвыканкама Вольга Антоненка, з абласнога бюджэту пад “Берагіню” было выдаткавана 150 мільёнаў рублёў. Столькі ж — і з раённага. І гэта цалкам натуральна, бо, як прызнаўся кіраўнік мясцовага райвыканкама Генадзь Сімановіч, фестываль стаўся ўжо сапраўдным брэндам Рудабельскай зямлі ды здаўна працуе на станоўчы імідж не толькі Акцябрскага, але і ўсёй вобласці…

Акрамя таго, сродкі на правядзенне фестывалю былі атрыманы і за кошт продажу білетаў на канцэрты прыезджых калектываў, а таксама ў якасці спонсарскай дапамогі ад прыватных ды дзяржаўных арганізацый Акцябрскага раёна… Але ж, мабыць, не памылюся, калі скажу, што “Берагіня” наўрад ці адбылася, каб не высілкі нязменнага навуковага і мастацкага кіраўніка фестывалю — няўрымслівага Міколы Козенкі, а таксама працы ўсіх культработнікаў Акцябрскага на чале з куратарам мясцовай сферы культуры ды дырэктарам фестывалю Святланай Беразоўскай...

Дзе вы, турысты?

А вось чаго асабіста мне не хапала на свяце — дык гэта, мабыць, турыстаў. Хацелася б, каб сотні чалавек з усіх куткоў Беларусі, суседніх краін СНД, Еўропы танцавалі беларускія нацыянальныя танцы, слухалі аўтэнтычныя народныя спевы ды паўдзельнічалі ў Купаллі, што ладзілася на беразе возера… Але прыезджых на свяце было не так шмат. Магчыма, на гэта паўплывала тое, што ў гэтыя выхадныя ў Беларусі ладзіўся яшчэ з дзясятак разнастайных культурных мерапрыемстваў — ад “Nochka-festу” на Піншчыне да музычных імпрэз у Нясвіжы ды Міры. Натуральна, дадалося і тое, што даехаць да Акцябрскага, да прыкладу, з Мінска, не так ужо і проста: рэйсаў да беларускай сталіцы, як мне распавялі на мяцовай аўтастанцыі, увогуле не прадугледжана…

Між тым, турыстычны патэнцыял “Берагіні” — найвялікшы, таму ў гэтым кірунку ў арганізатараў існуе шмат нявыкарыстаных магчымасцей. Гэтае меркаванне пацвердзіў і старшыня мясцовага райвыканкама Генадзь Сімановіч. Хаця варта адзначыць, што дырэкцыя фестывалю парупілася пра тое, каб на рэспубліканскае свята прыехала як мага больш людзей. У рэдакцыі найбуйнейшых рэспубліканскіх газет, на радыё і тэлебачанне былі разасланы запрашэнні наведаць фестываль, па ўсім гарадскім пасёлку віселі расцяжкі і рэкламныя ўлёткі разам з праграмай “Берагіні”, а ў сельскіх установах культуры ладзіліся выязныя канцэрты, якія прайшлі там з аншлагам…

Так што для мясцовых жыхароў рэспубліканскі форум “прагрымеў” напоўніцу. Чаго, на жаль, не скажаш пра тых жа турыстаў з іншых рэгіёнаў Беларусі ды замежжа. На фэст прыехалі рэспубліканскія СМІ ды радыё, але ж тэлеканалы так і не “засвяціліся”. Хаця, як слушна адзначыў член выканкама Беларускага фонду культуры Тадэуш Стружэцкі, на “Берагіні” можна было б зняць шэраг сюжэтаў для розных праграм, запісаць дзясяткі абрадаў і песняў з усіх рэгіёнаў краіны… На жаль, пакуль беларускае тэлебачанне сваю ўвагу скіроўвае не на “Берагіню”, хаця апошняя і ўключана ў План мерапрыемстваў па рэалізацыі Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі…

Яшчэ адна, на мой погляд, значная праблема палягае ў тым, што ў краіне не сфарміравана сістэма фестывальнага турызму. Тыя ж замежнікі, можа, і хацелі б завітаць на “Берагіню”, але банальна пра яе не ведаюць… У сувязі з гэтым Тадэуш Стружэцкі выступіў з прапановай прэзентаваць разнастайныя рэспубліканскія ды міжнародныя фестывалі больш шырока, і ў першую чаргу — на штогадовай Міжнароднай турыстычнай выстаўцы “Адпачынак”, што ладзіць Нацыянальны выставачны цэнтр “Бел-
ЭКСПА” сумесна з Міністэрствам спорту і турызму Беларусі. Дарэчы, сёлета гасцям турыстычнага форуму была паказана прэзентацыя Міжнароднага фестывалю народнай музыкі “Звіняць цымбалы і гармонік”, які ладзіцца на Пастаўшчыне. Вопыт, як мне падаецца, варты пераймання, бо натуральна, што сіламі аднаго толькі Акцябрскага райвыканкама і мясцовых культработнікаў айчынных ды замежных турыстаў на “Берагіню” не зацягнеш. Мабыць, тут варта працаваць з турыстычнымі арганізацыямі Беларусі ды замежжа, прычым на сталай аснове…

Натуральна, у невялікім артыкуле распавесці пра ўсе свае ўражанні ад фестывалю, а таксама акрэсліць перспектывы і тыя праблемы, што паўстаюць сёння перад “Берагіняй”, наўрад ці магчыма. Таму праз некаторы час рэдакцыя “К” плануе зладзіць “круглы стол”, у якім мы запросім прыняць удзел арганізатараў ды экспертаў, што пабывалі сёлета ў Акцябрскім. Таму сачыце за нашымі публікацыямі, а таксама дасылайце свае развагі і прапановы наконт будучыні Рудабельскай Фальклорнай Рэспублікі. Што да мяне, дык я планую запісацца на курсы, дзе навучаюць нацыянальным танцам, каб на наступнай “Берагіні” таксама танцаваць “Мікіту” ці падэспань не горш за астатніх. Далучайцеся! За два гады, спадзяюся, навучымся…

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"