Павучыцца ў дарозе

№ 26 (1152) 28.06.2014 - 04.07.2014 г

Бібліятэкары працягваюць здзіўляць праектамі. Не ўсе: з Мінска і Барысава. Праекты — доўгатэрміновыя і скіраваныя на пошук досведу. Калі не стае новага і цікавага, яго неабходна знайсці — у суседніх раёне, вобласці, краіне. Транспарт можа быць любым (ад веласіпеда да аўтобуса), мэта ж застаецца адзінай: прафесійны адбор якаснай інфармацыі, якая трансфармуецца ў якасны прадукт, прызначаны для чытача. Праектаў — два, пра кожны з іх распавяду асобна. А раптам хто зацікавіцца ды выкарыстае з аддачай у вёсцы, аграгарадку, раённым цэнтры?..

/i/content/pi/cult/485/10405/12-1.jpg

Дэсант бібліятэкараў у інтэграванай установе вёскі Петкавічы на Дзяржыншчыне.

/i/content/pi/cult/485/10405/12-2.jpg

Краязнаўства — "фішка" Стрыгіньскай сельскай бібліятэкі на Бярозаўшчыне.

/i/content/pi/cult/485/10405/12-3.jpg

Удзельнікі міжнароднага велапрабегу.
Асацыяцыя натхніла

Пра “прафесійны адбор якаснай інфармацыі” — гэта не я. Гэта — вядучы метадыст аддзела бібліятэчнага маркетынгу Барысаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя І.Х. Каладзеева Алена Капыток. Яна вядомая нашым чытачам як аўтар блога “Сельская бібліятэка”. А яшчэ Алена — старшыня Барысаўскага раённага аддзялення Беларускай бібліятэчнай асацыяцыі. Яе стварэнне падштурхнула да пошукаў больш дынамічных і плённых форм прафесійнага развіцця.

Так з’явіўся праект “Навучанне ў дарозе”. Алена Капыток вырашыла, што сутнасць акцыі — кантакты з калегамі ва ўсіх кутках Беларусі. У 2009-м дэлегацыя спецыялістаў з Барысаўшчыны выехала ў Нацыянальную бібліятэку Беларусі. Яшчэ праз год больш чым паўсотні барысаўчан скіравалася на Слонімшчыну. Па дарозе яны наведалі бібліятэкі розных сістэм і ведамстваў. Цікавіла ўсё: фонды, формы працы, аўтарскія праекты… Потым былі Полацкі раён, Нясвіж, Міншчына, Магілёўшчына, Гомельшчына… Выязныя семінары на самую розную тэматыку сталі традыцыяй. Вы запытаецеся: а за якія грошы ладзяцца гэтыя ваяжы? За ўласныя! Дапамагаюць прафсаюз і ББА. Алена Капыток “садзіцца на тэлефон” і сумесна з калегамі выпрацоўвае маршрут, праграму навучання і месцы начовак. Усё проста і дзейсна.

Лепшае гадуюць, кепскае само расце

З 19 да 21 чэрвеня Алена Капыток з сяброўкамі была ў Брэсце. Па шляху наведалі бібліятэкі Дзяржынска, Стоўбцаў, Баранавічаў, Івацэвічаў, Бярозы, Кобрына. Скептыкі скажуць: “Хіба ж ім кепскае паказвалі!” Змушаны запярэчыць: на кепскім толькі настрой губляюць, а вучацца — толькі на добрым.

Што ж канкрэтнага вынеслі з апошняй вандроўкі бібліятэкары Барысаўшчыны? Пастараюся сцісла выкласці самае галоўнае. Чым далей на Захад, тым лепшая матэрыяльная база. Вандроўнікі пазайздросцілі. Згодны, гэта — не паказчык якаснага абслугоўвання чытачоў. І ў шыкоўным памяшканні можна запусіць справу так, што ніхто наўкол і ўвагі на кнігу не зверне…

Дык вось, вельмі цікавіла праца інтэграваных бібліятэк. (На Барысаўшчыне сваіх такіх — сем.) Як дакументальна праводзіцца аб’яднанне школьных устаноў і “публічак”? На якім свеце (школьным ці публічным) застаецца кніжная серыя “Школьная бібліятэка”? Які расклад у аб’яднанай установы? Пытанняў было шмат, і яны нараджаліся з кожным новым адказам. Словам, эксперымент па злучэнні ўстаноў пагражае зацягнуцца ў часе і прасторы.

Усё так. Серыя “ШБ” — завісла ў паветры, бо застаецца “ўсіхняй” і “нічыйнай” адначасова. Не сакрэт і тое, што любая школа — напаўзакрыты аб’ект. І каму з чытачоў ахвота прабірацца да паліц праз вахту, турнікет ды шматлікія бар’еры, бо асобныя ўваходы ў большасці выпадкаў — не рэальнасць, а мара? Дазволю сабе дадаць тут сваё дылетанцкае меркаванне: сельская бібліятэка, што працавала кепска, у разы павялічыла колькасць чытачоў пасля інтэграцыі (за кошт вучняў). І наадварот: добрая ў выніку аптымізацыі частку іх (рабочых і служачых, чый працоўны графік не супадае са школьным) — згубіла ці губляе.

Што яшчэ цікавіла барысаўскую дэлегацыю? Выкарыстанне кадравага рэсурсу, унутраны распарадак, вядзенне ўнутрыбібліятэчнай дакументацыі, духоўна-асветніцкая дзейнасць… А здзівіла малое паступленне дзіцячых кніг у фонды. Як, зрэшты, і так званая Паўлянкоўская бібліятэка ў Астрамечаве. Я з дапамогай Інтэрнэту высветліў, хто такі Фларэнцій Паўлянкоў: рускі кнігавыдавец і асветнік, які на пачатку мінулага стагоддзя спансіраваў павелічэнне бібліятэчных кніжных фондаў і заробку бібліятэкараў. Цяпер функцыі мецэната ўзяло на сябе збольшага кіраўніцтва астрамечаўскага сельгаспрадпрыемства і іншых арганізацый. Вельмі цікавы факт, варты больш дэталёвага разгляду для ўдасканалення агульнарэспубліканскай бібліятэчнай справы.

Мяркуючы па рэдакцыйнай пошце, за гэтую справу душа баліць у многіх. Мы так і не прыйшлі да высновы, у якім кірунку рухацца сельскім і гарадскім установам, як даплачваць бібліятэкарам за вышэйшую адукацыю, так і не знайшлі оптымум інтэгравання. Між тым, па маім цвёрдым перакананні, сельская бібліятэка ўжо цяпер — у крызісным стане: пенсійны ўзрост кадраў, састарэласць фондаў і абсталявання, адсутнасць зацікаўленасці ў далейшым развіцці…

А што ў Каўнасе?

Сельскія бібліятэкары, як мы пісалі колькі нумароў таму, не асмеліліся паўдзельнічаць у міжнародным бібліятэчным велапрабегу “Cycling for libraries”. (Гэта ўжо другі бібліятэчны праект.) А вось сталічныя стартавалі і сустрэліся ў Каўнасе з калегамі з Літвы, Латвіі, Германіі, Даніі, Швецыі, Фінляндыі… З гэтай прычыны кола праблем, што абмяркоўваліся 19 — 20 чэрвеня, сельскіх нюансаў амаль не ўтрымлівала. А шкада…

Вось што паведамляе нам арганізатар беларускай часткі праекта — галоўны бібліёграф Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Настасся Жарская. Бадай, самым важным пытаннем міжнароднай канферэнцыі стала дзейнасць гарадскіх дзіцячых бібліятэк. Як эфектыўна прастымуляваць чытанне падлеткаў? Ды вельмі проста: ператварыць працэс у гульню. Дарэчы, для нашых бібліятэкараў усё гэта — не навіна. Праграмы летняга вакацыйнага чытання досыць насычаныя ды цікавыя. І прыкладаў таму — шмат.

Актыўна абмяркоўвалася выкарыстанне бібліятэкі як мультыфункцыянальнай прасторы. Вось тут нашым сельскім бібліятэкарам і папрысутнічаць бы. Гаворка ішла не толькі пра Ноч бібліятэк ды клубы па інтарэсах. І рэзюмэ было наступным: кнігасховішча пераўтворыцца ў месца правядзення феерый толькі за кошт акцый, скіраваных на папулярызацыю кнігі і чытання. І як бы мяне ні пераконвалі апалагеты кансерватызму (“Мы ж не масавікі-забаўляльнікі!”), такая будучыня чакае любую нашу сельскую бібліятэку. Пры ўмове, што яна паставіць мэту не проста выжыць, але і развівацца надалей. Згодны толькі з адным: “забаўляльнік” слова тут — недарэчнае. Проста прафесіянал.

Дарэчы, гаворка на канферэнцыі ішла і пра імідж бібліятэчнай прафесіі. Заробкі ва ўдзельнікаў велапрабегу, як аказалася, — прыблізна аднолькавыя, а значыць — не надта вялікія. Як тут не ўспомніць паўлянкоўскія ўстановы ў сучасным “спонсарскім” фаармаце? Тым больш, бібліятэкары аднаго з невялічкіх курортных мястэчкаў Балтыі пахваліліся, што іхнія заробкі за кошт турыстычных прыбыткаў рэгулярна павялічвае гарадская адміністрацыя. Нам пра такое стаўленне марыць яшчэ доўга…

Не хутка, напэўна, прыйдуць у сельскія бібліятэкі Wi-Fi ды электронныя кнігі. Пакуль гэта, як канстатавалася на канферэнцыі, — шчаслівая прэрагатыва гарадоў… Беларуская вёска — дачакайся!..

Да якой высновы прыйдзе кангрэс?

Хтосьці скажа: “Ну і якая выгода ад такіх ваяжаў да кантактаў? Праблемную сітуацыю, як ні вучыся сярод калег-бедакоў, яны ж не зменяць!” Запярэчыць можна проста: “Мы спрабуем зазірнуць за ўласныя весніцы, вучымся быць актыўнымі і неабыякавымі, а такіх “аптымізаваць” — немагчыма!” А наконт вырашэння праблем… Мо іх дапаможа ўрэшце адолець II Міжнародны кангрэс “Бібліятэка як феномен культуры”, што пройдзе ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі 22 — 23 кастрычніка? Толькі не забыліся б запрасіць да разгляду гэтага феномену сельскіх бібліятэкараў…

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"