Каб ручнік стаў ручніком…

№ 26 (1152) 28.06.2014 - 04.07.2014 г

Сказаць, што Валянціна Струнец любіць вышываць — гэта ўсё роўна, што нічога не сказаць: яна гэтым заняткам жыве, дыхае. Сумуе, калі за дзень не атрымліваецца ўзяць у рукі іголку з ніткай… За больш чым дзесяць гадоў, якія Валянціна Струнец працуе ў Маларыцкім раённым цэнтры народнай творчасці, яе намаганнямі створана больш як пяцьдзясят ручнікоў з мясцовымі ўзорамі. Менавіта створана, бо ўсе яны на ручнікі пераносяцца з даўніх жаночых сарочак, фартухоў, платаў, спадніц…

/i/content/pi/cult/485/10404/11-3.jpg

Валянціна Струнец. / Фота аўтара

— Папулярнасць ручніка нязменная, — распавядае Валянціна Мікалаеўна. — Ён, як і раней, абавязкова прысутнічае ў найбольш важных этапах жыццёвага шляху чалавека. Ткуць і расшываюць ручнік і сёння, працягваючы ўдасканальваць прыгажосць, над якой працавала не адно папярэдняе пакаленне. Каб ручнік меў выгляд ручніка, патрэбна перадаць рытм чаргавання шырокіх і вузкіх палос, характары іх суадносін з масай белага фону. Неабходна, каб было гарманічнае спалучэнне чырвонага, чорнага і белага колераў. Яшчэ трэба скампанаваць узор так, каб захаваць арнамент і традыцыйнасць маларыцкага рэгіёна…

Ручнікі Валянціны Струнец заўсёды ствараюць уражанне кампазіцыйнай завершанасці. Яны прыгожыя яшчэ і таму, што майстрыха прытрымліваецца існуючага канону, у рамках якога і вядзе свае творчыя пошукі.

— Калі я ўпершыню ўбачыла касцюм Маларыцкага строю, — успамінае Валянціна Мікалаеўна, — то мяне ўразіла хараство і багацце вышытых узораў. Гледзячы на арнамент і ўзор, адчувала гонар за тых, хто змог не толькі ўбачыць, але і перадаць усе нюансы мясцовага каларыту праз вышыўку. Менавіта гэта мяне натхніла на тое, што менавіта маларыцкі строй адзення я стала грунтоўна і дэталёва вывучаць. А пасля стала пераносіць даўнія маларыцкія ўзоры на тканіну, надаўшы ім пэўныя сюжэтныя формы і завершанасць…

Валянціна Струнец скончыла Гродзенскае вучылішча мастацтваў, атрымаўшы спецыяльнасць рэжысёра масавых мерапрыемстваў. Сёння яна — дырэктар Маларыцкага раённага цэнтра народнай творчасці.

У раённым клубе майстроў народнай творчасці “Скарб талентаў”, які створаны і працуе на базе РЦНТ, без Валянціны Струнец не абыходзіцца ніводнае мерапрыемства, пасяджэнне ці выстаўка. Яе работамі захапляліся ў Германіі, Славакіі…

— Свае вырабы я люблю дарыць знаёмым і тым, хто таксама захапляецца творчасцю — сябрам, суседзям, — прызнаецца Валянціна Мікалаеўна. — Прыемна бачыць, як у чалавека загараюцца вочы, узнімаецца настрой. На душы ў такія моманты робіцца прыемна ад таго, што чалавеку прыносіш радасць. Усім раю: тварыце, рабіце сваё жыццё прыгожым, гарманічным!..

Мікалай НАВУМЧЫК

Маларыта