Да штыка пяро прыраўнаваць

№ 26 (1152) 28.06.2014 - 04.07.2014 г

З успамінаў партызана-мастака Мікалая Гуціева
У маім хатнім архіве захаваўся машынапіс заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі, вядомага мастака-графіка Мікалая Цімафеевіча Гуціева, які ён перадаў мне яшчэ на пачатку 1984 года, калі я працаваў у апараце Саюза мастакоў БССР ды ўзначальваў творчую секцыю мастацтвазнаўства і крытыкі. Абяцаў дапісаць дапаўненні да сваіх “партызанскіх” мемуараў, але штосьці перашкодзіла здзейсніць задуманае.

/i/content/pi/cult/485/10400/15-1.jpg

Мастакі Мікалай Абрыньба і Мікалай Гуціеў (справа) і сабака Тасс у лепельскай партызанскай зоне. 1943 г. / Фота з фондаў Лепельскага краязнаўчага музея

/i/content/pi/cult/485/10400/15-3.jpg

/i/content/pi/cult/485/10400/15-4.jpg

Ваенныя замалёўскі і адзін з партызанскіх плакатаў аўтарства Гуціева.

Ён паспяхова працаваў у станковай і кніжнай графіцы, маляваў жывапісныя карціны і пейзажы. Сярод яго найбольш значных твораў — афармленне аповесці К.Чорнага “Люба Лук’янская”, Л.Талстога “Хаджы Мурат”, М.Гогаля “Вечары на хутары ля Дзіканькі”, зборнікі казак “Ільюша, Іванаў сын” і “Цудоўная дудка”, зборнік “Лясныя песні”, цыкл гравюр “Беларусь — край партызанскі” і “Партызанскія будні”, серыя жывапісных палотнаў “Мая Беларусь”. Шмат гадоў працаваў у выдавецтве “Беларусь”, пятнаццаць гадоў выкладаў у БДТМІ. Быў актыўным грамадскім дзеячам, дый проста вельмі цікавым і добрым чалавекам, сустракацца з якім асабіста для мяне было вялікім задавальненнем.

Да вайны Мікалай Цімафеевіч скончыў Растоўскае мастацкае вучылішча. З першых дзён Вялікай Айчыннай — на фронце. Пад Полацкам трапіў у палон. Знаходзіўся ў нямецкім канцлагеры “Барвуха-1”. Адтуль летам 1942-га разам з аднагодкам Мікалаем Абрыньбам, нядаўнім студэнтам Маскоўскага мастацкага інстытута імя В.І. Сурыкава, збег. На шчасце, знайшлі партызан: абодва храбра ваявалі ў Лепельскай партызанскай брыгадзе на Віцебшчыне. Мікалай Цімафеевіч быў кулямётчыкам, разведчыкам, удзельнічаў ва ўсіх баявых аперацыях. Па гарачых слядах рабіў замалёўкі алоўкам, тушшу і акварэллю, нават рысаваў цэлыя карціны на баявыя сюжэты. Стварыў вялікую серыю партрэтаў сяброў-партызан і сотні плакатаў-лістовак на лінолеуме, якія з дапамогай паветранага змея раскідваліся сярод насельніцтва і ў варожыя гарнізоны, расклейваліся на сценах дамоў, клубаў, кінатэатраў… Абодва мастакі — Гуціеў і Абрыньба — змаглі нават стварыць своеасаблівую партызанскую галерэю, так званую “лясную Траццякоўку”, пра якую хадзілі легенды. Пагаворвалі, напрыклад, што ў 1944-м Панцеляймон Панамарэнка ў Маскве паказаў Сталіну плакат-лістоўку Гуціева “Гітлер, які плача”: фюрэр на фоне палаючага Берліна. Сталін быццам бы доўга смяяўся і прасіў перадаць аўтару персанальнае прывітанне. Апошняя выстаўка твораў М.Гуціева пад назвай “Памяць сэрца” прайшла ў 2008-м, калі мастака ўжо год як не было ў жывых…

Мікалай Гуціеў:

— У мяне дома вельмі багаты архіў выяў і тэкставых запісаў, рэпрадукцыі з карцін, акварэльныя творы, алоўкавыя накіды і замалёўкі, хаця большасць маіх дакументаў я перадаў у Музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Усе яны, зразумела, прысвечаны тэме партызанскай барацьбы ў гады акупацыі Беларусі фашысцкімі захопнікамі. Дый у пасляваенны час гэтая тэма з’яўляецца для мяне галоўнай у маёй творчасці.

У прынцыпе, я рэдка звяртаюся да мінулага наогул, — значна больш захапляе сучаснасць, але часта бывае так, што неадольна авалодваюць думкамі яскравыя, незабыўныя вобразы і эпізоды даўно мінулых гадоў, і асобныя ўспаміны актыўна ўрываюцца ў дзень сённяшні. І нікуды ад гэтага не адысці…

У чашніцкай партызанскай брыгадзе Дубава я быў спачатку кулямётчыкам, потым разведчыкам, палітруком роты і, у той самы час, ніколі не расставаўся з альбомам і алоўкам. Амаль ва ўсіх начных баявых аперацыях, у якіх я ўдзельнічаў, мне ўдавалася рабіць замалёўкі ды накіды партрэтаў байцоў і камандзіраў, якія вызначаліся ў баі. Побач са мной заўжды быў мой баявы сябар (цяпер заслужаны мастак РСФСР) Мікалай Іпалітавіч Абрыньба, які мог нават ва ўмовах ляснога лагера, у зямлянцы маляваць карціны алейнымі фарбамі. Я ж задавальняўся акварэллю, тушшу і алоўкам, а пазней — лінолеумам. Праўда, зямлянка, што нагадвала дом, крыху ўкапаны ў зямлю, была ў нас вялікая, з электрычным асвятленнем, а тое заахвочвала да самай паглыбленай творчасці ў час паміж аперацыямі. Накіды, зробленыя ў паходзе, часта ледзь пазначаныя замалёўкі дапрацоўваліся, абрасталі дэталямі. Вось гэтак з’яўляліся кампазіцыйныя рашэнні, якія потым ператварыліся ў завершаныя творы.

Пазней, прыкладна з канца 1942 года, я засяродзіў сваю ўвагу на сатырычных плакатах-лістоўках, якія мы спачатку малявалі ад рукі, размнажалі з дапамогай спецыяльнай пераводнай пасты — часам да 25 экзэмпляраў. Абрысы былі бляклыя, і кожны экзэмпляр даводзілася дапрацоўваць тушшу і фарбай. Аднойчы пасля ўдалай аперацыі ўдалося здабыць кавалкі лінолеума, які садралі з падлогі разгромленага фашысцкага штаба. Я цалкам перайшоў на гравіроўку друкарскіх форм на гэтым падатлівым матэрыяле. Лінагравюры сатырычных антыфашысцкіх плакатаў разам з наборам вершаваных подпісаў, якія даводзілася пісаць мне, размнажаліся на ручным друкарскім станку нашай партызанскай друкарні. З паперай было цяжкавата, таму тыраж гэтых плакатаў не перавышаў трохсот экзэмпляраў.

Распаўсюджваліся яны галоўным чынам нашымі сувязнымі-падпольшчыкамі рознымі спосабамі. Сярод іх быў, напрыклад, і гэткі: ідзе ў лепельскім кінатэатры які-небудзь нямецкі фільм, заканчваецца сеанс — і гледачы бачаць на сценах антыфашысцкія плакаты як абвяржэнне таго, што яны некалькі хвілін таму бачылі на экране. Ідэалагічнае ўздзеянне плакатаў было немалое…

Аднойчы, яшчэ да набыцця лінолеума, сувязныя параілі нам намаляваць каменданта лепельскага гарнізона ў выглядзе, які адпавядаў яго сутнасці. На вялікім аркушы паперы я намаляваў яго ў выглядзе гарылы, з рагатым шлемам, з пашчэрбленай сякерай на пласе. Падпольшчыкам спадабалася. “Гэта тое, што трэба”, — сказалі яны, і неўзабаве плакат вісеў ужо на плоце непадалёк ад камендатуры. Але камендант успрыняў гэта спакойна і нават загадаў не здзіраць плаката. “Глупства маляваць мяне гэткім, — казаў ён. — Усе ж бачаць: я мужчына хоць куды!..” І яшчэ рагатаў пры гэтым.

Пра ўсё гэта нам расказалі тыя ж падпольшчыкі, і мы прыйшлі да высновы, што занадта прамалінейнае рашэнне антыфашысцкай тэмы не дасягае мэты. Трэба было больш глыбока ўнікаць у палітычныя праблемы барацьбы — не толькі баявой, збройнай, але і ідэалагічнай, дасканала прадуманай. Мы сталі старанна вывучаць слабыя бакі фашысцкай прапаганды, чытаць і перачытваць усе друкаваныя матэрыялы, слухаць перадачы радыё з Масквы (радыёкропкі былі ў нас у кожнай зямлянцы яшчэ з лістапада 1942 года). З’явіліся плакаты больш дзейсныя і па змесце, і па форме. Сярод іх асабліва ўдалыя — “Здаецца, маёй барацьбе надыходзіць канец”, “Гора-мараплаўцы”, “Смерць фашызму!”, “Што тоіцца за квяцістымі фразамі”.

Першы з названых плакатаў паказваў Гітлера з яго адыёзнай кніжкай “Майн кампф” у руках, які на фоне ахопленага пажарам Берліна панура казаў: “Здаецца, маёй барацьбе надыходзіць канец”. Гэты плакат быў добра ўспрыняты на інтэрнацыянальным злёце венграў, чэхаў, палякаў і немцаў, якія перайшлі на бок партызанаў і змагаліся супраць агульнага ворага — фашызму.

Яшчэ больш дзейсны быў плакат, што выкрываў фальшывыя лозунгі фашысцкіх наймітаў, здраднікаў з гітлераўскіх вайсковых фарміраванняў і іх цынічнае сцвярджэнне: “Усё для народа, усё праз народ”. Плакат “Што тоіцца за квяцістымі фразамі” быў сатырычнай расшыфроўкай гэтага крывадушнага лозунга, раскрываў яго крывавую сутнасць. Ён складаўся з трох частак. У верхняй быў адлюстраваны склад снарадаў, авіябомб, скрынак з мінамі, а пад ім — подпіс: “Усё для народа”. У другой частцы — карнікі-ўласаўцы, якія ідуць праз трупы знішчаных імі людзей, і подпіс: “Усё праз народ…”. У ніжняй частцы плаката — панічныя ўцёкі гэтых карнікаў ад партызанскіх куль з подпісам: “І ўсе яны ад народа…”. Плакат трапна біў у цэль, бо ён адлюстроўваў рэальныя падзеі, якія адбываліся ва ўсіх навідавоку. “Ідэолагі” здраднікаў паспешліва “зварганілі” свой плакат у адказ: гэта была, па сутнасці, вулічная лаянка…

Крыху раней я і Абрыньба пабывалі ў спаленай карнікамі вёсцы Слабодка. Там яшчэ курыліся пажарышчы, на вуліцы ляжалі трупы загубленых людзей… Мы зрабілі замалёўкі фашысцкіх зверстваў. Гэты выкрывальны матэрыял і быў пакладзены ў аснову вышэйназванага плаката…

Іншыя старонкі запісаў Мікалая Гуціева чытайце ў наступных нумарах "К".

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"