Аляксандр ШУВАЛАЎ: “Не трэба іграць на баяне Шапэна”

№ 6 (824) 09.02.2008 - 15.02.2008 г

Учора ў Палацы Рэспублікі гучала музыка Астара П’яцолы. Ледзь не ўвесь вечар з Прэзідэнцкім аркестрам Беларусі пад кіраўніцтвам Віктара Бабарыкіна саліраваў наш знакаміты баяніст Аляксандр ШУВАЛАЎ. Гэты музыкант, які ў 2002 годзе атрымаў у падарунак баян ад Прэзідэнта нашай краіны Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі, сёння стаў адным з самых запатрабаваных. Прычым вабіць не толькі ягоная віртуознасць, але і новае стаўленне да свайго інструмента. Бо баян у руках Аляксандра Шувалава — гэта вам не звыклы пісклівы “гармонік”, а сапраўдны “кароль інструментаў”, блізкі па гучанні не толькі да аргана, але і да многіх іншых інструментаў, найперш духавых..

— Аляксандр, у Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі вы вучыце баяністаў не толькі іх спецыяльнасці, але і выкладаеце ім уводзіны ў імправізацыю. Што гэта за дысцыпліна такая, навошта яна, на вашу думку, патрэбна?
— Выпускнік акадэміі павінен быць прафесіяналам не ў нейкай адной, а ледзь не ва ўсіх сферах музычнага выканальніцтва. Будзем рэалістамі: большасць цяперашніх баяністаў не мае магчымасці працаваць выключна салістамі — часцей яны размяркоўваюцца ў разнастайныя творчыя калектывы, дзе пажадана валодаць не адным баянам, а некалькімі народнымі інструментамі. А яшчэ іграць не толькі па нотах, але і на слых, мець навыкі імправізавання.
— Асабіста ў мяне ўзнікла такое параўнанне: калі чалавек валодае мовай, дык можа не толькі прачытаць напісаны кімсьці тэкст, пераказаць яго сваімі словамі, але і падтрымаць гутарку з іншым суразмоўцам на прапанаваную тэму, выказаць свае думкі і гэтак далей. Дык чым горшая музычная мова? На ёй, відаць, таксама трэба ўмець выказвацца не толькі “па тэксце”?
— Хтосьці скажа, што гэта розныя спецыяльнасці, але, на маю думку, прафесіянал павінен авалодаць усімі стылямі, каб потым абраць тое, што яму бліжэй. І тыя, хто лічыць, што ігра “не па нотах” развівае свайго роду “халтурнае” стаўленне да выканання, памыляюцца. Бо гэткае своеасаблівае “сааўтарства” дапамагае глыбей унікнуць у кампазітарскую задуму, быццам паставіць сябе на яго месца. Да ўсяго, навыкі імправізавання маюць, так бы мовіць, “выратавальнае” значэнне: яны дапамагаюць нейкую выпадковасць, што можа здарыцца на сцэне і ад якой не застрахаваны ніводны музыкант, ператварыць у “падрыхтаваны сюрпрыз”. Ці ўвогуле зрабіць яе заўважнай толькі для цябе, а не для публікі.
— Самі вы цудоўна іграеце джаз, у чым я неаднаразова пераконвалася. Але навучыць акадэмічных музыкантаў няўлоўнай рытмічнай вольнасці не так і проста.
— Вы маеце рацыю: у кагосьці атрымліваецца ігра джаза, а ў кагосьці — “гульня ў джаз”. На жаль, студэнты да мяне прыходзяць толькі на 4-ым курсе, калі станаўленне музыканта ўжо амаль завяршылася. А такі навучальны прадмет павінен быць і ў вучылішчах, і ў школах. І пачынацца ён павінен з назапашваннябагатага слухацкага вопыту, выхаванага на лепшых прыкладах сусветнага мастацтва.Бо што ты слухаеш, такое ў цябе і мысленне, так ты, у выніку, намагаешся іграць і сам.
— Тады чаму вы слухаеце і, адпаведна, іграеце шматлікія танга?
— Вы пра Астара П’яцолу? Для мяне ягоныя танга ўвасабляюць не толькі прыгажосць. Так, у іх ёсць эмацыйны запал, нават любоўныя жарсці, але не гэта галоўнае. Я адчуваю ў яго музыцы калі прыхаваную, а калі і відавочную трагічнасць. Невыпадкова многія яго творы маюць адпаведныя назвы: “Небыццё”, “Настальгія”, “Смерць анёла”, “Забыццё”, “Смерць мясніка”... У гэтай музыцы — свая, калі хочаце, філасофія. Калісьці мы з маім выкладчыкам Міронам Іванавічам Булам, якому я вельмі за ўсё ўдзячны, былі на Беларусі аднымі з “першапраходцаў” творчасці гэтага кампазітара.У нас ён стаў вядомы хіба пасля сваёй смерці ў 1992-ім, але ж лічыўся ледзь не “шараговым эстраднікам”, бо спачатку распаўсюджваліся надта спрошчаныя, расійскай “хатняй вытворчасці” апрацоўкі яго твораў, пазбаўленыя каларытных гармоній, багатага драматургічнага развіцця. Мірон Іванавіч дазволіў мне зрабіць свае пералажэнні, з імі я і перамог у Клінгенталі. Іграць жа музыку П’яцолы з аркестрам, ды яшчэ з такім, як Прэзідэнцкі аркестр Беларусі, — адно задавальненне! Я супрацоўнічаю з гэтым цудоўным калектывам літаральна з дня яго заснавання. Там іграюць многія мае сябры, увогуле склалася маладая здаровая атмасфера, добрыя ўнутраныя стасункі. Але галоўнае — прафесіяналізм і ўзаемаразуменне.
— А як складаецца музычнае ўзаемаразуменне з “другой паловай”?
— Мне вельмі пашанцавала! Алена — вельмі пяшчотная і спагадлівая жонка, ва ўсім разумеe мяне, бо сама выпускніца Акадэміі музыкі, іграе на домры і мандаліне. Я падключаю яе да некаторых сваіх праектаў, мы пачалі ўжо выступаць “сямейным дуэтам”.
— Ці ж гарманіруе домра з баянам?
— Выдатна! Спрабуем іграць басановы, музыку ў стылі кантры, выкарыстоўваючы “матавыя” тэмбры баяна, блізкія па гучанні да фагота, кларнета. На такім фоне сола мандаліны набывае незвычайныя адценні.
— У музычным дуэце, такім чынам, саліруе жонка. А ў сямейным?
— Абсалютнага лідэра ў нашай сям’і няма. Намагаемся адно аднаму саступаць, ствараючы папраўдзе партнёрскія ўзаемаадносіны. Але сама Алена, пры яе выключнай інтэлігентнасці і тактоўнасці, хутчэй за ўсё, пэўна, думае, што лідэр — я.
— Можаце ўзгадаць лепшы падарунак, які вы ёй зрабілі?
— Прыдбаў у Польшчы мандаліну.
— Ну вось, ніякай рамантыкі, зноў адно прафесія...
— Наадварот, гэта такая рамантыка! Яна даўно марыла пра мандаліну, а я ўсё ніяк не мог яе набыць. Нават у Італіі шукаў, але такой, як трэба, не было. І раптам мы знайшлі яе ў Польшчы. Той мандаліне больш за 100 гадоў, інструмент, можна сказаць, рарытэтны. Алена была такая шчаслівая!
— А што яшчэ з замежных паездак прывозіце?
— Будзеце смяяцца — адно музычныя інструменты. У Неапалі я літаральна “запаў” на адметны барабан; на Міжнародным фальклорным фестывалі ў Францыі, куды з’ехаліся народныя музыканты нават з Лацінскай Амерыкі і Афрыкі, прыдбаў шмат экстравагантных для нас ударных інструментаў ручной работы. Мне падабаюцца розныя экзатычныя рэчы, але ўсе свае набыткі намагаюся максімальна наблізіць да музыкі. Ну, можа, прывожу яшчэ нейкія маленькія сувеніры, смакоцці і, галоўнае, уражанні.
— Дык падзяліцеся імі!
— Два гады таму на Міжнародным конкурсе ў Кіеве мне пашчасціла сустрэцца з сусветна вядомым Рышарам Гальяна — сябрам і шмат у чым паслядоўнікам Астара П’яцолы. Ён ніколі не “журыў” на конкурсах, але тады зрабіў выключэнне. І тое, што я стаў лаўрэатам (прытым, што нікога ад Беларусі ў журы не было), успрымалася, быццам своеасаблівае прызнанне з боку гэтага амаль легендарнага музыканта. Яшчэ большым падарункам для мяне стала магчымасць чуць яго — і на канцэрце, і на прэс-канферэнцыі. А самай, бадай, экзатычнай была паездка ў Венесуэлу. Мы ж пра гэтую краіну раней амаль нічога не ведалі. Як і яны, мабыць, пра нас. Аказалася, яе сталіца— даволі еўрапейскі горад. Нават у рэстаране пры гатэлі— італьянская кухня. А як нас успрымалі на канцэртах! Я акампаніраваў салістцы нашай оперы Алене Шведавай, іграў сольна, у тым ліку пад аркестравую фанаграму-”мінусоўку”. Публіка рэагавала “на ўра”!
— А што ігралі? Адно беларускую музыку?
— Чаму ж? Быў і “Салавей” Аляб’ева, і басанова. Увогуле, праблемы рэпертуару для баяністаў існуюць і дасюль. Я лічу, не трэба іграць на баяне Шапэна, Вівальдзі, Чайкоўскага, многіх іншых класікаў, чыя музыка ў баянных пералажэннях страчвае штосьці істотнае для эстэтыкі гэтых кампазітараў.Але ж і народнымі скокамі-прыпеўкамі абмяжоўвацца нельга. Баян — надзвычай багаты інструмент: шматгалосы, вельмі рухавы, тэмбрава разнастайны. І беларускія кампазітары пакуль перад ім у вялікім даўгу. Сярод найбольш цікавых нацыянальных твораў буйной формы магу назваць хіба кампазіцыі Уладзіміра Каральчука — віртуозныя, прывабныя для выканаўцаў, сучасныя па музычнай мове, нечаканыя па драматургіі і агульнай канцэпцыі. Хочацца такіх паболей! Нельга ісці па даўно пратаптанай дарожцы ды яшчэ не ў той бок. Захоўваючы лепшыя традыцыі, назапашаныя папярэднікамі, трэба шукаць і новыя шляхі. Хочацца верыць, што дзякуючы і маёй канцэртнай дзейнасці стаўленне да інструмента зменіцца. У ім убачаць новыя магчымасці і, адпаведна, адлюструюць іх у новых творах.

Гутарыла Надзея БУНЦЭВІЧ
Фота Ядзі АДАМЧЫК 

Даведка
Аляксандр ШУВАЛАЎ нарадзіўся 17 сакавіка 1977 г. у Брэсце. Скончыў Слуцкую дзіцячую музычную школу (1992), Мінскае музычнае вучылішча імя М.Глінкі (1996), Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі па класе баяна дацэнта Мірона Булы (2001), а таксама яе магістратуру (2002). Зараз выкладае ў гэтай вышэйшай навучальнай установе. Лаўрэат шматлікіх конкурсаў, сярод якіх такія найпрэстыжныя, як Міжнародны конкурс баяністаў і акардэаністаў у Клінгенталі (Германія, 2002), Міжнародны конкурс “Akkoholiday” (Кіеў, 2006) і іншыя. Двойчы станавіўся стыпендыятам спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, атрымаўшы ў выніку званне яго дыпламанта. Гастраляваў у Германіі, Францыі, Іспаніі, 

Анкета “К”

1. Колер, які натхняе.
Жоўты і чорны.
2. У якую пару года падабаецца працаваць?
Увесну.
3. Любімы мастак.
Сальвадор Далі.
4. НайболЬш яркі акцёр, актрыса.
Многія! Люблю тэатр і кіно.
5. Любімы Твор?
Першы фартэпіянны канцэрт Чайкоўскага.
6. Каго слУхаеце?
Класіку, джаз, джаз-рок.
7. Радзіма — гэта што?
Беларусь. І яшчэ музыка. А значыць, як для Ігара Стравінскага, — увесь свет.
8. ЛюбімАя кветка?
Якую я падарыў жонцы.