Бэз і камяні

№ 26 (1152) 28.06.2014 - 04.07.2014 г

У даўнія 1960-я гады, калі я працаваў фотакарэспандэнтам “Знамени юности”, нехта сказаў: "Фатограф прыйшоў". Я абурыўся: "Хто гэта: “фатограф”? Я — фотакарэспандэнт!.." Пазней, працуючы ў Агенцтве друку “Навіны” (АПН), я пачуў, як мой калега Юрый Сомаў, карыфей фотажурналістыкі, прадстаўляўся: "Добры дзень! Фатограф Сомаў". Не ў імені справа. У Пушкіна дакладна сказана: “Что в имени тебе моем? Оно умрет, как шум печальный…”. А што да фатаграфіі — тут іншае. Фатаграфія — зрэз жыцця, падобны да кольцаў спілаванага дрэва.

/i/content/pi/cult/485/10399/14-3.jpg

М.Ананьеў. "Гэта не павінна паўтарыцца".

Не ўсе гэта разумеюць. Нядаўна мой добры (і разумны) знаёмы журналіст кінуў у размове не вельмі ўхвальныя словы на адрас фатаграфіі і фатографаў. Кажу яму: напішы свае меркаванні — я з задавальненнем прачытаю іх і паспрачаюся, а раптам і пагаджуся. Не піша. Шкадуе, што сказаў, ці збіраецца з сіламі. Пачакаю.

Ніколі і нікому не спрабаваў растлумачыць сябе. Фотаздымак — аб’ектыўны. Ці ён ёсць, ці яго няма. Раскажу гісторыю з жыцця свайго і сваіх калег.

Міхаіл Пятровіч Ананьін — заслужаны дзеяч культуры БССР, фотажурналіст. У ягоных фотаработах адбілася жыццё савецкага народа, яго праца, часы першых пяцігодак, гераічных і цяжкіх дзён Вялікай Айчыннай вайны і мірнага пасляваеннага будаўніцтва.

Нястомны фотарэпарцёр пабываў са сваёй камерай у многіх кутках СССР, такіх як Урал, Сярэдняя Азія, Казахстан, Украіна і, зразумела, Беларусь ды, у прыватнасці, Мінск, якія сталі яго домам.

Большасць здымкаў Міхаіла Пятровіча простыя па сюжэце, але кожны з іх напоўнены душэўнай цеплынёй і прасякнуты лірызмам. Кожны чалавек, які трапіў у кадр фотамайстра, застаўся сабой. Гледзячы на іх, адчуваеш і разумееш перажытыя тымі людзьмі пачуцці, таму што ўсё гэта ўласціва кожнаму з нас.

Сапраўдны фотакарэспандэнт. Вялікая Айчынная вайна заспела яго, фотакара “Камсамольскай праўды”, у Калінінградзе. У той дзень, 22 чэрвеня 1941 года, цвіў бэз. Некалькі месяцаў Ананьін дабіраўся да рэдакцыі і прывёз фатаграфіі з партызанскага атрада і з фронту.

Апафеозам яго ваенных уражанняў стаў здымак “Гэта не павінна паўтарыцца”. Вось што напісала пра Міхаіла Пятровіча журналіст Ларыса Адамава: “Гераічная абарона Брэсцкай крэпасці ў 1941 годзе стала сімвалам воінскай доблесці і гераізму. Больш за месяц гарнізон памежнай савецкай крэпасці, які акружыў вораг, засыпалі бомбы і снарады, без ежы, без вады і амаль без боепрыпасаў гераічна змагаўся супраць атакуючых гітлераўцаў, адхіляючы прапановы аб здачы ў палон.

Па сённяшні дзень кожныя пяць гадоў героі гэтай абароны, што засталіся ў жывых, наведваюць Брэсцкую крэпасць. Адбываюцца хвалюючыя сустрэчы старых баявых таварышаў. Калі ў 1961 годзе адзначалася 20-годдзе гераічнай абароны крэпасці, фотарэпарцёр — інвалід Айчыннай вайны Міхаіл Ананьін зрабіў цудоўны здымак, поўны глыбокага сэнсу, што прымушае гледача перажыць цяперашняе душэўнае хваляванне. Ён зафіксаваў групу былых абаронцаў крэпасці, аднапалчан з 125-га стралковага палка на тым самым месцы, дзе яны змагаліся ў 1941 годзе.

Прыгнечаны цяжкімі ўспамінамі, ізноў перажываючы тыя страшэнныя дні, прыпаў да камянёў руін чалавек без нагі. Гэта былы сяржант, а пасля кандыдат біялагічных навук, выкладчык універсітэта ў сталіцы далёкага Казахстана Алма-Аце Уладзімір Фурсаў. Ён страціў сваю нагу тут, сярод гэтых камянёў, у страшным вогненным пекле Брэсцкай крэпасці. І зараз нахлынулі на яго карціны бачанага і зведанага тут, успомніліся загінулыя сябры і таварышы… І тыя ж успаміны, тыя ж карціны паўсталі перад вачыма яго аднапалчан: былога лейтэнанта, з сяла ў Брэсцкай вобласці Якава Каламійца, былога камандзіра ўзвода Паўла Сівакова з Мінска і двух колішніх салдат — Марка Піскуна, які стаў потым старшынёй багатага калгасу за некалькі дзясяткаў кіламетраў ад Брэста, і ўзбека Турсуна Хідырава, што з’ехаў працаваць на Далёкі Усход. Многае зведалі гэтыя людзі. І сярод пачуццяў і думак, у якія яны былі пагружаны, нібыта рвецца з гэтай фатаграфіі адна самая галоўная думка, адно самае моцнае пачуццё, звернутае не ў мінулае і нават не ў цяперашняе, а ў будучае: гэта не павінна паўтарыцца!..

Так і назваў сваю фатаграфію былы салдат Міхаіл Ананьін”.

Kultura logo-L.psd

Аўтар: Юрый ІВАНОЎ
фатограф