Пад купалам свяшчэннага, або Перамога, як яна ёсць

№ 19 (1145) 10.05.2014 - 16.05.2014 г

Пра завяршальную стадыю будаўніцтва музея ўсенароднай Памяці. Рэпартаж з аб’екта
Напярэдадні Дня Перамогі карэспандэнт “К” наведаў новы будынак Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны на праспекце Пераможцаў. Вонкава музей даведзены да ладу і выглядае так, нібыта не сёння-заўтра будзе прымаць наведвальнікаў. Але ўнутры працы яшчэ нямала...

/i/content/pi/cult/486/10395/2-1.jpg

Адчуваецца, аднак, што будаўнікі і занятыя экспазіцыяй дызайнеры ўжо выйшлі на “фінішную прамую”. У адных залах на завяршальнай стадыі — будаўнічыя работы па аздобе, у іншых ужо распачаты мантаж экспазіцыі. Арыгінальная архітэктура стварае для дызайнераў і мастакоў поле для рэалізацыі смелых задум, якія па чыста тэхнічных прычынах у старым будынку былі немагчымыя. Ужо сёння бачна, што ў новых сценах экспанаты, памятныя нам па колішняй экспазіцыі, глядзяцца ці не больш эфектна.

У новым будынку — дзесяць экспазіцыйных залаў і адна мемарыяльная — Зала Перамогі. Калі параўнаць музей з храмам, дык апошняя — алтар. Дарэчы, у зале сапраўды будзе ўсталяваны Алтар Перамогі ў памяць аб палеглых за Айчыну. Адчуваецца канцэптуальная тоеснасць з экспазіцыямі савецкага часу, а новым з’яўляецца асэнсаванне Вялікай Айчыннай вайны з пазіцыі беларускіх нацыянальных ідэалаў у кантэксце апошніх дзесяцігоддзяў.

Тэма першай, уводнай залы — “Вайна і мір”. Яе экспазіцыя псіхалагічна настройвае гледача на ўспрыманне драматычных падзей 1941 — 1945 гадоў. Зала № 2 — “Свет напярэдадні і ў першыя гады Другой сусветнай вайны”. У папярэдняй выстаўцы, што прэзентавалася ў старым будынку музея, сусветнаму кантэксту, падзеям з верасня 1939 года па чэрвень 1941-га, у прыватнасці, такой вялікай увагі не надавалася. Зараз жа ёсць патрэба ў аб’ектыўным асвятленні гэтага перыяду і тлумачэнні выключнай ролі Савецкага Саюза ў барацьбе за калектыўную бяспеку ў Еўропе на фоне ўсталявання нацысцкага рэжыму ў Германіі.

Зала № 3 мае назву “Дарога вайны”, і відавочна, што яе экспазіцыйны шэраг будзе мець значэнне сімвалічнае, з пэўным містычным адценнем.

Далей — залы № 4, № 5: “Пачатак Вялікай Айчыннай вайны. Абарончыя баі ў Беларусі летам 1941 года. Смаленскі бой. Бітва пад Масквой 1941 — 1942 гадоў” і “Карэнны пералом у ходзе вайны. Савецкі тыл”.

Экспазіцыя залы № 6 распавядае пра нацысцкі акупацыйны рэжым на тэрыторыі Беларусі ў 1941 — 1944 гадах, а ў наступнай, зале № 7 глядач даведаецца пра барацьбу патрыётаў з акупантамі. Назва экспазіцыі — “Партызанскі рух і антыфашысцкая барацьба ў Беларусі. Удзел савецкіх грамадзян у еўрапейскім Супраціўленні. 1941 — 1945 гады”. І нарэшце — “Вызваленне Беларусі. Разгром фашысцкай Германіі, яе саюзнікаў і мілітарысцкай Японіі” — зала № 8.

Адбудаваць краіну пасля жахлівай разбуральнай вайны было таксама подзвігам пакаленняў, што яе перажылі. Пра Беларусь пасля вызвалення (1944 — 1950 гады) і пра ўдзячную памяць нашчадкаў Перамогі і Адраджэння — зала № 9.

“Спадкаемцы Вялікай Перамогі” — зала № 10. Гэта пра сённяшні дзень Рэспублікі Беларусь. А эмацыйная і кампазіцыйная кульмінацыя музейнага ансамбля — згаданая вышэй Зала Перамогі, над купалам якой лунае сімвалічны Сцяг Перамогі.

Валерый Ляўнін — галоўны мастак экспазіцыі, які на дадзены момант сумяшчае з асноўнай работай яшчэ і функцыі каардынатара творчых груп, што працуюць над рознымі заламі музея. У гутарцы з карэспандэнтам “К” ён адзначыў: новая экспазіцыя адрозніваецца ад старой радыкальна. Сам экспазіцыйны матэрыял — той жа, бо гісторыя такая, як ёсць, яе не пераробіш. Гэта ж датычыцца і матэрыяльнага чынніка ваеннай гісторыі. Іншая справа, што з’явілася магчымасць на павялічаных плошчах прадставіць экспанаты ў большай колькасці і яскрава.

У музеі, па словах мастака, пабольшае больш мастацкай аздобы. У старым будынку была адна дыярама. На ёй адлюстроўваліся значныя эпізоды аперацыі “Багратыён”. Цяпер дыярамамі будуць прадстаўлены і іншыя знакавыя падзеі Вялікай Айчыннай вайны: бітва пад Масквой, Курская бітва...

Нарэшце з’явілася магчымасць эфектна прадставіць тое, што заўжды выклікае найбольшую цікавасць у наведвальнікаў — ваенную тэхніку. Яна сабрана ў зале “Дарога вайны”. На падлозе — танкі і гарматы, пад столлю будуць падвешаны самалёты. Тут, у прыватнасці, паказаны танкавы таран, здзейснены савецкім Т-34 супраць нямецкага Т-3. Будуць дэманстравацца і рарытэтныя ўзоры тэхнікі Другой сусветнай вайны, і дакладныя, па-майстэрску выкананыя макеты. Экспазіцыя залы адлюстроўвае трагічнае адступленне Чырвонай Арміі ў 1941 годзе на ўсход краіны і яе пераможны шлях на захад пасле пералому ў ходзе вайны. Спачатку — гэта калоны бежанцаў, якія ратуюцца ад фашысцкай навалы, а потым — савецкія танкі на дарогах Германіі. Саму назву залы пакуль, на думку Валерыя Ляўніна, можна лічыць умоўнай, але канцэпцыю — выверанай.

Зразумела, што экспазіцыя ствараецца так, каб быць актуальнай даволі працяглы час. А тое, што варта паказаць наведвальнікам, але немагчыма прадставіць на выстаўцы, будзе выяўлена праз электронны кантэнт, які можна рэгулярна абнаўляць. Дый увогуле, будуць шырока скарыстаны інтэрактыўныя сродкі.

На пытанне, ці ўпісваюцца дызайнеры ў тэрмін, Валерый Ляўнін адказаў, што робіцца ўсё для таго, каб экспазіцыя музея адкрылася для наведвальнікаў 3 ліпеня.

Фота аўтара

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"