Прынцып бумеранга

№ 19 (1145) 10.05.2014 - 16.05.2014 г

Мікалай ПАНКРАТ, стваральнік прыватнай музейнай калекцыі “Эпоха Леніна” (Полацк):
— У апошнія дзесяцігоддзі існуе тэндэнцыя знішчаць альбо аддаваць забыццю амаль усё, што звязана з перыядам СССР, нават добрыя праявы тагачаснага жыцця. Але ці можна збудаваць новае грамадства, калі ты бачыш у мінулым адно памылкі ды пралікі? Як можна забыць сваю маці, свайго бацьку, сваю першую настаўніцу, сваю Радзіму?..

 

Так сталася, што для мяне і для ўсяго майго пакалення Радзімай стаў менавіта Савецкі Саюз, і змяніць гэты факт сваёй біяграфіі я не здатны, нават калі б хацеў. Пэўна, большасць усіх маіх суайчыннікаў родам менавіта з той, савецкай эпохі. У той час пакаленне ішло за пакаленнем: удзельнікі вайны і работнікі тылу, затым — дзеці вайны, якія зведалі ўсе цяжкасці паваеннага часу, урэшце, ужо іхнія дзеці ды ўнукі… Як тое і было спакон вякоў, дзеці бралі прыклад з бацькоў, адбывалася пераемнасць.

А чаму можа навучыць новае пакаленне той, хто з утрапёнасцю або абыякавасцю імкнецца знішчыць ці пазбыцца праяў мінулага сваіх бацькоў — помнікаў, назваў вуліц, — пазбыцца таго, што не ім было створана? І мы часта нават не задумваемся, што тым самым абражаем памяць нашых продкаў. Бо памяць жыве не толькі на могілках.

Нашы сучаснікі часта паўтараюць неаспрэчную ісціну: народ, які не хоча ведаць свайго мінулага, не будзе мець будучыні. Сёння нам даводзіцца аднаўляць тыя помнікі спадчыны, якія па-варварску былі зніштожаны ў савецкі час. Можна да бясконцасці задавацца пытаннем: чаму так адбылося? Можна шукаць вінаватых, спасылацца на цемрашальства, жабрацтва і г.д. Але куды важней паставіць перад сабой іншае пытанне: ці змянілася наша стаўленне да захавання культурных каштоўнасцей параўнальна з эпохай да 1991 года? У тым ліку і да спадчыны менавіта гэтай, пакуль яшчэ нядаўняй, эпохі? Ці трэба плаціць злом за зло? Ці не паўтараем мы такім чынам паводзіны тых самых варвараў? І ці не абвінавацяць нас потым у гэтым нашы нашчадкі?..

Нельга закрыць старое нечым новым: яно будзе прасвечвацца. Нельга забыць або выкрасліць той перыяд у нашай гісторыі: ён — быў. Тым больш, паўтаруся, гэта перыяд асабістай гісторыі кожнага з нас. Кожнаму чалавеку часам хочацца ўспомніць сваё дзяцінства, маладосць, і разам з гэтым усплывае ў памяці і той час. Аднак у памяці ўсё не змясціць — значыць, трэба захоўваць і прадметы той эпохі, здатныя асвяжыць успаміны. Бюст Леніна або гіпсавую фігурку піянера вельмі лёгка разбіць ці выкінуць у сметніцу. Але ж памяць на сметнік не выкінеш...

А што да будучага пакалення? Міне час, і нашы ўнукі, праўнукі, прапрапрапрапра… абавязкова зацікавяцца тым, як мы жылі ў далёкім ХХ стагоддзі. Ці будзе ім што паказаць — пры нашым цяперашнім стаўленні да матэрыяльных сведчанняў гэтай эпохі? Ці не будзе той перыяд успрымацца як своеасаблівая “белая пляма” ў гісторыі? Гэта залежыць ад нас.

Не трэба прыдумляць казкі пра мінулае, не трэба яго ідэалізаваць і лакіраваць. Няхай пра той час распавядаюць канкрэтныя факты ды музейныя экспанаты. Так ужо робіцца ў тых краінах свету, якія мы з задавальненнем пры магчымасці наведваем.

Таму не трэба спяшацца ставіць крыж на сваёй нядаўняй мінуўшчыне. Будзьма разважлівымі, каб не паўтарыць старых памылак. Бо іначай заганны “прынцып бумеранга” не пакіне нічога і ад гісторыі нашага часу...