Інтэрнэт- лабараторыя?

№ 19 (1145) 10.05.2014 - 16.05.2014 г

Міхаіл КАВАЛЬЧЫК, рэжысёр Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра, заслужаны дзеяч мастацтваў Расіі, дацэнт кафедры рэжысуры Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў
Нядаўна я, па старой памяці, у чарговы раз наведаў Творчую лабараторыю рэжысёраў музычнага тэатра, якая прайшла ў Екацярынбургу пад кіраўніцтвам народнага артыста Расіі, прафесара Кірылы Стрэжнева. Саюз тэатральных дзеячаў Расіі здавён праводзіць такія лабараторыі сярод расійскіх драматычных тэатраў. Сярод музычных — ініцыятарам некалькі гадоў таму стаў Свярдлоўскі тэатр музычнай камедыі, які летась прыязджаў да нас з працяглымі гастролямі. Склалася традыцыя сумяшчаць гэтае “павышэнне кваліфікацыі” “Залатой Маскай”, але сёлета дзве падзеі прайшлі паасобку, лабараторыя ладзілася на базе згаданага тэатра. За чатыры дні — восем спектакляў, паказ студэнцкіх работ, наведванне рэпетыцый, шматлікія лекцыі, “круглыя сталы”, абмеркаванні, творчыя сустрэчы... Замест апісання ўсіх гэтых падзей сканцэнтрую ўвагу на тым, што магло б быць прыдатным для беларускай тэатральнай прасторы.

/i/content/pi/cult/486/10392/5-1.jpgУ Екацярынбургу з’явілася такая новая форма, як інтэрнэт-мюзіклы. Першы — “Жывём адзін раз” — з’явіўся ўжо два гады таму. Другі — “Пасажыры” — літаральна днямі. Ініцыятарам і аўтарам (кампазітарам, лібрэтыстам, рэжысёрам) абодвух выступіў Сяргей Пантыкін — студэнт Екацярынбургскага тэатральнага інстытута па спецыяльнасці “Рэжысура” і сын знакамітага тамтэйшага кампазітара Аляксандра Пантыкіна. Балетмайстрам — старэйшая сястра Сяргея, Крысціна Пантыкіна. Артысты працавалі бясплатна, суцяшаючы сябе думкамі, што іх пакажуць у Інтэрнэце, і проста таму, што ім было цікава. На чатыры цэнтральныя ролі былі запрошаны артысты ТЮГа і студэнты Екацярынбургскага тэатральнага інстытута. На астатнія праводзіўся кастынг сярод усіх ахвотных. З касцюмамі дапамаглі ТЮГ і Тэатр музкамедыі, здымкі рабіла студэнцкае ТБ. Першы праект працягласцю пятнаццаці хвілін нарабіў шоргату: пра яго расказвалі СМІ, ён абышоў многія тэлеканалы. Другі праект у Інтэрнэт пакуль не трапіў, яго паказваюць у час фестываляў, творчых лабараторый і семінараў — маўляў, эксклюзіў. Як вынік — “раскрутка” ўдзельнікаў і, у рэшце рэшт, дадатковая ўвага да тэатра. Атрымліваецца гэткі зваротны шлях, бо звычайна бывае іначай: спачатку — тэатральная сцэна, ажно пакуль гледачу не надакучыць, потым — запіс спектакля для фондаў тэлебачання, і толькі пасля становіцца магчымым (але зусім не абавязковым) выкладанне матэрыялу ў Сеціва. Толькі каму ён тады цікавы, акрамя гісторыкаў? А тут, па сутнасці, у Інтэрнэт выкладаецца тэатральны эксперымент, скіраваны не “супраць” публікі, а, наадварот, на прыцягненне аўдыторыі, пераважна маладзёжнай.

Знаёмства з гэтымі інтэрнэт-праектамі ў чарговы раз вымусіла задумацца пра падрыхтоўку маладых артыстаў, прыдатных для мюзікла. У Екацярынбургскім тэатральным інстытуце існуе кафедра музычнага тэатра. У нашай Акадэміі мастацтваў такой кафедры пакуль няма, але я мару, каб яна з’явілася. Сёлета ў нас ізноў, ужо ў чацвёрты раз, будзе набірацца курс артыстаў музычнага тэатра. І адно з патрабаванняў, у адрозненне ад мінулых гадоў, — наяўнасць музычнай адукацыі, хаця б на ўзроўні дзіцячай музычнай школы. Прытым што на адсутнасць конкурсу тэатральныя ўстановы ніколі не скардзяцца, мы ўжо аб’ездзілі музычныя каледжы ды каледжы мастацтваў, шукаем абітурыентаў мэтанакіравана. Бо галоўнае тут — не колькасць чалавек на месца, а агульны ўзровень.

Яшчэ адной адметнасцю ўступнай кампаніі стане тое, што набор будзе ажыццяўляцца сумесна з кіраўніцтвам Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра, каб адразу былі зразумелы перспектывы: патрэбны ці не для канкрэтнай трупы артыст такога кірунку.

Што ж да Творчай лабараторыі, на якой я пабываў, дык няблага было б праводзіць падобныя мерыпрыемствы і ў межах нашай краіны, для беларускіх рэжысёраў. А ўжо сумяшчаць такую вучобу з Нацыянальнай тэатральнай прэміяй ці рабіць адасоблена — не больш чым арганізацыйны момант. У асяродку нашых маладых рэжысёраў павінна ўзнікнуць атмасфера творчага спаборніцтва, той студыйны дух, які і рухае тэатральны працэс наперад. Калісьці для такіх студыйных ініцыятыў “абжывалі” падвалы, цяпер... А чаму б не Інтэрнэт?